Наш брат - Зло

Герлінг-Грудзіньскі Густаў


Белая ноч каханьня

А можа, я быў створаны,
Каб хоць адную хвілю
Быць ля твайго сэрца?

Іван Тургенеў, "Кветка"
(дэвіз да "Белых ночаў" Фёдара Дастаеўскага)

БРАТ І СЯСТРА

Жывыя людзі! Жыцьцё трэба паказваць не такім,
якое яно ёсьць і быць павінна, а такім, якім яно бачыцца ў марах.
Антон Чэхаў, "Чайка"

Лукаш Клебан выйшаў з камяніцы на Bayswater. На шчасьце, ягоны лекар, добры акуліст, жыў і прымаў на першым паверсе, дастаткова было, асьцярожна ступаючы і абапіраючыся на кульбу, справіцца зь некалькімі прыступкамі да брамкі. Ці магчыма такое, што апошні дыягназ выклікаў раптоўнае пагаршэньне? Ён бачыў горш, чым тады, калі стаяў тут апоўдні, а зараз была яшчэ толькі другая. Шэрае паветра кастрычніка 1998 году аж загусьцела ў сваёй шэрасьці. Ці гэта таму, што дыягназ доктара Мэйх’ю перакрэсьліў слабую надзею?

Ён ведаў, як, не зважаючы на згусьцелую шэрасьць, дайсьці, трымаючыся муру, да кавярні "Golden Bay". Гэтая назва яго заўсёды пацяшала. "Залатая Затока" ў гэтай частцы Bayswater — выключна змрочнай, з дамамі, пранізанымі рэшткамі сажы яшчэ са старых фабрык!

Хаця ён і слаба бачыў (што замінала разгледзецца ў змутнелым навакольлі), ён даверыў ролю павадыра сваёй інтуіцыі. Сёлета ён бываў тут часта, прысаджваўся ў кавярні пасьля візыту да акуліста, меў ужо пратаптаную сьцежку паміж столікамі да кута ўзбоч вітрыннага вакна, побач з малой эстрадай для вечаровых музыкаў. Аднак сёньня ён заблукаў на гэтай сьцежцы паміж столікамі, а таму адчуў палёгку, калі хтосьці далікатна ўзяў яго пад руку.

Незнаёмы ўмасьціў яго за столікам у куце, нахіліўся на ім і прашаптаў:

— Sir Luke, я ганаруся, што здолеў асабіста пабачыць вас (sir, бо ягонае прозьвішча летась патрапіла ў каралеўскі Сьпіс Адзначаных). Менавіта вам мы абавязаныя такім багацьцем расейскай драматургіі ў рэпэртуары лёнданскіх тэатраў. Грыбаедаў, Астроўскі, Гогаль, Чэхаў, асабліва ў "The Sea-Gull" Theatre. Я лічу, што вашая сцэнічная трактоўка "Белых ночаў" Дастаеўскага — проста шэдэўр. Я памятаю яе дагэтуль.

Лукаш ветліва падзякаваў, але за столікам хацеў бы застацца адзін. Ён чакаў Уршулю. Ад пэўнага часу ён баяўся грамадзкага транспарту, нават таксовак. Калі трэба было, Уршуля забірала яго на сваёй машыне ад цэнтру гораду і потым адвозіла ў іхны домік ва Ўімблдоне. Што праўда, то праўда, у яго была досыць вялікая пэнсія пасьля гэтулькіх гадоў рэжысэрскай працы ў "The Sea-Gull" Theatre на Стрэндзе, але Ўршуля і цяпер працавала там памочніцай у адміністрацыі, атрымліваючы сьціплы (і неафіцыйны) заробак, які прыдаваўся ў сямейным бюджэце.

Яна была маладзейшая за яго на восем гадоў, то бок ёй не было яшчэ васьмідзесяці. Выглядала яна нашмат маладзейшай. Можа, дзякуючы нязвыклай, рэдкай прыгажосьці старасьці. Тонкая, усё яшчэ зграбная, з амаль празрыстым тварам, у якім расплываліся зморшчыны, энэргічная, нават юная ў рухах, яна глядзела на сьвет зялёнымі, вялікімі вачамі, поўнымі ўсё гэткай жа цікавасьці і пяшчоты, яна нічым не была падобная да ацяжэлага і звалістага мужчыны, на выгляд моцнага, але насамрэч змучанага жыцьцём. Ніхто не здагадаўся б, што яны былі дзецьмі аднаго бацькі.

— Ну і? — запытала яна, беручы ў свае маленькія й вузкія далоні ягоную шырокую лапу.

— Ну і, — адказаў ён і зь вялікай пяшчотай утапіў свой прыцьмёны позірк у яе зялёных вачох. — Канчатковы дыягназ кепскі. Мэйх’ю сьцьвярджае, што гэтага працэсу нельга стрымаць лячэньнем. Ён прасунуўся на край сьлепаты. Сапраўды дапамагчы можа толькі апэрацыя. Яны не заўжды атрымліваюцца, ёсьць вялікая рызыка цалкам асьлепнуць, але быццам бы ў Падуі жыве італьянскі лекар-цудатворца. Гэта ён апэраваў амаль сьляпую жонку Сахарава. Вось ягоны адрас і адрас ягонай клінікі.

Ён пасунуў да яе картку і надоўга замаўчаў. Пасьля роздуму зноў загаварыў сумным і павольным голасам:

— Здаецца, звычайна пацыенты чакаюць два месяцы да дня апэрацыі, складанай і небясьпечнай. Пасьля апэрацыі — тры тыдні ў клініцы з завязанымі вачамі. І што ж мы маем? Цяпер кастрычнік, на апэрацыю можна разьлічваць перад Божым Нараджэньнем. І што ж мы маем? — паўтарыў ён. — Ляжаць удзень дома ў цёмных акулярах, хадзіць на рэдкія й кароткія шпацыры, слухаць, як ты чытаеш уголас, калі табе гэта хутка не надакучыць, моўчкі ўспамінаць мінуўшчыну, усё жыцьцё... Катэгарычная забарона пісаць, ну, і далі сьпіс лекаў, якія дапамагаюць або не дапамагаюць у перадапэрацыйны пэрыяд. Як бачыш, са мною будзе шмат клопату, ня ведаю, ці адолееш, хаця ты і маладзейшая за мяне. Мы мусім наняць служку, прынамсі на час тваёй працы ў тэатры. Пакуль вытрымліваеш, нельга табе кідаць "Чайку". У выніку: я згрыбеў ад старасьці, а цябе яна надзвычайна шкадуе.

Аб гэтай пары кавярня была пустая, толькі рэдкія наведнікі каўталі свой пасьпешлівы ланч.

Уршуля не бязь цяжкасьці дапамагла яму ўстаць. Зноў падскочыў незнаёмы з воклічамі sir Luke, sir Luke. Машыну яна запаркавала паблізу скверу. Вулічны рух быў яшчэ спакойны, перад гадзінай піку. Да Ўімблдону яны даехалі а чацьвёртай, незадоўга да раньняга восеньскага зьмярканьня.

Ён патануў у фатэлі каля шкляной сьценкі, што адгароджвала салёнік ад садка. Стараўся апанаваць задышку, злавіць уцёклае дыханьне, адвярнуўшыся ад Уршулі, тварам да садка. Была ўжо позьняя восень, але зеляніна дрэваў і кустоў выступала рэзкімі плямамі. Ён зьдзівіўся, што гэтая рэзкасьць не замглёная ў ягоных вачох, што ён бачыць яе чыстую аднаколернасьць, як раней. Тое самае — агонь, калі Ўршуля распаліла комін і ўгаварыла яго перасесьці. Ён глядзеў на агонь, які павольна выпаўзаў з патрэсканага дрэва і кавалкаў вугля, з тым жа самым адчуваньнем чысьціні колеру. Яму прыйшло ў галаву, што ягоны зрок добра рэагуе на аднародныя колеры — зеляніну саду, чырвань агню — і губіцца ў разнароднасьці фону, у складках змазаных ценяў. І яго суцешыла гэтая думка, зрэшты, у апошні час ён вымушаны быў жыць у прасторы, абмежаванай простымі, недалёкімі позіркамі. Напэўна, хутка зьнікне зеляніна саду, яму застанецца толькі чырвонае полымя ў каміне. Але ў спальні на другім паверху, у студыі, заваленай кнігамі, ён мог… Мог што? Падымаць галаву да восеньскага лёнданскага неба, якое часамі праясьняецца? А прадпісаныя лекарам цёмныя акуляры? Ён уздыхнуў і прамармытаў, хутчэй сам сабе, чым Уршулі: "Страшная рэч старасьць". Яна відавочна пачула, бо адказала са сьмехам: "Мы абодва вельмі старыя". Ах, гэты звонкі сьмех у кабеты, якой праз два гады, у сьнежні 2000 году, споўніцца восемдзесят гадоў! Яму споўнілася 85, і ён адчуваў, як яго з кожным днём гне горб старасьці.

Спаў ён той ноччу кепска, варочаўся, яму ў сэрца ўпершыню закраўся звычайны старэчы страх сьмерці і самоты; лежачы побач зь ім, Уршуля толькі прыкінулася, што сьпіць, а сама, як заўжды, была пяшчотная й клапатлівая.

Ён заснуў ранкам, трохі распагоджаны, узрушаны, нават некалькі разоў (Уршуля чула) ціха, з палёгкаю, паплакаў. Прачнуўся ён з рашэньнем перагледзець свой нядаўні намер напісаць аўтабіяграфію: не, яе ня трэба пісаць, дастаткова, калі ён моўчкі — разьдзел за разьдзелам — адновіць і раскажа сваё жыцьцё ад трэцяй асобы. Тады ён здолее распавесьці сам сабе і ўсё тое, чаго ніколі не даверыў бы пяру і паперы. Як, зрэшты, і зялёным вачам чытачкі, што сьпіць ля яго. "Буду нямым наратарам", — усьміхнуўся ён сам сабе.

Перад выездам у тэатар Уршуля купіла яму дзьве пары цёмных акуляраў і падрыхтавала дзьве пасьцелі: у спальні — мяккі ложак, а ў студыі-бібліятэцы паставіла шэзлонг на месцы фатэлю-круцёлкі. Лукаш выбраў шэзлонг, пакінуўшы ложак для дзённай дрымоты. Ён быў дзіўна задаволены, амаль шчасьлівы, хаця пацьвердзілася боязь, што цёмныя акуляры заслоняць яму блакітныя шаты неба і зялёныя шаты саду.

Begin from the beginning. Ён нарадзіўся ў Кастраме ў 1914 годзе, у сям’і моцна зрасейшчанага паляка, аднак усё ж паляка, настаўніка матэматыкі ў адной з гарадзкіх гімназіяў. Матэвуш (Матвей) Клебан быў жанаты з расейкаю, Сафіяй (Соняй) Крысьпінай, акторкай кастрамскога тэатру. Яны пазнаёміліся ў Варшаве ў 1910 годзе, падчас адзінага гастрольнага выступу (ставілі "Чайку" Чэхава). І таму, што Соня адмовілася заставацца ў Польшчы, Матэвуш паехаў у Кастраму і неўзабаве атрымаў там пасаду настаўніка. У Польшчы ён пакінуў бацьку і малодшага брата, якія гаспадарылі ў Рыбіцах, невялікім маёнтачку пад Седльцамі. Жылі маладыя бяз шлюбу, бо яна не хацела перайсьці ў каталіцтва, а ён — у праваслаўе. Лукаш нарадзіўся пры самым пачатку першай сусьветнай вайны, яго ахрысьцілі ў кастрамской царкве.

Рэвалюцыю бацькі, як сымпатыкі эсэраў, павіталі. Тыя ж сымпатыі змусілі іх уцячы з Расеі ў 1920 годзе. Лукашу тады было 6 гадоў, ён лепей гаварыў па-расейску, чым па-польску. Раптоўная сьмерць бацькі і эміграцыя брата ў Амэрыку зрабілі Матэвуша спадкаемцам маёнтку пад Седльцамі. Нечакана ён апынуўся добрым гаспадаром, кінуў настаўніцтва. Сям’я зажыла ў сьціплым, але ладным фальварку ў Рыбіцах.

"Не, не, — падумаў ён, — я ўзяў фальшывы тон, а стыль "нямога наратара" гучыць як лёзунг у біяграфічным слоўніку. Можна расказваць пра сябе і сваё жыцьцё ў трэцяй асобе, можна нават спавядацца такім чынам, але пад паверхняй нямой плыні аповесьці мусіць біцца жывы пульс".

Толькі цяпер, у поўдзень гэтага дня, такога пагоднага й сонечнага, што сьвятло прабівала цёмныя шкельцы, ён адчуў смутак пустога дому. За доўгія гады Лукаш адвык ад гэтага пачуцьця: у сьвяты й выходныя ён аціраўся ў доме пры Ўршулі, а ў працоўныя дні ў ягоным рэжысэрскім пакоі ў "The Sea-Gull" Theatre на Стрэндзе дзьверы не зачыняліся. Адным ударам адрэзаны ад сьвету, лежачы на засланым ложку ў спальні, чакаючы вяртаньня Ўршулі з тэатру, ён фізычна зразумеў, што значаць словы паэта "ў чатырох сьценах майго болю". Уршуля, выходзячы з дому, выключала на доле тэлефон і тэлевізар (зрэшты, рэдка ўжываны), каб Лукаш ня меў спакусы спускацца па сходах. Быў, праўда, прайгравальнік з мноствам плытак, аднак, ня маючы ахвоты на музыку, ён мог толькі ляжаць бяз руху, мімалётна й бліскавічна ныраючы ў дрымоту старасьці, прымушаючы сябе ў пярэрвах абуджэньня думаць пра задуманую нямую аповесьць. Як — без прамоўленых ці напісаных словаў — удыхнуць у яе жыцьцё? Як абудзіць сэрыю вобразаў, даўніх эпізодаў, зацёртых часам твараў, такіх дарагіх некалі, а цяпер збляклых, змываных з дня ў дзень са стужкі памяці?

"Калі мне ня ўдасца, — думаў ён, — перамагчы перашкоды, якія множацца перад старым, невідушчым чалавекам, я ня здолею ўваскрэсіць паўмёртвую мінуўшчыну. Ці сапраўды я хачу гэтага ўваскрэсеньня? Так, хачу, зрэшты, гэта адзіны спосаб ацаліць з уласнага жыцьця рэшткі "страчанага часу". І гэта адзіная крыніца доўгага, бясьслёзнага вызвольнага плачу і доўгага струменю радасьці, зьмяшанай са смуткам перад апошнім "вечным спачынам".

Ён з палёгкаю пачуў трэск у дзьвярным замку. Уршуля вярнулася раней і прывезла маленькую індуску, якую звалі Мэры. На замову Ўршулі яе адразу ж выклікалі ў агенцыю на Стрэндзе. Мэры даўно ня мела працы. Яна цудоўна гаварыла па-ангельску, часта і прыемна сьмяялася, скончыла курс мэдсёстраў у Манчэстары, куды прыехала з Калькуты. Яна не была ні маладою, ні старою, недзе каля 50 гадоў, яе фігуру ладна абпінала sari. Мэры прыехала ў агенцыю з драўляным куфрам. Уршуля пасяліла яе ў пакоіку каля кухні, за сцяной салёну. "Пабачыш, гэта дасканалая памочніца, — сказала па-польску Ўршуля Лукашу. — Я палюбіла яе пасля 10 хвілінаў размовы ў агенцыі".

Ён перайшоў са спальні ў студыю, сеў на шэзлонг. Адчуў, што ягоныя сумневы і страхі быццам разьвеяліся ў паветры.

Ён добра памятаў сваю прыгожую маці, закаханую ў бацьку. "Обожала" (ейнае любімае слова) мужа і сына. Але, нягледзячы на яшчэ нясьпелую дзіцячую ўражлівасьць, Лукаш заўважыў, што яна "обожала" іх у Расеі і вельмі хутка астыла па прыезьдзе ў Польшчу. Яна была жарстная акторка (што не азначае "таленавітая"), жыцьцё без ігры ў тэатры было для яе "сапраўды невыноснае". Пазьней, калі ўжо падлеткам ён пачаў спазнаваць Чэхава, ён параўноўваў матку з акторкай Ірынай Аркадзінай-Трэплевай з "Чайкі", абыякавай да ўсяго, за выключэньнем тэатру. Сям’я? Была "любімая", пакуль не спадужнічала са сцэнічнымі падмосткамі. Сямігадовы Лукаш пабачыў у Рыбіцах іншую маці. Яна песьціла, цалавала яго, як і раней, пры кожнай магчымасьці, але ў гэтым было больш акторства, чым сапраўднага мацярынскага пачуцьця. Відаць, яна была няздольная схаваць экзальтаваную ноту фальшу. Падобным чынам яна ставілася й да мужа. Матэвуш заахвочваў яе да частых выездаў у Варшаву, дзе збеглыя ад рэвалюцыі белыя эмігранты намагаліся стварыць уласны культурны асяродак, у тым ліку тэатральны. Але ўбогага акторскага дару Соні не хапала, яе ігра выклікала жаль сваім амаль гістэрычным "надрывам".

І потым прыйшла тая страшная начная размова маці й бацькі, поўная ўсяго адразу: любоўных прызнаньняў, выбухаў гневу, пагрозаў, абраз, закляцьцяў на каленях, зноў сьлёз каханьня, і ўрэшце, на сьвітанку, скончылася рашэньнем парваць шлюб. Хлопчык сядзеў у поцемку ў сваім пакойчыку пад дзвярыма, чуў кожнае слова і дрыжаў. Раніцай бацька, нягледзячы на патрасеньне, паехаў да сажалак — працягваць разьвядзеньне рыбаў. Маці, абцалаваўшы дзіця аж да болю, заліўшы яго струменямі сьлёз, поціхам прайшла ў стайню і папрасіла фурмана, каб завёз яе брычкаю ў Седльцы. Адтуль, як выявілася пазьней, яна паехала цягніком да Варшавы, відаць, дамовілася на сустрэчу ў савецкай амбасадзе. І на гэтым ейны сьлед зьнік. Бацька быў у роспачы, шукаў суцяшэньне ў келіху, пісаў лісты радні ў Кастраму. Атрымаў толькі пару словаў ад швагеркі: "Соня была тут два дня. Затем уехала, не знаю куда". Ужо тады гэтая навіна гучала злавесна. Софья Криспина-Клебан проста зьнікла. Перад уцёкамі з Рыбіцаў яна пакінула Лукашу збор твораў Чэхава ў двух тамах, са змоклым ад сьлёз, ледзь чытэльным надпісам. Можна было разабраць толькі апошнія словы: "Лука, сынок мой дорогой, ты обязательно должен любить Антона Павловича", гэтае "имя и отчество" былі для яе характэрными. Ніколі ў жыцьці яна ў вочы ня бачыла Чэхава.

Доўгі, марудлівы, цяжкі год доўжылася жалоба ў рыбіцкім фальварку. Матэвуш Клебан выходзіў у поле, да млына, да сажалак, нават не заглянуўшы ў пакой сына. Ім займалася Купісова, бязьдзетная ўдава зь вёскі Рыбіцы. Было яшчэ цёмна, калі яна прыяжджала роварам на службу, вярталася дадому, прыгатаваўшы вячэру. Перад абедам ён хутка рабіў урокі для рэпэтытара, былога і няздарнага студэнта-вяскоўца, па прозвішчы Шчука. Са Шчукам ён зьядаў абеды, а пасьля да вечара шалеў на коніку, які падараваў яму бацька, сядзеў з вудачкаю на адной з рыбных сажалак або купаўся ў рацэ, што атачала фальварак. Яны з бацькам трохі гаварылі, калі той прыходзіў дадому павячэраць, потым, моўчкі ўстаўшы ад стала (часам з мутнымі вачамі), адразу ж ішоў у спальню.

Аднойчы, раньняй вясною, нязграбны й трохі наравісты конь скінуў малога ездака, пераскокваючы цераз роў. Упаўшы, Лукаш ударыўся нагою аб дрэва і зламаў яе ў двух месцах. Яна б зраслася добра, каб лекар у седлецкім шпіталі ня быў канавалам. Нага зраслася, але кепска. Хлопец быў вырачаны кульгаць да сьмерці. Ён ляжаў у фальварку на ложку і чакаў, пакуль зрасьцецца нага. Даглядала яго маладая фельчарка зь Седлец. Спачатку яна прыяжджала ў рыбіцкі фальварак на ровары, потым засталася на ноч. Рэгіна, дачка жыдоўскага купца зь Седлец, падсаладзіла самоту Матэвуша Клебана. Яна была вельмі прыгожая і зграбная, прынесла ў рыбіцкі дом трошкі ажыўленьня, але прыроджаная хваравітасьць пазначыла яе твар сьмяротнай бледнасьцю. Лукашу было амаль 10 гадоў, калі Рэгіна падаравала ягонаму бацьку дачушку, а яму — сястрычку. Што праўда, Рэгіна няшмат дапамагла яму як фельчарка. Ён перастаў быць гарэзьлівым хлопцам, рэдка выходзіў, кульгаючы, з фальварку.

Дзяўчынку ў пялюшках назвалі Ўршуля і ахрысьцілі з вымушанай згоды маткі ў рыбіцкім касцёліку. Неўзабаве Рэгіна, як перад ёю Соня, зьнікла, амаль расплылася ў паветры. Ейны бацька прысягнуў, што ня ведае, дзе яна падзелася. Але неахвотна дадаў: "Напэўна, выправілася ў Палестыну, і добра зрабіла, бо ў Польшчы не было для яе месца". А дзіця? "Гэта ня наша дзіця". Каб карміць "нянашае" дзіця, патрэбная была прафэсійная мамка-карміліца. Рэгіна аддала Клебану дачушку так, як быццам не была здольная да мацярынства. І сам Клебан ня вельмі цягнуўся ў бацькоўства. Затое Лукаш ад першай хвіліны глядзеў на Ўршульку з захапленьнем і зьдзіўленьнем.

Ён устаў зь лежака і, неяк абмінаючы кніжкі, што валяліся на падлозе, дабрыў да зашклёных балконных дзьвярэй. Ён прыткнуў твар да шыбы, у восеньскай імжы завастрыліся і аб’ядналіся барвы зялёных кустоў і цёмных акуляраў. Яму здалося, што ён глядзіць на гладкую паверхню возера.

"Уласна кажучы, — усьвядоміў ён, — тады, на парогу дванаццатагага году жыцьця, я нарадзіўся наноў, адсохла і адпала пупавіна дзяцінства". Менавіта Лукаш кіраваў домам, бацька бываў у ім рэдка, пераважна падпіты, часам не вяртаўся нават на ноч, людзі казалі, што ён "гуляў" у Седльцах. Вядзеньне фальварку бацька перадаў эканому, пану Вітольду. Гэта быў прыстойны чалавек, чыя сям’я ўжо два пакаленьні была зьвязаная зь сям’ёю Клебанаў. Грошы на жыцьцё і пэўныя выдаткі бацька даваў непасрэдна адзінаццацігадоваму сыну. Лукаш упрасіў Купісову, каб жыла ў доме, зьмясьціў яе й няньку ў пакоі сястрычкі. Ягоны пакой быў побач. Лукаш зволіў свайго рэпэтытара-недавярка і запрасіў настаўніка-пэнсіянэра з гімназіі ў Седльцах, які за асобную плату згадзіўся праз два дні на трэці бавіць суткі ў рыбіцкім фальварку і цэлы дзень вучыць Лукаша. Салідная навука давала добрыя вынікі, Лукаш штогод экстэрнам здаваў іспыт перад камісіяй выкладнікаў у Седльцах. Яму дазволілі такі парадак з прычыны ягонай балючай нагі.

Ці былі радасныя бакі ў ягонага жыцьця, калі калецтва адабрала звычайныя хлапечыя радасьці й забавы? Меў дзьве пацехі. Найперш — Уршульку, якая ўсё расла, расла так хутка, што ўжо прабіваліся ў яе першыя зубкі, і яна магла сьмешна вымаўляць першыя лёгкія слоўкі. Другое — на трынаццатым годзе жыцьця ён паступова ўваходзіў у каралеўства двух тамоў, якія маці падарыла яму на разьвітаньне.

"Чэхаў у руках трыннаццацігадовага хлопца! Нягледзячы ні на што, — казаў ён сам сабе, — я ня бачу тут нічога дзіўнага. Пакінем, — дадаваў ён, — на сумленьні Талстога ягоны камэнтар на сьмерць Чэхава: "Сьціплы й ціхі ён быў, як дзяўчына". Чэхаў быў нечым большым. Ён быў паэтам простых пачуцьцяў, меў вочы, дарослыя і мудрыя выразам, а часам добрыя, дзіцячыя, усьмешлівыя". Стары, ужо напаўсьляпы sir Luke меў права сказаць на вяршыні сваёй сусьветнай славы, што ён з самага раньняга юнацтва, яшчэ не разумеючы Чэхава да глыбіняў, будучы да канца жыцьця найвялікшым (як цьвердзіла крытыка) інсцэнізатарам п’есаў Чэхава, што ён, вучачыся на двух расейскіх тамах любові да аўтара "Чайкі", у сваёй рыбіцкай самоце жыў адначасна любоўю да зводнай сястрычкі ў суседнім пакоі. Што гэта было, як сьпляліся і сашчапіліся гэтыя два пачуцьці, ён ня здолеў бы сказаць. Ён мог толькі сказаць — так было. Кожны дзень, кожны момант доўгага, ужо амаль згаслага жыцьця. Нават… Ён жахнуўся, здранцьвеў, усім целам наваліўся на шыбу, яшчэ трохі — і выламаў бы яе сваім цяжарам і пакалечаны ўпаў у садок. "Ня зараз", — шапнуў ён. Прыйдзе час і на гэта ў ягонай ненапісанай і нерасказанай споведзі. Ён хістаўся і з цяжкасцю стрымліваўся, каб ня ўпасьці, вяртаючыся да свайго лежака. Згодна з загадам Уршулі, у палове на першую да яго прыйшла Мэры. Яна асьцярожна зьвяла яго на дол, у кухню, пасадзіла за вялікі абедзенны стол, паставіла перад ім імбрычак з гарбатай, збаночак малака і талерку лустачак. Галоўны абед адбываўся ва Ўімблдоне вечарам, калі Ўршуля вярталася са Стрэнду.

Мэры была сапраўды мілая, часта выбухала сваім заразьлівым сьмехам, аднак ён ня ведаў, пра што зь ёй размаўляць. Яна ніколі ў жыцьці не была ў тэатры, хаця і ведала будынак "The Sea-Gull" Theatre. Мэры была ўдавою, "калі б я паходзіла са штату (яна сказала ягоную назву і засьмяялася), мяне б ужо не было, бо мой муж памёр два гады таму". Лукаш глянуў на яе запытальна. Мэры са сьмехам патлумачыла, што ў Індыі "гэта адзіны штат, у якім закон абавязвае да самаспаленьня. Але абавязвае толькі ўдоваў".

Ён адчуў слабасьць, папрасіў правесьці яго на гару, у спальню. Ледзь выцягнуўся на ложку з дапамогай Мэры, як заснуў цяжка, бяз сноў. А дакладней, сьніў адно і тое ж: мора полымя на пустым полі. Яго даклікатна абудзіла Ўршуля. Села ў плашчы на ложку і ўзяла ягоныя далоні ў свае. Як жа ён любіў гэты жэст!

На пятнаццаты дзень нараджэньня бацька падарыў яму тыднёвы побыт у Варшаве, у бацькавай сястры, паштаркі-пэнсіянэркі, якая, апроч мізэрнай рэнты, мела на Сеннай кватэру, спадчыну ад бацькоў. Цётка Яўгенія кепска пераносіла адзіноту, але дрыжала ад самой думкі пра кватарантаў, затое за сьвята палічыла прыезд Лукаша. "Я пакажу табе нашую сталіцу, — абяцала яна яму ў захапленьні, — а калі пасьля атэстату сталасьці прыедзеш ў Варшаву вучыцца, бясплатна здам табе пакой. Цяжка жыць адной, нікога тут у мяне няма, а твой бацька прыяжджае да мяне гады ў рады".

