Поўня заплывае ў маё вакно i, нiбы магутны вайсковы пражэктар, выкрывае мяне ў маiм ложку. Я паварочваюся ад яе, але сон усё адно не прыходзiць. Цэлы дзень i цэлае жыцьцё пракручваецца ў галаве, нiбы паскоранае кiно. Тысячы стужак, якiя бягуць крыж-накрыж, ствараючы невыносныя вобразы, якiя муляюць i не даюць заснуць. Я спрабую глядзець поўнi ў твар, i мне здаецца, што гэта -- iлюмiнатар...
Я не магу спаць. Я заплюшчваю вочы і спрабую ня чуць гукi вулiцы й гукi дому, аж пакуль не засьпяваю сябе за дзiўным заняткам -- мае зубы адбiваюць рытм нейкае нячутнае музыкi. Навошта?.. Я лянуюся думаць. Самi сабою на невядомую музыку складаюцца словы скарагаворкi: мая краiна на краi сусьвету, мой горад на краi краiны, мой мiкрараён на краi гораду, мой дом на краi мiкрараёну... I таму я заўсёды чую, калi ноччу прыходзiць воўк.
Ён прыходзiць з лугоў i парослых хмызьняком балацiнаў i вые. Ён клiча мяне. А я кожнай ранiцы знаходжу на сьнезе ягоныя сьляды. Ягоны клiч паўтараецца з ночы ў ноч. Я ня сплю. Я ляжу з расплюшчанымi вачыма. I кожнага разу паўтараю сабе: заўтра, я яшчэ не гатовы. Засталося зусiм трохi, каб я мог сказаць, што тут ужо зроблена ўсё. Пачакай...
Нарэшце, я засынаю. Пасьля настае дзень -- нiбы толькi для таго, каб даць мне зразумець, што нiчога ўжо не трымае мяне тут. Толькi нейкiя фармальнасьцi, накшталт -- засынаць-прачынацца... Але к чорту фармальнасьцi!
У гэты вечар мне не смакуе гарбата, мне невыносны тэлевiзар i сьвятло лямпы непрыемна раздражняе вока. Я разумею, што тут ужо зроблена ўсё. Я лягаю ў ложак i чую, як сьцiхаюць гукi вулiцы й гукi дому, як засынаюць усе. Мае зубы ляскаюць рытм невядомае музыкi. Я ляжу з расплюшчанымi вачыма і ведаю, што ў гэтую ноч ужо не засну.