Гэтыя словы нашай выдатнай паэткі на эміграцыі, Натальлі Арсеньневай могуць добра служыць за мото ўсяе нашае эміграцыйнае літаратурнае творчасьці, бо яны праўдзіва адлюстроўваюць тыя шляхотныя заданьні, якія ўзяла на сябе нашая палітычная эміграцыя, у дадзеным прыпадку — паэты й пісьменьнікі. На іхную долю выпала ў песьнях і мастацкіх вобразах несьці ў далеч Беларусь, у думках вольную ў вольны сьвет, бо на Бацькаўшчыне, дзе ўладае цемра й жахлівае нявольніцтва, яна паняволеная, узьлёты вольнае думкі скаваныя, прыгожыя імкненьні народу патаптаныя, ягоныя нацыянальныя сьвятасьці апляваныя. Толькі на чужыне, дзе ўдалося знайсьці прыпынак маленькай жменьцы беларускага народу — ягонай палітычнай эміграцыі, асталася магчымасьць захоўваць цягласьць нашай нацыянальна-вызвольнай ідэі і, хоць у сьціплых разьмерах, разьвіваць і тварыць нашыя нацыянальныя культурныя цэннасьці, якія будуць некалі прынесеныя ў вольную Беларусь, каб там запоўніць пустое месца, паўсталае ў найчарнейшыя гады бяспрыкладнага нявольніцтва. Бо ўся сяньняшняя літаратурная прадукцыя на Бацькаўшчыне, хаця й багатая колькасна ды размавітая сваімі жанрамі й формамі, ёсьць пазбаўленая, як і ўсе іншыя зьявы культуры, беларускае душы і поўнасьцю пастаўленая на службу акупанту.
Першыя гады пасьля заканчэньня апошняй вайны ня былі спрыяльнымі для разьвіцьця беларускае мастацкае літаратуры на эміграцыі. Нашыя суродзічы, расьцярушаныя па ўсей Заходняй Нямеччыне і ў іншых краінах эўрапэйскага Захаду, вялі ў гэтым часе няпэўнае і часовае жыцьцё, будучы спачатку загрожаныя прымусовай рэпатрыяцыяй, а пазьней, калі рэпатрыяцыйная небясьпека мінула, былі падхопленыя агульнай хваляй масавага эміграваньня ў краіны сталага пасяленьня й працы. Такая атмасфэра, рэч ясная, не магла спрыяць літаратурнай творчасьці. З другога боку, першыя паваенныя гады разьвіваліся пад знакам фармаваньня грамадзкай і палітычнай думкі ды нутранай кансалідацыі нашай эміграцыі, якая, апынуўшыся ў новых умовах жыцьця, павінна была нанова сканкрэтызаваць і аформіць свае палітычныя нацыянальна-вызвольныя пазыцыі, выпрацаваць новы стыль жыцьця грамадзкага. Пытаньні літаратурнай творчасьці стаялі на заднім пляне.
Трэба паставіць у лік немалых заслугаў нашых літаратурных сілаў, што і ў гэтыя няпэўныя гады яны ня толькі не пакідалі думкі аб патрэбе наладжаньня літаратурнага жыцьця, але й рабілі саматужна канкрэтныя спробы ў гэтым кірунку. Адцемім хоць-бы выданьне ў 1947—48 гг. стараньнем пісьменьніка Васіля Бірыча трох вялікіх сшыткоў саліднага літаратурнага часапісу “Сакавік”, або зарганізаваньне ведамым пісьменьнікам Юркам Віцьбічам літаратурнага згуртаваньня “Шыпшына” й выдаваньне на працягу некалькіх гадоў добра рэдагаванага й цэннага літаратурнага часапісу пад тым-жа назовам “Шыпшына”. Тады-ж пачалі паяўляцца й некаторыя іншыя, праўда, кароткавечныя літаратурныя часапісы, ды было выдадзена і некалькі зборнікаў паэзіі. Але ўсё гэта, як успаміналася, ня мела ані сталага характару, ані выразнай пэрспэктывы.
Палажэньне зьмянілася на лепшае пасьля 1950—51 гг., калі працэс масавага эміграваньня за акіян закончыўся, а тыя, што выэмігравалі, змаглі ўладзіцца і распачаць больш менш сталае арганізацыйнае жыцьцё ў краінах новага пасяленьня. Беларуская эміграцыйная грамадзкасьць уступіла тады ў працэс творчае працы ў розных галінах нацыянальна-палітычнага, грамадзкага й культурнага жыцьця, у тым ліку — і ў галіне літаратурнае творчасьці.