Яна сапраўды старалася паказаць яму горад і не пярэчыла супраць наведваньня п’есаў, што ішлі апоўдні. Яна была гатовая нават суправаджаць яго, хаця болей любіла кіно, "ілюзіён", як тады казалі. Усьмешка лёсу! Тэатар з Масквы прыехаў у Варшаву на кароткія гастролі, паміж іншым давалі "Вішнёвы сад" і "Тры сястры" Чэхава. Бедная цётка Яўгенія гераічна змагалася з дрымотаю каля напаўпрытомнага, напятага, чырвонага ад патрасеньня Лукаша.

Ён і ў Рыбіцы вярнуўся напаўпрытомны. Сцэну за сцэнай ён апавёў абодва спэктаклі сямігадовай Уршулі, якая амаль нічога з таго не разумела, але не адрывала погляду ад брата, які і апавядаў і граў адначасна. Яна была прыгожанькая, развітая дзяўчынка, толькі што бледная, як яе матка, і схільная да мэлянхоліі. Яе не пасылалі ў школу, яна вучылася дома, пад наглядам Лукаша.

"Ужо тады, — дзівіўся ён, — пятнаццацігадовы падлетак, шматгадовы чытач двух расейскіх тамоў Чэхава, шчасьлівы глядач варшаўскіх гастроляў, я зразумеў веліч і своеасаблівасьць гэтага тэатру. Тэатар ёсьць або іншасьветам, які жыве па ўласных законах, амаль замкнёным космасам людзкой драмы, або абрывістым эпізодам, падзеяй, што хутка гасьне. Цяжка паверыць, што так рана, на парозе высьпяваньня, я ўхапіў сутнасьць тэатру. Можа, гэта быў той самы выпадак, як цудоўная ігра маленькіх віртуозаў на фартэпіяна або скрыпцы? Толькі што ў іх Дар Божы памірае гэтак жа хутка, як нарадзіўся. А ўжо тады ведаў, што лёс штурхнуў мяне на дарогу, зь якой я не сыду ніколі".

Праз шмат гадоў ён намагаўся зразумець, што ж уласна ўхапіў маладзенькі Лукаш, а што чакала яго яшчэ па меры дасьпяваньня. Не вядома, чаму менавіта пра гэта вырашыў падумаць пад гукі музыкі. Здаўна нечапаны прайгравальнік напоўніў студыю гукамі ягоных любімых твораў. Ён быў так захоплены музыкай і (на яе тле) развагамі пра тэатар Чэхава, што, калі ў пазначаны час у дзьвярах стала Мэры, ён зрабіў ёй знак, каб пакінула яго ў спакоі.

Лукаш слухаў канцэрты Рахманінава са Сьвятаславам Рыхтэрам за фартэпіяна, Моцарта й Шубэрта, Голда, які граў "Варыяцыі" Гольдбэрга, урэшце, "Сон у летнюю ноч" Фэлікса Мэндэльсона. Ён ня быў знаўцам музыкі, але любіў яе і ганарыўся добрым слыхам. Рэжысэрам у тэатры "Чайка" ён падаваў трапныя ідэі наконт музычнага боку спэктакляў. Канцэрт падштурхнуў яго да аналізу — які ўжо раз! — тэатру Чэхава. Ціхая музычнасьць, надзвычайная прастата, тужлівы роздум над плыткім часам, эвангелічны дух у пісьменьніка, далёкага ад рэлігійнасьці, "жыцьцё, пабачанае ў марах", адначасна рэалістычнае (з пачуцьцём меры), часта пазначанае пакутамі й болем, цярплівая іранічная ўсьмешка з "бачаньня сьвету на дзьве тысячы гадоў наперад" у імя падзеяў тут і цяпер, неверагодная лёгкасьць у апісаньні людзкіх адносінаў, мудрасьць бязь ценю мудрагелістасьці — можна працягваць бясконца. Ён узгадаў недзе вычытанае апісаньне сьмерці доктара Чэхава ў Бадэнвайлеры ў 1904 годзе. "Тоd?" — запытаў нямецкага лекара. Не атрымаўшы адказу, сказаў жонцы: "Я паміраю", — а лекару: "Ich sterbe", — і папрасіў келіх шампанскага. Лукаш бачыў у гэтым апісаньні быццам скарот ўсяго жыцьця пісьменьніка. "Жыцьцё пражыць — ня поле перайсьці", — напісаў у адным са сваіх вершаў Пастэрнак. "Жыцьцё — гэта перайсьці павольным, паважным, разважлівым крокам на пальчыках праз гады, якія нам даў лёс", — напісаў бы Чэхаў. Ці меў Шастоў падставы называць яго "забойцам людзкіх надзей"? Уся рэжысэрская праца Лукаша ішла на тое, каб паставіць п’есы Чэхава ў танальнасці музычнай фразы, прыцішанай і адначасова драматычнай. Але адна рэч уражвала яго ў любімага аўтара. Ці меў ён права ўмешвацца ў яе як рэжысэр? Меў, бо любіў. Гэтае ўмяшаньне выклікала спачатку жорсткую палеміку, а потым воплескі публікі і ўхвалу крытыкі. У сваёй нямой аўтабіяграфіі ён, аднак, не хацеў апярэджваць падзеі. Раскажа пра тое, калі прыйдзе час.

Параўнальна добрае надвор’е ў нядзелю дазволіла ім выканаць рэкамэндацыю доктара Мэйх’ю наконт "рэдкіх і кароткіх шпацыраў". Восеньскае сонца вызірала з-за хмар і хавалася за імі з рэгулярнасьцю храномэтру. Вуліца запоўнілася пабожнымі мінакамі, якія сьпяшаліся да касьцёлаў і капліц. Кароткі шпацыр Лукаша й Уршулі вёў да сквэру, на скрыжаваньне вуліц, дзе ўкапалі пару лавачак пад разложыстым дрэвам.

Лукаш ішоў вельмі павольна, няўпэўнена ставячы ногі, і так цяжка павіс на плячы Ўршулі, што тая мусіла яго лёгенька адапхнуць. Ад канчатковага дыягназу акуліста прайшло няшмат часу, а зрок ужо рэзка пагоршаў. Толькі цяпер ягоныя хворыя вочы ўбачылі ўсю праўду.

Яна зноў адапхнула яго, бо не магла вынесьці цяжару вялікага цела, але адразу ж потым прытулілася да яго з усяе моцы. Яны здаваліся закаханай парай.

Прагулка, якая некалі займала 10 хвілінаў, доўжылася ажно паўгадзіны. Лукаш ня сеў, а літаральна апаў на лаўку. І доўга аддыхваўся.

— Каханая, — сказаў ён, адпачыўшы, — уласна кажучы, я так мала ведаю пра тваё жыцьцё падчас маёй вучобы ў Варшаве. Праўда, я прыяжджаў на суботу й нядзелю, але ты мне тады расказвала мала і неахвотна.

— Навошта табе гэта, столькі гадоў прайшло?

Ён не расказаў ёй пра сваю нямую аўтабіяграфію, аднак шчыра прызнаўся:

— Калі я гадзінамі ляжу, не магу ні чытаць, ні пісаць, толькі й застаецца, што грэбсьціся ў мінулым. Хай сабе й далёкім.

Відавочна, яе пераканаў гэты аргумэнт, бо яна адразу ж пачала расказваць, аднак (ён адчуваў) ня ўсё. Яму было лёгка адчуць у яе апавяданьні замоўчваньне і ўхіленьне.

— Пасля твайго выезду ў Варшаву я была страшна самотная, бацька піў усё болей, рэдка заглядаў у дом, стаў прыдзірлівы, бязьмежна давяраў пану Вітольду, а мне даваў толькі грошы на дом, як табе некалі. Я адпусьціла Купісову, бо яна была ўжо непатрэбная. Я прыбірала і гатавала сама. Ня мела змогі вучыцца далей, толькі што шмат чытала. Вечарам прыяжджаў пан Вітольд і забіраў мяне ў свой дом, дзе жыў са сваім адзіным сынам Багданам. Мы гулялі пераважна ў карты, натуральна не на грошы. Калі-нікалі Багдан запрашаў мяне ў клюб пры гміне на танцы, — хвіліну задумалася: — Я вельмі сумавала па табе. І — уяві сабе — па маёй матцы, якой я ня ведала. Так дзіўна, што абедзьве нашыя маткі зьніклі бязь сьледу. Ты, прынамсі, маеш фатаграфіі сваёй. Ах, як было нудна, як я чакала твайго суботняга прыезду!

Гэтулькі ж часу, паўгадзіны, заняло іхнае вяртаньне дадому. Ён быў такі стомлены, што вырашыў не абедаць і лёг у ложак. Ён спаў неспакойна, да позьняга вечара. Яна заходзіла да яго, але пашкадавала будзіць.

Хутчэй за ўсё, яго зваліла ня стома й не санлівасьць, а непрытомнасьць. "Ах, вось як? — падумаў ён, абудзіўшыся, гледзячы на пляму вакна. — Я ня думаў, што справы зайшлі так далёка. Няўжо я памру першы?" З аднаго боку, гэта азначала, што ён не застанецца адзін. Але затое адна застанецца Ўршуля. Яна, натуральна, дасьць сабе рады, гэта дакладна. Яе акружаць сябры з тэатру, якіх яны дагэтуль трымалі на дыстанцыі, гэта таксама дакладна. Ня ў тым, аднак, справа. На працягу доўгіх гадоў яны былі парай, якая зраслася ўсімі нэрвамі. Як яе разрэзаць бяз страшнага болю? Можа, мае сэнс тое супольнае спальваньне, якое яго так узрушыла ў апавяданьні Мэры? Зьмяшэньне двух істотаў, згарэлых да попелу, поўнае, незваротнае і вечнае.

Яшчэ адно даў яму зразумець трывожны званок непрытомнасьці. Калі яму сапраўды важна скончыць нямую аўтабіяграфію, ён ня можа траціць часу на падрабязнасьці.

"Я патану ў іх, перш чым здолею паглядзець на ўсё маё жыцьцё перад сьмерцю. Я растрасуся ў іх, пагубляю важнае. Яно згіне пад наплывам няважнага, ужо зараз колькі я выцягнуў з памяці лішніх фактаў і падзей! Мне здавалася, што мушу добра ўгрунтаваць палатно перад тым, як узяць пэндзаль. А ці сапраўды так? Ці нашае жыцьцё не збудаванае з блёкаў, зь якіх кожны выразьнейшы, больш сьпелы ў сваёй натуральнай форме, калі рэзка адмяжоўваецца ад іншых, калі мае зьмест, выбраны вокам стваральніка, калі дакладна абчасаны рукой, узброенай долатам?"

У гэтую нядзелю на зьмярканьні ён адмовіўся сысьці на дол, у кухню, нягледзячы на просьбы Ўршулі. "Маленькі пост мне карысны", — сказаў ён. Ён верыў, што бяссонная ноч з пустым страўнікам аблегчыць яму подступ да наступнага разьдзелу.

Аднак бяссонная ноч, якая пакутна доўжылася й доўжылася, не спрыяла чарговаму разьдзелу. Наадварот, яна прывяла да раздражненьня. Ён успомніў пэрыяд атэставаньня, позьняга й цяжкога экстэрну ў Седльцах, з іспытамі, якія даводзілася здаваць паўторна, з пакутаю раптоўнай пусткі ў галаве, як быццам выветрылася зь яго ўся падрыхтоўчая вучоба. Ён глядзеў на Ўршулю зь нейкай асаблівай упартасьцю, упершыню не як на сястру. Ёй мела споўніцца чатырнаццаць гадоў, як раптам яна расквітнела ўсёй сваёй прыгажосьцю, страціла бледнасьць, якую ўзяла ад маткі, яе загарэлы твар, пакрыты румянкам, і ўсё цела гаварылі пра раньнюю жаноцкасьць. Яна раптам стала зьнікаць з дому на дзьве-тры гадзіны. Пасьля вяртаньня не адказвала на роспыты, маўчала і глядзела яму з выклікам у вочы. Напэўна, менавіта Ўршуля сапсавала яму і так нэрвовы пэрыяд перад іспытамі. Ён няясна ўсьведамляў зьмену сваіх адносінаў да сястры. Ён так прагнуў паехаць у Варшаву вучыцца, а цяпер гэтае жаданьне аслабла, ён шукаў падставы, каб застацца пасьля атэстацыі ў Рыбіцах. На няшчасьце, прапіты і ледзь прысутны ў хаце бацька неяк адразу тады апрытомнеў, перастаў піць і "гуляць" у Седльцах, забраў у пана Вітольда частку ўлады над фальваркам і ўключыўся ў сямейнае жыцьцё. Ніколі й ні хвіліны ён не кахаў Рэгіны, затое зь пяшчотай вадзіў вачамі за Ўршуляй. Для Лукаша не было добрай зачэпкі, каб застацца дома. Урэшце ён здаў іспыты, паехаў да цёткі ў Варшаву, запісаўся ў веку дваццаці двух гадоў на рэжысэрскі факультэт у інстытуце тэатральнага мастацтва. Суботы і нядзелі ён праводзіў у Рыбіцах. Кожны двухдзённы побыт у доме ягоныя раны вярэдзіла плётка пра Ўршулін "раман" з сынам пана Вітольда, Багданам.

Гэтая стрэмка не балела толькі ў Варшаве. "Я не павінны верыць усім плёткам — паўтараў ён сам сабе — калі я бываю ў Рыбіцах, я нічога такога ня бачу, што б падцьвярджала пустую балбатню". Уршуля сустракала яго зь мілай дзявочай радасьцю, а разьвітвалася з такім смуткам, што ён да апошняй хвіліны цягнуў з выездам на вакзал у Седльцы.

"Якім мілым, чароўным, лёгкім і дасьціпным местам была тады Варшава! Я вывучыў на памяць "Песеньку Варшаве" Лібэрта, і як цьвік у мяне ў галаве тырчаў верш: "Тут і ня Захад, і ня Ўсход". Гэта й захапляла мяне, напаўрасейца й напаўпаляка. Хутка я адчуў сябе ў інстытуце, як дома. Ён быў вядомы, добра арганізаваны, багаты і, напэўна, ва ўсёй Эўропе ня меў сабе роўных. Якія цудоўныя выкладчыкі! Інстытут быў сьвятыняй тэатру, кожны дзень я гэта ўсьведамляў усё выразьней. Я запісаўся на рэжысэрскі факультэт, але заглядаў і на іншыя, гэта не забаранялася. А не забаранялася, бо ўдалося стварыць амаль сямейную атмасфэру ў інстытуце. Нават флірты мелі ў ім спэцыфічны характар: фліртавалі, размаўляючы аб тэатры. Я, зрэшты, з гэтага пункту гледжаньня лічыўся "дзіўным", бо ўсе пяць дзён чакаў на тыя два дні ў Рыбіцах…"

Ён вучыўся хутка й добра, быў ненасытны ў здабываньні тэатральных ведаў, меў тэатар у крыві. Ён быў сынам экзальтаванай расейскай акторкі, што да таго ж азначала — і ён ўсё болей гэта ўсьведамляў — што ён быў сынам расейкі. Палякам сябе не адчуваў нават да паловы. Яго раздражняла, з аднаго боку, польская пыха ў міжлюдзкіх стасунках, пастаянны недахоп пачуцьця чалавечай годнасьці, а зь іншага боку — схільнасьць біць у нацыянальныя бубны, імкненьне строіць нацыянальную міну. Калі ён слухаў выклады і хадзіў на сэмінары на факультэце рэжысэрыі, зьдзіўляючыся дару вялікага настаўніка й выбітнага рэжысэра, які прэзэнтаваў польскі "манумэнтальны тэатар", ён інстынктыўна зазначаў сабе: "Я з раньняга юнацтва піў зь іншай крыніцы, з крыніцы "эвангельля" Чэхава, што падаравала мне маці". Тэатар Чэхава па сваёй натуры, найглыбейшай існасьці цураецца ўсялякай манумэнтальнасьці, у ім увесь час гучыць ціхая, штодзённая й пранізьлівая нота чалавечнасьці — гэткім пранізьлівым бывае шэпт каханьня, то ўзаемнага, то здраджанага. Ён ня чуў такіх тонаў у польскім тэатры, а чуў або нацыянальныя закляцьці Міцкевіча, або прарочыя званы Красінскага, або анёльскія бразготкі Славацкага. Любіў ён, аднак, толькі Норвіда, забаўныя блюзьнерствы Фрэдры, пазьней — тэатар Віткацыя, Міцінскага й Рытнэра, а з новых — цьмяны тэатар Шаняўскага. Не цярпеў Жэромскага. Часам смакавала яму польскае акторства, але ці маглі б замежныя акторы згуляць у перакладах польскіх п’есаў? Ён сумняваўся. Зрэшты, гэта датычыла амаль ўсіх тэатраў, якія былі пэўным чынам нацыянальна замкнутыя, неперакладальныя. За выключэньнем грэцкіх трагікаў і Шэксьпіра.

У выпадку з грэцкімі трагікамі й Шэксьпірам на яву выходзіў мэтатэатар, які сягаў па-за межы тэатру звычайнага, хаця б і вельмі арыгінальнага й вынаходніцкага. Тэатар непаўторнай і небывалай шырыні й глыбіні, тэатар, які выходзіў за кананічную "драматычную сытуацыю" і кранаў "апошнія пытаньні".

На трэцім годзе навучаньня арганізавалі выезд дзесяці студэнтаў і студэнтак на Шэксьпіраўскі фэстываль у Stratford on Avon. Сярод абраных быў і Лукаш. Дзясятка пасьпела пабачыць тры спэктаклі — "Гамлета", "Макбэта" й "Буру". Ён ведаў толькі польскія вэрсіі, аднак яму здавалася, што мог бы глядзець ўсе тры шэксьпіраўскія спэктаклі безь перакладу. Тут, на сцэне, у ангельскіх арыгіналах і ў выкананьні шэксьпіраўскіх актораў адгукаліся пракарані, што расьлі з праглебы чалавецтва і ва ўнівэрсальнай мове захаваліся ў выглядзе мімалётных або сталых інтуіцыяў. Шэксьпір, як грэцкія трагікі, напісаў свае творы на мове зямлі, па якой мы ходзім, сапраўды ня ведаючы, па якой зямлі мы ходзім.

Вяртаючыся са Стрэтфарду, яны на суткі затрымаліся ў Лёндане. Дасталі квіткі на "Іванова" Чэхава ў "The Sea-Gull" Theatre на Cтрэндзе. Цэлы вечар Лукаш сядзеў на галёрцы тэатру, у якім калісьці, у далёкай будучыні, ён стане галоўным рэжысэрам. У ягонай галаве замаячыла няясная й даволі крамольная думка, што ў вуснах ангельскіх актораў трошкі цяжкаватая чатырохактавая драма ідзе някепска, і нават хвілямі адчуваецца адпаведнасьць духу Чэхава. Ці можа, тут дзейнічала ангельская стрыманасьць у словах і жэстах (неўласьцівая або слаба ўласьцівая іншым народам)? Ці гэтая стрыманасьць была ўнёскам Чэхава ў ягоную родную мову? Сёньня, успамінаючы маладосьць за крок ад магілы, гледзячы праз вакно на цёплы дзень і на цёмна-зялёныя плямы саду, ён прашаптаў сам сабе: "Яшчэ нясьпелая выснова, але зусім недурная для дваццацічатырохгадовага хлопца".

Такім чынам, яму было дваццаць чатыры, калі ў паветры павісла чорная, цяжкая хмара вайны. Спачатку незаўважна, потым усё мацней і мацней, страшней і страшней, бо ён не падзяляў хвальбы й буфанады сваіх напаўсуайчыньнікаў, якія рыхтаваліся да пераможнага маршу на Бэрлін.

У Інстытуце на дыплёмным рэжысэрскім іспыце патрабавалася зрабіць кароткую сцэнічную пераробку нейкага твору. Ягоны блізкі сябра перарабіў навэлу Конрада "Заўтра". Лукашу кіраўнік факультэту, вялікі рэжысэр Леапольд Гілер параіў "Белыя ночы" Дастаеўскага. Ён пагадзіўся, хутка перарабіў апавяданьне, знайшоў тройку выканаўцаў на акторскім факультэце, але не пасьпеў паставіць спэктакаль. За тыдзень да дыплёмных спэктакляў, у першыя дні чэрвеня 1939 году, абвесьцілі заўчасны канец акадэмічнага году. У сярэдзіне чэрвеня ён яшчэ падманваўся, спадзеючыся, што пасьпее паказаць свае дыплёмныя "Белыя ночы", а потым зразумеў, што яму застаецца толькі вяртаньне ў Рыбіцы. Бацькі ўжо не было дома, яго забралі ў войска, з увагі на ягоны ўзрост — у тыл, ён загінуў у верасьні (у бітве пад Коцкам). Лукаш мусіў чакаць сваю мабілізацыйную картку, (чыстая фармальнасьць, зважаючы на ягонае калецтва) гэтак жа, як ягоны здаровы і прыгожы раўналетак Багдан, адзіны сын пана Вітольда.

Лета 1939, як на злосьць краіне, што чакала варожага ўдару, было цудоўнае. Такое, якое толькі можа быць лета ў гэтай частцы Эўропы. Пагоднае, сонечнае, але з налётамі халоднага ветру. Кветкі цьвілі буйна, ня сохнучы, як у раі. Сланечнікі вакол рыбіцкага падворку здаваліся ў гэтым годзе вялікімі, як залатыя шчыты. У сажалках карпы ўгравалі бакі на паверхні й брохалі на дно, спалоханыя крокамі мінакоў. На грэблях паміж сажалкамі сярод дрэваў вырасталі вышэйшыя, чым звычайна, грывы траваў. На лузе, уздоўж берагу ракі, спакойна пасьвіліся коні, ня ўскідваючы ілбоў і дрогкіх храпаў на кожны гук. Рэчка была ўсе яшчэ разьлітая пасля бурлівых вясновых дажджоў. На тым беразе можна было тэпаць басанож, прабіраючыся да зарослай выспачкі, "астраўка", на якім так любіў ляжаць Лукаш — у высокай папараці, перад сьцяною аеру. Словам, лета ў Рыбіцах чакала ўдару.

З-за ад’езду бацькі на вайну Лукаш часта заставаўся з панам Вітольдам. Прырода так прыязна абняла рыбіцкую выспу, неба дзень за днём было такое чыстае, зьлёгку папялястае, што цяжка было паверыць у навіслую буру. На заднім падворку, каля выбоістай седлецкай дарогі пару гадоў таму пан Вітольд разьбіў малы садок. Папяроўкі ўжо завязаліся, кусьцісты агрэставы плот загусьцеў, адгароджваючы сад ад дарогі. У садзе на гамаках ляжалі пасьля абеду Лукаш і Ўршуля. Страхі й падазрэньні зьніклі. Адразу ж пасьля ягонага прыезду з Варшавы яна кінулася яму на шыю з плачам і сьмехам. Набліжаючыся да паўналецьця, яна стала сапраўды прыгожай дзяўчынай. Ён захапляўся яе тонкай і прамой фігурай, яе нястомна квітнеючай жаноцкасьцю, ня мог адарваць вачэй ад яе доўгіх белых валасоў, раскінутых па плячох і кучаравых ля твару, які так і пырскаў здароўем, быў такі не падобны да белага і хваравітага твару яе маткі Рэгіны. Ён не сумняваўся ўжо тады, што закаханы ў яе. У сястру? Слова "сястра" кідала яго ў дрыжыкі. "У напаўсястру, — паўтараў ён упарта, — у зводную сястру".

У Лёндан напрыканцы лістападу раптам уварваўся нейкі пранізьлівы холад, таму вырашылі, што дзень ён будзе бавіць на доле, дзе быў добры камін, а наверсе газавая печачка грэла так, што ноччу можна было вытрываць толькі пад гарою коўдраў. Пачалося ўжо канкрэтнае, узмоцненае датай чаканьне. Афтальмоляг з Падуі, доктар Антыноры, прызначыў апэрацыю на 6 студзеня (Тры каралі, для італьянцаў — Бэфана) 1999 году. Уршуля вырашыла, што яны паедуць у Вэнэцыю ў палове сьнежня, а адтуль да Падуі — паўгадзіны машынаю. У Вэнэцыі аб гэтай пары ўсё зачынена, мёртвы сэзон ачышчаў места ад турыстаў, аднак быў адчынены маленькі "тэатральны гатэль", Albergo "Goldoni" на Zattere, для акторскіх труп, якія прыяжджалі ў Вэнэцыю на гастролі ў свежаадноўлены тэатар "Fenice". Славуты sir Luke, il grande regista del "Gabbiano" di Londra, і ягоная энэргічная жонка з адміністрацыі "The Sea-Gull" Theatre бязь цяжкасьцяў забранявалі двухпакаёвы нумар ад 16 сьнежня. Лукаш, як дзіця, цешыўся "чайкай" па-італьянску, мілагучным gabbiano.

Прызвычаены да свайго добра абсталяванага другога паверху, Лукаш два дні асвойваўся зь першым. Натуральна, не як гаспадар, а як нямы назіральнік. Ягоны ўсталяваны парадак складаньня нямой біяграфіі быў разьбіты. Раздражнёны, ён хадзіў па пакоі, раз нават упаў, кепска паставіўшы кія. Мэры мусіла яго падняць з падлогі й павольна пасадзіць у фатэль ля каміну. Але няма пэўнасьці, што менавіта пераезд быў прычынай ягонага раздражненьня. Можа, ён не хацеў прызнацца самому сабе, што ён дайшоў ва ўспамінах да здарэньня, якое было й цяпер, па гэтулькіх гадах, ягонай ранай, нібыта загоенай, але насамрэч адкрытай. Яго палохала неабходнасьць разьвярэдзіць гэтую рану.

Тады дзень схіляўся да вечара, позьняе паабедзьдзе, сонца хілілася да захаду. Ён ляжаў на схіле "астраўка" ў высокіх папарацях, тварам да зямлі, галавою да парослай аерам затокі. На тым баку досыць шырокай тут і глыбокай рэчкі цягнуўся луг, пусты ў гэтую пару, вялікі, ён сягаў аж да тонкіх дрэваў грэблі, якая, віючыся паміж сажалкамі, засланяла рыбіцкі падворак. Лявей ад яго рака звужалася і спадала да млыну, блізка за якім стаяў домік пана Вітольда. У цішыні сьпелага летняга дня краявід заснуў, нерухома абапёршыся на шэрае ад сьпёкі неба. Лукаш ляжаў на жываце, прыпаўшы ўсім целам да зямлі, шчасьлівы, што ён дома, хаця яго й турбавалі навіны з ранішняй газэты. Было 27 ліпеня, і той, хто яшчэ меў ілюзіі наконт будучыні, быў або наіўным, або паддаўся бразгату патрыятычнай рыторыкі.

Ён пачуў далёкія галасы з боку млыну. Пазнаў Уршулю й Багдана. Падняў галаву і пабачыў іх: ішлі да ракі. Трымаліся за рукі, раптам спыніліся і доўга цалаваліся. Ён здранцьвеў, чуў грукат свайго сэрца. Але ня кінуў схованкі ў папарацях. На беразе лёгкага выгіну ракі, там, дзе яна была глыбокая й заўсёды прыцягвала маладых плыўцоў, яны расклалі на траве пад дрэвам прасьцірадла й леглі поруч. Ён бачыў, як яны распранаюцца, бачыў іхную галізну. І бачыў, спаралізаваны, усё, што было далей. Потым стомленыя каханкі, здавалася, адпачывалі ў паўсьне, далёка адкаціўшыся адзін ад аднаго. Відавочна, Уршуля заснула мацней, бо не зрэагавала, калі Багдан устаў, хутка нацягнуў плаўкі й скочыў галавою ў ваду. Ён ужо ня вынырнуў. Калі б Лукаш хацеў, ён мог бы вомельгам зьбегчы з пагорка й кінуцца тапельцу на дапамогу. Аднак ён не хацеў і ў сваёй схованцы сутаргава прыпаў да зямлі. Што магло здарыцца з Багданам? Раптоўныя сутаргі пасьля сонечнага перагрэву? Дзірка ў каранях рачнога берагу блізу дна? Раптоўны вір яго ўцягнуў? Нешта ж сталася. Калі Ўршуля абудзілася й скочыла з крыкам у ваду, было ўжо позна. Толькі тады Лукаш зьбег з пагорка, у вопратцы кінуўся да ракі і прыцягнуў яе, амаль тапеліцу, да берага. Пазьней седлецкая паліцыя намагалася аднавіць карціну здарэньня. Уршуля паўтарала раз за разам, як непрытомная: "Мы купаліся й я заснула на беразе". — "А Лукаш?" — запытаў камэндант паліцыі. Калі, разбуджаны крыкамі Ўршулі, ён зьбег з пагорка, дзе спаў ад абеду, то пасьпеў уратаваць толькі яе. Лекар пацьвердзіў, што былі раптоўныя сутаргі, а потым вір штурхнуў цела да падводных каранёў дрэва, дзе яно й заплялося. Калі б ратунак прыйшоў раней… "Калі б", — уздыхнуў камэндант паліцыі. Ішоў за труною толькі пан Вітольд, ён быў удаўцом і бацькам адзінага сына, ня меў ніякіх крэўных у ваколіцах, за ім, на пэўнай адлегласьці, ішлі Лукаш і Ўршуля.

