Ля чужых берагоў

Альманах твораў беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў


Паэзія - Вершы

Уладзімер Клішэвіч нарадзіўся 27 лютага 1914 году на Случчыне. Друкавацца пачаў у 1931 годзе. Выдаў калектыўны зборнік вершаў “Песьняры Случчыны” ў 1943 годзе. Адбыў пяць гадоў турмы і канцэнтрацыйных лягераў, як палітычны зьняволены, у Сібіры і на Калыме. Цяпер жыве ў Задзіночаных Штатах Амэрыкі.

РАЗЬВІТАНЬНЕ
Бывай, Эўропа, Беларусь, бывай!
Іду ад вас амаль назаўсяды.
Віхор жыцьця мяне ў далёкі край
нясе на хвалях бурнае вады.

У Новы Сьвет цяпер кідае лёс,
выгнаньнік я, жыву, як на бяду.
Ніхто маіх ня бачыць сьлёз,
у родны край ніколі ня прыду.

Шляхі мае, цярнёвыя шляхі,
калі змагу я вольна рукі ўзьняць,
каб памаліцца Богу за грахі
перад другім жыцьцём на сконе дня?

Шуміць вада... Бушуе акіян...
Кідаюць к нізу хвалі параход.
Баліць душа ад незагойных ран,
пылае помстай сэрца за народ.

Навокал царства неба і вады...
Блакітны май, вады зялёны май,
куды нясеш мяне, скажы, куды?
Бывай, Эўропа, Беларусь, бывай!

Атлянтычны акіян, 16 траўня 1946


САД
Родны мой сад далёка.
Ці зайду я к яму назад?
Заплюшчваў я з болем вока
на сьнегам засыпаны сад.

Ня цьвіў гэты сад ніколі —
цьвісьці ня было калі.
Над ім толькі вецер скуголіў
ды чорныя хмары плылі.

Бурам, маланкам і грому
галіны зьгіналіся дрэў.
Ня ладзіў ён крыўды нікому,
а вогненнай помстай гарэў.

1953

* * *
Лягу спаць, толькі мне ня сьпіцца,
ўецца дум залатая ніць.
Срэбных словаў жывая крыніца
ў галаве маей ноччу зьвініць.

Яна ў звоне сваім захавала
маладосьці бурлівай вясну.
І журчаць словы песьняю хваляў,
прабуджаючы сэрца ад сну.

Я адчую тады сябе горда,
калі словы мае з пад пяра
адгукнуцца магутным акордам,
звонам чыстага серабра.

А цяпер мне начамі ня сьпіцца.
Так і хочацца з прагнасьцю піць
срэбных слоў залатую крыніцу,
што так гучна, пяшчотна зьвініць.

1.11.1944

ФАНТАЗЫЯ
Слова да слова і думкі мяцеліцай
Круцяцца, плаваюць, сьцелюцца.

Віхар сьцюдзёны, то віхар гарачы
Праносіцца зь піскам, гігіканьнем, плачам.

Ўсё абрываецца... Мора пустэчы
Носіцца прыкра ў мазгу чалавечым.

Словы і думкі ў няведамасьць гінуць...
Страшна! Як страшна ў такую хвіліну.

ЗАХОД СОНЦА
Дзень у цяжкай стоме к ночы адыходзіў,
Ня шумелі лісьцем белыя сады.
Дагарэла квола сонца на заходзе,
Патанула ціха ў возеры вады.

Заціхала песьня галасоў дзявочых,
Рэхам праляцела звонка у бары.
Выступала ў чорным каралева ночы,
Запаліўшы ў небе ясны сьвет зары.

Сумна адрываўся толькі белы лебедзь
Песьняй разьвітальнай у вячэрні час.
Было цёмна ўсюды, было сьветла ў небе,
Калі дзень апошні непаўторна згас.

З гэтым днём у вечнасьць адыйшло ня мала...
Неяк няпрыкметна раптам дня ня стала...

* * *
Навошта я пішу, хто мае ў тым патрэбу?
Марную час, сьцякае кроў чарнілам.
Рука галоднага працягваецца к хлебу,
рука багатага у кашальку застыла.

Каго-ж тады мае радкі цікавяць?
Каму? Навошта? Эх, пустыя словы...
Глянь ад мяне, як ад чумы, ўцякаюць
карыснага жыцьця галовы.

Ім хлеб давай, а ня узьлёты дум.
Не накарміць галоднага радкамі...
Бывайце, я ад вас іду,
кідайце на мяне апошні камень.