Да актывізацыі літаратурнага руху выдатна прычыніўся тыднёвік “Бацькаўшчына”, які ад 1952 г. увёў на сваіх бачынах сталы “Літаратурны дадатак” і да супрацоўніцтва прыцягнуў бадай што ўсе нашыя літаратурныя сілы на чужыне. Літаратурным пачынаньням наймалодшых аўтараў верна служылі часапісы беларускае моладзі “Наперад” і “Моладзь”. Ад 1954 году пачаў выходзіць у Нью Ёрку салідны й добра пастаўлены літаратурна-мастацкі часапіс Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва “Конадні”, які згуртаваў вакол сябе ўсіх выдатнейшых эміграцыйных паэтаў, пісьменьнікаў, мастакоў і літаратурных крытыкаў ды мае ўсе дадзеныя згуляць правадніцкую ролю ў нашым літаратурным жыцьці на чужыне.
Паэты й пісьменьнікі, творы якіх трапілі ў гэты альманах, усе бяз вынятку належаць да новай эміграцыі. Апошняя вайна й паўторная акупацыя Беларусі бальшавікамі выкінула іх на чужыну, дзе яны, як і наагул беларускія эмігранты, знайшлі сабе прыпынак у Эўропе, Паўночнай і Паўдзённай Амэрыцы ды Аўстраліі. Амаль усе яны пачалі пісаць яшчэ на Бацькаўшчыне, а некаторыя, як Натальля Арсеньнева й Юрка Віцьбіч, былі ўжо там шырока ведамымі й агульна прызнанымі. Там яны годна дзялілі лёс усіх перадавых ахвярных змагароў за народную справу, аб чым сьветчыць факт, што бальшыня абнятых гэтым альманахам аўтараў — гэта былыя вязьні савецкіх турмаў і канцэнтрацыйных лягераў. Гэта сталася аднэй з прычынаў, што ў іхнай сяньняшняй творчасьці, разьвіванай на эміграцыі, захавалася шчырая й беспасярэдняя лучнасьць з родным краем.
З гледзішча тэматычнага творчасьць нашых эміграцыйных аўтараў канцэнтруецца галоўным чынам на адных і тых-жа мамэнтах, якія зьяўляюцца, галоўным прадметам паэтычных перажываньняў і ўзбуджаюць сільную творчую рэакцыю. Гэта наступныя тэматычныя камплексы: падзеі з паднявольнага жыцьця на Бацькаўшчыне, якія найчасьцей паказваюць тыповыя там і трагічныя ў сваей жахлівасьці выпадкі, калі або самі аўтары, або іхныя гэроі трапляюць у сутык з усёмагутным НКВД і робяцца ягонымі ахвярамі з усімі ведамымі гэтага вынікамі; падзеі з часоў апошняе вайны й прымусовае працы ў Нямеччыне ў характары бяспраўных “ост-арбайтараў”; жыцьцё і праца ў краінах вольнага сьвету.
Дамінуючая рыса ў творчасьці нашых эміграцыйных аўтараў — гэта шчырыя й глыбокія патрыятычныя эмоцыі. Кажны паэта канкрэтызуе іх па своему, у залежнасьці ад спэцыфічных якасьцяў свайго таленту. Але сіла, глыбіня і праўдзівасьць паэтычнай рэакцыі на ўспаміны аб родным краі, ягоным сяньняшнім лёсе і на ўсьведамленьне сваей адарванасьці ад яго бадай што ў кажнага зь іх узьведзеныя да найвышэйшае ступені. Усьведамленьне выгнанскага лёсу паэты-эмігранта і туга за родным краем зьяўляюцца галоўным рухаючым маторам іхнага творчага паэтычнага працэсу.
У многіх творах асабліва такіх аўтараў, як Арсеньнева, Салавей і Крушына, паэтычнае ўспрыйманьне новых і адменных зьяваў на чужыне выклікае, у сілу асацыяцыі або кантрасту, жывыя ўспаміны з роднага краю або пачуцьцёвыя алюзіі да яго. Гэтак, прыкладам, нявыносная ньюёрская сьпякота выклікае ў паэтычным выабражэньні Арсеньневай зусім адменны сваім характарам і пачуцьцёвым успрыйманьнем паэткі абраз беларускага лета:
А ў нас цяпер жыта хінуць калосьсе,Такое спляценьне двух кантраставых пачуцьцяў, выкліканае ўяўленьнем адменнай чужыны з аднаго боку і далёкай Бацькаўшчыны — з другога вельмі мастацкую канкрэтызацыю знайшло ў словах Салаўя: “О, Афрыка! Крывіччынай была-б ты, каб Нёмнам быў твой поўнаводны Ніл” (“Перад вясной”). Гэтак найбольш улюбленымі і найчасьцейшымі паэтычнымі абразамі, пры гэтым глыбака насычанымі настраёвасьцю й эмоцыямі, зьяўляюцца ўяўленьні роднага краю, выкліканыя шляхам асацыяцыі або кантрастаў з жыцьця на чужыне.