Ён памятаў тую дату, зрэшты, цяжка было забыцца — 1 сьнежня 1939 году. Надвор’е было брыдкае, ішоў дождж са снегам і з халаднаватымі кулькамі граду. Лукаш сядзеў ля вакна ў цёплай канторы каля ўваходных дзьвераў. Ён не чакаў прыходу пана Вітольда. Эканом пакланіўся, кінуў мокрую бурку і сеў каля агню, выцягнуўшы на ўсю даўжыню ногі ў ботах з халявамі. Доўга маўчаў, гледзячы ў полымя і грэў зьмерзлыя рукі. Пасьля сказаў:

— Вы ведаеце, пан Лукаш, куды вецер дзьме. У Рыбіцах пастарунак нямецкай паліцыі, пакінулі толькі аднаго польскага паліцыянта. Гэта для вас не навіна, але ўчора мне сказалі, што сюды прыедзе нямецкі эканом і будзе разам са мною весьці гаспадарку. Вам, як уладальніку фальварку, будуць штомесяц выплочваць нейкую суму. У Седльцах ужо ставяць межы гета. Учора напаказ расстралялі на кірмашы двух найбагацейшых жыдоўскіх гандляроў, у тым ліку дзеда панны Ўршулі. За ліхвярства, што вельмі спадабалася людзям. Здаецца, частка нямецкага кіраўніцтва Седльцаў зойме крыло вашага дому.

Ён замоўк, як бы вагаўся, ці трэба працягваць. Вырашыў, што так. Таму падсунуў крэсла да століка Лукаша.

— Вы ведаеце, пан Лукаш, што мой сын быў вельмі закаханы ў панну Ўршулю. Слова "закаханы" гэта нават трошкі замала. У ім паступова нараджалася больш глыбокае пачуцьцё, не без узаемнасьці, як я мяркую. І таму я, бацька Багдана, лічу сябе адказным за вашу сястру. Учора ў седлецкім шынку, дзе добрыя людзі ўспаміналі вашага шаноўнага бацьку, пачалася размова пра паходжаньне панны Ўршулі. Вы ведаеце, як гэта бывае. Разумнай галаве дастаткова два словы, асабліва разумнай і подлай. Мая сям’я заўсёды сябравала зь сям’ёю Клебанаў. І гэтае сяброўства, і памяць Багдана загадваюць мне асьцерагчы вас. Панна Ўршуля мусіць адсюль як найхутчэй зьнікнуць.

Лукаш, не марудзячы ні хвіліны, брычкаю паехаў на седлецкі вакзал. Адзіны цягнік да Варшавы для "мясцовага насельніцтва" ішоў а шостай вечарам, на шчасьце, пасьля зьмярканьня. З размовы з Уршуляю ён зразумеў, што яна ўвогуле не ўсьведамляла небясьпекі. Яна амаль зусім ня згадвала маці. Ніхто не сказаў ёй пра расстрэл дзеда, які, зрэшты, ніколі не хацеў яе бачыць.

Яны прыехалі на Сенную, да цёткі Яўгеніі, без папярэджаньня. Яна не была радая прыезду Ўршулі, але трымалася добра. Ужо настала камэнданцкая гадзіна, таму Лукаш адклаў сваё паўторнае асвойваньне ў Варшаве на заўтра. Нешматлікія калегі з тэатральнага інстытуту, што засталіся ў горадзе, ашаломленыя бліскавічнай верасьнёўскай паразай, хацелі застацца ў сталіцы і паўдзельнічаць у падпольлі, якое ўзьнікала. Шчасьце, што Лукаш засьпеў у Варшаве Леапольда Гілера, у ягонай кватэры на Сэнкевіча. Аказалася, што яму патаемна прапанавалі кіраваць польскім тэатральным асяродкам у Гародні. Паціху ён падгаворваў да ўцёкаў у Гародню рэжысэраў, актораў, дэкаратараў. "Едзь са мной, — сказаў ён Лукашу, — у нас падобная сытуацыя, — ён намякаў на Ўршулю і на сваю жонку. — Нам абяцаюць параўнальную свабоду ў выбары рэпэртуару, жыльлё й добры заробак". Лукаш доўга ня думаў. Ён зьезьдзіў у Рыбіцы, паразмаўляў з панам Вітольдам і прыхапіў торбу з рэчамі для сябе й Уршулі. 10 сьнежня праз Малкінію і Беласток яны зь цяжкасьцю дапялі Гародні. Гілер там ужо дзейнічаў. Хутка Лукашу й Уршулі далі двухваконны пакой на першым паверху, на паўкруглым, засыпаным сьнегам падворку. Побач жылі дзьве акторкі, апошні пакой на першым паверху займаў тэатральны дэкаратар з жонкаю. У рагу падворка стаяла высокая сьцірта дроваў з калодаю й сякераю ў ёй. Насупраць дому была вялікая кавярня, якая неўзабаве мусіла стаць месцам спатканьняў польскага тэатральнага сьвету Гародні.

Зьдзіўленая Мэры сачыла за ім праз шчыліну ў дзьвярах. Ён сам устаў з фатэля, ажыўлены і памаладзелы, жвава, з задавальненьнем тупаў — амаль не абапіраючыся на кій — па пакоі, не трымаўся, як звычайна, за сьценку, не сьпяшаўся ўпасьці ў фатэль. Нястомна паўтараў адное слова, якога яна не разумела і не магла паўтарыць. Тым словам было — Гародня, Гародня, Гародня. Дабраўшыся да гэтага разьдзелу сваёй аўтабіяграфіі, ён спакваля цешыўся з таго, што чакае яго ў нямым назіраньні.

Ці можна закахацца ў незнаёмае места зь першага погляду? Аказваецца, можна. Яму ўсё падабалася ў Гародні, хаця, здавалася б, беспрычынна. Часам хацелася б сказаць — горад быў збудаваны так, каб падабацца, з гульлівай сьціпласьцю. Лукаш шпацыраваў з Уршуляй над Нёманам, сьлізгаў зрокам па абледзянелых берагох, абодва адскоквалі ад глызаў сьнегу, што спадаў з галінаў дрэваў, вярталіся да прыгожай зялёна-жоўтай царкоўкі, штокроку спыняліся перад зьбяднелымі палацамі, сядзелі ў шумных шынках з новымі шыльдамі "Городская столовая", доўга сядзелі пры цяжкіх і бруднаватых сталах, ведалі, што могуць напіцца толькі піва ў вялікіх колькасьцях, але іх цешыў шматмоўны людзкі гоман. Што было таямніцай чароўнасьці Гародні? Для Лукаша — дзіцячыя рэмінісцэнцыі да Кастрамы, для Ўршулі — спакой пасьля спазнанага вобразу вайны. Людзі тут былі аж занадта сардэчныя, хаця будучыня мела паказаць падшыўку тае сардэчнасьці.

Яны палюбілі царкоўку, ня ведаючы праваслаўных абрадаў (іх не пасьпеў навучыцца малы Лукаш, ахрышчаны ў кастрамской царкве). Яны любілі проста сядзець на апошніх лаўках, глядзець на залатыя інкрустацыі, слухаць басовыя сьпевы й вадзіць позіркам за папамі й дзякамі. Вернікаў было заўсёды мала, і тыя старыя, з трывогаю ва ўніклівых позірках. Напэўна, менавіта ў гарадзенскай царкве яны пачалі падазраваць, што за мілым фасадам горада хаваецца нешта іншае. Аднойчы яны паехалі да блізкай Саколкі, дзе кузіна Ўршулі была настаўніцай і жонкай настаўніка, які яшчэ не вярнуўся з вайны. Яны мелі васьмігадовага сыночка, маўклівага і з пастаянным выразам страху на прыгожанькім тварыку. Іх кузіна таксама баялася, не хавала гэтага страху, усімі сваімі паводзінамі прасіла гасцей, каб скарацілі гасьцяваньне.

Страх праяўляўся паступова і ў самой Гародні, добра замаскаваны, часам з адценьнем нянавісьці. Навошта прыехалі гэтыя тэатралы з Варшавы? Хіба ня ведаюць, хто тут зараз пануе? Ня ведаюць, каму маюць служыць і для чаго іх будуць ужываць пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да Савецкага Саюзу? Аднак адносіны паволі зьмяняліся. І пэўную ролю адыграў тут "польскі тэатральны П’емонт".

Тэатральную праграму ўкладвалі пад кіраўніцтвам Леапольда Гілера ў кавярні, насупраць дому, у якім жылі Лукаш і Ўршуля. Такім чынам, спачатку аж да Новага 1940 году кавярня была цэнтрам польскай тэатральнай дзейнасьці ў Гародні. Дыскусіі на тэмат п’есаў мяшаліся са сьвежымі, жахлівымі зьвесткамі з Варшавы. Дэмаркацыйная лінія абодвух акупацый была ўвесь час плыткая, што азначала штодзённы прыплыў уцекачоў з-за Бугу. Калі аднойчы прыбыла Вялікая Акторка, жонка Гілера, з мыліцамі пасьля раны, атрыманай у верасьнёўскай кампаніі, дырэктар адразу ж прапанаваў паставіць "Падступнасьць і каханьне" Шылера, з пані Гілеровай у галоўнай жаночай ролі. На прэм’еры, пад канец лютага, яна ўвайшла на сцэну ў сваім гістарычным касцюме, з мыліцаю. Публіка сарвалася зь месцаў і некалькі хвілінаў пляскала ёй, гэта паўтаралася на ўсіх спэктаклях. Тады, на думку Лукаша, настаў пералом, Гародня прыняла тэатралаў з Варшавы.

Неўзабаве пасьля прэм’еры "Падступнасьці і каханьня" Гілер асталяваўся ў дырэктарскім крэсьле ва ўласным кабінэце ў тылах тэатру, таму кавярня перастала быць цэнтрам тэатральнага жыцьця. Кавярня стала толькі кавярняй, а тэатар (са сталоўкаю ў лёхах) прыцягваў тэатаральных "прыхадняў з таго боку" і жменьку мясцовых "работнікаў мастацтва", паводле савецкай тэрміналёгіі.

"Гілер выклікаў мяне 6 сакавіка. Адразу ж запытаўся: што б я хацеў паставіць у якасьці маладога рэжысэра. Без ваганьняў я сказаў, што сваю дыплёмную працу — пераробку "Белых ночаў" Дастаеўскага. Гэта яму спадабалася, але ён слушна сказаў, што рэч закароткая і пойдзе толькі на дзённай сцэне; да таго ж я меў актораў у Варшаве, але ня маю ў Гародні. На другое я адказаў, што хацеў бы граць сам з Уршуляй. Ён не зьдзівіўся, бо любіў нечаканыя ідэі. "Твая сястра не акторка, а ты маеш фізычныя недахопы". Я перарваў яго: "Я навучу Ўршулю акторству, у апавяданьні ж Дастаеўскага не сказана, кульгае герой ці не". Гілер засьмяяўся ды спытаў, што я хацеў бы паставіць яшчэ. Я адказаў, што падрыхтаваў бы "Тры сястры" Чэхава, таксама з Уршуляй у адной з роляў. Ён устаў і сказаў: "Згода. Люблю хуткія рашэньні".

Хлюпаючы дадому па размоклым сьнезе, ён трохі спалохаўся ўласнай смеласці, бо не ўзгадніў гэтага праекту з Уршуляй. Але яна выслухала яго ў захапленьні.

Ён выцягнуў з торбы сваю дыплёмную інсцэнізацыю "Белых ночаў". Уршуля чытала яе яшчэ ў Рыбіцах, не сказала ані слова, але ў яе маўчаньні гучаў дастаткова зразумелы камэнтар.

Герой апавяданьня, дваццацічатырохгадовы пецярбурскі летуценьнік ("Белыя ночы" паўсталі ў пэрыяд мечтательства Дастаеўскага), самотны ў сваёй нары, лагодны варыянт гнеўнага самотніка з "Записок из подполья", у белую ноч натыкаецца на мастку на сямнаццацігадовую дзяўчыну, якая несуцешна плача. Гэтае месца ёй прызначыў для спатканьня год таму кватарант іхнай з бабуляй кватэры. Дзяўчына закахалася ў яго, не без узаемнасьці, але толькі праз год ён меў надзею вярнуцца з Масквы ў Пецярбург са сродкамі, якія дазволілі б ажаніцца. Ён не зьявіўся ў абяцаную ноч, не зьявіўся ні ў наступную, ані на трэцюю ноч (усё яшчэ белую), Настенька тым часам знаходзіць суцяшэньне ў размовах з самотным пецярбурскім летуценьнікам. У самотным летуценьніку нараджаецца каханьне да дзяўчыны, а яна туліцца да яго, падманутая мужчынам, якога ўжо трэцюю белую ноч дарэмна чакае на мастку. Уласна кажучы, усё ідзе да новага, гэтым разам шчасьлівага каханьня, калі раптам зьяўляецца чаканы мужчына. Настенька кідаецца яму на шыю, плачучы, разьвітваецца з самотным летуценьнікам і запэўнівае яго ў "вечной дружбе".

Уршуля загаварыла пасьля другога чытаньня рукапісу Лукаша. "Гэта немагчыма, — сказала яна, — відаць, Дастаеўскі ня меў тады "сэнтымэнтальнага досьведу" (падзагаловак "Белых ночаў" гучаў як Сентиментальный роман, из записок мечтателя). На самай справе нарадзілася другое, сапраўднае каханьне. Або чаканы мужчына не зьяўляецца ўвогуле, або зьяўляецца позна. Хутчэй першае. Ведаю, што сцэнічная пераробка не дапускае радыкальных абразаньняў. Але я ня бачу іншага выйсьця, гэта п’еса для дваіх, для цябе й для мяне". Яна сказала гэта са сьлязьмі на вачох. Лукаш згадзіўся перарабіць сцэнар, кінуў Настеньку ў абдымкі пецярбурскага самотнага летуценьніка. Гэта быў ягоны першы крок як рэжысэра, што насьмельваўся пазьней "папраўляць" Чэхава. Ён адчуваў, што ўрэшце надышла хвіліна ўзяць Уршулю ў абдымкі. Ён цалаваў яе сквапна, моцна, згаладалы за шмат гадоў. Яна абдымала яго і прыціскала да сябе, дрыжучы ад нецярплівасьці каханьня, яны сталі каханкамі. "Я твая сястра й каханка. Я цябе кахала заўсёды", — шапнула яна ранкам. Ён верыў, бо вельмі хацеў верыць. "Не, — запярэчыў ён, — ты мая сястра й жонка. Я таксама кахаў цябе заўсёды, — што было абсалютнай праўдай". Так адбыўся іхны шлюб у Гародні, неразрыўны да канца жыцьця. І так пачала гаіцца рана ад сьмерці Багдана.

У ёй жыў несьвядомы, прыроджаны дар акторкі. Праз два тыдні рэпэтыцыяў яна грала ўсё лепей, ёй удалося злучыць прагу сьпелай кабеты да каханьня й дзявочы страх ля парогу неспазнанага. Лукаш са зьдзіўленьнем углядаўся ў яе. Штоноч яны ненасытна кахаліся, а дні былі прысьвечаныя тэатру.

Напрыканцы сакавіка прызначылі дзённую прэм’еру. Гілер, аточаны рэштай калектыву, не шкадаваў пахвалаў. Аднак самае важнае — нешматлікая публіка не скупілася на воплескі. І з таго часу гледачоў большала на кожным спэктаклі. Энтузіязм гэты рос, напэўна, з двух прычынаў. Гледачы — пераважна маладыя — быццам здагадаліся, што бачаць на сцэне пару, яшчэ цёплую ад сапраўдных абдымкаў. Да таго ж у гэты страшны ваенны час дзейнічаў галоўны матыў апавяданьня Дастаеўскага ў пераробцы Лукаша: пахвала летуценнасьці, уцёкаў ад рэальнасьці да гэтай тургенеўскай "кветкі каханьня", якая хаця б адную хвіліну цьвіце ля сэрца закаханых з эпіграфу Дастаеўскага.

П’еса ішла штодзённа, потым яе пераставілі на вечар, зьняўшы з афішы гэтую жахлівую, як сказаў Гілер, лажу — "Как закалялась сталь". Тэатар стаўся тады амаль самадастатковы фінансава, дырэктар атрымаў пахвальны ліст зь Менску. Яго гэта насьмеліла аж да просьбы даць згоду на пастаноўку Чэхава, ня надта любімага савецкімі культурна-палітычнымі ўладамі. Яму далі пісьмовую згоду, але "часова", толькі на "Тры сястры". Хутчэй за ўсё таму, што менавіта тады, у 1940 годзе, "Тры сястры" ставілі ў Маскве, у інсцэнізацыі Неміровіча-Данчанкі. Рэжысэрам мусіў выступіць сам Гілер, які выбраў асыстэнтам Лукаша, ведаючы пра ягоную "чэхаваманію". Празь некалькі месяцаў прызначылі прэм’еру. Уршуля, хоць была замаладая, мела граць Ірыну. "Белыя ночы", чаргуючыся з "Падступнасьцю і каханьнем", з посьпехам ішлі да канца траўня, пачатак рэпэтыцыяў "Трох сёстраў" быў прызначаны на верасень, пасьля летніх вакацыяў.

Эўфарыя гарадзенскага разьдзелу ў нямой аўтабіяграфіі Лукаша не аслабла, наадварот, узмацнілася. Мэры ўсё часьцей заглядвала з кухні да салёніку, каб па просьбе Ўршулі пераканацца, што "ўсё добра". І не магла надзівіцца, бачачы старога, недалужнага, напаўсьляпога мужчыну, які энэргічна кружляў па пакоі, зрэдку падаў у фатэль, штосьці па-свойму мармытаў сабе пад нос; горб старасьці, здавалася, зваліўся зь яго. Нават аднойчы ў сярэдзіне лістапада, калі (як гэта бывае вельмі рэдка ў Лёндане) сонца вызірнула з-за цяжкіх зімовых хмараў, ён штурхнуў дзьверы ў сад, спусьціўся па прыступках і паспрабаваў прагуляцца "для здароўя" на сьвежым паветры. Аднак ён занадта кепска бачыў, каб абмінаць кратовыя дзіркі ў запушчаным садку, спатыкнуўся й выцягнуўся на гнілой траве. Лукаш ударыўся аб востры камень, адчуў боль, гарачую стужку крыві. Крохкая Мэры зь вялізнай цяжкасьцю дапамагла яму ўстаць, павольна ўвяла ў салёнік і пасадзіла на крэсла, замкнуўшы перад тым дзьверы ў садок. Ён гучна дыхаў, а яна атрасала зь яго зямлю. Аднак твар старога не губляў выразу патаемнай радасьці.

Ён успамінаў лета 1940 году ў малой вёсцы над Нёманам, нейкія дзесяць кілямэтраў ад Гародні. "Мы зьнялі ў беларускіх сялян малы домік, супольна з Гілерамі, гэта значыць зь Леапольдам (я ўжо быў зь ім на ты) й зь ягонаю жонкаю, Вялікай Акторкай, якая павольна лекавала свае раны. На шпацыры ў гарачым чэрвені мы хадзілі ўтрох з Гілерам — альбо ў зарасьнікі на нёманскі бераг, або ў дрымучыя лясы на тым баку рэчкі, куды нас перавозіў на чоўне вясковы рыбак. Перада мною паўстала, як жывое, дзяцінства ў Рыбіцах, калі рыбалка й зьбіраньне грыбоў былі для мяне найвялікшымі прыемнасьцямі. Часам у лесе мы з Уршуляй адбіваліся далёка ад Гілера, каб на верасе першай жа спатканай паляны выпіць доўгі глыток каханьня, мы гэтак жа праглі адно аднаго, як і раней. Мы вярталіся да дому, прысьпешваныя Гілерам, які баяўся за жонку. Увесь падсавецкі абшар за Бугам здаваўся небясьпечным. Небясьпечна было, праўда, ва Ўкраіне, не ў Беларусі. У Гародні й ваколіцах мы жылі ў Воку Тайфуну, стыхіі вайны шалелі навокал, пакідаючы ў спакоі невялікі кавалак гладкага мора. Гэта нас трывожыла, мы ж амаль штодзённа мучыліся ад усё больш страшных навінаў з Варшавы. Мы разумелі, што мёртвае, закрытае Вока Тайфуну ўрэшце адкрыецца. Мы бачылі забітыя людзьмі фургоны, якія бязгучна выяжджалі позна вечарам або ноччу з гарадзенскай турмы".

Менавіта тады, на летніх вакацыях, у цяні маленькай вэранды малады "маньяк Чэхава" цярпліва пераконваў Вялікага Рэжысэра ў "неабходнасьці важных паправак" у тэкстах цудоўнага Антона Паўлавіча. "Ёсьць такі незразумелы недахоп зроку ці слыху, — казаў ён, — у такога тонкага, мудрага, музычнага драматурга — гэта звычка вырашэньня драматычных сытуацыяў з дапамогай рэвальвернага стрэлу ў эпілёгу. Ці Чэхаў сапраўды ня ведаў, што гэты рэвальвер, які вісіць над кожнаю п’есаю, ірве і амаль нішчыць яе старанна сатканую, далікатную матэрыю самым грубым чынам?" І таму, што яны зьбіраліся ставіць "Тры сястры", размова перайшла на апошнюю сцэну, у якой барон Тузэнбах, жаніх Ірыны, быў забіты ў двубоі са штабс-капітанам Салёным. Даведаўшыся пра гэта, Ірына "ціха плача і паўтарае — я ведала, я ведала". Навошта гэта ўсё? Эпілёг быў бы нашмат больш пранізьлівы й адпаведны духу Чэхава, калі б Ірына засталася старою паннаю ў губернскім горадзе (увесь час з пастаянным уздыхам трох сёстраў — у Маскву, у Маскву!), калі б Тузэнбах папросту зьехаў ці, хутчэй, уцёк з гэтай правінцыйнай дзіркі. І калі б Ірына паўтарыла толькі словы, напісаныя для яе аўтарам: "Пройдзе час і людзі даведаюцца, навошта гэта ўсё, навошта гэтыя пакуты, ня будзе ніякіх таямніц, а пакуль што трэба жыць…" І тады б паўстала экзыстэнцыйная драма заміж францускай п’ескі з рэвальверным стрэлам перад самай заслонаю.

Лукаш шукаў ухвалы ў вачох Гілера. Вялікі Рэжысэр вагаўся. Перад вяртаньнем у Гародню, апошнімі днямі верасьня, ён урэшце сказаў: "Добра, паспрабуем".

Яны ўзяліся рэпэтаваць "Тры сястры" напачатку верасьня, але праца йшла марудна. Найперш, спрэчкі ды інтрыгі пры разьмеркаваньні роляў, якія брутальна разьвязваў Гілер — да абурэньня калектыву. Не было ролі для Вялікай Акторкі, а гэта было недапушчальна. На шчасьце, бюджэтныя клопаты тэатру прымусілі аднавіць "Падступнасьць і каханьне" з галоўнай роляй жонкі Гілера. Раптам абудзіліся дэкаратары, якія ў "Трох сёстрах" бачылі для сябе вялікі шанец, тым часам у касе было нягуста. Лукаш, малады асыстэнт Гілера, з занадта вялікім стараньнем прыступіў да працы, а за тое, што адною з трох сёстраў была Ўршуля, на ягоную працу глядзелі скоса. Словам, справа доўжылася неміласэрна. У лістападзе была яшчэ на пачатку. А прэм’еру ж абяцалі на Божае Нараджэньне. Тым часам рэпэртуар папаўнялі (дзеля грошай) бурбалкамі, якія падсоўваў Менск, часам Масква. Была й асабістая перашкода, пра якую тэатар ня ведаў. Уршуля напрыканцы верасьня зацяжарыла, а ў лістападзе выкінула. Адбылося гэта без ускладненьняў, калі не лічыць частых выбухаў плачу Ўршулі пасьля страты дзіцяці. Ня ведалі, чаму яна плача, меркавалі, што вінны Лукаш, а яна плакала, бо лекар сказаў, што яна мусіць, на жаль, назаўсёды разьвітацца з думкаю пра мацярынства.

Прэм’ера, аднак, адбылася згодна з плянам, то бок на другі дзень сьвята. Яна была, безь перабольшваньня, трыюмфам. Папраўка Лукаша (якую заўважыў няшмат хто) надала п’есе глыбейшы характар, выкрасьленьне двубою надало апошняму ўздыху Ірыны незвычайную сілу vie manquee, а сам спэктакаль намаляваў пранізьлівы вобраз жыцьця ў правінцыі. О дзіва, музычнасць Чэхава ўзбагацілася новымі танамі, а ягоная мудрасьць у шатах мэлянхоліі выцясьніла той посны рэалізм, які любіў, не зважаючы на аўтара, Станіслаўскі.

П’есу ігралі і ў Гародні, і ў іншых гарадох Заходняй Беларусі, але найвышэйшае прызнаньне прыйшло зь Ленінграду. У сярэдзіне траўня 1941 году тэатар Гілера атрымаў запрашэньне на гастролі ў Ленінград. Потым выявілася, што ленінградскі "тэатральны работнік" два разы быў на гарадзенскім спэктаклі.

"На гастролі ў Ленінград мы паехалі ў траўні 1941 году, мусілі там прабыць тыдзень. Мы заплянавалі два прадстаўленьні "Трох сёстраў". Аматары Чэхава, хаця таксама разумелі, што аўтар злоўжываў "пісталетнымі эпілёгамі", былі ў першую хвіліну шакаваныя маёй папраўкай, але хутка ўздыхнулі з палёгкай і віншавалі мяне, быццам бы сталася нешта, чаго даўно чакалі. "Ампутаваны" Чэхаў зазьзяў новай прыгажосьцю, быццам была выбітая сьцяна, дадалася дадатковая пэрспэктыва ў фінале, які раней быў звычайным і схематычным "тупіком". Дзіўная справа для такога драматурга, але Чэхаў не заўважыў, што традыцыйныя "стрэлы перад заслонаю" нічога не вырашаюць. На сцэне. У жыцьці — так, вырашаюць, але ж тэатар вымагае іншага. Можна рызыкнуць і сказаць парадокс: тэатар адбірае драматычнасць, напрыклад, у стрэла самагубцы, можна пераканацца ў тым, гледзячы апошнюю сцэну "Іванова". Я зразумеў гэта ўжо тады, але адважыўся прымяніць толькі ў лёнданскім "The Sea-Gull" Theatre.

Як потым пацьвердзіў сход Ленінградзкага тэатральнага таварыства, мая іннавацыя была добра прынятая. На гэтым сходзе здарыўся дробны на погляд інцыдэнт, якога я ніколі не забуду. Нехта з публікі, не ўстаючы з крэсла, крыкнуў: "У нас сёньня занадта будзённым стаўся стрэл зь пісталету. Гэтага Чэхаў ня мог прадбачыць". Старшыня сходу, раптам спалатнелы, кінуў погляд у бок той часткі аўдыторыі, адкуль пачуўся вокліч. "Хто гэта сказаў?" Гэта прагучала як пагроза, аднак ня ведаю, ці мела яна пазьней якія-небудзь наступствы.

Арганізатары гастроляў польскага тэатру з Гародні, жадаючы злучыць падзяку са сьвяткаваньнем, прапанавалі мне паказаць "Белыя ночы" ў натуральным асяродку".

