Смак жыцця

Вершы, апавяданні

Анішэўская Алена


poemat — паэма

Наш Парнас

Колькі гадоў таму назад
на першы ўскрылены нарад
сышліся нашы хлопцы —
Ян, Яша, Віктар, Юрка і Сакрат.
Юрку (яшчэ не З.) у аглоблі:
цягні наш воз, дык ты з Зубровіі.
І сыпаць пачалі гару —
з лагодным скатам,
не цяжка каб было узлезці
ў завоблачную высь.
Вядома, умарыліся,
дык не адзіным хлебам...
(ну, прыказкі канчаць не трэба).
І вось стаіць Гара!
Мо яшчэ і не Парнас,
але даступная для нас.

I
З гары відаць, ды В. Швед з Мора
выйшаў на бацькаўскі парог,
вяскоўцам вершы свае дорыць —
у іх слёзы з пройдзеных дарог.
Усё было — сцюжы і лета —
ажно узніклі „Трыялеты”.
Адзін разок глянуў у вочы —
няма спакою ўдзень і ўночы.
У Маскву падаўся (з таго гора),
у неабдымны рускі горад.
За справай выехаў нібыта,
првыёз адтуль „Маскоўскі сшытак”.
Ці ёсць у нас яму хто роўны
па думках, песнях, дабырні?
Яго і стаўлю — паслядоўна —
на самай верхняй вышыні.

II
Тым часам на вярху рассеўся
спадар уладны з Бандароў,
з аселіцы цыбатых феяў —
многа пяшчот, чуллівых слоў.
Каханне, боль, пейзаж зялёны,
высакавольтным слупам смерць —
і вернісаж гатоў ягоны,
Парнас здаўна яму знаёмы,
дык ад калыскі ўжо паэт:
ён нат тады да ног дзявочых
па пожні поўз на тэт-а-тэт.
Касец таксама адмысловы:
ранкам над Нарвай сена косіць,
у поўдзень — студэнтаў на Смычковай.
Пегас яго на крылах носіць —
сёння ў Варшаве, заўтра ў ЗША...
Дзе з кім начуе — ціха, ша!
Гады бягуць, а дынамічны,
б’ецца ў яго шчэ пульс лірычны;
сабраў фальклору мо дзве скрыні,
і час ад часу прыадчыніць,
прыпомніць, як калісь было
і ўжо з вадою адплыло.
Або прысядзе на мяжы,
глядзіць уважна, не кажы,
дакладна хоча прасачыць,
ад чаго бегчы, куды плыць.
Няхай нікому не здаецца,
што выстраляўся наш паэт —
чым ён яшчэ нам адгукнецца
і які выкіне сюжэт?

III
Усё шліфаваў чужыя думкі,
свае адкладваў на зручны час,
ажно сказалі сябру Юрку:
— Кідайце гэты тарантас,
пакоціцца нейк і без вас!
Займіцеся складаннем вершаў
(вы ж пачынальнік першы з першых),
і на Парнасе не каб лішні,
там усё яшчэ не надта цесна,
для вас браніраванае там месца,
а ў Белавежы цвітуць вішні.
Дый каб наступніку было ямчэй,
раю сысці з вачэй.

IV
З літаратурай як панібрат
жыве Сакрат.
Куды ні глянь, кажу сур’ёзна,
слава ў Сакрата грандыёзна.
Нават на Оксфард-стрыт
ён і пісьменнік і пііт.
У Скарынінцы,
бы ў місцы кашу,
варочае гісторыю нашу.
І што знаходзіць? Род!
Яновічы — з Завосся,
Яновічам жылося!
А выдвараны кім?
Пярэкрутам ліхім,
што з Міцькі „ічам” стаў.
Ой, даў ён роду, даў —
у Крынкі перагнаў.
Сакраце, хопіць драм,
ты й без Завосся
наш Адам.
„Загоны” на Парнасе ўзараў
і Скроўбу выцягнуў з за свету,
„Сакрацікамі” выслаў нашу Лету
(пакуль не бачу лепшага ўзору).

V
Чакай, чакай — гукае паэт: — Іду!
„За сабою дзве душы валаку”.
Задуменна ў „Святую студню” глядзіць,
Неспакой у душы пасяліўся, сядзіць,
Чорнай кошкай за грудзі дзярэ:
— Ой, людзі, людзі! Не сакрэт —
„Нікому не патрэбны ў горадзе паэт”.
Душа маленькай птушкай уцякае ў вёску,
там вырай — „у вёсцы восень ставіць кросны”.
Цудоўна на душы, дзівосна.
Які ўсё ж свет харошы!
Тут акадэмія і грошы,
а ў вёсцы штовечар госці...
І так жыве, разбіты, лірычны,
напаўвясковы, напаўсталічны
напаўарол і напаўграк.
Хто гэта? Не скажу і так.
Можа згадае хто — пабачу,
а можа хто і насабачыць:
— Як гэта смела Веліч зачапіць?!
Калі так думаеш, паэт, прабач!
(Шчыра гучыць?)
Я болей ужо ніколі — даю слова —
мабыць асмеліла мяне перабудова.

