Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Гібель Тытаніка

Вайна скончылася ў 1944-м. Вось калi ў Беларусi пачаўся савецкi пэрыяд. Дагэтуль беларушчына, так цi гэтак, а йснавала на гэтай зямлi -- прадукавалася, змагалася, сьцьвярджала сябе. Пасьля зьнiшчэньня нацдэмаў у 30-я гады, тут яшчэ дзеiлi тытаны беларушчыны й варушылася нейкае падпольле. У Заходняй працавалi гiмназiя, музэй, друк, арганiзацыi. Нават фатальны ўдар 1939-га ня зьнiшчыў усiх. А што засталося -- зноў павыходзiла на сьвет у вайну. Зноў пачало прадукаваць, пладзiцца, расьцi. Але ў 44-м быў нанесены сакрушальны ўдар. Усё жывое было альбо зьнiшчанае, альбо выехала за мяжу. Тут -- на цэлыя 50 гадоў запанавала мёртвая цiшыня. Ня стала тытанаў, а якiя й засталiся, дык або пераставалi быць тытанамi, або станавiлiся тытанамi сыстэмы. Астатнiя, каму дзiвам удалося выжыць, зашывалiся хто-куды i ўжо думаць ня сьмелi пра адраджэнскую дзейнасьць.

Iх цiхае лiставаньне, прапахлы лекамi быт пажылых людзей, падбiтых у канцлягерох, зьмена прафэсiяў -- ва ўсiм гэтым бачныя сьляды вымушанага распаду колiшняе беларушчыны. Для яе наступiлi новыя часы, якiя не маглi не адбiцца на яе зьмесьце й сутнасьцi. Беларушчына з наступальнiка ператварылася ў акружэнца, якi альбо цiха прымыкаў да атакоўцаў (з таемным намерам "хоць неяк паўплываць"), альбо прыкiдваўся мужыком з суседняе вёскi, якi тут выпадкова нагледжвае палянку для пашы. Тое, што буяла ў дарэвалюцыйныя й даваенныя часы, цяпер падарванае й панявечанае, думала толькі пра адно -- каб выжыць. Ужо не адраджэнцы, а проста людзi натуральна чаплялiся за йснаваньне -- хто за сыстэму, хто за колiшнiх паплечнiкаў, а найчасьцей -- за сваякоў, за сабес. I такi "выбар" ня быў уласна выбарам. Цi не адзiным прыкладам нацыянальнага стаiцызму насуперак сыстэме стала Ларыса Генiюш.

* * *

Яшчэ ў сярэдзiне 80-х гадоў у Гомелi, у самым цэнтры места, у сучаснай аднапакаёўцы жыла кабета паважнага веку, слабога здароўя й выразнай дасавецкай культуры. Атрымаўшы выхаваньне ў тутэйшай жаночай гiмназii, яна на ўсё жыцьцё захавала колiшнiя рэгулы паводзiнаў i ўяўленьне пра долю жанчыны. Яна сьпявала ў хоры, займалася рукадзельлем i зь пiетэтам чытала Ушынскага. Яе лёс -- характэрны для яе пакаленьня, але зусiм нерэальны для майго. Праўда, для мяне кабета паважнага веку была перш-наперш жонкай рэдактара вiленскай "Нашай Нiвы" Аляксандра Ўласава. I клiкалi яе гэтаксама -- Аляксандра. Яна казала, што iх шлюб быў выпадкам выключным. У 1920-м карэнная гамяльчанка Аляксандра Стэльмаховiч цi Аляксандра Серада (паводле першага шлюбу, той муж загiнуў у першую сусьветную вайну), паехала да хворай сястры ў Баранавiчы. Зразумела, з прыгодамi, за мяжу. Пасьля там у кагосьцi была вечарынка, "блiны". Сабралася ўсё гарадзкое начальства, натарыюс -- "галоўны ў гарэлцы". Там быў i Ўласаў. Цi ня самая калярытная постаць беларускага адраджэньня. Тытан як з аблiчча, так i ў думках ды ўчынках.

* * *

Выйшаўшы на першыя ролi ў беларушчыне, Уласаў выразна адрозьнiваўся ад iншых. Ён быў ня столькi беларусiшчам, колькi чалавечышчам. Гэта значыць, не зацыклiваўся на праграмных формулах, але захапляўся iдэяй жывога прадпрыемства, аж да авантурызму. Зрэшты, у часы "Нашай Нiвы" мала хто зь беларускiх дзеячоў нагадваў тых "функцыянэраў партыi", жалезных людзей, якiх мы ведаем зь фiльмаў пра бальшавiкоў, i якiх так шмат у беларушчыне цяпер. Уласаў -- атлет, бас, самыя фэерычныя iдэi. Такiм уяўляецца рэдактар "першай беларускай газэты з рысункамi".

Аляксандра Ўласава пражыла ў Заходняй Беларусi да арышту мужа ў НКВД. Яна брала ўдзел ва ўсiх прадпрыемствах гэтага народнiка, сэнатара Польскага Сойму, iнiцыятара беларускiх школаў, тэатралiзаваных сьвятаў i г. д.

"У 1922 годзе АМ (Аляксандар Мiкiтавiч, -- яна ўвесь час успамiнала яго так -- А.Эм.) адкрыў у Радашкавiчах фiлiял ТБШ i гiмназiю, атрымаўшы ад польскага ўраду канцэсiю на сваё ймя.