Натуральным атачэньнем быў фрагмэнт даўняга Пецярбургу — малы пляц з лаўкаю, побач масток на канале, і адна з сапраўдных белых ночаў, што якраз прыпадаюць на травень. Аўдыторыя, што складалася з натоўпу разявак і мінакоў, была ўражаная й маўклівая. Незвычайная імпрэза! Лукаш і Ўршуля ігралі па-польску (Уршуля ня ведала расейскай), зь цяжкасцю стрымліваючы хваляваньне. Зачараваныя аўтэнтычнай белай пецярбурскай ноччу, акружаныя вэлюмам, які паходзіў быццам зь іншай рэчаіснасьці, яшчэ больш закаханыя, чым гэта было па п’есе, зь якой выкінулі "таго трэцяга", у магіі вобразу й пачуцьцяў. Іхны празьмерна працяглы апошні пацалунак на лаўцы, які выглядаў амаль як сцэна каханьня з казкі, гледачы павіталі гучным і доўгім "брава".

Пасьля імпрэзы гарадзенскую трупу частавалі ў блізкай рэстарацыі. Вядомы і ўжо даволі стары расейскі гісторык літаратуры Л., якога нядаўна выпусьцілі зь лягераў пасьля сямігадовага зьняволеньня, прысеў да Лукаша: "Вам как-то удалось воздержаться от всей злобы "Записок из подполья". Ён акінуў позіркам навакольле й дадаў: "Весь этот современный мир". — "Дзіўна, незвычайна, — гарачыўся Лукаш і шаптаў да Л., — працуючы над інсцэнізацыяй "Белых ночаў", я ўвесь час паўтараў сам сабе, што іхны герой, пецярбурскі самотнік, ёсьць адменаю героя "Записок из подполья". — "Правільна, — камэнтаваў Л., — Настенька сваім каханьнем вызваліла яго ад гэтай злосьці, што расла зь дня на дзень і мелася некалі стацца рэвалюцыйным шалам".

У Лёндане стала халодна (быў першы дзень сьнежня), частыя залевы прыносілі, апрача кропляў, ледзяныя грудкі. Кружляньне ў салёніку і сядзеньне ля распаленага каміну перасталі яго цешыць. Ён сам папрасіўся, каб перавялі яго наверх. Уршуля і Мэры паслалі яму ложак з гарою коўдраў, запалілі газавую печку, але й гэта не дапамагала. Ён быў зьмерзлы, спакутаваны да дрыжыкаў. Уцякаў бесьперапынна ў дрымоту, якая сьцірала межы паміж рэчаіснасцю й пошукамі страчанага часу ў нямой аўтабіяграфіі. Гэты працэс прывёў да зьмяшэньня: у дрымоце яго апаноўвалі гукі вайны, наяве ён прымаў стук лёнданскага дажджу за гарадзенскую залеву на парогу лета. Колькі разоў увечары Ўршуля, вярнуўшыся са Стрэнду, сядала да яго на ложак і цалавала ягоны твар, тулячыся да яго ўсім целам, і ён, абудзіўшыся, усклікваў: "У Вэнэцыю, у Вэнэцыю!", — але й гэты вокліч гучаў як рэха воклічу трох сёстраў: "У Маскву! У Маскву!" Мілагучны сьмех Уршулі дазваляў яму на імгненьне затрымацца ў вірлівым і мутным струмені часу.

"Праз тры тыдні пасьля вяртаньня зь Ленінграду, — працягваў ён, трохі супакоены, — нас абудзілі нямецкія бомбы. Бамбавалі збольшага раён савецкага гарнізону і нешматлікія фабрыкі, але кідалі бомбы і ўсьляпую, каб выклікаць паніку ў горадзе. Паніка часам межавала з вар’яцтвам. Захісталася элемэнтарнае пачуцьцё раўнавагі, ніхто ня ведаў, што рабіць і куды ўцякаць. Тутэйшыя барыкадаваліся ў дамох. Прыбышы зь нямецкага боку мусілі хутка вырашаць: на Ўсход ці на Захад. У першым выпадку вялося пра асобаў, якія так ці інакш былі зьвязаныя з саветамі; тут рашэньне было ўвогуле бездыскусійным (і яго прыняла вялікая частка нашай тэатральнай суполкі): на Ўсход, разам з былымі уладарамі, якія цяпер давалі лататы. Затое на Захад, на той бок Бугу, ці бо ў ашчэраную нямецкую пашчу ўцякалі тыя, хто менш баяўся гітлераўцаў і меў да каго ўцякаць. Хвілінамі прышлае насельніцтва места мела падабенства з пацукамі, узятымі ў вогненае кола. Пэўна было прынамсі адное: нямецкія дывізіі, што вырушылі на сьвітанку з прымежнай апэрацыйнай базы, на зьмярканьні ўвойдуць у Гародню. "У нас ёсьць цэлы дзень", — сказаў Гілер, прадпрымальны і энэргічны, як ніколі. Гілеры ўзялі нас у кампанію, мы стварылі чацьвёрку, якая парашыла вяртацца ў Варшаву. Я ня здолеў бы сказаць дакладна — між іншым і таму, што Гілер нікому не апавядаў пра свае пляны — якім чынам уцёкі былі арганізаваныя ў такім бліскавічным тэмпе. На зьмярканьні мы былі ў Варшаве. Разьвіталіся мы на Тэатральным пляцы. Гілер, былы капітан запасу, меў знаёмствы ў АКоўскіх колах. Ягоную кватэру на Сэнатарскай, на шчасьце, не зачапілі. Мы ж падаліся на Сенную, да цёткі Яўгеніі. Яна прыняла нас з радасьцю, нават Уршулю, якую не падлюбвала, бо ўжо пасьпела добра зазнаць, што чакае яе, самотную, з мізэрнымі жыцьцёвымі сродкамі, у ваеннай Варшаве. Мы атрымалі найвялікшы пакой на дзьве асобы, цётка Яўгенія хутка пагадзілася з тым, што мы і брат зь сястрою, і муж з жонкаю.

Гілер нас ня кінуў і пазьней. Знайшоў для Ўршулі працу — кельнэркай у невялічкай кавяранцы "Злота на Злотай"; за 5 хвілінаў Уршуля магла дайсьці адтуль да Сеннай, да камэнданцкай гадзіны. Мяне Гілер прыцягнуў да нелегальнай тэатральнай суполкі ў пустой унівэрсытэцкай студыі на Сэвэрынове.

З пэўнай трывогаю я паехаў цягніком празь Седльцы ў Рыбіцы. Аднак непакоіцца не было чаго. Сумленны пан Вітольд працаваў разам зь нямецкім эканомам, прыстойным чалавекам, і нават здолеў адшпільваць мне невялікую штомесячную суму "налева" і — што нашмат важней — абяцаў ладаваць мой заплечнік харчамі з кожным маім прыездам. Першы цяжкі заплечнік забраў я адразу. Цётка Яўгенія і Ўршуля не паверылі ўласным вачам пры выглядзе куляў масла, сыроў, бітай хатняй птушкі й сьвежых карпаў. Такім чынам мы ўладкаваліся. Дзякуючы Гілеру ўдалося хутка зрабіць kennkart’ы для нас абодвух. "Выгляд" Уршулі быў бездакорны".

Да працэсу старэчага зьнясіленьня арганізму і паступовага асьляпленьня (часова стрымванага) далучылася зьява страшная, хаця і не раптоўная, калі браць пад увагу ягоны ўзрост. Трэцяга сьнежня Ўршуля на хвільку прысела ў яго на ложку, каб разьвітацца на цэлы дзень. Яна нешта казала, а ён ня чуў, у ягоныя вушы ўварваўся шум. Зь пятага на дзясятае ён нешта зразумеў, сочачы за яе вуснамі. Ён глухнуў, без сумневу глухнуў. І яго гэта ўразіла болей, чым паступовая страта зроку. "Страчу Ўршулю цалкам! Памрэ для мяне музыка!"

Відавочна, яна не злавіла ценю спалоху на ягоным твары, бо як звычайна нахілілася для пацалунку.

Таго дня ён ня ўстаў з ложка, застаўся ў ім ажно да 15 сьнежня, да дня выезду ў Вэнэцыю. Такім чынам, ён будзе цалкам выключаны? Ён зразумеў, што у яго засталося мала часу, каб скончыць нямую аўтабіяграфію. Трэба скарачаць, ісьці напрамкі! Трэба расказваць толькі тое, што засталося назаўжды! Маргінэсы, падрабязнасьці, натуральна, належаць да прыемнасьцяў людзей сталага веку, але тых, хто гасьне паволі, у някепскім здароўі, у той фізычнай кандыцыі, зь якой стары чалавек патрапіць даць сабе рады. "This is not my case", — шапнуў ён па-ангельску.

А таму варта хутка перабегчы праз тры гады акупацыі да Варшаўскага паўстаньня. Цяжка не адчуць сораму, узгадваючы, што яны прайшлі параўнальна гладка. Навокал "хапун", арышты, экзэкуцыі, а яны жылі, як пара чыноўнікаў, ва ўсталяваным ладзе. Ранкам Уршуля бегла на Злоту, вярталася дадому да камэнданцкай гадзіны. Ён ішоў на Сэвэрынаў, на "таемную тэатральную зборку" (як называлі справу, ачоленую Гілерам), калі не выпадаў дзень паездкі ў Рыбіцы. Пасьля абеду сустракаўся са знаёмымі, часам завітваў на Злоту, там у каморцы браў эпізадычны ўдзел у памнажэньні нелегальных выданьняў (літаратурных або тэатральных). З самага пачатку было ясна, што група на Сэвэрынове нейкім чынам зьвязаная з АК. Гілер граў неафіцыйную ролю кіраўніка. Некалькі разоў зацягнулі і Лукаша на свае ваенныя вучэньні, аднак хутка пакінулі яго ў спакоі, як непапраўнага кульгаўца й добрага стралка (якім ён стаў у пэрыяд рыбіцкага юнацтва). Яго меліся мабілізаваць у дзень Х і гадзіну Х. Гэта само сабою.

На Сэвэрынове ўвесь першы год важдаліся з Шэксьпірам. Ён адчуваў ашаламленьне й напаўрэлігійнае пакланеньне Шэксьпіру, але не блізіню да яго. На сэвэрыноўскіх спатканьнях (надзіва бесклапотных, нягледзячы на тое, што цяжка было не заўважыць рэгулярных збораў маладых людзей) верхаводзіў Джан Ліс, досыць даўні выпускнік PISTу, лёгкі эратаман, "пякельна" (як тады казалі) інтэлігентны, усебаковы знаўца ангельскага Генія, ён мог старонкамі цытаваць яго (у польскіх перакладах, а часам, каб асьляпіць слухачоў, жахлівай, па словах Гілера, ангельшчынай). Цьвіком у ягоным мазгу быў тэмат "Шэксьпір і мэханізм гісторыі", альбо Шэксьпір, прыточаны да нашага часу. Лукаш сустракаў гэтыя высновы пацепваньнем плечаў. Для яго Шэксьпір быў пэўным чынам параўнальны зь Бібліяй праз сваю здольнасьць азіраць кожную сваю постаць, быццам пабачыў яе ўпершыню, быццам ён сам стварыў яе ў крэатыўным парыве. Лукаш цудоўна ўяўляў, што магла б паўстаць шэксьпіраўская трагедыя, заснаваная на гісторыі ахвяраваньня Ісаака Абрагамам.

Каханьне ў Варшаве было працягам каханьня ў Гародні. Яно нават набыло больш інтэнсыўнасьці, якой увогуле вылучаюцца жарсьці, што ўвесь час знаходзяцца пад пагрозаю. Яны вярталіся ўвечары на Сенную, як у багаславёную прыстань. Ані ценю перасычанасьці або нуды, наадварот. Калі Стэндаль меў рацыю ў сваёй тэорыі крышталізацыі каханьня, то варта было шукаць новай калёніі крышталяў. Лукаш знаходзіў яе ў глыбокім перакананьні, што іхнае каханьне паглыбляецца дзякуючы двум крыніцам — каханьню каханкаў і любові брата й сястры. Ён адчуваў гэта ў самім сэксуальным акце, які ўзбагачаўся нечым дадатковым, безназоўным і моцным.

Прайшло пару месяцаў іхнага побыту ў Варшаве, калі Ўршуля, якая звычайна прысьвячала вольны ад кавярні дзень хатнім клопатам, папярэдзіла ранкам яго, што выедзе ў горад, да новых сяброў, а вернецца акурат перад камэнданцкаю гадзінай. Лукаш нагадаў ёй, што трэба асьцерагацца, бо "добры выгляд" і фальшывая kennkarte — гэта яшчэ ня ўсё. Яна сапраўды вярнулася за пяць хвілінаў да пачатку камэнданцкае гадзіны, дзіўна ўзбуджаная, з вачамі, пачырванелымі ад сьлёз. Лукаш ні пра што не пытаўся. Той ноччу яна была яшчэ больш пяшчотнай, чым звычайна, пасьля кожнага абдымку паўтарала: "Божа, як я цябе кахаю, ніколі не магла б кахаць нікога іншага так, як цябе". Яго ўразіла нейкая заўзятая настойлівасьць у гэтай фразе.

Падчас чарговага візыту ў рыбіцкі фальварак пан Вітольд быццам нехаця паведаміў яму: "Пані Ўршуля была тут, на магіле Багдана. Прасіла вам пра гэта не казаць. Але не магу змаўчаць, бо небясьпека вялікая. Седльцы — невялікі горад, лёгка пазнаць знаёмы твар, а лайдакоў, спрытных на розныя паскудзтвы, тут хапае".

Ён не згадаў Уршулі пра размову з панам Вітольдам, толькі сказаў з ноткаю трывогі ў голасе, што нехта ў Седльцах нядаўна распытваў, дзе яна. Яна зьбялела, можа, здагадалася пра ўсё.

Пад канец ліпеня 1944 году, выбраўшыся на тыдзень у Рыбіцы (начаваў у пана Вітольда), ён часьцяком блукаў па лузе над ракою. Раз нават пазагараў у тым месцы, дзе ляжалі й кахаліся Ўршуля й Багдан. Ён уткнуў погляд у тое месца, дзе тады хаваўся сам. Затхнуўся, быццам бы нехта сашчапіў яму рукі на шыі. Здолеў, аднак, устаць і, хістаючыся на неслухмяных нагах, павалокся ў дамок пана Вітольда. На шчасьце, гаспадар быў у млыне.

Праз шмат гадоў, у Лёндане, ён прачытаў доўгае апавяданьне Альбера Камю "Заняпад". Штодзённа ў амстэрдамскім бары "Mexico-City" парыскі адвакат Жан-Батыст Клеманс, "судзьдзя-пакутнік", як чарвяка, залівае думку, што калісьці ня скочыў да Сэны, каб уратаваць дзяўчыну-самагубцу. З лёхаў ягонае памяці ўпарта выходзіць адная й тая ж сцэна, вінаваўца вінаваціць сябе і марыць пра "другі шанец на выратаваньне сябе разам з тапеліцай". У апавяданьні Камю каменем падае сказ: "Адкрыю табе вялікую таямніцу, mon cher. Не чакай Страшнага Суду. Ён адбываецца штодзённа".

Лукаш быў пад такім вялізным уражаньнем ад апавяданьня Камю, што выснаваў зь яго "сцэнічны маналёг" для "The Sea-Gull" Theatre. Аднак у маналёгу ён адкінуў усю рафінаваную маралістыку Камю, якая часамі занадта патыхала сафістыкай, каб весьці размову толькі пра пачуцьцё віны, пра невыносны ціск віны. Лукаш быў вінаваты, няма чаго ўцякаць у двухсэнсоўныя пакутніцкія хітрыкі Камю. А можа, вінаватаю адчувала сябе й Уршуля? Можа, гэтыя дзьве складзеныя віны дакінулі свой абпалены крышталік да крышталізацыі іхнага каханьня?

"Я разумеў аблудную штучнасьць гэтай думкі: вінаваты быў адзін я, ня Ўршуля. Нягледзячы на гэта, я ня мог разьвітацца з гэтай аблудай.

Я не ўсьведамляў, што сэнсоўна было б даць Уршулі ролю маўклівай парыскай дзяўчыны, абапертай на мур маста на Сене, гатовай да самазабойчага скоку. Які сэнс? Жорсткасьці або падсьвядомага імпульсу помсты Ўршулі? Уласнага патаемнага позірку ў бок Страшнага Суду, які адбываецца штодзённа?"

"У другой палове ліпеня 1944 году я вырашыў паехаць на пару дзён у Рыбіцы. Наша кладоўка апусьцела. У паветры віселі важныя падзеі (мы ня ведалі, якія, але беспамылкова адчувалі іх; натуральна, перш за ўсё мы думалі пра паўстаньне, але й пра наступ Чырвонай арміі таксама), трэба было назапасіць як найбольш ежы. На гэтым настойвалі абедзьве мае спадарыні, Уршуля й цётка Яўгенія.

Я прыехаў рана, пан Вітольд без ваганьня запрасіў мяне да сябе; пакой Багдана стаяў дагэтуль вольны. Мой гаспадар, цесна зьвязаны зь седлецкай АК, быў перакананы, што "нешта насоўваецца". Ён не выключаў таго, што праз два-тры дні будзе вымушаны падскочыць на пазычанай машыне ў Варшаву, такім чынам, падкінуў бы мяне з маімі пакункамі".

Лукаш падклаў сабе пад галаву другую падушку. Ён быў дранцьвелы й зьмерзлы, коўдры болей ня грэлі. Усё меней бачыў ён за акном, цёмныя акуляры быццам загусьцелі. "Абы датрымацца да Падуі", — прамармытаў ён. Чым менш ён бачыў за акном, тым больш ізаляваным ён адчуваў сябе. Шукаў зачэпак, каб выклікаць Мэры.

Зьвесткі пра набліжэньне фронту ляцелі адна за адною. І азначалі, што Рыбіцы будуць адрэзаныя ад Варшавы. Божа, а Ўршуля, а цётка Яўгенія? Натуральна, пан Вітольд пакінуў свой намер ехаць у Варшаву. Аднойчы ён прывёз з Седльцаў вестку, што там фармуецца маленькі аддзел АК, які намерваецца акружнымі шляхамі, лясамі, прабірацца ў сталіцу. Кіраўнік пагадзіўся ўзяць з сабою Лукаша.

"Мы выйшлі з Рыбіц перад сьвітанкам, абыходзячы нямецкія гарнізоны й пастарункі. Казалі, што ў лясах ужо пракідаліся савецкія патрулі. Нас было 10 чалавек, некаторыя ў вайсковых куртках і фуражках. Палова ўзброеных. Блукаючы, узіраючыся ў компас, мы губляліся сярод сасновай гушчэчы, а арыентавацца пачыналі толькі на палянках. Кіраўнік апынуўся напышлівым недарэкам. Толькі празь некалькі дзён увечары мы згледзелі сьвятло й бляск кананады над Варшаваю. Было 1 жніўня. У маёй распаленай галаве панавала толькі Ўршуля, ледзьве прыгадваў цётку Яўгенію. Само будучае паўстаньне я ўжо тады вызначыў як "павальная польская памылка", аднак я быў верны звыкламу пачуцьцю абавязку, безь ніякіх патрыятычных парываў.

Мы ўвайшлі ў Варшаву, перабягаючы ад камяніцы да камяніцы, з боку Волі. На рагу вуліцы нас павітаў нямецкі агонь, на ходніку мы адразу ж пакінулі двух забітых. Адразу ж потым адкрылася брамка і нас зацягнула ў тыповы вольскі падворак. Я ведаў гэты раён Варшавы. Мне ўдалося пераляцець на Халодную, кавалкам Жалезнай я дабег да Сеннай. Наш дом быў моцна пашкоджаны, але стаяў. Патрушчанымі сходамі, пераскокваючы празь некалькі прыступак, я дапяў да нашай кватэры. Уршуля сядзела ля цела цёткі Яўгеніі, якая адразу ж па выбуху паўстаньня памерла ад завалы сэрца. Мы ўпалі адно аднаму ў абдымкі ледзь не над трупам. Ня мелі ні хвіліны лішняй, дом ледзь стаяў. Уршуля меркавала, што трэба бегчы ў "Злоту на Злотай", дзе яна была кельнэркай, у падвалы. Сетка лёхаў у камяніцы на Злотай, хаця ўжо й перапоўненая, была разгалінаваная і мела шмат "кішэняў". Да таго ж нас тут ведалі. Групай баевікоў камандаваў Гілер у даваенным капітанскім мундуры. З учорашняга дня ён аўдавеў. Ягоная жонка, Вялікая Акторка, загінула падчас спробы прабіцца на Маршалкоўскую.

(І ўсё ж, і ўсё ж… Я пазьбягаю ў маёй нямой аўтабіяграфіі апісваць Варшаўскае паўстаньне. Але хіба гэтага пазьбегнеш? Сэрца не вытрымлівае такога глыбокага зьяднаньня, такога ўзаемапранікненьня патасу мужнасьці й геройства зь легкавернасьцю безь ніякай рэальнай альтэрнатывы. Можа, ніколі ў гісторыі трагічная веліч не суправаджалася крок у крок, як неадступным ценем, трагічнай нямогласьцю і незваротным насьпяваньнем паразы. Што рабілі такія, як я, ды іншыя жаўнеры Гілера, ня мае вялікага значэньня; скажам, што ўжо толькі намагаліся захаваць скупыя парэшткі ўласнай вайсковай годнасьці.)

Мы цудам перажылі ўсё паўстаньне ў сетцы лёхаў пад "Злотай на Злотай". Усё было падарункам нябёсаў: здабыць нейкую ежу, злаўчыўшыся, паспаць на баку, праціснуцца ў адмысловы лёх, дзе можна справіць патрэбы. Гілер знаходзіў усё менш ахвочых да ваенных вылазак. І ўсё часьцей вяртаўся на чале парадзелага аддзелу. Кахацца ў лёхах было забаронена, але гэтая забарона часьцяком ламалася. Парэшткі памерлых, пераважна старых, выносілі ўночы і клалі каля муроў. З прыхамаці капрызнага лёсу бомбы нас абмінулі.

Ну і пра што мы гаварылі? З тугою і горыччу чакалі канца. Мы ня ведалі падрабязнасьцяў і пратаколу капітуляцыі, для нас яна была найперш выйсьцем пасьля гэтулькіх падземных дзён і ночаў на дзённае сьвятло, якое залівала руіны.

Як статак жывёлаў, нас пагналі ў Нямеччыну праз кантрольныя транзытныя лягеры. Абы толькі не згубіць Ўршулі, абы не разлучацца! У Нямеччыне частка адпала, іх узялі на працу баўэры, а частку разьмясьцілі там, куды і гналі — у разьбітых бараках пад Мурнаў у Баварыі. Гілер здолеў скантактавацца з палоннымі афіцэрамі ў Мурнаў. Неўзабаве скончылася вайна. Мы перліся на Захад, у І Дывізію Мачэка, мінаючы грамадкі жывых шкілетаў у лахманах, якія з вызваленых канцлягераў валакліся на Ўсход, да няісных, напэўна, дамоў, да рэштак (у найлепшым выпадку) сем’яў. На амэрыканскіх, ангельскіх, францускіх і савецкіх жаўнераў мы глядзелі як на прыхадняў зь іншай плянэты.

У тэатры І Дывізіі Гілера адразу ж прызначылі кіраўніком, але мяне й Уршулю вабіла толькі адно: як найхутчэй выехаць да Вялікай Брытаніі.

У аповесьці Пастарнака "Доктор Живаго" пад канец на сцэне з’яўляецца deus ex machina Эўграф Жывага, усемагутны генэрал савецкага войску, каб заграць ролю зычлівага пратэктара сямейных недабіткаў. Яго адпаведнікам у нашым выпадку быў Пітэр Клібан, афіцэр сувязі пры I Дывізіі. Малодшы брат майго й Уршулінага бацькі энэргічна намі заняўся. Ня толькі забраў нас на першы ж транспарт да Брытаніі і пару дзён гасьцяваў у амэрыканскім ваенным гатэлі "Marble Arch", але й дапамог знайсьці пусты і ладны пакой у цэнтры Camden Town і заплаціў за яго (бо ў нас не было ні шэлега) аж за паўгады. На трэці дзень ён паляцеў у Штаты: "За паўгады вы зможаце ўладкавацца ў Лёндане". Па-польску ён гаварыў з выразным амэрыканскім акцэнтам, але правільна.

Так пачаўся лёнданскі разьдзел. Няцяжка было знайсьці занятак, нават ня ведаючы мовы, галоўнай праблемай было знайсьці працу на паўдня, part-time job, а нам трэба было менавіта гэта. Мы ўжо ведалі, што пасьля абеду мусім вучыць ангельскую і наведваць Драматычную Акадэмію, якую меў на Голбарне "The Sea-Gull" Theatre. Аднак і гэта атрымалася. Зь сёмай да першай я мыў рандолі, талеркі і прыборы ў гатэлі на Гайд Парк Корнэр, і ў той жа час Уршуля працавала ў пральні на Кэмдэн Таўн. Cambridge Proficienty даваў магчымасьць хутка і добра вывучыць мову. У Драматычнай Акадэміі мы аціраліся, каб патрапіць у ангельскі тэатар. Дырэктар "The Sea-Gull" Theatre Кенэт Мэдакс на лекцыях акадэміі ўважліва прыглядаўся да такіх, як мы, асьпірантаў. Часамі, маўклівы й засяроджаны, ён нагадваў цярплівага вудаля, што гадзінамі чакае трымценьня паплаўка".

Такім чынам, выглядала на тое, што ўсё склалася так, як яны абое хацелі, хаця падобны рытм жыцьця вымагаў вялікіх фізычных высілкаў. Прачыналіся ледзь прытомныя, вечарамі валіліся на ложкі, учадзелыя ад прамінулага дня. І нечакана паміж імі вырасла шкляная сьцяна, збудаваная ня толькі стомаю. Яны ўзводзілі гэты мур абое ці яго узьнесла адна Ўршуля? Хутчэй другое. У нямой аўтабіяграфіі Лукаша гэты трохгадовы пэрыяд быў суцэльным жахам. Спачатку ён бачыў прычыны ў ейнай "любоўнай абстынэнцыі", такой моцнай, што гнеўнымі позіркамі вітала яна кожнае набліжэньне да ейнага ложка і нават кожнае пяшчотнае слова. Калі каханьне не саступае месца прынамсі пяшчоце, то можна казаць пра незваротную крызу. З дня на дзень яна няўхільна ператваралася ў іншую жанчыну. Калючая і незадаволеная, поўная нявыказаных прэтэнзіяў, часам нават правакацыйная, калі, напрыклад, ні з пушчы ні з поля, без усялякае прычыны, узгадвала цяпло Багдана. Праз шмат гадоў, калі ўсё зьмянілася і вярнулася даўняе каханьне, ён так і ня здолеў зразумець, што ж гэта было цягам тых трох гадоў. І ня мог адолець страху апечанага на малацэ, які дзьмухае на ваду і які ў кожным халодным паўтоне, выпадковым і нязначным, ужо чуе набліжэньне непагоды. Можа, яна мела кагосьці ў часе той раптоўнай зьмены? Ён быў упэўнены, што не. Гэта было нешта іншае, што сьведчыла пра сужыцьцё некалькіх розных асобаў у адной. І гэтыя іншыя асобы могуць ніколі ў жыцьці ня выйсьці на яву, але могуць і раптоўна закрычаць поўным і зьмененым голасам, якога нішто ня можа суцішыць, апрача вяртаньня хвалі каханьня.

Папераджальныя кроплі доктара Мэйх’ю, якія Ўршуля капала яму ў вочы перад сном і пасьля прабуджэньня, трацілі сваю моц. Рэшта зроку зьнікала, ён пра гэта ведаў. Як ведала і Ўршуля, хаця й катэгарычна адпрэчвала. Даўняя сьпешка пры напісаньні нямой аўтабіяграфіі набыла характар спалоху. Ці датрываюць вочы да апэрацыі хоць бы ў такім стане? Ён ня быў у гэтым упэўнены. Ня тое каб цені, што атачалі яго ўсё больш настойліва, былі ўмоваю sine qua non ягонага прадпрымства. Але калі ён асьлепне зусім, усё страціць сэнс. Пакуль што, напружваючы рэшткі зроку пад цёмнымі акулярамі, ён нешта ўсё ж бачыў, і ціхі, але абавязковы акампанэмэнт суправаджаў ягоныя ўспаміны. Сьпешка вымушала яго да скаротаў. Цяперашні страх з добрым дамешкам панікі ператварыў яго ў стаэра, у якога перад фінішам заплятаюцца ногі, які адчувае спакусу сысьці з дыстанцыі і выцягнуцца побач з дарожкаю на траве.

