Ля чужых берагоў
Альманах твораў беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў
Паэзія - З цыклю „Пад зорамі белымі”
Міхась Кавыль нарадзіўся 1 сьнежаня 1915 году на Случчыне ў сялянскай сям’і. Як “нацдэм”, у 1933 годзе быў арыштаваны ГПУ і высланы на тры гады ў канцэнтрацыйны лягер на Далёкі Ўсход. Друкавацца пачаў у 1930 годзе і выдаў зборнікі вершаў “Ростань” і “Пад зорамі белымі” (1955). Жыве цяпер у Задзіночаных Штатах Амэрыкі.
ПРОСЬБА
Каля Слуцку ёсьць адно сяло,
невялічкае, двароў зь дзесятак.
Калі-б вас туды як завяло,
пашукайце, калі ласка, хату.
Сярод хат яна адна, бадай,
на страсе гадуе мох зялёны;
на дварэ красуе лебяда,
ля варот сумуюць ціха клёны...
На кале пузаты дрэмле гляк,
пад хлявом цабэрак у мякіне...
на градзе цьвітуць півоні, мак,
па сяброўках журыцца вярбіна...
Вы напэўне знойдзеце, і вас
прывітаюць хлебам чорным з сольлю.
І сьцюдзёны смагу ўтоліць квас,
пачастуюць бульбаю з фасоляй.
Запытайцеся тады у той,
што спаткае і адчыніць дзьверы,
ці чакае скуль-нібудзь сватоў,
ці ня ўтраціла надзею й веру.
І адкажа: “Як-жа, абяцаў...
Толькі мо’ нямашака на сьвеце...”
Не чакайце сумнага канца
І маёй пакутніцы скажэце,
што жыву, кахаю і прыйду,
як зямлю маланкі зноў ахрысьцяць.
Хай прадзе пачынкі сьветлых дум,
тчэ сузор’і радаснага прыйсьця.
1953, ЗША
ІДЗІ, ІДЗІ...
Упала ноч...
Як эдэльвайсы, зоры
цьвітуць над Альпамі.
Аскепак-маладзік
у неба ўрэзаўся.
Блакітнае на горы
імжыць сьвятло.
А ты ідзі, ідзі...
Якая ноч!
Як у сьвятыні, ціха
і урачыста —
на калені упадзі.
Вунь там... агонь міргае...
Шчасьце зь ліхам
Кладуцца спаць...
А ты ідзі, ідзі...
Трывожыць ноч,
як сьмерці жах мінулай.
І прышласьць мроіцца,
як недабіты дзік...
Нібы агонь,
няўсподзеў шуганула
жаданьне жыць.
Каб жыць, ідзі, ідзі...
Разьбілась ноч,
і зазьвінелі зоры.
Прамень, як штых, бліснуў...
І маладзік
з’бляднеў, самлеў...
Ружовае на горы
імжыць сьвятло.
А ты ідзі, ідзі...
1944—1952
У АКІЯНЕ
Вецер-смык на струнах-тросах
грае дзікія факстроты.
Як дазоры, альбатросы,
нібы здані, шчоглы-гроты.
Акіяну й неба шэрасьць,
маракі наўкол паселі.
Дзень і ноч калоціць, мэрам
на шалёнай карузэлі.
Раптам кіне, нібы з кручы,
скрыгане, як сталь у жорнах;
як у пекле тым кіпучым,
круціць, верціць, бела, чорна...
Паўтарацьмеш бязупынна,
як вар’ят той загайданы:
— Ўсе пяскі зьбяру з пустыняў
і засыплю акіяны.
Атлянтычны акіян, 27.2.1950
ПРЫСТАНЬ
Палахліва у вады люстэрцы
зь неба сіняга глядзяцца зоры.
Карабель стаіць. Стальное сэрца
б’ецца ціха. У тумане горад,
нібы здань. І вецер ня ськіголіць.
Абнялося з прышласьцю сягоньня.
Я і мары. Ды Статуя Волі
насупроць з запаленай паходняй.
1950
* * *
Байдаркі і яхты... Бурхлівыя хвалі.
Вятры заблудзіліся ў ветразях белых,
і шчоглы хрыбты да вады пазьгіналі...
