Агледзіны. Вершы беларускіх паэтаў


Паэтычны габелен

I ў белы дзень i ў чоpну ноч
Я ўсцяж раблю агледзiны,
Цi гэты скарб не збрыў дзе проч,
Цi трутнем ён не з'едзены.
Янка Купала

О, габелен Усясвету! – cвята несупыннага перакрыжавання ва ўсiх напрамках i вымярэннях шматкаляровых увасобленых i неўвасобленых нiтак-iдэй, з якiх саматчэцца свядомасць а з яе – мастацтва, паэзiя!

Чалавек адначасова як карунак, варштат i спосаб знiтавання жыве дзеля таго, каб выбiраць i таму, што здольны выбiраць пэўныя з гэтых нiтоў, у тым лiку i ўлюбёныя вершы. Каб гэтак жа па-мастацку ткаць габелен свайго жыцця.

Выбар з мiнуўшчыны тчэ сучаснасць i з яе – будучыню. Але творам мастацтва шанцуе, бо лепшыя з iх – непадуладныя часу i межам.

Верш – не машына, якую да непазнавальнасцi ўдасканальваюць канструктары-паслядоўнiкi. Ён ствараецца адным i аднойчы i можа быць генiяльным адразу i назаўжды. Гэта кнiга – мае агледзiны набыткаў беларускай паэзii перыяду 1980 – 1995 гадоў, выбар па адным вершы ад паэта i знiтаванне iх у паэтычны габелен, згодна з крытэрыем высокай мастацкай вартасцi.

Жыхары шматмернай прасторы лёсаў, здольнасцяў, густу, мы, кожны са свайго гледзiшча, бачым свет па-свойму. Адгэтуль i наша стваральная разнастайнасць. Але ў кожным з нас ёсць патаемныя вобразы прыгажосцi, гатовыя суладна загучаць.

Будзем жа спадзявацца, што iх пачуюць!