Аднак ён працягваў, можа, яго падтрымлівала адчуваньне, што фініш блізка, хаця яго й не відно.

У сярэдзіне трэцяга году навучаньня ў акадэміі на Голбарне ягонай ангельшчыны ўжо хапіла, каб падаць голас (Уршуля, якая сядзела ля яго, паглядзела скоса й спалохана). Тады аналізавалі тэатар Чэхава. Ён даволі коратка распавёў пра сваю тэорыю і кутнім зрокам заўважыў, што Кенэт Мэдакс падняў вочы й адчувальна выпрастаўся над сваёй вудаю.

Потым Кенэт запрасіў яго ў свой кабінэт. "Я нічога вам не абяцаю, але шанец дам. Прашу вас у вольныя хвіліны накідаць праекты інсцэнізацыі "Іванова" й "Чайкі". Калі яны мяне пераканаюць, падпішам дамову, вы станеце нашым рэжысэрам і атрымаеце актораў". Лёгка сказаць: у вольны час. Але ён згадзіўся адразу ж, выставіўшы ўмовы. Найперш, ён пакажа ўсёй трупе сваю рэдакцыю "Белых ночаў" Дастаеўскага, са сваёй жонкай Уршуляй, амаль без дэкарацый. Хацеў бы паказаць рэч у расейскім арыгінале, але Ўршуля слаба ведае мову. Таму яны будуць граць па-польску, пастаноўка доўжыцца каля 50 хвілінаў. Мэдакс запытаўся, якія адносіны гэта мае да Чэхава. Лукаш адказаў, што яму цяжка патлумачыць, але яму гэта вельмі патрэбна. Мэдакс хітнуў галавою: "Згода".

Нялёгка было ўпрасіць Уршулю. Яна зацята паўтарала: "Не, не", — але ўрэшце згадзілася.

Сталася тое ж, што ў Гародні. Гэты шэпт каханьня, што толькі зацьвітае ("кветка, створаная, каб хоць хвілю пабыць ля твайго сэрца"), авеяны атмасфэрай, якая была адным са складнікаў драматычнага мастацтва Чэхава, захапіў гледачоў акадэміі і "The Sea-Gull" Theatre. Імпрэзу паўтарылі двойчы, далучыўшы да праграмкі ангельскі тэкст польскай сцэнічнай вэрсіі. Рэакцыя была болей, чым прыязная.

І Ўршуля зноў адкрылася Лукашу, як падчас гарадзенскіх "Белых ночаў". Са скрушлівым плачам зноў стала ягонаю сястрою-жонкай. Гэтым разам назаўжды.

Пазьней, калі Лукаш падпісваў кантракт, Уршулю згадзіліся далучыць да трупы ў якасьці акторкі; але толькі для пастановак Лукаша, зважаючы на яе недастатковую ангельшчыну.

"Варта дадаць толькі тое, — апошнім высілкам волі бег Лукаш да мэты, — што цягам сарака гадоў я зрэжысаваў больш за 100 пастановак, клясычных і найноўшых, з шырокім нацыянальным дыяпазонам (некалькі польскіх), мяне лічаць — бязь лішняй сьціпласьці — адным з найвыбітнейшых рэжысэраў сьвету, а ў 1968 годзе я стаў галоўным рэжысэрам "The Sea-Gull" Theatre. Мы здаўна жылі ў доме на Ўімблдоне, які набылі за заробкі, без зацягваньня пазыкаў, неўзабаве пасьля падпісаньня кантракту. Вызначалі мяне Russian-born, я дамогся, каб пісалі Polish-born, хаця дапраўды меў права на абодва вызначэньні. Уршуля пакінула акторства і перайшла на працу ў тэатральную адміністрацыю.

Мая нямая аўтабіяграфія вымагае пэўнай маралізацыі. Яна датычыць ролі "Белых ночаў" у маім жыцьці, у повязі з роляй Чэхава. (Забыўся напісаць вышэй, што мае дэбютныя інсцэноўкі "Іванова" і "Чайкі" крытыка прыняла востра непрыхільна, аднак пад ціскам публікі рэцэнзіі зьмянілі танальнасьць на адваротную; рэцэнзэнты зьлітаваліся, а потым нават пісалі: "З гэтай пары так належыць граць Чэхава".) Вяртаюся да маралі, тым больш што мае сілы зараз сапраўды заканчваюцца. Мараль, я думаю, такая. Сьвядома ці несьвядома, расейцы бачаць у каханьні "прыўкрасную хваробу". Антыбіётыкам, які вылечыць "прыўкрасную хваробу", ёсьць яшчэ большае каханьне. Ні ў воднай літаратуры сьвету падсьвядомая вера ў лекі каханьня не зьяўляецца такой моцнай. Я гэта зразумеў па параўнальна невялічкім матыве на старонках "Белых ночаў", дзе пецярбурскі самотнік лечыць Настеньку, а яна несьвядома выцягвае яго каханьнем з хваробы самоты (перыфраз подполья) і сама выходзіць на сьвет са свае шкарлупіны, дзякуючы ягонаму каханьню. Нават прыўкраснае "Першае каханьне" Тургенева (я заўжды горача, але безвынікова марыў перарабіць ягоны твор для сцэны) ёсьць нечым падобным да жорсткіх і балючых дзеяньняў хірурга, якія ланцэт каханьня вытварыў на хлопцы-падлетку. У гэтым хаваецца ўся мая таямніца. Як лянцэт адбіўся на маім асабістым жыцьці, я ўжо распавёў.

У 1989 годзе я пайшоў на позьнюю пэнсію. Я мог бы — і хацеў бы — працаваць далей, да самае труны, але абазвалася хвароба вачэй. Вылечная? Не? Ці ачнуцца вочы пасьля апэрацыі? Хутка выявіцца. Калі нехта так кахае, як я Ўршулю, цяжка супраціўляцца сьмешнаму імкненьню да несьмяротнасьці.

Заканчваю маю нямую аўтабіяграфію 13 сьнежня 1998 году. Пасьлязаўтра мы ляцім у Вэнэцыю. З слыхавым апаратам, які Ўршуля набыла мне ўчора. Ён дапамагае, але трэба навучыцца надзяваць яго і здымаць на ноч".

ТВАРЫ ВЭНЭЦЫІ

Вэнэцыя, самае неверагоднае зь местаў…
Томас Ман, "Сьмерць у Вэнэцыі"

Albergo "Goldoni", дыхтоўны двухпавярховы "тэатральны гатэль", яшчэ сьвяціўся пусткаю. Нікога не было на другім паверху, у рэстарацыі накрывалі толькі некалькі столікаў у куце каля кухні. Іхны нумар, ладны й зручны, быў на трэцім паверху (зь ліфтам). Уршуля распакавала валізкі, разьвесіла вопратку па шафах і зьвяла Лукаша ўніз. Яны як селі ў гатэльным бары, то ўжо зь яго й не выходзілі. Не хацелася вячэраць, затое выпілі пляшку віскі (здаўна не ўжыванага!). Калі апоўначы вярнуліся ў нумар на моцным падпітку, Уршуля здолела толькі скінуць сукенку і ў бялізьне ўсунулася пад коўдру. Заснула яна хутка, забыўшыся дапамагчы Лукашу распрануцца, як распранала яго штовечар.

Ён скінуў пінжак і ў цёплым шляфроку сеў у фатэлі ля вакна. Сьвяціў толькі начнічок на століку ля ягонага ложка. Вакно выходзіла за Zattere, на тым баку каналу выразны быў відарыс выспы Guidecca з купалам вялікага касьцёлу. Некалі гэта было вэнэцыянскае гета, а зараз раён уражваў занядбанасьцю й брудам, быцца вэнэцыянцы цягам стагодзьдзяў хацелі пазьбегчы любых разбурэньняў і перабудоваў.

Лукаш аж трымцеў ад раптоўнага ўзбуджэньня. Ён бачыў празь цёмныя акуляры лепей, нашмат лепей, чым у Лёндане. Што здарылася? Іншае месца, іншы краявід, іншы клімат прамылі яму сьляпыя вочы? Ён зьняў цёмныя акуляры й бачыў яшчэ лепей. Захацелася пабудзіць Уршулю, але ён падумаў, што гэта, можа, кароткачасовая ілюзія. Але яна не была кароткачасоваю, таму можна было паверыць, што й ілюзіяй не была. Зь цяжкасьцю ён авалодаў сваім экстазам. Але ж ён не памыляецца! Часты госьць, нават жыхар Вэнэцыі ў даўнія часы (сам або з Уршуляй) падчас міжнародных тэатральных фэстаў і дэбатаў, ён ведаў горад някепска. І цяпер беспамылкова бачыў, бачыў на тым баку бераг, аб які з шумам разьбіваліся хвалі, убогую надбярэжную вулку, велічны купал касьцёлу Збаўцы. З шумам. То бок чуў ён таксама лепей. Гэта ён мог прыпісаць слыхавому апарату, але паляпшэньне вачэй было сапраўды навіной.

У яго не было ні сілы, ні ахвоты пераходзіць у ложак. Сьпярша ён задрамаў, а потым глыбока заснуў у фатэлі. Першая вэнэцыянская ноч была нечаканым адраджэньнем, смакавала, як шчасьлівыя мінулыя часы.

На сьвітанку — было яшчэ цемнавата — Уршуля абудзіла яго пацалункам і словам "прабач". Яна вінаваціла сябе за ягоную сядзячую ноч. А ён таямніча ўсьміхнуўся, схваўшы сваю "неспадзяванку" на пазьней.

Да Падуі дабраліся рана, на аўтобусе, які ішоў з пляца перад чыгуначным вакзалам. Уршуля не магла не заўважыць зьменаў, якія ў ім адбыліся. Ён быў жвавейшы ў хадзе, без дапамогі сеў у аўтобус, прыляпіўся тварам да шыбы, каб нічога не ўпусьціць з краявідаў. І, што нязвычна, на ягоных вуснах блукала далікатная ўсьмешка.

— Лукаш?

— Я не сьпяшаўся табе расказваць, каб не сурочыць. Я лепей бачу, лепей чую, быццам памаладзеў. Можа, увогуле апэрацыя не спатрэбіцца?

Яна ўзяла яго пад руку і моцна прыціснула да сябе. Яе твар пасьвятлеў: "Хай паглядзіць прафэсар Антыноры".

Праз паўгадзіны аўтобус спыніўся на вялікім падуанскім пляцы, які некаторыя (небеспадстаўна) лічаць найпрыгажэйшым пляцам сьвету. Яны запыталі дарогу да вуліцы Сьвятога Антонія, што за Базылікай. Ішлі нармальным крокам, па дарозе зайшлі да ўжо люднай у гэты час Базылікі. У тлуме праціснуліся ў адзін з бакавых алтароў. Яны ня ведалі, як трэба маліцца, а таму толькі паўтаралі ў думках бязладныя просьбы, у якіх найчасьцей гучала "памажы" і "ацалі". Абодва адчулі дзіўную палёгку, голасны харальны сьпеў пад галоўным алтаром мякка абвяваў іх, як некалі высокія травы ў Рыбіцах. Лукаш прыгадаў сваё лагво ў папараці. Ён сплёў далоні, сутаргава сьціснуў іх, прамармытаў нешта незразумелае. Уршуля глядзела на яго скоса, зьдзіўлена й крыху спалохана.

Да старога палаца, у якім славуты Антыноры заснаваў ужо досыць даўно сваю афтальмалягічную клініку, было некалькі сотняў мэтраў ад Базылікі. Ім быў прызначаны час для першага візыту. Іх прыняў асыстэнт прафэсара, мілы малады чалавек. Пад грукат свайго сэрца Лукаш чакаў спадзяванага таемна вэрдыкту.

— Гэта часовая, дастаткова частая папраўка, — сказаў асыстэнт, — ваш агульны стан не зьмяніўся. Папраўка можа доўжыцца аж да апэрацыі. Прашу вас прыехаць 6 студзеня. Мы павінны падрыхтаваць вас да апэрацыі 7 студзеня. Sir Luke, — дадаў ён па-ангельску, — гэта гонар для нас.

Уршуля вывела яго з амбуляторыі, сам ён ледзь ішоў, ногі пад ім угіналіся.

— Хочаш зайсьці ў капліцу Giotto? — спыталася яна.

— Не, ня сёньня, я зноў пачаў горш бачыць. Давай вернемся ў Вэнэцыю.

На зваротным шляху ён апусьціў галаву і, здаецца, драмаў. У Вэнэцыі яна была вымушаная з дапамогаю кіроўцы вывесьці яго з аўтобуса. На шчасьце, на прыстані ўжо чакала маторка да Акадэміі. Там трэба было выйсьці, каб даехаць да гатэлю на Zattere.

Ён упаў у фатэль ля вакна і зноў адчуў учарашнюю вастрыню зроку. Можа, гэта залежала ад яснасьці вэнэцыянскага паветра, вады і неба, якія рэзка шарэлі ў Падуі? Што б ні было прычынаю — можа, нэрвовасьць падчас агляду ў падуанскай клініцы, якая зьмянілася спакоем у вэнэцыянскім гатэльным пакоі — ён добра бачыў, нават у падрабязнасьцях, транспартныя чоўны, якіх абганялі пасажырскія параходы, добра чуў чысты гук сырэнаў. Адразу ж адчуў, як адступае прыгнечанасьць. Іншым поглядам зірнуў на Ўршулю, што стаяла побач.

— Папрасі, каб нам падалі абед у пакой, — сказаў ён. — Пасьля абеду пойдзем на каву ў "Florian". Памятаеш "Florian" на пляцы Сьвятога Марка?

Натуральна, яна памятала. У прыгожай і прасторнай кавярні штодня сустракалася тэатральнае брацтва, якое раз на некалькі гадоў зьяжджалася з усяго сьвету на фэстывалі й сымпозіюмы ў адным з вольных узімку павільёнаў Біенале.

Так, галоўным чынам узімку. Якімі рознымі бываюць вэнэцыянскія зімы! Часам, хоць і рэдка, сухія і прыемна халодныя, як цяпер, бяз сонца, праўда, але прасьветленыя ясным струменным паветрам, якое няспынна плыве з лагуны. Гэта былі прыўкрасныя зімы, вольныя ад неспадзяваных пралётных дажджоў і марудных залеваў, якія да каленяў запаўняюць басэйн на пляцы Сьвятога Марка. Можна было хадзіць і хадзіць, завулкамі і берагамі каналаў, з аднаго campo на іншае, заглядаючы па дарозе ў касьцёлы, надоўга спыняючыся перад фасадамі вэнэцыянскіх палацаў, тых неверагодна лёгкіх цудаў архітэктанічнай інкрустацыйнай сеткі, са схаванымі чарадзейнымі садамі, бачнымі праз краты брамаў. "Florian", шумны й тлумны ў часы міжнародных зьездаў, старасьвецкі, элеганцкі, абвешаны жырандолямі.

У той дзень там было чалавекі са два. Адзін зь іх, пабачыўшы Лукаша й Уршулю, сарваўся з крэсла з крыкам: "Люка! Люка!" Уршуля выкрыкнула: "Таніна!"

Таніна Таніні, самы знакаміты Арлекін у гісторыі тэатру, магічны "слуга двух гаспадароў" з камэдыі Гальдоні, некалі вядомы на ўвесь сьвет, зараз стары, як Лукаш, або, прынамсі, як Уршуля, шматразовы госьць (разам з вэнэцыянскай трупай) у "The Sea-Gull" Theatre. Стары і нізкі, як прыгнецены векам да зямлі, але такі пругкі ў рухах, можна было чакаць, што зараз ён зробіць адзін з тых камічных піруэтаў, якія калісьці асьляплялі гледачоў.

Ён вельмі ажывіўся пры століку, гаварыў і гаварыў, быццам год ні з кім не дачыняўся, не даваў ім слова ўткнуць. Сьмяяўся, як даўней, але вока знаўцы тэатру бачыла пад тым сцэнічным сьмехам ягоны твар; твар сумнага блазна. Ці можа быць нешта больш сумнае, чым сум блазна, чым паяц, які безупынку пацьвельваецца, а сам унутрана вынішчаны?

Таніна жыў у Вэнэцыі адзін, у вялікіх і вычварных апартамэнтах каля Canal Grande. Цяжка сказаць, ці быў ён канчаткова забыты. Уласна кажучы, ён перастаў жыць, выступаць і шукаць таварыства даўніх сяброў пасьля таго, як у дваццаць гадоў памерла ад лейкеміі ягоная адзіная дачка, студэнтка-мэдычка, а неўзабаве (здаецца, праз тры месяцы) за ёю пасьпяшалася матка.

У гэтай няспыннай балбатлівасьці, у рэфлекторнай эквілібрыстыцы старога цела, у пастаянных выбухах фальшывай весялосьці адчувалася нейкая мэта. Таніна ўжо не вытрымліваў свае самоты — урэшце, ён сказаў пра гэта адкрыта — і прасіў іх, сяброў з тэатру "Чайка" ў Лёндане, сяброў, якіх "палюбіў зь першай сустрэчы", каб пераехалі з гатэлю да яго. Яны згадзіліся пасьля вельмі кароткіх роздумаў. Каб можна было зазірнуць у душы Лукаша й Уршулі, мы б пабачылі тую ж карціну: патрэбу нечай прыязнай прысутнасьці ў момант цяжкіх выпрабаваньняў.

Прыпынак на Вялікім Канале, дзе трэба было выходзіць, каб дайсьці да жыльля Арлекіна, быў заўжды малалюдны. Комплекс дамоў вакол прыстані ствараў уражаньне шчыльна закрытай крэпасьці. Ня верылася, што некалькі каменных прыступак і каваныя дзьверы вялі да такіх багатых і рафінаваных апартамэнтаў. Доўгі, цёмны калідор разгаліноўваўся на два шэрагі пакояў зь яснымі, сьветлымі вокнамі, што выходзілі на campo. І таксама адтуль, праз шырокія дзьверы з campo, можна было патрапіць у кватэру. Два разгалінаваныя шэрагі пакояў выбягалі зь вялікага, засаджанага кветкамі, patio, пакрытага рухомым брэзэнтавым дахам. Стары стол з масыўнымі лавамі падказваў, што ў пагодныя дні patio было сталоўкай. У адным шэрагу пакояў самотна жыў Таніна Таніні, другі адкрыў для сваіх гасьцей. Пакоі былі цудоўна мэбляваныя і прыбраныя да прыезду Лукаша й Уршулі. Па дробязях у чатырох вялікіх, сьвежавычышчаных пакоях лёгка было адгадаць, што некалі тут жыла ўся сям’я, Арлекін з дачкой і жонкай. Асірацеўшы, ён перасяліўся ў другі шэраг, а гэты зачыніў і выключыў з жыцьця. Такія шыкоўныя апартамэнты ў сэрцы Вэнэцыі не зьдзіўлялі. Вялікі вэнэцыянскі Арлекін лічыўся, асабліва дзякуючы замежным гастролям, вельмі багатым акторам, адным з найбагацейшых у Італіі. На сцэнах усяго сьвету ён шалеў як непараўнальны герой камэдыі Гальдоні, а ў жыцьці быў слугой дзьвюх спадарынь, дачкі й жонкі. Лёс загадаў яму сысьці са сцэны і самотна чакаць сьмерці ў гэтай амаль падземнай сямейнай Вэнэцыі.

Ён стаўся неразлучным спадарожнікам іхных шпацыраў; як карэнны вэнэцыянец, паказваў ім рэчы й месцы, да якіх яны не траплялі або якія прапускалі падчас сваіх даўніх, зрэшты, вельмі пасьпешлівых наездаў. Даведаўшыся ад Уршулі пра мэту цяперашняга падарожжа, пра пагрозу, што вісела над Лукашам (povero Luca!), ён амаль граў ролю ягонага прыдворнага блазна, каб толькі выбавіць яго з прыгнечанасьці. А прыгнечанасьць расла, яе выклікалі пакутлівыя арэлі: Лукаш то бачыў лепей, і сэрца ягонае поўнілася надзеяй, то горай (часамі аж да мяжы сьлепаты) і падаў у роспач. Роспач выяўлялася ў адной думцы: "Я болей ня ўбачу Ўршулі!" Чым больш адчуваў сябе падвешаным паміж надзеяй і роспаччу, тым больш уласьніцкімі рабіліся ягоныя пачуцьці да Ўршулі. Закаханы ў яе зь дзяцінства, даведзены гэтым каханьнем да ніколі не забыванай віны, цягам трох лёнданскіх гадоў атрымліваючы ад яе кожную хвіліну раны, і зараз, стары, стоячы на парогу магілы, ён дайшоў да сэнтымэнтальнай жарсьці, якая пярэчыла ягонаму ўзросту. Уршуля, не жадаючы хаця б зьлёгку параніць ягоныя пачуцьці, часам няздольная была схаваць свайго спалоху. Яна адказвала яму ўзаемнасьцю, зараз ужо без усялякага ценю, а некалі ж згіналася пад цяжарам ягонага каханьня.

Набліжалася Божае Нараджэньне, пуставатая да гэтага часу Вэнэцыя прыцягвала ўсё болей замежных і італьянскіх турыстаў, шумела і пенілася, тлумы віравалі на пляцы Сьвятога Марка і ў ваколіцах, пад Палацам Дожаў, на Мосьце Ўздыханьняў, ля лёхаў Piombi. Цяжка было ўбіцца ў рэстарацыі, перад крамамі стаялі чэргі. Да Карнавалу было далёка, але карнавальныя тэатральныя спробы, як струменчыкі, усьлізгвалі ў шырокую перадсьвяточную плынь. Усюды былі маладыя, асабліва ў карнавальных строях, часам у групах, часам парамі. Вэнэцыянская карнавальная фантазія невычэрпная, вытанчаная да вычвару ў праектах строяў, у характарызацыях, у акторскіх імправізацыях, у гатовасьці да танцаў і забаваў. Некалі вэнэцыянскі карнавал цішком праводзіў выпадковых партнэраў у альковы, а цяпер атросься ад даўняй галантнасьці залётаў і ў нічым не скаванай любоўнай свабодзе наблізіўся да шаленства й апантанасьці ў стылі Рыа дэ Жанэйра.

Часам у тлуме іх спынялі мінакі. Уласна кажучы, затрымлівалі, абдымалі, сьціскалі і цалавалі Таніна Таніні.

— Viva il nostro Arlecchino!

Калі яны вярталіся дадому позна і Таніна нарэшце пакідаў іх адных, Уршуля клала Лукаша спаць (ён засынаў хутка, але ніколі без пацалунка на дабранач) і, нечакана пакутуючы ў Вэнэцыі на бяссоньніцу, клалася ў ложак з прывезенай зь Лёндану кніжкай. За вакном прыпадала да зямлі зімовая вэнэцыянская ноч, шэрасьць, разьмяшаная ў цемры.

Яна прывезла зь Лёндану сьвежавыдадзеную кніжку Тоні Танэра "Venice Desired". Кніжка была зборам інтэлігентных, закаханых у горад эсэяў выбраных пісьменьнікаў; як тых, хто застаўся ў мінулых стагодзьдзях або на іхным пераломе, гэтак і новых (як сам Танэр, выкладнік ангельскай і амэрыканскай літаратуры ў Кэмбрыджы). Лорд Байран, Джон Раскін, Генры Джэймс, Гуго фон Гофманшталь, Марсэль Пруст, Эзра Паўнд у пэўнай ступені — няважна цяпер, у якой — глядзелі на сьвет праз прызму Вэнэцыі.

Ці існавала нешта такое, як прызма Вэнэцыі? Уршуля, ад раньняй маладосьці зьвязаная з тэатрам праз брата, каханка й мужа, хутка зразумела, што "прызма" слова ў гэтым выпадку як эфэктнае, так і невыразнае. Кожны зь пісьменьнікаў у анталёгіі Танэра ў той ці іншы час, а ў некаторых выпадках і пажыцьцёва, быў часткай Вэнэцыі й здолеў пабачыць адзін зь яе шматлікіх твараў. Меў рацыю Томас Ман, пішучы ў аповесьці "Сьмерць у Вэнэцыі" пра "самае неверагоднае зь местаў". Твары, твары Вэнэцыі. Усе слынныя месты валодаюць незьлічонай колькасьцю твараў, мінамі, ня менш шматлікімі й нацыянальнымі, чым гэтае места ў лагуне, але не такімі інтымнымі, пранізьлівымі для тых, хто жыве тут стала або хоць некаторы час. Танэр змог задумаць і выдаць сваю кніжку бязь цяжкасьцяў, бо так проста падабраць пісьменьнікаў, прашытых сьмяротнай стралой Вэнэцыі. У кожным з твараў Вэнэцыі, быццам прызначанай толькі для цябе, уражвае іншы выраз. Вось яно, "самае неверагоднае зь местаў", якога не параўнаеш ані з Парыжам, ані з Рымам ці Флярэнцыяй. Адзін з паэтаў сказаў: "Гэтае места было збудавана выключна для мяне".

Часам Уршулі падавалася, што й для яе, хаця яна трымалася сьціплай думкі пра сваю асобу. Яна ня знала да гэтага часу гораду, які быў бы нагэтулькі падобны да жывой істоты, якая пульсуе жыцьцём й адначасна заражаная сьмерцю. З хваляваньнем чытала яна ліст Раскіна да амэрыканскага гісторыка мастацтва Нортана: "Я вельмі рады, што вас цікавіць Вэнэцыя. Цяжка знайсьці тэмат больш прыўкрасны. Для мяне ён зараз занадта вялікі". Завялікі для аўтара "The Stones of Venice"! А ўсё ж Раскін меў права напісаць так. Вэнэцыя неяк адразу ж робіцца завялікай для сваіх нявольнікаў.

Уршуля паварушылася ў ложку, зьдзіўленая словам "нявольнік". А так жа. Нават некалькіх дзён хапіла, каб адчуць сябе ўзятай у няволю. Можа таму, што Вэнэцыя цябе атачала, паглынала, чаравала і ўрэшце адкідвала нешта неспазнанае. Вэнэцыя была для жанчын каханкам, а для мужчын — каханкай. І дазваляла паверыць, што гэтае каханьне — вечнае. У выпадку Байрана каханьне было фізычным. Ніколі ён не кахаўся так аддана, так жарсна, як тут. Яго апанавала нейкае любоўнае вар’яцтва. Здаралася, ён авалодваў трыма кабетамі за дзень, безь перабору ў іхным сацыяльным становішчы. Ён верыў, мусіў верыць, што ніхто ня згасіць гэтага полымя. Зацягваючы ў свой пакой кабет з народу, жонак простага люду, прыўкрасных, але брудных і сьмярдзючых, ён кахаў іх, быццам справа вялася пра рытуал каханьня, а не пра звыклае фізычнае злучэньне. Рытуал, якому нельга замінаць.

Якую ролю грала ў Вэнэцыі каханьне, Уршуля ведала з кніг. Чаго яна ня ведала й адкрывала толькі зараз (няважна, што яна была старой кабетай побач са старым мужчынам) — таго, што флюіды каханьня вісяць тут у паветры, як летам гнілыя і атручаныя міязмы лягуны, апісаныя ў аповесьці Мана. І зноўку, і зноўку, чытаючы кніжку Танэра, яна пераконвалася ў абсалютнай унікальнасьці гэтага места.