VI
Падняўся на ўзгорак наш Міхась.
Ужо восень! О, зноў чамусьці ападае.
— На жаль, я чалавек! — крычыць.
— Больш на магу...
І тут валошку сінюю
да сэрца прытуляе.
Кажа: — У жыцці „Кантрасты” неабходныя,
няхай сядае кожны там,
дзе месца больш выгоднае.

VII
О, бачу на гары двух Гайдукоў!
Адзін — удзельны князь гісторыкам завецца,
другі — у зямлі грабецца.
Першы з Рагвалодаўнай Рагнедай водзіць рэй,
княгіню Ефрасінню паважае,
словам, вякоў сакрэты адкрывае.
А там! О, што за блытаніна,што за супярэчнасць!
Дзе праўда? Хто святы, хто грэшны?
З гісторыкам, адзіным зрэшты,
ніхто пакуль спрачацца не бярэцца.
Шкада!
А як каму і засвярбіць язык — ну і што!
Хто ён такі? Адзін — не воін у полі.
Чужыя вырашалі нашу долю.
Пара і нам з Міколам развітацца,
шануйма яго час, ён у зоркі заглядае,
з егіпецкага сонніка чытае —
хто ведае, што там напісана пра нас.

VIII
Другі Гайдук? Ён з бараною ў полі
Пад жаўрука спявае песні волі,
з „Ракіты” кошык выплятае,
туды ўсе думкі-мары ўкладае.
І так жыццё-быццё праводзіць
з прыродай роднаю ў згодзе
ў сваім Тарнопалі.
Такі паэт Валодзя.

IX
Цішком, без шуму гарадскога,
узабраўся на гару Васіль.
Цярністая вяла дарога
яго на „белавежскі” шпіль.
У тым, што піша, не лірычны,
аднак — хто запярэчыць мне? —
у калючай пожні аўтэнтычна.
Аналіз плыткі?
Не-не! Тут роля не мая.
„Пожню” ацэняць крытыкі,
не я.

X
Вось ля падножжа сядзяць тыя,
што часам пагартаюць творы:
„Зялёную паэму” хваляць, Надзю ці Аўрору.
Здараеца, сам пан Жамойцін адгукнецца,
паахкае на ўсе лады
і змоўкне на гады.
За драбязу ён не бярэцца
(шкада, што крытыкай паважна не займецца).
А як аднесціся,
калі Туронак, доктар наш,
прыплюшчыць іранічна вока
і ледзь губамі варухне:
— Даволі твор глыбокі,
ну, нічога незвычайнага няма...
І зноў заляжа цішыня.
(Больш крытыкаў у нас няма).

XI
А ўжо заселена гара багата!
Узяліся тут адкульсь дзяўчаты:
Ірына, Зося, Міра, Ада —
таленавітая брыгада.
І ўсе чапляюцца наверх,
там Надзя спеліць верш:
„Ой, ляцелі гусі”
з Надзінага луга.
Па-над сівым Бугам.
Праляцелі гусі,
Аселі ў сталіцы,
сядзелі-сядзелі,
злоўленага промня
ўтрымаць не хацелі,
з „Роздумам” глыбокім
назад адляцелі.

ХІІ
Ах! Колькі ў нас яшчэ такіх,
што разбудзіліся ў жаданні,
каб тое, што ў душы ляжыць
і што схаванае было гадамі,
назваць па-свойму: хай ляціць
на наш Парнас, ужо ўласны!
Імёнаў гэтых не злічыць,
пра іх гісторыя маўчыць —
ды яны пішуць не для славы.
А колькі іх ужо пагасла...
Усе, што зачапіліся за плынь,
каго нясе яна, абняўшы сваёй сілай,
могуць сказаць: мы ўжо гісторыю стварылі,
ёсць ужо ў нас свае магілы,
дзе радасць і надзею пахавалі
(можа, нас чуе Юрка Г.? Можа,
нас Дзядзька Квас пахваліць?)

ХІІІ
Гару не зварухнуць —
яе ўпірае
карэспандэнтаў рой ужо немалы.
Пісаць ім і расці.
І што было б без гэтай мітусні?

XIV
І так прайшло гадоў нямала.
На „Ніве” ўсё штось даспявала,
калі быў ураджай, калі засуха...
Але не варта падаць духам:
мінулае ацэньваць можна так і сяк.
Мы не загінем шчэ,
я бачу, падрастае маладняк.

XV
Калі каго пакрыўдзіла —
каму дала замнога, каму замала,
каму, мо важнаму, нат месца тут не стала
(паперы брак і часу не хапала,
ды і адна пра ўсіх не праспяваеш),
прабач тады, стваральнік мілы мой,
прабач —
з пашанаю —
А. Анішэўская,
чытач.