У складзе вучняў першыя два гады пераважалi жыды, але з кожным годам працэнт беларусаў павялiчваўся й стаў большасьцю. Гiмназiя насiла ймя Скарыны, прайснавала шэсьць гадоў i была зачыненая ўрадам, якi ўгледзеў, што яна камунiстычная.

Перш чым зачынiць гiмназiю, польскiя ўлады арыштавалi АМ i накiравалi яго ў лягер Шчалкова, пад нямецкую мяжу. Лягер разьмяшчаўся ў дашчаным хляве, кармiлi вельмi дрэнна.

АМ сарганiзаваў усiх, хто быў у лягеры. Напiсалi сьпiс: хто, адкуль i за што. Паслалi заяву ў Лiгу Нацыяў.

Аднойчы ранiцай у Варшаву прыехала камiсiя й спыталася, што гэта за лягер i хто ў iм сядзiць. Потым камiсiя паехала ў лягер i лягер расфармавалi. АМ вызвалiлi першым, тэлеграмай. Усяго ён прабыў тут 4 з паловай месяцы.

Не абыйшлося без кур'ёзу. Да мiнiстра асьветы прыехала дэлегацыя беларусаў. Не пасьпелi яны адчынiць дзьверы ў кабiнэт мiнiстра, як той замахаў рукамi й закрычаў: "Уласава ўжо выпусьцiлi, выпусьцiлi!.." Прадстаўнiк дэлегацыi адказвае: "Мы зусiм ня ў гэтай справе". Мiнiстар быў сканфужаны...

Пасьля закрыцьця гiмназii засталiся даўгi, якiя павiнен быў плацiць канцэсiянэр Уласаў. АМ узяў у кайстру хлеба, сала й пайшоў у Маладэчна -- адседжваць даўгi.

У гутарках зь сялянамi АМ казаў, што "Польшча хутка здохне, i палi будуць араць трактары. Будуць калгасы, саўгасы. Адкрыецца праклятая мяжа, i будзем жыць у адной сям'i".

Будучы абраным у Сэнат, АМ даводзiлася бываць у Варшаве на прыёмах. Так, аднойчы ў Польшчу прыехалi ангельскiя госьцi. Старшыня запрасiў i беларускага сэнатара Ўласава. Давялося паехаць. Але не было адпаведнага строю. Пазычылі шлюбны гарнiтур з цылiндрам. Калi АМ увайшоў туды, дзе сядзелi госьцi, усе маўчалi. Ён павiтаўся i па звычцы пажартаваў. Усе засьмяялiся й павесялелi. Старшыня, калi даведаўся, што АМ размаўляе з гасьцямi па-ангельску, сказаў: "Прашу Вас, пан сэнатар, займаць гасьцей. Апроч Вас нiхто ня ведае ангельскае мовы".

Акрамя ангельскай, АМ дасканала валодаў нямецкай мовай. Бо ў полiтэхнiчным iнстытуце ў Рызе, дзе ён вучыўся, выкладалi пераважна па-нямецку.

АМ зьбiраўся пiсаць раман "Палеская прынцэса". Шмат было сабрана матэрыялу, але ня суджана было гэтаму зьдзейсьнiцца".

У 1939 годзе ён, узяўшы кошык яблыкаў i аточаны з усiх бакоў дзецьмi, выйшаў на дарогу сустракаць Чырвоную армiю...

У камэры маладэчанскай турмы замест 7 вязьняў сядзелi 77...

Яна дзяжурыла пад вокнамi турмы, дамагалася сустрэчы з мужам, але безвынiкова. Вярталася дадому (фальварак Мiгаўка) пешкi. Было марозна, зорнае неба. "Грукаюся ў дзьверы свайго дому, работнiца не адчыняе, адказвае: "Вас тут няма, дзецi ў суседкi".

"... Судзiла яго асобая нарада. Далi пяць гадоў папраўчага лягеру й 28 лiстапада 1940 году накiравалi ў Марыiнскi лягер Навасiбiрскай вобласьцi.

Едучы празь Менск, АМ нейкiм чынам перадаў запiску Уладзiславе Францаўне Луцэвiч, прасiў пра перадачу. Калi УФ затэлефанавала Купалу ў Маскву, той адказаў: "Аддаць усё маё". Але калi УФ прынесла перадачу, адказалi, што цягнiк ужо пайшоў.

Ён мог памерцi ў сваiм улюбёным Менску, але, дзякуючы моцнаму здароўю, працягнуў яшчэ да Навасiбiрску".

Свидетельство о смерти

Гр. ВЛАСОВ Александр Никитич умер одиннадцатого марта тысяча девятьсот сорок первого года. Причина смерти поролич сердца, о чем в книге записей актов гражданского состояния произведена соответствующая запись...

"Вас тут няма"... Людзi сабралi ёй грошы на дарогу -- да Баранавiчаў, да сястры. У 1946-м яна вярнулася ў Гомель.

* * *

Я запiсаў яе ўспамiны на магнiтафон i ў нататнiк, зрабiў копii тых папераў, што засталiся ад яе архiву пасьля вiзытаў менскiх дасьледнiкаў. А неўзабаве яна памерла. Яна казала мне, што ёй 104 гады.

* * *

... Прыкладам стаiцызму была Ларыса Генiюш. Колькi нi намагаюся -- не магу ўспомнiць яе голас. Голас Зоськi Верас -- помню, сваёй бабулi -- помню. А Ларысы Генiюш -- не. Найбольш выразна памятаю голас Аляксандры Ўласавай -- нават у такiм паважным узросьце -- высокi, чуваць, што пастаўлены яшчэ ў дзявоцтве.