"Камяні Вэнэцыі", касьцёлы, жывапіс, гульня архітэктуры з капрызным небам, залатыя, сапфіровыя, яшмавыя інкрустацыі, мора, якое грае ўсімі адценьнямі, "райскае места", выгнанае з раю, мармуровы лес будоўляў: у гэтым глыбока патануў, намагаючыся забыцца пра рэальны сьвет, Джон Раскін. Ён быў закаханы ў вэнэцыянскае каралеўства мастацтва, як Байран — у несканчоны карагод кабет. Ля яго была маладая жонка, бедная Эфі, зь якой ён так і не ажыцьцявіў шлюбу. Байрана натхняла адкрытае, гладкае і загарэлае жаночае цела; Раскіна ашаламляў "эратызм колераў", у экстазе прыцягвала і адштурхоўвала, як у сэксуальным акце, артыстычная дасканаласьць скульптур, карцін, фрэскаў, архітэктанічных кшталтаў. Празь некалькі гадоў Вэнэцыя, як бачым, сталася для яго "завялікай" (Вэнэцыя, неахопны шэдэўр мастацтва), але аднойчы ўражаны яе веліччу, ён ня мог пазьней задаволіцца нічым меншым. Чытаючы пра Раскіна ў кніжцы Танэра, Уршуля на імгненьне ўваходзіла ў іншае каханьне, такое непадобнае да зямнога каханьня Байрана й такое зь ім спакроўленае. На гэтым, у істоце рэчаў, і палягалі няўлоўныя рысы Вэнэцыі адзінай, рэальнай у сваёй матэрыяльнасьці аж да апёку вачэй, што глядзяць на яе, і далоняў, што дакранаюцца да яе; і ў той жа момант яна быццам даганяе позіркам павеўны сон пра самую сябе. Яна была местам розных, амаль сувэрэнных элемэнтаў, якія мараць злучыцца ў цэласьць. Гэта адрозьнівала Вэнэцыю ад іншых слынных местаў, гэта надавала ёй спэцыфічны характар: яе прагненьне цэласьці ніколі не было задаволенае. Яна была местам местаў, згушчэньнем сьветлых нерухомых зорак, быццам прыбітых да фірмамэнту. Амаль засынаючы перад сьвітанкам, Уршуля раптам прыгадала ангельскага пісьменьніка, якога не было ў анталёгіі "Venice Desired". Некалькі гадоў таму — калі тэатар "Чайка" "прымерваўся" да Hadriana VIII Fredericka Rolfe, Barona Corvo, ёй парэкамэндавалі дзіўную біяграфію гэтага пісьменьніка "The Quest for Corvo". Rolfe жыў доўга і памёр ад нястачы ў Вэнэцыі, няшчасны і ніколі не насычаны гомасэксуаліст, аўтар кніжкі "The Desire and the Pursuit of the Whole". Прагненьне і шуканьне цэласьці (або паўніні), вэнэцыянская прага і вэнэцыянскі пошук. Але прыцягальная чароўнасьць "самага неверагоднага места" ўласна і палягала на тым, што гэтая прага мусіла застацца незадаволенаю, а гэты пошук — марным.

Але перад тым, як заснуць, закалыханая цішай глыбокай вэнэцыянскай ночы, Уршуля прыгадала яшчэ адную рэч, якую з ранку насіла ў сабе. "Herald Tribune" на "культурнай" старонцы паведаміў, што заканчваецца падрыхтоўка да выставы Борхеса, сына Вэнэцыі, які сам яе абраў, да стагодзьдзя ягоных народзінаў. Вэнэцыянскі палац над Вялікім Каналам пакажа ўсё, што засталося ад яго, скрупулёзна падрыхтаванае ягонай японскай, нагэтулькі маладзейшай за яго, удавою. "Перад вачамі гледачоў ажыве Вэнэцыя Борхеса", — пісаў журналіст. І дадаваў: "Горад, які ў адной з навэляў названы "скрыжаваньнем крышталю і змроку". "Ці пісаў ён гэтую навэлю, быўшы ўжо сьляпым?" — задумалася Ўршуля. І гэты дзіўны сымбіёз "крышталю й змроку" нарадзіўся зь візіі сьляпога? Ці менавіта гэткім "самае неверагоднае зь местаў", каштоўны й заўжды зіхоткі дыямэнт у лягуне, пакажацца Лукашу, калі падуанскі цудатворца атрымае паразу? Вечны крыштальны паўзмрок, у нечым такім можна жыць, у ім яшчэ шмат гадоў пражыў вялікі й сьляпы Борхес.

Перад тым, як згасіць сьвятло, яна паглядзела на Лукаша. Ён ляжаў масіўны, адвярнуўшыся ад яе, угінаў ложак сваім цяжарам. Яна павольна прысунулася да яго, прыльнула ўсім целам да ягонай сьпіны, як у маладыя гады, калі такім чынам хацела выманіць яго са сну і даць зразумець, што адкрытая для яго настойлівага каханьня. Базабаронная, гатовая да капітуляцыі з-за лішку каханьня.

Пасьлязаўтра была Вігілія. Дзень пачалі, паводле праекту Арлекіна, з выезду на Лідо і экскурсіяй на San Giorgio. Потым, вырашыўшы наладзіць Вігілію дома, яны выправіліся на кірмаш. Атмасфэра была сьвяточная: хор прадаўцоў з шапікаў, сьмех у натоўпе пакупнікоў, эпізадычныя выкрунтасы выпадковых "карнавальнікаў" у строях. Таніна быў тут як рыба ў вадзе. Іх не зьдзівіла б, каб ён зьнік і вярнуўся на кірмаш у строі Арлекіна.

Зьмянілася надвор’е. Часта зьяўлялася сонца, ачышчаючы паветра, але бліжэй да далягляду былі бачныя быццам бы нейкія белыя клубы, што падкрадаліся да места. Туман? Вэнэцыянцы, якія тонка разьбіраліся ў мэтэаралёгіі, энігматычна адказвалі: можа, хаця й не напэўна; праз тры-чатыры гадзіны можна даць больш дакладны прагноз.

Хатняя гаспадыня Арлекіна, тоўстая жанчына з суседняга дому, узяла камандаваньне над падрыхтоўкай Вігіліі, калі з кірмашу прынесьлі скрыню з накупляным у шапіках таварам. Было так цёпла, што яны вырашылі зладзіць бяседу на patio, пад голым, зорным небам, ссунуць брэзэнтавы дах.

Лукаш адразу ж зрабіўся вясёлым, Уршуля здаўна яго такім ня бачыла, прынамсі, цягам апошніх лёнданскіх месяцаў, і Таніна ўглядаўся ў яго, ня верачы ўласным вачам. Ён бесьперапынку ўгаворваў Лукаша зьесьці цяжкіх страваў і выпіць цяжкога п’емонцкага віна. Уршуля не магла справіцца са зьдзіўленьнем. "Што здарылася, што здарылася?" — шумела ў яе галаве. Можа, ад гэтага шуму ёй забалела галава, таму пасьля ўсіх вігілійных віншаваньняў яна пайшла ў ложак, спаслаўшыся на кепскае адчуваньне. Заснула адразу ж, але толькі на гадзіну. Яе абудзілі сьпевы і вясёлыя воклічы двух спадароў на patio. Аднак не такія гучныя, каб замінаць ёй чытаць "Venice Desired" Танэра.

Сьпярша Генры Джэймс. Яе ўразіла назва разьдзелу, у якім Танэр ужыў вызначэньне "пастаянная зьменлівасьць". Так яно й было, Вэнэцыя нястомна зьмянялася, сатканая з вобразаў, то на хвілю адчувальных, то зьнікомых. Напэўна, гэта й меў на ўвазе Томас Ман, які назваў яе "самым неверагодным зь местаў". Звычайныя месты, пекныя й брыдкія, павольна набываюць свой выгляд, мы ўсё лепш пазнаем іх у кожны новы прыезд, прывыкаем да іх як да знаёмага краявіду. Гэта не Вэнэцыя, якая зьмяняецца "пастяннай зьменлівасьцю". Натуральна, паступова мы прывыкаем і да Вэнэцыі, але так, як прывыкаем да шматгадовай каханкі, якая раптам не-не дый пакажа новы твар. "А можа, — думаем мы, — яна ўвогуле інашая, мы ня ведалі яе добра, а думалі, што ведаем?" Уршулю гэта прыцягвала ў Вэнэцыі найбольш: элемэнт непрадказанасьці, непрадбачанасьці ў каханьні. У прынцыпе, яна прагнула гэтага ў юнацтве, калі пакінула Лукаша дзеля Багдана. Трэба, аднак, спазнаць пасткі "пастаяннай плыткасьці", трэба навучыцца складанаму мастацтву карыстацца ёю. Тая, што ўсё жыцьцё была верная аднаму мужчыне, палічыць Вэнэцыю ўбогай, абрабаванай.

Крыніцай вэнэцыянскіх захапленьняў Джойса было сьвятло. Ён называў Вэнэцыю "магутнай чарадзейкай", "і, з усёй павагай да Тыцыяна, Вэранэзэ і Тынтарэта, яна найлепшы артыст зь іх усіх". Мора і неба сустракаюцца напаўдарогі і ствараюць ні з чым не параўнальны сплаў.

Але зь цягам часу каханае места займаў холад, які мацнеў год ад году. Старая Вэнэцыя памірала, а можа, і ўжо памерла. "Самае мэлянхалічнае зь местаў пакінула па сабе толькі адно: сваю найпрыўкрасьнейшую ў сьвеце магілу. Нідзе ў іншым месцы мінуўшчыну не паклалі ў сон з такой пяшчотай, з такім смуткам расстаньня й успамінаў. Нідзе ў іншым месцы сучаснасьць не выглядае такой чужой, такой падобнай да натоўпу на могілках бяз кветак у руках". Уршуліна сэрца моцна білася, калі яна прачытала гэтыя словы. Яна сама адчувала нешта падобнае, вялікі вэнэцыянскі выгін, бледную вясёлку, ад гімну ў гонар сьвятла да сумных таноў дэкадэнцыі, але ня здолела б выразіць так, як гэта зрабіў вялікі пісьменьнік. Джойс адкрываў Вэнэцыю старажытную, надаючы гэтаму двухзначнаць. Часамі Вэнэцыя рабілася для яго такім жа мітам, як Масква для трох сёстраў Чэхава. Ці гэта магчыма (пыталася Ўршуля сама ў сябе), каб дзея вялікага апавяданьня Джойса "The Altar of the Dead" сапраўды адбывалася ў Вэнэцыі? Можа, таму яна так мучыла Лукаша ідэяй інсцэнаваць твор; яна ўяўляла сабе аднаактовую п’есу, блізьнячку "Белых ночаў" Дастаеўскага; дыптых каханьня, якое нараджаецца, і каханьня, якое памірае. Лукаш не хацеў гэтага чуць, ён варожа зацяўся, хто ведае, ці не гаварыла ў ім нянавісьць да тэмату памерлага каханьня. А між тым, яны маглі б зноў разам заграць двухасабовую п’есу, ён з кветкамі на яе труне, а яна, хутчэй, яе цень, снуецца за мармуровай заслонай. Хто ведае таксама, ці не спалохаў яго вобраз іхнага дзіўнага каханьня, споўненага і адначасна зьнікомага — куды? Алтар памерлых! Яна жыла ў ягоных абдымках. Расквітала, а потым гасла і застывала ў надгробным камяні. А ён хацеў жыць і кахаць вечна! Ягонае каханьне ніколі не астывала, ніколі не лічылася з тым, што яна састарэе, памрэ і пераменіцца некалі ў каменны помнік.

Галава яе зрабілася цяжкой, кніга высьлізгвала з пальцаў. Яна сасьпела для сну, але шумныя паводзіны Лукаша й ягонага вэнэцыянскага сябра за сьценкаю — абрывістыя сьпевы, памяшаныя з п’янымі выкрыкамі — трымалі яе ў бяссоннай напрузе. Яна зноў паднесла кніжку да вачэй, героем чарговага разьдзелу быў Гуго фон Гофманшталь; з інтрыгоўным падзагалоўкам "Таму што людзі там былі заўсёды ў масках". Маска для яе заўсёды была квінтэсэнцыяй Вэнэцыі.

І масцы быў прысьвечаны цэлы разьдзел. Танэр закрываў яго заўвагаю, што паводле Джойса, можна, абапіраючыся на "Ўліса", рэканструяваць Дублін у 1909 годзе. Пасьля чаго дадаваў: "Але гэтага нельга сказаць пра Вэнэцыю Гофманшталя, якая паўстае як месца самаліквідацыі". Вэнэцыя абстрактная, амаль ідэальная, пазбаўленая цела й духу. У падтытуле разьдзелу было ўсё: Андрэас, герой няскончанай навэлі Гофманшталя, "едзе (па сутнасьці) у Вэнэцыю перадусім таму, што людзі там заўжды замаскаваныя". Такім чынам, Гофманшталь стварыў Вэнэцыю — teatrum mundi, не тэатар у колбе, не карані тэатру, а тэатральную форму жыцьця. Карнавальная маска прыжылася да твару, прырасла да яго неадрыўна, як другі твар.

І сапраўды. Уршуля падняла галаву ад кніжкі, было ціха, чуўся толькі плюскат вады, што шоргалася аб берагі Вялікага Каналу. Яна не магла ўтрымацца ад дрыготкі быццам постраху, а можа, толькі

трывогі. Раптам цішу разарваў далёкі голас сырэны, які суправаджалі пасьмеўкі й сьпевы; чым больш гандола набліжалася да апартамэнтаў Арлекіна, тым выразьней былі чуваць куплеты, пацалункі, гукі танцаў. Гандола павольна праплыла бокам, былі бачныя твары ў масках, на мачце трапятала падоўжаная харугва з надпісам: ХУТКА КАРНАВАЛ, ЖЫЦЬЦЁ — ГЭТА ТЭАТАР, ТЭАТАР — ГЭТА ЖЫЦЬЦЁ. Калі гандолу агарнуў на даляглядзе аксамітны кілім ночы, што ткаўся з каналу, Уршуля выпусьціла кніжку з рук, пераможаная сном, і, ня тушачы сьвятла ля ложка, утапіла твар у падушцы.

Яна прачнулася ад згукаў, што больш за ўсё нагадвалі пра п’яную вулічную кумпанію. Гэта і сапраўды была п’яная кумпанія, але ня вулічная. Яна бушавала паміж вакном спальні і фатэлем Лукаша, у адлегласьці пяці мэтраў ад ложка Ўршулі. Яна крыкнула: "Няможна табе піць перад апэрацыяй!", — але Лукаш і Арлекін яе нават не пачулі. Яна зірнула на гадзіньнік, была трэцяя ночы.

Сябры паставілі ля фатэля Лукаша скрынку віна, пілі бязьмерна, кідаючы пустыя пляшкі ў канал. Арлекін прынёс са свайго пакою (ці з хатняга архіву) шматлікія маскі. Яны мералі іх, сварыліся, пасьля кожнае сваркі выбухалі сьмехам, кідаліся ў п’яныя абдымкі адно да аднаго, Арлекін граў перад прыяцелем сцэнкі, зьдзіўляючы сваёй элястычнасьцю і павеўнасьцю, нягледзячы на ўзрост. Бальшыню масак складалі галовы птушак, з вытанчаным майстэрствам вытачаныя з дрэва, яны дакладна імітавалі колер. Лукаш доўга не хацеў разьвітвацца з галавою крумкача, Арлекін — з галавою коршака. "Барон Corvo! Барон Corvo! Барон Крумкач!" — выкрыкваў Лукаш, відавочна памятаючы ангельска-вэнэцыянскага пісьменьніка, які шмат гадоў таму пісаў тут кнігі, вечна паляваў на прыўкрасных вэнэцыянскіх юнакоў, не цярпеў кабет, ганарыўся як былы каталіцкі сэмінарыст веданьнем літургіі, пад канец жыцьця напісаў шэдэўр "Прага паўніні і пагоня за паўнінёй", цярпеў галечу, але ніколі ня меў думкі пакінуць каханую Вэнэцыю і вярнуцца на ненавісную Ангельшчыну, пакуль аднойчы не памёр, седзячы ранкам на ложку і завязваючы матузкі на чаравіках. Гэтак, як Уршуля, Лукаш (хаця й нецьвярозы цяпер) часта думаў аб вэнэцыянскай жарсьці "паўніні" (the whole). Няўжо гэта лунае ў тутэйшым паветры? Арлекін, бісэксуальны гомасэксуаліст, вельмі ўпадабаў маску даўняй вэнэцыянскай куртызанкі, такой брыдкай, што мурашкі беглі па скуры. А Лукаш пабачыў сярод шматлікіх птушыных маскаў асабліва блізкую яму: чайку. Ён ня ведаў дагэтуль, што ў ёй тоіцца спалучэньне зьнешняй лагоднасьці і схаванай агрэсіі. І ён спыніўся на чайцы, калі яго соннага ўрэшце распранала ў фатэлі Ўршуля. Было падобна, што яны барукаліся, Уршуля зь цяжкасьцю давала рады, бо п’яны Лукаш быў яшчэ цяжэйшы, чым звычайна. Яна цалавала яго падчас распрананьня, цалавала ягонае старое цела, як некалі, у мінулым, ціха паўтараючы: "Але як я цябе кахаю".

Ён ужо не ўставаў з ложка аж да пачатку студзеня; яго часта адведваў Арлекін, скрушны, граў ролю ўзорнага служкі, вернага толькі аднаму са сваіх двух гаспадароў.

Уршуля сядзела ля Лукаша й чытала яму ангельскія дэтэктывы, якія ён любіў, а таксама кніжкі пра тэатар з гатэльнай бібліятэкі. Перад апэрацыяй зрок яго пагоршыўся. Калі ён надоўга засынаў, Уршуля выскоквала ў места разам са сваім Танэрам. Часам яе праводзіў усё яшчэ скрушны Таніна-Арлекіна.

Яна ўвесь час назірала за Таніна. "Не магу яго раскусіць", — гаварыла яна сама сабе. Узрост, напрыклад. Калі меркаваць па доўгай кар’еры, ён быў ейным раўналеткам. Але ягоная юнацкая гнуткасьць, ягоная хада, падобная да гімнастычнага практыкаваньня, павароты і паўпавароты ягонага цела — усё гэта зьніжала ўяўны век. Было шмат мужчынскага какецтва ў гэтым стылі жыцьця, таму яна была гатовая паверыць вэнэцыянскім плёткам, што пасьля сьмерці жонкі й дачкі ён часам паддаваўся на іншыя ўпадабаньні. Карацей, ён даваў свабоду сваёй бісэксуальнасьці й не заўсёды начаваў адзін у сваіх пустых апартамэнтах.

Але ня гэта было яе галоўнай цікавасьцю. Галоўнай загадкай быў Таніна-актор, найвялікшы ў сьвеце грайца ролі героя камэдыі Гальдоні, адзінай у ягоным жыцьці ролі цягам сарака гадоў акторскай працы. У тэатральных колах гэта выклікала зьдзіўленьне й захапленьне. Дзівіліся, бо ён сам адпрэчваў усе іншыя прапановы, нават у сваёй дзядзіне commedia dell’arte. Не і не. "Я вельмі добра адчуваю сябе Арлекінам, хачу быць толькі ім, хачу памерці "слугою двух гаспадароў". Захапленьне, бо гэтую ролю ён давёў да абсалютнай геніяльнасьці; здавалася, што ад яе нельга нічога адняць, ні дадаць, а вось яшчэ адно няяркае адценьне, неспадзяваная (а хутчэй, неверагодная) прыправа. Тады ён сьмяяўся: "Вы думаеце, мой Арлекін скончыўся? Ён ня скончыцца, гэтак як я ня буду ніколі да канца выйграны, скончаны, аж да труны. Заўсёды Бог выдумае і падорыць мне штосьці неспазнанае".

Гэта гучала так сур’ёзна, што сталася прымаўкай: "Арлекін атрымаў новы сувэнір ад Бога". Толькі ў тэатральных дыскусіях абмеркаваньне ішло глыбей за прыязныя жарты. Таніна прадстаўляў рэдкі, амаль унікальны гатунак тэатру. Гэта ён меў права на карнавальны слоган: "Жыцьцё ёсьць тэатар, тэатар ёсьць жыцьцё". Паступова ён страчваў чалавечую індывідуальнасьць, год за годам набываючы індывідуальнасьць сцэнічную. Пераставаў існаваць Таніна Таніні, рос Arlecchino, servo di due padroni. Рос, падважваючы самую ідэю тэатру. Сцэнічная драматычная сытуацыя суправаджала, як у люстэрку, жыцьцёвую драматычныю сытуацыю. У розных постацях: у буры псыхалягічных стыхіяў, як у Шэксьпіра; у люстраной, цяжка ўлоўнай гульні жыцьця і рэчаіснасьці, як у Пірандэла; у сьціплым і пакорлівым прыслухоўваньні да драмы, якая выклёўваецца з жыцьця, як у Чэхава. А для чаго мае служыць у тэатры — таксама і ў commedia dell’arte — нязьменная сцэнічная постаць, нязьменная, натуральная ў сваёй дасканаласьці, але нязьменная (зь мінімальнымі інавацыямі)? Ці гэтая амаль нязьменная дасканаласьць не рызыкуе ўдарыцца аб мяжу таэтру, па-за якою актор стаецца не сцэнічнаю, але рэальнаю постацьцю, са сваімі прыкметамі пацешнай альбо трагічнай паўсядзённасьці?

Пра вэнэцыянскага Арлекіна гаварылі зь любоўю. Ён сышоў са сцэны нечакана, поўны сіл, папросту сказаў: basta. Праз гады (лічачы ад гэтай аповесьці) так жа нечакана сышоў са сцэны жыцьця, таксама поўны сілаў, намаляваўшы ў тэстамэнце праект сваёй намагільнай пліты на вэнэцыянскіх могілках: Arlecchino, sempre Arlecchino.

Хіба тэатар не зьяўляецца свайго кшталту кляштарам? Але ён ня быў кляштарам ані для Ўршулі, ані для Лукаша. Ён быў іхным каханьнем і актам веры. Яны кленчылі перад алтаром, казалі кароткую малітву, разьвітваліся і йшлі далей, памятаючы, што для іх ёсьць найвышэйшым, хаця часамі й убогім каханьнем.

У гатэльнай бібліятэцы Ўршуля знайшла некалі нашумелую кніжку ангельскага тэатральнага "інаватара" Эдварда Крэйга пра "манумэнтальны тэатар". Лукаш па абавязку мусіў прагартаць яе ў Варшаве, у інстытуце, калі прыхільнікам Крэйга быў Гілер. Ня ведаючы ангельскай, ён прыглядаўся да маляваных праектаў Крэйга. Яны падаваліся яму сьмешнымі. Усялякі "манумэнталізм" у тэатры выглядае надзьмутым, забівае існасьць тэатру. Але тады ён не адважваўся спрачацца з Гілерам, які акурат прэзэнтаваў польскую нацыянальную драму паводле кніжнага рэцэпту місіянэра зь Лёндану. "Тэатральны манумэнталізм" правялі, паціскаючы плячыма, польская драма, названая "нацыянальнаю", была процілегласьцю манумэнтальнай трактоўцы. Небарака Гілер мусіў пасьпешліва заціраць фальшывы запал, клапоцячыся пра сваё рэнамэ "мага тэатру". Яму дапамагло ў тым "Наша места" Торнтана Ўайлдэра з акторамі, сцэнічныя дэкарацыі і рэквізыты. Досыць кепскі кур’ёз, аднак, здолеў замыліць вочы крытыцы і публіцы.

Ангельскі том, які прынесла Ўршуля, сканчаўся своеасаблівым "вэнэцыянскім праектам" (таму, напэўна, том хтосьці і падкінуў у гатэльную бібліятэку). Наватарскае ўяўленьне Крэйга задумала прадстаўленьне "Lorenzaccia" Мюсэ ў Palazzo Ducale, Палацы Дожаў. Лукаш, sir Luke, раптам загарэўся (можа, гэта было вынікам хваробы?) праектам некалі пагарджанага ім "наватара". Было 4 студзеня. Лукаш устаў з ложка, усё яшчэ аслабелы, і катэгарычна пажадаў пайсьці ў Палац Дожаў на "мясцовае відовішча". Уршуля й Таніна вялі яго пад рукі.

Вялі, калоцячыся ад страху. Уршулі да гэтага часу ўдавалася ўнікаць мастацкіх галерэяў са слаўнымі фрэскамі і палотнамі, бо яна ведала, што Лукаш пабачыць няшмат, а заплаціць за няўдалую спробу раздражненьнем. Ад пачатку, ад Scala dei Giganci пры ўваходзе ў палац, зьявілася небясьпека ва ўсёй сваёй пагрозьлівасьці. Ён ішоў, вельмі ўпэўнена ставячы крок на высокіх сходах — сам здаваўся адным з гігантаў — і вызваліўся з рук двух сваіх праваднікоў. Яны ня сьмелі настойваць, таму проста ішлі па бакох, як паліцэйская варта. "Гэтыя сходы добрыя, — мармытаў хутчэй сабе, чым ім, быццам у трызьненьні — Lorenzaccio меў бы выдатны фон". Пасьля роздуму дадаў: "Але важныя таксама залі, важныя карціны". Ён, магчыма, і ня памятаў п’есы Мюсэ, але ў яго ўвайшла неспадзяваная сіла, і ён падымаўся па сходах усё больш хуткім крокам. Уршуля, не пасьпяваючы за ім, не адрывала ад яго ўражанага позірку; як верны сабака, бег амаль побач зь ім Таніна.

Залі былі прыстойныя. Уршуля з кніжкай у руцэ чытала назвы — Заля Дзесяці, Сэнат, Заля Найвышэйшай Рады, Заля Шчыта, Заля Філёзафаў, — і ён прымаў гэта спакойна, часам з задаволенай усьмешкай на твары. Ідэя ангельскага тэатроляга ўсё больш узбуджала яго. "Lorenzaccio, Lorenzaccio", — ён трыумфальна крочыў у такт гэтага імя.

Трагедыяй сталіся карціны. Зноў Уршуля скандавала: Тынтарэта, Вэранэзэ, Басана, Карпачча, Тыцыяна. Але яму гэтага было недастаткова. Ён падыходзіў да самых палотнаў, часта выклікаючы ўмяшальніцтва пэрсаналю, набліжаўся да карцінаў на адлегласьць дотыку вейкаў, пару раз ледзь не паспрабаваў абмацаць. Уршуля намагалася заспакоіць яго: "Лукашу, Лукашу, я табе дома ўсё растлумачу". Відавочна, гэта разгневала яго яшчэ больш; хуткім крокам, цягнучы за сабой Арлекіна й Уршулю, ён вярнуўся да ўзвышша Scala dei Giganti. Там зь нязвыклай сілай ён вырваўся з рук сяброў і, гатовы сходзіць па прыступках, спатыкнуўся і абрынуўся ўніз. Групка наведнікаў злавіла яго на пляцоўцы сходаў. Уршуля нахілілася над ім, Арлекін падняў з каменю ягоную галаву, акрываўленую на месцы садранай скуры. Прыбег дзяжурны санітар. На шчасьце, нічога сур’ёзнага ня здарылася, за выняткам моцных сінякоў па ўсім целе. Пасьля агляду іх завезьлі на кватэру Арлекіна. Выглядала на тое, што Лукаш страціў сьвядомасьць і прытомнасьць ад моманту, калі ўвайшоў у Palazzo Ducale. І ня выключана, што ўвогуле ад сустрэчы пасьля гэтулькіх гадоў з кніжкай Крэйга.

Здавалася, што Лукаш пабіўся толькі звонку. У гэтым веку кожная нават драпіна прыводзіць да ўнутраных гематомаў, глыбока пранікае ў сярэдзіну. Лукаш так змучыўся з болю, што ня мог самастойна нават падняць галаву на высокія падушкі. Таксама ён пачаў разумець усю вар’яцкасьць выправы ў Палац Дожаў, вынік часовага зацьменьня розуму. Яму стала сорамна: ён, рэжысэр з сусьветнай славай, тэатральны заканадаўца мод, гуру пачаткоўцаў, пацёгся ў Вэнэцыі на ангельскую штучку, якую абыякава прыняў былы малады студэнт у варшаўскім тэатральным інстытуце. Ён ляжаў моўчкі, з закрытымі вачамі, час ад часу стагнаў ад болю, хаваў вочы ад Уршулі і Таніна. Нават прыкрытыя вочы давалі яму магчымасьць заўважыць пагаршэньне зроку перад апэрацыяй: яшчэ нядаўна ён бязь цяжкасьці чытаў чырвоны сьвятловы надпіс Assicurazioni Generali ў глыбіні кварталу, празь нейкія трыста мэтраў ад кватэры Арлекіна. Зараз распаленыя літары нагадвалі сонца, якое заходзіць за аблокамі.