Дарогу у мора бясьпечным і сьмелым!
Дарогу у мора, у штормы, у буры!
Няўтоймныя сэрцы жывуць небясьпекай.
Сівы акіян бровы шэрыя хмурыць,
у сударгі кінула рэчкі і рэкі.
У бухты даўно караблі паўцякалі:
на моры у штормы ня знойдзеш ратунку.
А човен плыве па разьюшаных хвалях,
у чорную даль углядаецца юнга...
1953
ПЕРШАЯ РАНА
1
Слуцак. Станцыя. Цягнік.
На пэроне людзі.
Моўкнасьць гораду і ніў
крык гудка успудзіў.
Кажушок на галаву
ад ліхтарні вока.
Ў мора чорнае плыву
ад зямлі далёка.
— Гу-гу-гу!.. Бягу, бягу!..
Рэхча кабыліца.
Разагнаў цягнік дугу
з крыкам у сталіцы.
2
Іду па ходніках. Бяжыць
дзяўчына. Пахне цьветам.
— Прабач, скажы: агульнажытак
тэхнікуму дзе тут?
— Вунь, там, Эльвод*... Налева дом...
І вочы апусьціла.
— А лепш цябе я давяду.
І давяла і міла
на ростань ціха па плячу
рукою, як хусьцінкай.
Агеньчык бліснуў у ваччу
блакітнай павуцінкай.
* Эльвод — назаў электрастанцыі ў Менску.
3
На заняткі хадзіў штодня.
Прагуляць — найвялікшы грэх.
Не сабакаў прыехаў ганяць,
падымаць сябе на сьмех.
Выскалякі усюды ёсьць.
Асьмяюць, не заўважыш як.
Нежаданы ты станеш госьць,
брату роднаму не сваяк.
І ў насьценнай газэце — гэрой.
І на чорную дошку — красуй.
І студэнты, пчаліны рой,
не схаваюць пагарду, сум.
4
У Нямігу глянуць зоры,
усьміхнуцца сьцісла,
і лятуць, лятуць праз горад
паглядзецца ў Сьвіслач.
Паглядзяцца, вокам сінім
навакола кінуць
і заўважаць пад вярбінай
хлопца і дзяўчыну.
Каб ня бачыць іх правінаў,
стрымгалоў у воду.
А я йду шчасьлівы зь Нінай
ў домік ля Эльводу.
5
За прыгожай, маладою
злыя сочаць вочы.
Шчасьце спарана зь бядою,
неразлучна крочаць.
Сьлёзы смачныя ад сьмеху,
горкія ад гора.
Раз ішла мая уцеха
не зы мной за горад.
Хай пярун бы мяне ўдарыў,
галаву расквасіў:
вёў пад руку маю мару
камсамолец Вася...
6
Перакрэсьліў загалоўкі
новае вязанкі,
у трамвай, на Камароўку,
ў лес каля Сьляпянкі.
Там зялёныя узьвеі
б’юць паклон Радзіме;
там чакаюць два Сяргеі,
адзін Уладзімер...
Там суцішнае ёсьць месца
каля стромкай хвоі.
Слухаць будзе толькі месяц,
як ракой жывою
рыфмаў стройныя узьвівы
зазьвіняць па лесе.
Павядзе нас па абрывах
маладая песьня.
А нязломная шыпшына
воплескамі лісьцяў
супакоіць — не загінем,
выйдзем, знойдзем выйсьце.
7
У тую ноч не адзін я прыйшоў.
Мо на шчасьце, а мо на бяду
я прывёў з сабой таварышоў,
недазволеных дум чараду.
Не давалі заснуць мне сябры,
ўсё пыталі, чаму Беларусь
пяцікутнаю зоркай гарыць,
не запаліць сваю зару.
Адказаць я ня мог ім тады
і за мною хадзілі яны.
Няутоймных сяброў сьляды
страціў я на дарогах вайны.
8
Трыццаць трэйці галодны год.
Трыста грамаў хлеба — паёк.
Падцягнула і мне жывот.
Торбы накрыж і ў рукі кіёк?
Дзе дзяваліся ўзьнёсласьць, імпэт?
Растапырыўшы ногі, як рак,
ледзь ідзе да харчэўні студэнт,
ня студэнт — запытальны знак.