Такіх я спатыкаў ня раз.
Ад войстрых слоў я на зямлю ня падаў.
Паэты пішуць не для вас —
двуногіх і халодных гадаў.

4.2.1948

* * *
Хочаш плач ці давіся ад сьмеху —
не ўцячэш ад праклятай бяды.
На апошні паўстанак заехаў,
болей ехаць няма куды.

Ад утомы і коні сталі.
Хмары, цемень, няма дарог.
Глянуў я у туманныя далі —
камень цяжкі на сэрца лёг.

Ня стрымаць ні сарказму, ні сьмеху,
многа поўзаў сюды і туды.
На апошні паўстанак прыехаў,
болей ехаць няма куды.

29.2.1948

* * *
Дай мы, сябра, сягоньня харошую
чарку вып’ем з табою да дна.
Замяло нам дарогу парошаю,
а дарога ў магілу адна.

Не жадаю нічога на сьвеце я,
толькі-б выпіць ад смагі віна.
Хай жыве і красуецца трэцяя
на зямлі між людзямі вайна.

Не глядзі! Бо ня стаў-жа вар’ятам я,
а кажу табе тое, што ёсьць.
Загарыцца вайна праклятая —
гэты дзікі і часты госьць.

Толькі трэба на неба прыгледзецца
і на зоры жыцьця паглядзець.
К верху хвост падняла Мядзьведзіца,
значыць, быць на зямлі бядзе.

Зноў навокал пажар расьсьцелецца,
к небу ўстануць агні — языкі.
Згіне ўсё у вар’яцкай мяцеліцы,
застануцца адны мерцьвякі.

А таму і хочу харошую
выпіць чарку з табою да дна.
Хай заносіць дарогу парошаю,
бо дарога ў магілу — адна.

Эсьлінгэн, 1946

ВОЗЕРА
Стаіць, як вока, возера вады,
а лес кругом выцягваецца ў неба.
Расьпісана у розныя сьляды
на мокрым беразе жывёлай глеба.

Уважліва у возера зірні!
Бязьмежная адлегласьць прад табою:
як зорнай ноччу сьвецяцца агні,
тады душа прыходзіць да спакою.

Прыйшоў і я да возера быцьця,
каб паглядзець у глыбіню, напіцца.
Тут зоры дзіўным сьветам зіхацяць.
У люстра возера сьцякае таямніца.

Пазнаньне ў глыбіні магчыма,
тады далёкае бліжэй перад вачыма.

12.9.1950

ЧАС
Згарае сонца ліпеньскай сьпякотай,
нічога не парушыць голас цішыні.
Нястрымна час адзін мяняецца употай
і так за днямі прабягаюць дні.

Кранула ліст на дрэвах пазалотай,
гарыць каштан прывабна у вагні.
Кіпіць штодзень нябачная работа,
усё зьмяняецца, куды не загляні.

Высока воблакі плывуць па-над зямлёю,
дарогам іх няма канца і краю,
ня ведаюць яны ў жыцьці сваім спакою.

І дзень і ноч трывожныя сьпяшаюць...
Глытае час жыцьцё патокамі ракі,
у вечнасьць падаюць гады, вякі.

27.7.1950

НА ПЛЯЖЫ
Гарыць пясок ад сонца пабялелы,
а сонца плавіцца, сьцякае варам.
Варушацца ў пяску людзкія целы,
апранутыя бронзавым загарам.

У бераг б’юць трывожна мора хвалі,
зьбіваюць з ног людзей сабою,
у глыбіню сваю няведамасьць схавалі
і так змагаюцца вада зь зямлёю.

А сонца вогнена пячэ і смажыць,
само ўзьнімаецца у неба вышай,
прыемна назіраць тады на пляжы...

Магутны акіян павольна дыша...
Ужо гараць у небе зораў вочы,
не замаўкае пляжа аж да ночы.

12.8.1950

* * *
Што на сьвеце людзкія ахвяры...
Да ўсяго на зямлі я прывык.
Голас мой у духовай Сахары —
прадсьмертны апошні крык.

Мне ўсёроўна, куды ня ідзём мы,
над усім стаўлю кропку адну.
Чую мне пахавальнік знаёмы
забівае цьвякі у труну.

Што з таго, што калісьці я марыў,
безнадзейна мой промень зьнік.
Голас мой у духовай Сахары —
прадсьмяротны апошні крык.