Уршуля сядзела каля ягонага ложка, гладзіла далонь, што ляжала на коўдры, часта ўставала, каб пацалаваць яго ў лоб і вусны, усё гэта і зь пяшчоты і для таго, каб заглушыць свае страхі. Апэрацыю прызначылі на 7 студзеня, сёньня было 5. Што рабіць і што пачаць? Яна ведала, што прафэсар Антыноры 10 студзеня адлятае ў Штаты на цыкл унівэрсытэцкіх лекцыяў. Яна разам са сваім балесным Лукашам апынулася ў тупіку. Няўжо прыехалі зь Лёндану ў Вэнэцыю і Падую, каб вярнуцца з такам?

На каве ў patio яна распавяла пра свае праблемы гаспадару. Таніна быў у Вэнэцыі цэлай інстытуцыяй. На самай справе, як яна ўжо заўважыла, Італія абапіралася ў сваёй грамадзкай экзыстэнцыі на сыстэму рэкамэндацыяў і пратэкцыяў. Так, Антыноры і ягоныя хаўрусьнікі былі снабістычна ўсьцешаныя, што да іх зь Лёндану прыехаў sir Luke, гэтак жа як яны цанілі шум у прэсе, што быў выкліканы апэрацыяй жонкі Сахарава. Але італьянскія снабізмы і рэкамэндацыі маюць кароткія ножкі. Сапраўдную вагу мелі мясцовыя інстытуцыі. Арлекін зрабіў візыт Антыноры, які зь сям’ёй жыў у Вэнэцыі, хаця клініку меў у Падуі. Аднойчы перадвечаровай гадзінай Уршуля правяла абодвух у спальню, дзе ляжаў пабіты Лукаш.

Слаўны акуліст даволі старанна агледзеў пацыента. На ягоную думку, яго нельга было кранаць зь месца, перавоз на параходзе і аўто ў Падую мог пацягнуць за сабою самую кепскую перадаперацыйную зьяву: унутраны крывацёк, хаця б і невялікі. "Maestro, — зьвярнуўся ён да гаспадара, — апэрацыю можна адкласьці на адзін дзень, ня болей, на 8 студзеня. На дзень раней, калі вы дазволіце, мае асыстэнты падрыхтуюць тут апэрацыйную залю. Па дарозе, ідучы да вас, я бачыў прасторнае і добра асьветленае patio. Калі будзе халодна, нацягнем дах. Але ў прагнозах гавораць пра ўсё, за выключэньнем халоднага студзеня".

Уршуля і Таніна правялі дабрадзея да прыстані на Вялікім Канале.

7 студзеня, раньнім ранкам, з Падуі прыехала каманда прафэсара Антыноры, малады лекар з асыстэнтам і сястра Івон. Да абеду апэрацыйная заля была гатовая, каманда вярнулася ў падуанскую клініку. 8 студзеня ранкам абяцаўся быць Антыноры.

Лукаш чуў мітусьню ў patio, прыкідваўся, што дрэмле, моцна заплюшчваў вочы, быццам хацеў такім чынам лепей падрыхтавацца да апэрацыі. Ён не баяўся, хаця ведаў, колькі залежыць ад гэтай рызыкоўнай спробы. Калі яна ня ўдасца, ён ніколі ня ўбачыць Уршулю, будзе вымушаны пераконвацца дотыкам, што яна ўсё яшчэ ля яго, днём і ўночы. Калі ж атрымаецца, ён здолее пражыць яшчэ некалькі гадоў і разьвітаецца зь ёй апошнім позіркам. Не дапускаў, баяўся думкі, што Ўршуля памрэ першая і пакіне яго аднаго. Усе гэтыя гады, ад самых Рыбіцаў, Уршуля была рухавіком ягонага жыцьця. З перапынкамі, праўда, але была. Колькі ў гэтым было каханьня, а колькі звычкі? На схіле жыцьця каханьне перадусім і ёсьць звычка. Дзівіла яго адно: жах самотнасьці ў эпілёгу. Ён лёгка ўсьміхнуўся: "Я мог бы сказаць "у апошнім акце", але "эпілёг" мне падаўся больш дарэчным".

Яму ўдавалася коратка, мімалётна падрамаць, што цікава, часам з кароткімі і мімалётнымі згадкамі. Ён ня памятаў добра "гістарычнага" зьместу іхнага жыцьця, яго апаноўвалі і бліскавічна пакідалі эпізоды маладосьці ў Рыбіцах. Рака, поле, млын, падворак, кантора. Дарога на вакзал у Седльцах. Сьціралася акупацыйная, а потым паўстанцкая Варшава, паволі зьнікала вандроўка празь Нямеччыну, яшчэ хутчэй зьнік паваенны Лёндан у бедным, балесным ад непрыязьні Ўршулі пакоіку на Кэмдэн Таўн. Заімгліліся лёнданскія тэатральныя студыі. Затое аджыў момант іхнага лёнданскага паяднаньня ў аправе "белых ночаў". І ўвесь час стырчаў, гнаіўся пад скураю стары цёран выгіну рыбіцкай ракі…

Уршуля ня вытрымала нэрвовага чаканьня, пакінула Лукаша пад апекаю Арлекіна і выбегла на вулку, якая зыгзагамі вяла да Акадэміі. Яна не глядзела ў Вэнэцыі карцін разам з Лукашам, аднак на адну-дзьве гадзіны была незалежная і магла адпачыць перад сваёй любімай карцінай. Перад таямнічай "Бурай" Джарджонэ, перад парай, якая з кожным разам выглядала іншай. Голая кабета зь немаўлём выглядала як частка краявіду, як плод ураджайнай зямлі, абмыты дажджом. Ах, як бы ўсё пайшло інакш, каб ня тое дзіця, страчанае ў Гародні! А можа, добра, што так сталася. Можа, дзіця брата і сястры было б крыніцай вечнага няшчасьця? Мужчына, што абапіраўся на доўгі кій, належаў карціне ці не? І належаў, і не. Як быццам яго бура абмінала. Здаваўся сымбалем нечага, гэтак жа як і голая маці. Чаго? Найважнейшым у палатне быў, аднак, краявід пасьля буры, мокры, ён дыхаў дажджом, пладародны й жыцьцядайны. Ён ня зьнікне ніколі. Джарджонэ зрабіў тое, што хацеў: паказаў побач несьмяротнасьць прыроды і сьмяротнасьць людзей.

Рэдка здаралася Ўршулі думаць пра Лукаша і пра сябе ў моцным суплёце шлюбу. Так, так, натуральна, яна яго кахала яшчэ больш з кожным крокам старасьці. А між тым адчувала выразна, усё больш выразна, што яе каханьне складаецца з двух пачуцьцяў. Яна была ягонай жонкай і ягонай сястрой. Але ня жонкай-сястрой. Яна чытала некалі прыўкрасную навэлю пра падобную на іх пару, якая жыла шмат стагодзьдзяў таму. Як моцна яна праніклася эмацыйнай драматычнасьцю гэтага зьвязку, як цудоўна аўтарка перамяніла грэх у цноту…

Ноч перад апэрацыяй была нечым кшталту рафінаванага псыхічнага катаваньня. Адвярнуўшыся сьпінай да вакна, Лукаш уткнуў рэшткі зроку ва Ўршулю, якая выцягнулася, не распранаючыся, на сваім ложку. Яна не глядзела на яго, пазьбягаючы болю. Глядзела ў вакно, за якім плылі пасмы імглы, паасобныя, падобныя да хуткалётных аблокаў. Мэтэаралягічныя паведамленьні сьцьвярджалі, што імгла згусьцее пасьлязаўтра і, можа быць, заслоніць усё вэнэцыянскае неба, такое яснае ў першыя дні месяца.

Лукаш абіваўся й далей аб выспачкі дрымоты, у перапынках адчуваў сябе так, быццам яго несьлі хрыбты хваляў. А гэтыя выспачкі, як і перад тым, былі раскіданыя ў землях ягонай рыбіцкай маладосьці. Праўда, што ў хвіліны пагрозы мы бачым першыя крокі свайго жыцьця? Быццам бы лёс штурхае нас пабачыць памылковыя крокі, тыя, якія ў будучыні ставалі прычынаю сур’ёзных удараў? Ён, Лукаш, меў нядобрую маладосьць з-за сваіх бацькоў, але ўвогуле нашмат лепшую за маладосьць шмат каго з раўналеткаў. Каб не зламаная і кепска зрослая нага, ён быў бы фізычна спраўным волатам, які пырскаў энэргіяй, быў сьмелым і ініцыятыўным, поўным жыцьцёвай энэргіі. А ці часта здараецца маладому чалавеку закахацца ў маладзенькую дзяўчыну на ўсё жыцьцё? Ну і што, што ў сястру, з гэтага пункту гледжаньня ён ня бачыў ніякіх перашкодаў. Дык чаму ж рыбіцкія краявіды і рыбіцкая маладосьць выклікалі ў яго цяпер, на парогу сьмерці, такія глыбокія прылівы мэлянхоліі? Таму, што… Ён кіраваў сваім і Ўршуліным жыцьцём, як добры кіроўца, і меў права больш чым на задавальненьне — на гордасьць. Але дзесьці пад сподам цягнулася, не хацела зьнікаць атрутная стужка. Людзі кахаюць адно аднаго, жывуць разам, цягам гадоў іхнае каханьне робіцца мацнейшым і багацейшым, але хіба яны не даходзяць урэшце да такой зрошчанасьці, што нават думка аб разьвітаньні выклікае неапісальныя фізычныя пакуты? Ці магчыма, што па меры сплываньня жыцьця, увогуле даволі добрага, ён занядбаў натуральнае ў іншых людзей дасьпяваньне да сьмерці й разлукі з найбліжэйшай асобай?

Уршуля, не адрываючы вачэй ад плывучай за вокнамі імглы, таксама (быццам чытала ягоныя думкі) сьлізгала па мінулых гадах. Яна не баялася расстаньня, толькі што прагнула, каб ён яе апярэдзіў, яна была ўпэўненая, што дасьць сабе рады з самотаю. Яе пакутай было нешта іншае, нешта, што ўразіла б Лукаша, калі б ён пра гэта ведаў. Яна кахала яго, хаця і з пэрыядычнымі ценямі на шляху. Але часамі ўсьведамляла, што яе каханьне не было чыстым і бясспрэчным, як ягонае. Часам на імгненьне паказваўся іншы твар яе пачуцьця. Гэты твар ня быў тварам каханьня. Менавіта гэта схіляла яе апошнім часам памятаць, што яны брат і сястра. Але ці мела гэта зараз нейкае хаця б значэньне? Мужу хутка 86 гадоў, жонцы 78. Быццам бы нехта на схіле жыцьця лічыў, колькі ў ягоным здабытку было сапраўдных грошай, а колькі падробленых. Усё, або амаль усё, было ўжо патрачана.

Добра за поўнач Лукаш, нарэшце, моцна заснуў, дыхаючы зь дзіўным сьвістам. Быў ён галодны, бо прафэсар строга рэкамэндаваў вечарам трымаць перадапэрацыйны пост.

Уршуля ўстала, спусьціла жалюзі, інстынктыўна баючыся, каб ён не пабачыў туману. Села ля ягонага ложка і, абдымаючы ягоную вялікую галаву, пакрываючы пацалункамі ацяжэлы твар і моцна заплюшчаныя вочы, выбухнула плачам, такім моцным і спазматычным, што ён мусіў бы прачнуцца. Аднак не абудзіўся, моцна спаў і ня чуў, як яна перарывае плач дзеля дзіўнай малітвы, там і тут ператканай ягоным імем: "Лукаш, Лукаш, мой Лукаш, мой Лукаш каханы".

Першая прыйшла на сьвітанку Івон, дзьверы ёй адчыніла разбуджаная Ўршуля. Сястра, маладая і прыгожая жанчына, францужанка, села ў куце patio, выцягнула са свае торбачкі нейкія інструмэнты і расклала іх на століку. Было вельмі рана, таму яна расьселася на старавэнэцыянскім зэдліку сонная. Галаву апусьціла на грудзі, стомленая і недаспаная. Уршуля глядзела на яе непрыязна, нават недаверліва.

Гэта адна з тых асобаў, якіх часта спатыкаеш у нарацыі, якіх можна параўнаць са стрэльбамі на сьценах у п’есах Чэхава: калі аўтар яе павесіў, то яна абавязкова стрэліць перад падзеньнем заслоны. Асобы кшталту Івон граюць у такія хвіліны, як гэтая, важную ролю, хаця й не выклікаюць такіх падазрэньняў, як стрэльбы Чэхава. Каб ня гэта, Івон не была б адзінаю з каманды прафэсара Антыноры названая па імю.

Выпускніца мэдвучэльні ў Rouen, яна прыехала некалі на летнія вакацыі з групай турыстаў. І па вакацыях засталася ў Вэнэцыі з чыста сэнтымэнтальных пачуцьцяў, а потым пераехала ў Падую, дзе прафэсар Антыноры наняў яе ў сваю клініку. Што праўда, то праўда, яна захоўвала ў Падуі, як напачатку ў Вэнэцыі, асьцярожнасьць, але хутка стала вядома, што яна мела слабасьць да мужчынаў, якую найлепей назваць "німфаманіяй". Яна старалася шукаць партнэраў у Вэнэцыі, дзе яе менш зналі, але ў падуанскай клініцы шапталіся пра яе мімалётны раман з дырэктарам, які жыў у Вэнэцыі з жонкаю і ўжо дарослымі дзецьмі.

Яна прыехала на апэрацыю гэтак рана пасьля бурлівай і бяссоннай ночы ў вэнэцыянскім гатэліку. Німфаманія, як сьцьвярджаюць знаўцы гэтай штукі, у пэўны момант прыводзіць не так да сэксуальнай перасычанасьці, як да стомы ад уласнага цела. Як быццам цела адпадае, адлучаецца ад асобы. У скрайнім выпадку кажуць пра атрафію сэксуальнага апэтыту, як перад тым казалі пра ягоную гіпэртрафію. Пісьменьнікі любяць ужываць выраз "сэксуальная нудота". Але тут размова не пра нуду. Размова вядзецца пра расклейваньне асобы і пра працэс, які можна назваць "нястрымны працэс страты ўвагі".

Вось чаму тут патрэбная была тая чэхаўская стрэльба, якая вісіць на сьцяне для таго, каб стрэліць у апошнім акце. Невядома, што сапраўды здарылася ў кульмінацыйным пункце апэрацыі. Адно вядома, што Антыноры цыкнуў на сястру, як апараны, а Івон адскочыла ад апэрацыйнага стала, бо прафэсар яе брутальна адштурхнуў. Лукаш, зьнячулены ў глыбокім сьне, нават не здрыгануўся.

Нягледзячы на просьбы і заклёны, Уршулю на patio не пусьцілі. Дах з пляндэку быў нацягнуты, бо вакол стаялі хмары густой і вільготнай імглы. Антыноры заляпіў пасьля апэрацыі вочы Лукаша шырокім плястырам, пасьля чаго забінтаваў усю верхнюю частку галавы. Ён сам абяцаў зьняць павязкі праз 24 гадзіны, перад самым ад’ездам у Штаты.

Пасьля адыходу каманды Ўршуля папрасіла Арлекіна адсунуць пляндэковы дах над patio і пакінуць яе насамоце з Лукашам, усё яшчэ пагружаным у нячулы сон.

Як часам бывае ў Вэнэцыі, густая імгла парадзела і пусьціла нват трохі анэмічнага сонца, але, папхнутая вышэй, расьцяглася, нібы белае ўзьнятае прасьцірадла. Места было далікатна завінутае ў бель.

Седзячы ля ўзгалоўя на высокім зэдлі, Уршуля двойчы спрабавала пакласьці галаву ля галавы Лукаша. Гэта было немагчыма, і ёй заставалася толькі глядзець — балесны занятак — глядзець на вузкія палоскі твару, што віднеліся з-пад бандажа. Невядома чаму, бо ня бачыла сцэны Антыноры—Івон, яна была перакананая, што няварта спадзявацца. Апэрацыя сапраўды не ўдалася, і яна сядзела ля паўмёртвага каханка, брата, мужа. Якім будзе іхнае жыцьцё ў Лёндане? Яна здранцьвела ад аднае думкі, што перастане быць б а ч н а я. Ужо цяпер старалася з дапамогай уяўленьня пабачыць схіл іхнага жыцьця ва Ўімблдоне. Цяжкі, звалісты Лукаш, якога водзяць пад рукі яна і Мэры, раздражнёны, схільны да выбухаў гневу, агрэсіўны зь любой зачэпкі. А ўсё ж! А ўсё ж, хто ведае, ці не кахала яна яго болей цяпер, калі ён да канца жыцьця стаў яе дзіцем, чым тады, калі яны былі братам і сястрою й ня зьвязанай фармальна сужэнскай парай. Яе ўразіла, якімі зьменнымі былі іхныя стасункі, нягледзячы на прынцыповую трываласьць (з кароткімі перапынкамі). Яны стварылі сваю двухасабовую сям’ю ў адрыве ад якіх-небудзь крэўных сувязяў. Ягоная расейская маці-акторка згінула бязь сьледу ў Расеі, яе маці — калі ўвогуле яшчэ жывая недзе ў Ізраілі — ніколі не старалася знайсьці дачку. Так удваіх яны й пойдуць разам — але ці разам? — да канца. Гэтая рэфлексія выклікала ў ёй выбух небывалай пяшчоты, яна зноўку паўтараала ягонае імя і цалавала бандаж.

Арлекін прынёс ёй нешта зьесьці, але яна не хацела. Для яго гэта была толькі зачэпка, каб пабыць зь ёй разам на patio. Аднак яна не захацела ягонага таварыства, толькі папрасіла, каб прагнаў з вулічкі вясёлы і сьпеўны гурток у карнавальных касьцюмах. Ён зрабіў усё неспадзявана добра. Не настойваў, а проста пайшоў з patio да сябе.

Яна заснула, абапіраючыся галавою аб узгалоўе Лукаша. Прачнулася вечарам і прыцягнула са спальні вялікі зручны фатэль. У ім і спала ўсю ноч і ўвесь ранак, амаль да паўдня, прачынаючыся (тады сядала на зэдаль ля ўзгалоўя Лукаша) і зноў упадаючы ў сон; скурчвалася на фатэлі пад пледам. Нэонавы надпіс Assicurazioni Generali надалей выглядаў як чырвоная размытая пляма, якая азначала, што імгла яшчэ вісіць.

Прафэсар Антыноры, ужо заклапочаны прыгатаваньнямі да амэрыканскай выправы, прыйшоў пазьней, чым абяцаў, а другой. На ягоным твары чытаўся, апроч пасьпешлівасьці, ці то клопат, ці то непакой. Ён дазволіў Уршулі асыставаць яму пры зьняцьці павязак і адклейваньні плястыру. Ён дазволіў прысутнічаць і Арлекіну, больш за тое, настойваў на тым, быццам не хацеў заставацца сам-насам з пацыентам і ягонай жонкаю. Прыйшоў Антыноры без свае каманды, якая толькі вечарам намервалася прыбраць апэрацыйную залю, імправізаваную на patio.

Апоўдні Лукаш рухамі рук і трымценьнем цела даў пазнаць, што анэстэзія патроху сыходзіць. Ад таго часу Ўршуля стаяла ля ягонага ўзгалоўя і гаварыла да яго ірванымі і бязладнымі словамі, верачы, што словы, няважна якія, але набрынялыя пяшчотаю і каханьнем, суцішаць ягоны боль. Калі ўрэшце зьявіўся Антыноры, ад узгалоўя яна перайшла да ног. Арлекін стаў збоку, трохі воддаль ад яе.

Хутка й спрытна прафэсарскія рукі спраўляліся з тоўстым слоем павязак: паказаўся твар Лукаша з залепленымі плястырам вачамі; твар вельмі стары і вельмі зьмізарнелы, пакрыты сівою шчэцьцю; ва Ўршулі вырваўся сьлёзны стогн: "poor Luke" і адразу ж "бедны Лукаш".

Антыноры пальцамі ў гуме асьцярожна і павольна з двух бакоў здымаў плястыр, праз пэўны час затрымліваўся і пад паднятыя краі ўпырскваў блакітную вадкасьць. Хвіліны цягнуліся неміласэрна, здаваліся Ўршулі гадзінамі. Урэшце паказаліся закрытыя вочы Лукаша. Закрытыя сутаргава, быццам без намеру адкрыцца калі-небудзь. Але раптам здрыгануліся павекі, пару разоў мірганулі і засталіся адкрытыя. Лукаш зь вялікім высілкам, падтрыманы лекарам, падняўся і сеў, а галаву паволі, дробнымі рухамі падняў у неба. Уршуля не памылілася: на ягоным твары зьявілася ўсьмешка. Ён крыкнуў слабым, але радасным голасам: "Белая ноч у Вэнэцыі!" Яна першая паправіла гэты выкрык: "Белая ноч каханьня!" Антыноры і Арлекін глядзелі зьдзіўлена. Урэшце Антыноры далікатна адвёў Уршулю ад узгалоўя, абняў яе і прашаптаў на вуха: "Нам няма дараваньня. Ваш муж цалкам асьлеп".

ДВА ЭПІЛЁГІ

Канец? Толькі Бог ведае, што ёсьць канец. А часам ня ведае нават ён.
Вэнэцыянскі ананім, ХVII ст.

Жыцьцё ёсьць сон

У вэнэцыянскім аэрапорце, а потым да самалёту сьляпога праводзілі Ўршуля й Арлекін, які атрымаў дазвол на гэта. Лукаш ішоў павольна, асьцярожна, высока падымаючы ногі. Галаву падымаў да неба так, як быццам дзякаваў публіцы за доўгія воплескі. Перад сходамі на самалёт яны прыпыніліся. Арлекін павагаўся, пасьля чаго ўпаў на калені й прыпаў вуснамі да рукі Лукаша. Ці саромеўся ён свайго жэсту? У кожным выпадку, забыўшыся разьвітацца з Уршуляю, хутка пайшоў да ўваходу ў аэрапорт. На сходах і да месца Лукаша вялі дзьве стуардэсы.

Самалёт выляцеў апоўдні, са спазьненьнем, магчыма, скарыстаўшыся тым, што туман парадзеў. Лукаш амаль прыклеіў твар да круглай шыбкі. І далікатна, але настойліва забраў далонь з далоні Ўршулі. Яна стрымлівалася, поглядам адпрэчвала нетактоўныя погляды суседзяў. Аднак не магла авалодаць шклянымі вачамі.

Бесьперапынна трапяталі ў яе галаве пытаньні: як яно цяпер будзе? Як Лукаш перанясе сваё калецтва? Ці аддаліцца ад яе, ці сыдзе зь яе жыцьця на сцэну цемры? Аднак яна вырашыла пакінуць адміністрацыйную пасаду ў "The Sea-Gull" Teatre, каб быць ля яго ўдзень і ўночы. Ці вытрымаюць яны абое гэтую блізкасьць? Яны дадуць сабе рады матэрыяльна і ня будуць вымушаныя разьвітацца з Мэры. Лукаш, апрача пэнсіі, часта атрымліваў выплаты з усяго сьвету за сцэнічныя ідэі; і яна магла разьлічваць на добрыя пэнсійныя выплаты.

Але як жыць па два бакі чорнае пусткі? Як гаварыць зь ім са старэчай пяшчотай, калі ён ня мог бачыць гульні знакаў і мімікі на яе твары? Як навучыцца чытаць па ягоным твары?

Урэшце яна адкінулася на мяккую падушку фатэля й нечакана ўпала ў глыбокі сон. Яна ня чула пэрыядычных паведамленьняў кіраўніка палёту, не зрэагавала на запрашэньне паабедаць. Спала цяжка, бяз сноў, здавалася, яна адсыпае свае бяссонныя ночы ў Вэнэцыі, дні, поўныя нэрвовай напругі. Сядзела выпрастаная, ні разу не пахіліла галавы на плячо Лукаша, які сядзеў непарушна, быццам прывараны да свайго акенца. Бачыў ён у ім тое ж, што й іншыя пасажыры, то бок белае нішто.

Думкі яго кружлялі вакол вэнэцыянскага побыту, ён узгадваў некаторыя эпізоды, але рэфлекторна адмаўляўся ўяўляць, як пераступіць парог дому ва Ўімблдоне. Ён баяўся вяртаньня, якое цяпер, у новых абставінах, перастала быць вяртаньнем, але сталася адкрываньнем чужых дзьвераў. Ён ня мог бы сказаць больш ясна, адно што адчуваў, што мусіць прывыкнуць да чужасьці ўласнага дому. А Ўршуля? Ці сталася зь ёй што новае пасьля "белай ночы каханьня" ў Вэнэцыі? Так. Упершыню за шмат, шмат гадоў з такой яснасьцю й сілай ім авалодала пачуцьцё, што яна пакінула яго. І ён ня ведаў, дзе й як шукаць рады ад сваёй ужо непазьбежнай самоты.

Раптоўная бура над Ангельшчынай змусіла самалёт сесьці ў Гатўіку. Пасажырам прадаставілі цягнік да Лёндана. Уршуля набыла некалькі ангельскіх газэтаў і села ў куце ля вакна, насупраць Лукаша. І хаця ён не прасіў, пачала напаўголаса чытаць для яго газэты. Але ён паводзіў сябе, як глухі, і зноў уткнуўся ў вакно, у якое пасмамі біла залева. Ізноўку ўглядаўся ён у белае нішто, толькі што прыпраўленае гукамі кропель, што біліся аб шыбы. У купэ было ціха, толькі маладая пара ў супрацьлеглым кутку часта хінулася адно да аднаго і замірала ў доўгіх пацалунках, якія пераходзілі ў клятвы каханьня. Калі на пэроне пачуўся голас кандуктара, малады хлопец папхнуў дзьверы ў старамодным вагоне і выскачыў, не перапыняючы сваіх гарачых прызнаньняў. Дзяўчына махала яму рукою, пакуль не крануўся цягнік, пасьля чаго ўткнула вочы ў Лукаша з Уршуляй. Яна глядзела на іх без асаблівага сораму, настойліва, і Ўршуля інстынктыўна спыніла паўгалоснае чытаньне газэтаў, а Лукаш не адрываў твару ад шыбы. Уршулю агарнула нейкае пачуцьцё сораму, што нярэдка здараецца з апекунамі ці спадарожнікамі калекаў. "І да гэтага я мушу прызвычаіцца", — падумала яна.

У доміку на Ўімблдоне ім адчыніла дзьверы Мэры, папярэджаная пра іхнае вяртаньне. Відвочна, яна прыдумала вітаньне, якое паўтарала, чым відавочна нэрвавала Лукаша: Our darling sir Luke. Welcome, welcome. Ён лёг на свой ложак з уздыхам палёгкі. Не захацеў вячэры. Навобмацак упэўніўся, што Мэры рассунула іхныя ложкі ў спальні, напэўна, гэта Ўршуля загадала ёй па тэлефоне. "Развод", — прашаптаў ён. Але не адчуў ніякага болю, нават лёгкага. Наадварот, ляжаў у ложку ў значна лепшым настроі, чым падчас пералёту з Вэнэцыі. Дома, нарэшце дома. "Мая адзіная праблема — хутка й спакойна памерці".

Кароткі час ён абдумваў, ці змог бы скончыць сваю нямую аўтабіяграфію. Менавіта зараз, калі яго зваліла сьлепата. Не. Немагчыма апавядаць, нават моўчкі, калі ня бачыш сьвету, што цябе атачае. Ён адчуваў, што гэта няпраўда, але ў гэтай няпраўдзе ёсьць сьцябло праўды. Цяжка вытлумачальная рэч, але выгляд сьвету і атачэньня надае нарацыі, нават няпісанай, дыханьне жыцьця. У ім абудзіўся чалавек тэатру. Ці здолелі б іграць сьляпыя акторы, навучыўшыся беспамылкова перасоўвацца па сцэне? Не, ня здолелі б, іхны голас быў бы занадта плыткі. Занадта плыткі? Так. У плыткім голасе адчуваецца фальш, цяжка паверыць у словы сьляпога, яны пустыя, вытрапаныя. Вось які кошт я мушу заплаціць за няўдалую апэрацыю. Існуе нешта такое, як маўленьне навобмацак.