Бязьмежная любоў роднага краю, узьнесеная часта да вышыняў рэлігійнага піетызму, і бяздонная туга за ім зьяўляецца тыповай эмацыянальнай рысай гэтае паэзіі. Таму яна авееная глыбокім сумам, у ёй зьвіняць пераважна мінорныя тоны. Але з асаблівым націскам трэба падчыркнуць, што сумныя й тужлівыя тоны гэтай паэзіі ніколі ня пераходзяць у роспач і безнадзейнасьць. Асноўнай і тыповай рысай гэтае паэзіі ёсьць цьвёрдая й непахісная вера ў будучыню, а частыя ў ёй абнадзейваньні аб бяссумлеўнасьці павароту ў родны край ня выклікаюць пачуцьця штучнага самаабману. Гэта найвымоўнейшы довад, што ані цяжкі й бяспэрспэктыўны лёс, які адарваў нас ад роднага краю і расьсеіў па шырокім сьвеце, ані ўсьведамленьне факту, што край наш і народ крывавяцца пад цяжарам няволі, нас не зламалі духова й ня зьнішчылі веры ў перамогу.
Гэтую жыцьцяздольнасьць і сілу ператрываньня дае нашай эміграцыі неразрыўная духовая сувязь з родным краем, як прыгожа гэта выразіла Натальля Арсеньнева ў сваім вершы “Хоць мы лісты”:
Хоць мы лісты, што восенскі віхор,Гэтая арганічная сувязь з краем і ўсьведамленьне вялікай творчай сілы народу, моцнага імкненьня да дасканаласьці й хараства родзяць у перакананьні нашых паэтаў непахісную веру ў ягоную будучыню. Прыкладам такога аптымістычнага перакананьня могуць служыць наступныя радкі Ул. Дудзіцкага:
І я ня дам ніколі веры,З гледзішча мастацкае ўзроўні, прыроджаных здольнясьцяў і літаратурнае культуры нашыя эміграцыйныя паэты й пісьменьнікі, пэўне-ж, не на аднолькавай знаходзяцца вышыні. Ёсьць між імі і таленты сярэдняе якасьці, ёсьць аўтары, якія сябе яшчэ дастаткова ня выявілі, але ёсьць і такія, якія ўжо сябе паказалі, як аўтары высокай якасьці.
Нельга закрываць вачэй і на тое, што нашая мастацкая літаратура на эміграцыі зьяўляецца вельмі сьціплай і абмежаванай, як колькасьцю ейных прадстаўнікоў, гэтак і багацьцем іхнае прадукцыі. Прычыны гэтага добра ведамыя кажнаму, хто скаштаваў усе горычы выгнанскага лёсу. Але ня гледзячы на ўсе злыдні эмігранцкага жыцьця, у вадным дачыненьні нашыя паэты на чужыне знаходзяцца ў шмат шчасьлівейшым палажэньні, чымся іхныя сябры па пяру на Бацькаўшчыне, якімі “чула” апякуецца партыя і ўрад, абчэплівае іх ордэнамі ды прызнае сталінскія прэміі. Але калі там на Бацькаўшчыне “чужыя людзі ловяць песьню, каб у вастрог яе загнаць”, як вобразна выразіўся Рыгор Крушына, нашыя паэты на эміграцыі, пры ўсім сваім горы і няшчасьці, ашчасьліўленыя тым найвялікшым, чаго на Бацькаўшчыне няма: яны вольныя і могуць свабодна тварыць!
Гэта дае вялікія магчымасьці, але ў роўнай меры і ўскладае на нашых людзей пяра вельмі адказныя абавязкі: захаваць і годна прадаўжаць у прыгожым слове й мастацкім вобразе цягласьць беларускай нацыянальна-вызвольнай ідэі, а таксама ўзмацняць веру ў суродзічаў-эмігрантаў, што дзень вызваленьня прыйдзе. Бо, як прыгожа выразіўся С. Ясень, адзін з наймалодшых паэтаў: “калі ночы ёсьць — мусіць быць Раньне!”