1952

* * *
З табою мы заўсёды неразлучна
шагаем у бяздоннай ночы.
Сугучна мы ідзем, ці ня сугучна,
а ўсё-ж мы йдзем, а ўсё-ж мы крочым.

Вялікі шлях прайшлі цярнёвы
і падалі, і паднімаліся нанова,
то горда йшлі, узьняўшы ўверх галовы,
то ціха крочылі — бяз слова.

І ты, мой верш, мой верны дружа,
ты быў адзінай мне апорай —
ці я згінаўся перад сьцюжай,
ці быў засмучаны ад гора.

Ў тварэньні вольнасьці вялікай
прыходжу толькі да спакою:
тады я цар, тады ўладыка,
зямля — нішто перада мною.

Зямнога рабства ланцугі
ськідаю я зь сябе самога.
І ў сьвет чароўны, ў сьвет другі
мне адчыняецца дарога.

О, дзіўны верш, о верш красы —
паэзіі ўсяе аснова —
вясёлкі колерам рассып
ўсю прыгажосьць на сілу словаў.

Каліфорнія, сьнежань, 1953

ЧАЛАВЕК
Думкай сьмелай сягаючы ў неба,
і чаго толькі ён ня прыдбаў.
Усё стварыў для сваіх патрэбаў,
усё стварыў для сваіх забаў.

Гэты сьвет я заву толькі раем,
хоць у ім навет пекла ёсьць.
Шкода мне, што мы ўсе паміраем,
а народжаны — толькі госьць.

Каліфорнія, 1954

У ВЫРАЙ
Ой, упала зорачка згары ўніз,
а двурогі месячык над ракою зьвіс.

Гусі ў лузе шэпчуцца ля вады.
Павяваюць з поўначы халады.

Туманамі сьцелюцца паплавы.
Ў небе адгукнуліся журавы.

Адлятаюць госьцікі ды ад нас
у старонку цёплую на зімовы час.

Ой, упала зорачка згары ўніз,
а двурогі месячык над вадой павіс.

Каліфорнія, 1954

* * *
Цішыня над вадою нямая,
цішыня — цішыні.
Неба зорамі ў воду сплывае
з вышыні.

Крыльлі думак мяне высока
нясуць угару.
Сам тады я, як вольны сокал,
зоркай гару.

І ў такую сьвятую хвіліну
цішыні
мне ня хочацца ўжо пакінуць
вышыні.

Каліфорнія, студзень, 1954

ГРЭЦЫЯ
Вялікая там творчасьць мастака,
Дзе формай зьмест апрануты умела.
Так эйліна калісьці скульптара рука
Тварыла прыгажосьць людзкога цела.

Нас разьдзяляюць з Грэцыяй вякі,
А мы ўсё ходзім к эйлінам у госьці.
І вучацца у іх нашчадкаў мастакі
Тварэньню вечнай прыгажосьці.

СЬМЕРЦЬ САКРАТА
На твары вучняў нявымерны жах —
Жыцьця настаўніка палічаны хвіліны;
Трымае кубак ён з атрутай у руках
Бясстрашны між сяброў Сакрат адзіны.

Атрута выпіта і рот засмаг,
Нязломны дух у ім, пагляд арліны,
Развага мудрасьці ў яго вачах,
У словах гэнія бязмежныя глыбіны.

Апошнія мудрэц прамовіў словы
І вочы зачыніліся навек —
Спакойна адыйшоў у вечнасьць чалавек.

Сьхіліліся пакорліва сяброў галовы —
Была вялікаю, трагічнай страта
Для чалавецтва сьмерць Сакрата.

ТЭЗЭЙ
У Лябірыньце сьмерць мяне не напаткала,
адкуль ніхто ніколі ня выходзіў.
Я зьнішчыў Мінатаўра ў жудасным паходзе,
я перамог страшэннага нямала.

Мне Арыядны нітка памагала.
Але дабро заўсёды зло народзіць.
Я зрадзіў ёй. Каханьня, сказаў, годзе,
за славаю пайшоў я з радасьцю Тэнталя.

І сьпіць яна на востраве пустыні,
а караблі мае у мора паплылі.
Агонь трывожна ў маім сэрцы стыне.

Мне посьпехі спакою не далі.
Падобна да мяне зь іх кажны мяне кіне.
Хутчэй, хутчэй адгэтуль, караблі!

РЫМ
Магутны Рым у прошлым вялічава
ішоў за Грэцыяй далёка з заду.
Стварыў нашчадкам ён клясычнасьць права,
клясычна сам прыйшоў да заняпаду.

1950