Стомлены, разьбіты, амаль не ўстаючы з ложка, амінаны абедзьвюма спалоханымі кабетамі ў доме, ён праз тыдзень раптам пабачыў сьвятло надзеі. Дагэтуль, ад апэрацыі ў Вэнэцыі, ён спаў бяз сноў. А аднойчы на сьвітанку (што гэта сьвітанак, ён пазнаў па звону тэлефоннага будзільніка ўнізе, у пакоі Мэры), ён заснуў інакш. Хуткі й жывы сон вярнуў яго да людзей. Ён б а ч ы ў іх. Бачыў найперш Уршулю, маладую, усьмешлівую і адначасна напятую, падчас рэпэтыцыяў "Белых ночаў". Тады яна стала ягонай каханкай, ягонай жонкай. Закінула яму рукі на шыю, легла каля яго пакорлівая, гатовая, а ён бачыў вакол яе закрытых вачэй найдрабнейшыя жылкі. Сон доўжыўся імгненьне, але хваля шчасьця пасьпела даплыць да ягонага ссохлага горла. Абудзіўшыся, ён голасна сказаў у пустату: "Жыцьцё ў сьне. Я не сьляпы ў снах". Сонная Ўршуля паварушылася і праказала: "Лукашу? Хочаш чагосьці?" Вярнулася абсалютная ціша, толькі што ён пачуў — о дзіва, нягледзячы на глухату! — сьлізганьне колаў на мокрым асфальце; раньні аўтобус затармазіў перад павароткаю. У эўфарыі ён усьміхнуўся свайму вялікаму адкрыцьцю.

Чым далей у лес сну, тым большае багацьце відмаў. Але, на жаль, хаатычных і ірваных, як гульня сярод параскіданых кавалачкаў жыцьця. І з розных пэрыядаў жыцьця, пачынаючы ад раньняга дзяцінства і да прыезду ў Вэнэцыю, толькі да прыезду.

Недзе ўсё гэта было зарэгістравана, запісана на стужку жыцьця, сон быў праяўкай. Часам праяўлены вобраз раздражняў фрагмэнтарнасьцю, падрапанасьцю, зь белымі плямамі на самых цікавых месцах. Адрэзаная, напрыклад, была галава расейскай маці ў той момант, калі яна кінулася цалаваць свайго маленькага адзінага сына. І фільм, збольшага нямы, рэдка агучваўся булькатлівымі галасамі. Нешматлікія і неразборлівыя словы даляталі з-за дзьвераў спальні, у якой адбывалася апошняя сварка бацькоў. З пазьнейшых гадоў, прынамсі, хоць добра захаваліся краявіды Рыбіцаў. І някепска захаваўся працэс росквіту Ўршулі. Затое яе матка ня здолела патрапіць у ягоныя сны.

Потым вучоба ў Варшаве, вайна, уцёкі ў Гародню, візыт у Ленінград, вяртаньне ў Варшаву, паўстаньне, дарога празь Нямеччыну, Ангельшчына й Лёндан, тэатар "Чайка" — усё парэзанае, перамяшанае, аднак падобнае да бальзаму, які гоіць раны. Ён стаў заядлым аматарам "жыцьця ў сьне". Інстынктыўна ён таіўся ад Уршулі, якой дастаткова было бачыць яго ўдзень радаснага, спакойнага, ветлівага, часам нават пяшчотнага. Затое ён адкрыў сваю таямніцу Мэры, бо гэта яна, у сакрэце ад гаспадыні, купляла яму парашкі, каб не затрымліваўся пераход у сонныя краі, якія вярталі яму зрок. Ён хаваў гэтыя парашкі — а іх было ўсё болей — у замыканай на ключык шуфлядзе начнога століка. Уршуля была ўпэўненая, што ён трымае там свае асабістыя дакумэнты й грошы.

Калі б лекар рэгулярна аглядаў яго, то ня мог бы не задацца пытаньнем, адкуль гэтае аслабленьне арганізму. Узрост тлумачыў шмат што, але ня ўсё. Ён спаў цэлымі днямі, еў усё меней, адмовіўся выходзіць з дому на кароткія шпацыры. Ігнараваў сад. Такім чынам, пасьля доўгіх гадоў вялікага, нават старэчага каханьня яны жылі як ледзь знаёмыя ў прытулку. "Штосьці мусіць здарыцца, далей так няможна", — думала Ўршуля падчас роспачнага смутку. І здарылася праз два гады — ціха, незаўважна. Лекар, які агледзеў ягонае схуднелае цела, пацьвердзіў сьмерць. Яго зьдзіўляла ўсьмешка на твары памерлага. Была ясная, пагодная восень — 23 лістапада 2001 году.

Яна адштурхоўвала гэтае пачуцьцё, не прызнавалася ў ім нізавошта ў сьвеце, а яно расло ў найлыбейшых лёхах яе душы: сьмерць Лукаша яна прыняла з уздыхам палёгкі. Галоўнае, што жыцьцё зь ім сталася пакутніцкім пасьля вяртаньня з Вэнэцыі; ён аддаляўся ад яе зь дня на дзень, глядзеў (калі можна гэта назваць поглядам) з выразам непрыязнасьці на твары. Калі разам з Мэры яна прыносіла яму ежу, ён адсоўваў тацу бяз слова падзякі. Калі напачатку яна спрабавала легчы каля яго на ложку, адважыўшыся на далікатныя ласкі, ён тут жа адварочваўся. Так, у пэўным момант ён зьмяніўся да лепшага, ён стаў ветлівы, больш вытрыманы.

У галаву прыходзіла пытаньне, што было прычынай зьмены. Няўжо ён лічыў яе адказнай за няўдалую апэрацыю? Інстынктыўна, безь ніякіх падставаў? А можа, на схіле жыцьця паглядзеў назад і ўсьвядоміў, што іхны шлюб, шлюб брата й сястры, быў ілюзіяй каханьня, а не сапраўдным каханьнем? І зразумеў ён гэта напрыканцы, не бачачы свае каханкі-жонкі-сястры днём і ноччу. Спачатку яна адкідвала гэтую думку, узгадваючы гады, пражытыя разам, з найінтымнейшымі падрабязнасьцямі. Бывалі ў іхным сумесным жыцьці пэрыяды ахалоджаньня, але заўсёды празь некаторы час вярталася несхаваная жарсьць. Але ці сапраўдная яна была?

Паступова яна паддавалася сумневам. Азіралася ў мінуўшчыну, узгадвала дрэнныя і хутка прамінулыя эпізоды, з увагай затрымлівалася над імі. Раз зьвярнулася да вялікага гарадзенскага адкрыцьця. Як яна магла забыцца, што менавіта яна пераканала Лукаша, што абавязкова трэба "зьмяніць" навэлю Дастаеўскага, своеасабліва адаптаваць яе? Ці не была гэта наўмысная адаптацыя, каб толькі адагнаць цень "таго трагічнага", ужо памерлага, таго, які на парогу маладосьці адкрыў ёй таямніцу фізычнага каханьня? Ці не спалохалася яна пасьля ягонай гібелі, што застанецца адна?

Так, рыючыся ў мінулых падзеях, яна аналізавала зьявы, якія колісь прапусьціла, не заўважыла, як быццам выварочвала на левы бок усё жыцьцё з Лукашам. І пад міжволі, а можа й сьвядома, хлусьлівым покрывам яна знаходзіла так званую "іншую праўду". Яна паддавалася ёй спачатку з супрацівам, а потым з узрастаючай сымпатыяй. Яна адчувала патрэбу глядзець інакш на Лукаша, які пабачыў яе іншай сваімі сьляпымі вачамі. Напэўна, гэта было галоўнай прычынай таго "ўздыху палёгкі" пасьля ягонае сьмерці, сарамлівай рэакцыі, якую яна адначасна адпрэчвала ў думках і ўхваляла ў падсьвядомасьці.

Быўшы "ўпарадкаванай" натурай (як яе называў Лукаш), пасьля ягонае сьмерці яна давяла скрупулёзнасьць, дакладнасьць, пэдантызм аж да нонсэнсу. З дапамогаю Мэры, якая навучылася добра кіраваць машынаю, яна аб’яжджала ўстановы, рабіла рахунак жыцьця Лукаша, і адразу ж потым, вельмі гладка й натуральна перайшла да ўладкаваньня ягонага пахаваньня. У суседнім раёне Southfields яна знайшла царкоўку (якую заснавалі нашчадкі белаэмігрантаў, а цяпер утрымлівалі прыхадні з былога СССР) і замовіла паніхіду за праваслаўнага Лукаша. Поп і дзяк меліся пасьля паніхіды прывезьці цела з перадпахавальнага дому на Central Wimbledon Cementery. Яна выбрала гэтыя могілкі, бо яны мелі ўласны крэматорый, а яны некалі прысягнулі, што той, хто застанецца ў жывых, загадае спаліць памёрлага. Яна купіла месца пад магілу ў далёкім куце могілкаў, пад покрывам старых вязаў. Дала вялікія нэкралёгі ў "Times" ды "Telegraph", склала сьпіс тых, якія "абавязкова мусілі прыйсьці на пахаваньне", і ўручыла яго Мэры, "каб абзваніла". У час пахаваньня, 26 кастрычніка, яна прыехала з дому на могілкі не з Мэры, а з двума маладымі акторамі з тэатру "Чайка". Вакол магілы ўжо стаяў, даволі бесцырымонна адцясьніўшы папа й дзяка, вялікі тлум: знаёмыя і прыхільнікі вядомага sir Luke, акторы й работнікі тэатру на Стрэндзе, цікаўныя чытачы абодвух нэкралёгаў, журналісты прэсы й тэлевізіі, прадстаўнікі іншых ангельскіх і замежных тэатраў, дэлегаты Borough of Wimbledon. Да Ўршулі праціснуўся Арлекін, які прыехаў з аэрапорту пасьля прылёту з Вэнэцыі. Але пара маладых актораў не пакідала яе. Такім чынам, яны чацьвёра стаялі ля падножжа сапраўднай гары кветак, якую ахвотна паліваў Пан Неба.

Як яна й хацела, прамоваў не было. Адно што яна папрасіла кіраўніцтва тэатру "Чайка" прызначыць двух актораў, якія б у цішыні пахаваньня прачыталі выбраныя ўрыўкі з "Чайкі". Яна сама абрала два фрагмэнты, памятаючы, што на іх аснове Лукаш напісаў свой даўнейшы эсэй аб Чайцы: "касмалягічны" пачатак п’есы Трэплева (яго цудоўна чытаў актор у ролі аўтара п’есы, насуперак тэксту Чэхава, які гэтую ролю прызначыў Ніне Зарэчнай-Чайцы), а таксама фінальную рэпліку Ніны-Чайкі, прамоўленую акторкай: "Цяпер я разумею, што ў нашай працы — усё адно, граем мы на сцэне альбо пішам, самае важнае — гэта ня слава, ня бляск, ня тое, пра што я марыла, а проста трываласьць у пакутах. Трэба несьці свой крыж і верыць. Я веру, і таму мне ня так баліць, а калі я думаю пра сваё прызначэньне, я меней баюся жыцьця". Усе прысутныя ўглядаліся ў Уршулю, як быццам мова йшла пра яе. Але аматары "Чайкі" ведалі, што паміж "касмалягічным" шаржам драматурга-пачаткоўца і прызнаньнем няспоўненай акторкі ляжыць цэлы абшар чэхаўскага сьвету; прасьціраецца Чэхаў, ціхі, нясьмелы, спакойны, уніклівы як ад навязьлівага рэалізму, так і прэтэнцыёзнага мудраваньня, мэлядычны ў сваёй цудоўна простай прозе, дарэшты пранікнёны сынтэзам плыткага часу й надчасовай вагою кожнай чалавечай падзеі; словам, Чэхаў мілы і мудры, зычлівы, уважлівы да людзей, у сваёй сьціплай жыцьцёвай філязофіі нагэтулькі вышэйшы ад "прафэсійных" філёзафаў.

Нерухомы, сьцяжэлы твар Уршулі здрыгануўся толькі раз: калі труна Лукаша павольна ўяжджала на шынах у печ крэматорыя пад гукі жалобнай музыкі. Яна затрэслася ад спазматычнага й сухога плачу, пераплеценага імем Лукаша. Пасьля ўсіх сумневаў, падазрэньняў, пасьля саромнага пачуцьця палёгкі каханьне да яго выбухнула як сьветлае полымя.

Яна зноў зьнерухомела, прысутныя складалі ёй спачуваньні на пляцы перад крэматорыем. Яна адразу ж неяк скурчылася, пастарэла, і сябры зразумелі, што працэс зацягнецца ня больш чым на год.

Пара актораў адвезла яе да дому ва Ўімблдон. Яны прапанавалі пабыць зь ёй да вечара, але яна захацела быць адна. Папіла гарбаты з Мэры і зь ейнай дапамогай забралася наверх. Там легла не на сваім ложку, а на ложку Лукаша. Нягледзячы на тое, што Мэры паслала сьвежую пасьцель, захаваўся пах ягонага цела. "Божа, як моцна я яго кахаю", — прашаптала яна. І ня ў змозе ані заснуць, ані ціха паплакаць, яна ўглядалася ў бруднае неба над садком.

Кожную нядзелю, незалежна ад надвор’я, яна выпраўлялася на могілкі з Мэры. Раскладвала на магільнай пліце прынесеныя кветкі, у пагодныя дні апускалася на калені й малілася (упершыню ў жыцьці), а ў непагадзь сядзела ў буданчыку ля магілы.

Ня ведаючы, як заняць пустыя дні, яна абавязала Мэры штораніцы завозіць яе ў "The Sea-Gull" Theatre на Стрэндзе і вяртаць дадому перад абедам (сама не магла кіраваць машынаю з-за зроку, які ўсё слабнуў). У тэатры на Стрэндзе яе страчалі з абдымкамі, падсоўвалі нейкія паперы, быццам бы для кансультацыі, аднак хутка гэты абрад усім надакучыў, зычлівасьць памянялася на ветлівую й халодную цярплівасьць. Зразумеўшы гэта, яна горда выкрасьліла Стрэнд са свайго штодзённага жыцьця. Перастала запрашаць работнікаў тэатру на нядзельную вечаровую гарбату. Засталася адна зь вернаю Мэры, якая, на шчасьце, знайшла ў індускім прытулку на Глёчэстэр далёкага сваяка зь сям’ёй. І час ад часу са згоды Ўршулі прывозіла на Ўімблдон чацьвёра ягоных дзяцей, дзьвюх дзяўчынак і двух хлопцаў ва ўзросьце ад васьмі да дванаццаці гадоў. Ва Ўршулі адазваўся схаваны, падсьвядомы мацярынскі інстынкт, яна палюбіла ўсю чацьвёрку і нецярпліва чакала з пячэнікамі ў паліцы кожнага іхнага візыту.

Позьнім летам 2002 году яна раптам пачала худнець, а хутчэй скурчвацца й траціць памяць. Пасьля сьмерці Лукаша яна намервалася ўпарадкаваць ягоны архіў і рабіла гэта вельмі старанна, аднак надышла хвіліна, калі яна забылася пра самое існаваньне архіву і на нагадваньні Мэры адказвала адсутным позіркам. Яна вяла чыста вегетатыўнае жыцьцё, закінула нядзельныя адведзіны магілы, не кіравала сваім целам, была цалкам на руках добрай і вернай Мэры.

У 2003 годзе яна раптоўна саслабела і ня ўстала з ложка Лукаша (на якім спала з самага пахаваньня), яе агарнула поўная амнэзія, яна бліскавічна зьнікала, яе ўсё танчэйшы галасок быў ледзь чутны. Пэўнага дня Мэры, перакананая, што яе няма ў ложку, не знайшла яе і ў лазенцы; адгарнула коўдру і ўбачыла маленькае, згорнутае ў клубок, мёртвае стварэньнейка, уціснутае пад краёк падушкі. Яна памерла, не разумеючы, што памірае, 13 траўня 2003 году. Яе пахавалі ля Лукаша, на пахаваньні была толькі Мэры й чацьвёра дзяцей. Яе тэстамэнт, напісаны ў верасьні 2002 году, аддаваў дамок ва Ўімблдоне, аўтамабіль і вопратку лёнданскаму Тэатральнаму Таварыству, з умоваю, што Мэры назаўжды стане гаспадыняй гэтага будучага прытулку для старых актораў.

На сьмяротным ручніку

У вэнэцыянскім аэрапорце, а потым да самалёту сьляпога праводзілі Ўршуля і Арлекін, які атрымаў дазвол на гэта. Лукаш ішоў павольна, асьцярожна, высока падымаючы ногі. Галаву падымаў да неба, быццам дзякаваў публіцы за доўгія воплескі. Перад сходамі на самалёт яны прыпыніліся. Арлекін павагаўся, пасьля ўпаў на калені й прыпаў вуснамі да рукі Лукаша. Ці засаромеўся ён свайго жэсту? У кожным выпадку, забыўшыся разьвітацца з Уршуляю, хутка пайшоў да ўваходу ў аэрапорт. На сходах і да месца Лукаша вяла Ўршуля, моцна трымаючы пад руку.

Самалёт вылецеў апоўдні, са спазьненьнем, магчыма, скарыстаўшыся тым, што туман парадзеў. Лукаш амаль прыклеіў твар да круглай шыбкі. І ў сваёй шырокай далоні сьціснуў дробную далонь Уршулі. А яна са своеасаблівым адценьнем гонару прабеглася поглядам па суседзях. У яе вачох запаліліся іскрынкі пяшчоты.

Як Лукаш перанясе калецтва? Адкажа на ейныя пачуцьці гэткімі ж? Яе пачуцьці расьлі ў сэрцы, інтэнсыўныя, але іншыя, чым дагэтуль. Яны ўжо не былі сужэнствам шматгадовых, старых каханкаў. Былі, як у першым рыбіцкім юнацтве, братам і сястрою. Яна кіне ўсё — у іх жа ёсьць з чаго жыць! — і стане ягоным ценем. Ён жа, яе цень, будзе глядзець на сьвет ейнымі вачамі. Глядзець? Так. Бо існуе зрок, якога не затчэ цемраю ніводная сьлепата. Зрок каханьня. Даўняга, памерлага, жывога некалі й заўжды, мацаванага камуніяй целаў; і новага, белага бесьцялеснага каханьня, якое па дарозе да сьмерці павольна згасае, як жарынкі ў попеле, але грэе да самага канца і стужкамі дыму пранізвае ноч. Яна ўзгадала ягоны вокліч пасьля апэрацыі: "Белая ноч у Вэнэцыі!" Яна паправіла яго тады: "Белая ноч каханьня!" Доўгая ці кароткая будзе яна?

Раптоўная бура над Ангельшчынай змусіла самалёт сесьці ў Гатўіку. Пасажырам прадаставілі цягнік да Лёндана. Уршуля набыла некалькі ангельскіх газэтаў і села ў куце ля вакна, насупраць Лукаша. Калі чытала яму напаўголасу, ён слухаў і ўсьміхаўся, як дзіця, зачараванае казкамі, што чытае яму маці.

У дамку на Ўмблдоне іх нецярпліва чакала Мэры. Пасьля сумеснай гарбаты яны пайшлі наверх, Уршуля ішла перад ім, трымаючы ягоную руку і ціха паўтараючы па-польску дурнаватыя слоўкі з даўніх часоў: "yрэшце адны". Абняўшыся, прытуліўшыся адно да аднаго на састаўленых ложках, яны спалі да ранку наступнага дня, адсыпаліся за Вэнэцыю, як адсыпаюцца за цяжкае ўзыходжаньне на гару.

У нейкім сэнсе гэты апошні пэрыяд іхнага жыцьця, калі яны зноў адчулі сябе братам і сястрою, быў найшчасьлівейшы. Яны амаль не расставаліся, а калі расставаліся, то ненадоўга, аднавілі звычай наведваць сваіх старых лёнданскіх сяброў і часам заахвочвалі іх да зваротнага візыту ва Ўімблдон; адкрыўшы музычныя густы Мэры, часта езьдзілі зь ёй на канцэрты. Лукаш набраўся сілаў нагэтулькі, што ў пагодныя дні выходзіў на шпацыры з Уршуляю.

Неспадзяванай і незвычайнай падзеяй быў для іх візыт польскага амбасадара ў Лёндане. Ён прывёз афіцыйнае паведамленьне, што Седльцы пастанавілі ўшанаваць свайго славутага сына і ягоную жонку. Бяз розгаласу, амаль у сакрэце, тамтэйшы скульптар зрабіў скульптуру Лукаша й Уршулі. Да таго ж абое, калі нягледзячы на сталы век, вырушаць у Седльцы, то атрымаюць ганаровае грамадзянства гораду. Амбасадар выняў з тэчкі вялікі фотаздымак помніка (усё яшчэ закансьпіраванага) і паклаў яго на століку перад Уршуляю. Помнік быў трохі пампезны, але прыемны. Уршуля ўважліва глядзела на здымак, з досыць урачыстым выразам твару. "Ты сядзіш на лаве пад дрэвам, якое гне вецер, а я сядзжу ля тваіх ног пакорлівая, гляджу на цябе з захапленьнем". Са сьмехам дадала: "Згодна з рэчаіснасьцю". Амбасадар растлумачыў: "Помнік паставяць у фае седлецкага тэатру".

Яны паехалі ў Седльцы ў траўні 2001 году. Захаваўся фальварак у Рыбіцах, рыбныя сажалкі, разабралі толькі тартак і на ягоным месцы паставілі Дом культуры. У таварыстве групы работнікаў тэатру яны хадзілі па лугах, іх перавезьлі праз рэчку, на выспачку, зарослую лесам. Стомлены Лукаш сеў там пад сасною, і здаецца, глядзеў на выгін ракі.

У Седльцах Уршулі адразу ж паказалі новы раён, пабудаваны на руінах колішняга жыдоўскага раёну, пазьней гета. Яна стаяла задуманая, зьлёгку дрыжучы, пакуль урэшце Лукаш не абняў яе і не павёў дарогаю да Рыбіц. Іх мерыліся завезьці ў Рыбіцы машынаю, але Лукаш адмовіўся. Ён хацеў дайсьці пешкі; зь вялікім кіем у руках ён выглядаў — як ішоў моцным і ўпэўненым крокам, нягледзячы на кульгавую нагу, — быццам мітычны сьляпы прарок. Уршуля ледзь пасьпявала за ім.

Для іх у колішнім падворку, а цяперашняй гміннай управе прыгатавалі невялікія апартамэнты, выкраеныя з двух некалі дзіцячых пакояў. Яны правялі там, галоўным чынам на вэрандзе, амаль бяссонную ноч, якую ня будзем апісваць падрабязна. Яна была пячаткаю, адціснутай на повязях іхнага дзяцінства.

Пасьлязаўтра ранкам машына забрала іх да Седльцаў. Урачыстасьць была сьціплая, людзей сабралася мала, прэзыдэнт гораду, нейкі заціснуты, уручыў ім ганаровыя дыплёмы і гэтак жа саромеючыся, сказаў кароткую прамову. Лукаш адказаў адным сказам: "Добра перад сьмерцю стаць на зямлю, у якой нашыя карані". Пасьля іхнага вяртаньня ў Лёндан у бары седлецкага Дому Культуры задумваліся, дзе ён падчапіў гэтае выслоўе. З Шэкспіра? З Чэхава? Спрэчка цягнулася гадамі — безвынікова.

Польскае падарожжа павінна было іх амаладзіць і ўзмацніць, а тымчасам празь месяц пасьля вяртаньня Ўршуля адчула першыя болі. Лукаш запанікаваў. Можа адбыцца тое, чаго ён баяўся найбольш: ён застанецца сьляпы й адзінокі.

Як яны прынялі сваё супольнае рашэньне, невядома. Вядома толькі, што абвесьціў каранэр на падставе паказаньняў Мэры: доўгі час, пакуль яна не знайшла іх мёртвых 22 кастрычніка 2002 году, раніцай, атручаных вялікай дозай соннага парашку, неразлучных у апошнім абдымку (Лукаш — моцны, Уршуля — спаленая хіміятэрапіяй), Мэры чула пад дзьвярыма іхныя размовы. Гаварылі па-польску, а таму яна нічога не разумела. Адно толькі слова ацалела зь яе падслухоўваньняў, таму што было падобнае да ангельскага: "канкрэмацыя", "супольнае спаленьне". Яна патлумачыла каранэру, што добра разумее ягонае значэньне. Вэрдыкт гучаў: "Падвойнае самагубства са згоды абодвух бакоў".

Не зьвяртаючы ўвагі на дробны, але ўпарты дожджык, з расьпятымі парасонамі 26 кастрычніка апоўдні на Central Wimbledon Cemetery з памерлымі разьвітвалася вялізная людзкая маса. Апрача славы вялікага рэжысэра і ягонай жонкі, публіку прыцягнуў, натуральна, факт падвойнага самагубства. Паабапал выкапанай магілы стаялі дзьве труны, чакаючы перанясеньня ў крэматорый.

У нічым не замяшанай цішыні пахавальнай урачыстасьці (калі не лічыць дожджыка, што адбіваўся ад парасонаў), слова ўзяў дырэктар "The Sea-Gull" Theatre, малады й таленавіты тэатральны крытык Дэсманд МакГуайр. Сваю бліскучую прамову ён заснаваў на знойдзеным у архівах тэатра "Чайка" эскізе, які sir Luke не пасьпеў або не захацеў апублікаваць на парозе пэнсіі. Эскіз называўся "Чэхаў — Кафка — Бэкет". Выходзячы зь вядомай "касмалягічнай" візіі Чэхава ("усе існаваньні, замкнуўшы свой трагічны круг, згасьлі, і тысячу гадоў няма на сьвеце ніводнай жывой істоты, а бледны месяц без патрэбы запальвае сваю лятарню"), sir Luke затрымаўся на "Зьмене" Кафкі й скончыў свой эскіз вобразам людзкіх лічынак у п’есах Бэкета. "На самай справе, — сказаў прамоўца, — пачаўшы ад будучага 2002 году, наш тэатар пакажа лёнданскай публіцы гэты патройны зьвяз". Пачуліся аплядысмэнты, хаця ў адрозьненьне ад італьянскіх жалобнікаў, ангельцы не маюць звычаю разьвітвацца са сваімі нябожчыкамі воплескамі.

Дзьве труны павольна ўяжджалі пад музыку Баха ў крэматорый у такт цудоўных музычных фраз Баха ("Любімага кампазытара маіх гаспадароў", — сказала Мэры). Мэры стаяла на пляцы каля крэматорыю, быццам уяўляла сабе, што з-за адсутнасьці родных ёй будуць выказваць спачуваньні. Нікому такая ідэя не прыйшла ў галаву. А шкада, бо праз пару дзён пасьля пахаваньня адкрылі тэстамэнт, паводле якога дом на Ўімблдоне разам з садам і машынаю ў гаражы быў запісаны якраз на Мэры, узамен заклікаючы яе кожную нядзелю, нягледзячы на надвор’е, адведваць, парадкаваць магілу ды насіць кветкі.

А з прычыны таго, што яна па сьмерці гаспадароў прывяла ўва Ўімблдон чацьвёра дзяцей свайго кузэна з прытулку на Глёчэстэр і аддала іх у блізкую школку, то на могілкі штонядзелі хадзілі яны ўпяцёх. У пагодныя нядзелі, калі ў далёкім куце могілкаў пад вязамі было пуставата, чацьвёра дзяцей з Мэры, узяўшыся за рукі, вяночкам атачалі магілу і нешта напявалі. Што напявалі? У ангельскім сьпеве дзяцей паўтараўся рэфрэн: "They remarried on the mortal carpet". Мэры суправаджала іх індыйскім рэфрэнам, які, напэўна, паходзіў з таго штату, дзе ўсё яшчэ было абавязковым супольнае спаленьне. Потым аказалася, што індыйскі рэфрэн быў даўжэйшы за ангельскую вэрсію: "Памерлі, злучаныя паўторным шлюбам на сьмяротным ручніку, няхай жа кахаюць адно аднаго на вечныя часы. Жывыя, што аддаюць ім чэсьць у танцы вакол іхнага стосу аж да самага спаленьня, хай жывуць далей у імя вечнага каханьня, якое не разрываецца сьмерцю. Каханьня, якое адкрывае браму ў новае, іншае жыцьцё".

Люты—чэрвень 1999 году