9
Не прасіў дапамогі з дому,
ведаў — сёстры і маці ў бядзе.
Самі чорствым давяцца комам,
рады шчаўніку ды лебядзе.
Сашчаперылі ў роспачы рукі
і ня ведаюць, жыць, ці ня жыць;
ўпотай ловяць таемныя гукі
аб ратунку з заходняй мяжы.
10
Я ня бачыўся доўга зь Нінай.
Да мяне завітала яна...
Працягнула галінку шыпшыны
і лагодна сказала — на!..
Каля сэрца насі заўсёды,
гэта твой і мэдалік, і крыж.
Ты радзіўся у час непагоды,
непагоды баісься ці-ж?
Не давай заскарузець слову.
Слова праўды — ражанец і меч.
Словам можна здымаць галовы,
але сэрцы ты ім не калеч.
Шмат цябе навучаць ня стану,
прад табою шляхі і шляхі.
Беларусі крывавую рану
не загоіць прыблуда ліхі.
І пайшла, як прыйшла, ня ў дзьверы,
не праз комін, дзе чад і дым...
Новым вершам на белай паперы
пачарнелі Музы сьляды.
11
З тэй пары сінязорныя вочы
павялі мяне цяжкай дарогай.
З камсамольскаю зграяю крочыць
я ня мог, не патрапіў у ногу.
Надрываліся выпаўзьні — левай!
Я наўмысьне, наўсуперак — правай.
У шэрым гмаху высочныя гневу
завялі на мяне справу...
12
Чалавек чалавеку зьвер.
Чалавек чалавеку брат.
Якой хочаш меркай зьмер,
але гад застанецца гад.
Прайдзісьветы усюды ёсьць, —
беларускі народ не сьвяты, —
і Цыган Беларусу госьць...
Ці ня шмат у нас дабраты?
13
Зь ім я жыў пад аднэю стольлю.
Мы дзяліліся хлебам і сольлю.
Нас вязала агульная мэта:
як і я, ён цаляў у паэты.
Надзяваў ён кашулю маю
і пяяў — “Я ля раю стаю...”
Я напяльваў яго піджак,
падпяваў — “Падарэце пятак!..”
Парным летам, суворай зімой
быў ён лепшы таварыш мой.
Эх, таварыш, таварыш Васіль,
ты ў запазусе камень насіў.
14
Я ні слова пры спатканьні,
а яна хоць бы паўслова.
Неяк сумна ў вочы глянем,
ды апусьцяцца галовы.
Так і пойдзем, як чужыя,
незнаёмыя ніколі.
Толькі сэрца ціха ные,
толькі ў сэрца штосьці коле.
І ня сьпіцца: думы, мары.
Што цяпер ты робіш, дзе ты?
Сэрца слухаю удары,
успамінамі сагрэты.
15
А сябра мой, таварыш першы, —
такім цяпер не назаву, —
закінуў лекцыі і вершы,
пісаў даносы ў ГПУ.
Даруй яму, Божа, правіны:
кахалі мы адну дзяўчыну.
16
Мы спаткаліся зь ёй нечакана,
маладосьць ня умее чакаць,
гэтак толькі моцна закаханых
зводзіць лёгкая лёсу рука.
Да паўночы блукаў я ля дому, —
домік Ніны, забыты даўно! —
Нібы хтосьці яе павядоміў,
паглядзела Ніна ў вакно.
Доўга мы па Нямізе гулялі,
сагравалі нас ветры, мароз.
Як вастрогу праходзілі каля,
ня стрымала Ніна сьлёз.
Не даходзіў я надта прычыны,
думаў: сьлёзы — прываба жанчыны...
Пры растаньні ізноў залілася
і сказала: “Сьцеражыся, Вася...”
Эпілёг
У прасторнай сьветлай залі
джаз грымеў. Танцавалі вальс.
Слова мы зь ёй не сказалі,
сэрцы шапталі за нас.
Трубы, іскрыпкі зьвінелі,
вандраваў я не на зямлі...
І прыйшлі яны ў шынэлях,
з ГПУ каты прыйшлі.
Лопнулі мары, як струны,
меч каральны шчасьце расьцяў.
Першы ў жыцьці пацалунак,
першая рана жыцьця...
1955