Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Ідэя мёртвага дому

Тэкст, якi падаецца нiжэй, выкананы ў жанры "iнфантыльнага снабiзму" альбо "снобскага iнфантылiзму", -- як каму больш падабаецца. Маючы на ўвазе гэткую зыходную жанравую адмоўнасьць, аўтар iмкнуўся знайсьцi й абазначыць яе станоўчы антыпод -- у паэзii, культуры, палiтыцы. Але не знайшоў i таму самаўпэўнена зрабiў выснову пра тое, што заняпад беларускай iдэi ёсьць, i ён непераадольны ў тых формах, у якiх гэтая iдэя йснавала ды йснуе дагэтуль.

Цяпер для мяне ня так iстотна ды вызначальна, хто я -- сноб, iнфантыл, уцякач, здраднiк. Гэтаму ўжо можна здраджваць. Нiбыта пасьля доўгае хваробы мне вярнуўся першапачатковы сэнс iдэi: беларушчына -- гэта творчасьць. Шматгадовыя ваганьнi й прыблiзны сэнс адраджэнства склалiся ў адзiную прычыну паразы на пераможным шляху. Цяпер я ведаю, чаму нашыя першыя сапраўды шчасьлiвыя хвiлiны далучэньня да яе сталiся з часам для многiх з нас неахвотным мэханiчным дзеяньнем -- руцiнаю "адраджэньня". Але першапрычыны такое мэтамарфозы -- у колiшнiм часе, на пачатку стагодзьдзя. Там, разам з усiм, што ў нас ёсьць, закладзеныя падвалiны Мёртвага Дому беларускай iдэi.

Цяпер я ўпершыню зьбiраю да кучы тыя пытаньнi, на якiя ў розныя гады стараўся не дашуквацца адказу. Напрыклад, чаму нашыя вялiкiя паэты-прарокi, i першы зь iх -- Купала, зусiм невядомыя ў сьвеце? Iх iмёнаў няма ў шэрагу Ўiтмэнаў з Апалiнэрамi... (Праз доўгi час я пераконваў сябе, маўляў, ёсьць клясыка сусьветная i -- для ўнутранага карыстаньня, для служебного пользования. Але перачытваць вершы пра долю беларускага мужыка, напiсаныя ў раскошным вiленскiм рэстаране, не хацелася нiколi. Хацелася -- калi не пэйзажныя й любоўныя, дык жорсткiя, мужныя, ваяўнiчыя.) Чаму такi пазытыўны твор беларушчыны, як "Адвечным шляхам" I.Абдзiраловiча, так настойлiва iгнаруецца тымi, хто вершыць сёньня тое адраджэньне? I самае-самае: чаму для мовы, культуры, нацыянальнае сьведамасьцi няма годнае сустрэчы з боку людзей? Калi гэта дзiва (а такiм яно адкрылася нам), дык яно мусiла б быць жаданым дзiвам i для астатнiх...

Я ведаю мноства самапераканальных, гiпнатычных адказаў на гэтыя пытаньнi. Але яны не даюць выйсьця. Мне ж трэба, каб гэтыя пытаньнi аднойчы перасталi стаяць. Хай паўстануць наступныя.

Купала -- заснавальнiк традыцыi й заснавальнiк заганы. Дойлiд Мёртвага Дому. Гэта ён -- найвялiкшы пясьняр нацыi й адначасова -- галоўны iдэоляг руцiны (варта параўнаць сьветлую й жывую "Нашу Нiву" А.Уласава з сухой, пратакольнай газэтай, рэдактарам якой стаў Купала). Калi ў пачатку стагодзьдзя (i крыху раней) узьнiкла ўнутранае процiборства ў рыфмiчнай пбры памiж воляй i доляй, беларушчына зазнала самы iмклiвы свой узьлёт i тут жа -- сваю злаякасную пухлiну. Выяўленьне волi цi пошукi долi? Гэта й значыла -- творчасьць цi руцiна? Гаспадар цi просьбiт, утрыманец? Валоданьне сваёй сытуацыяй цi маўклiвы пратэст супраць аб'ектыўных прычынаў? (Аб'ектыўныя прычыны бываюць толькi ў аб'екта.) Таленту цi нават проста жаданьня не хапiла, i перамагло другое. Пошукi долi. Лiтаратурныя й палiтычныя мэтры пачалi множыцца, капiявацца, набiраць штаты -- у большасьцi на сацыяльную нажыўку. Выяўленьне волi паступова стала выключэньнем з правiлаў беларушчыны, магiстралю якое занялi пошукi долi. Гэтак славутая "Пагоня" стала выключэньнем у грамадзянскай паэзii М.Багдановiча.

I тады прагучаў клiч: шукаць! Не будавацца, ня ўзворваць, а шукаць! Дзе? Вядома ж, на шляхох. Беларускi шлях! Ня дом, а гасьцiнец, брук, бальшак. З гэтага паўстала цэлая фiлязофiя валацугаў, што мыкаюцца без кала й без двара. Сяк-так дацягнулi да БНР. Але выенчваньне долi ўжо запаланiла розум, i рушылi ў шлях. Савецкi час i сытуацыя Заходняй Беларусi канчаткова вымелi з традыцыi волю ў абодвух яе значэньнях. Доля стала сымбалем экстэнсiўнага, заняпаднага "росквiту". Да нашых дзён.

Адрозьненьне хiба ў тым, што на пачатку стагодзьдзя пад сьцягi шукальнiкаў долi йшоў сацыяльна заклапочаны элемэнт, а сёньня пад тыя самыя сьцягi зьбiраецца элемэнт дэклясаваны. Жорсткая насьмешка гiсторыi, карыкатура, уедная мэтафара: "Наша Доля", першая газэта беларускага адраджэньня, сёньня стала органам таварыства iнвалiдаў...

Фiлязофiя бадзякаў. Незалежнасьць на маршы. Шлях, рух, фронт... Вечныя Вандроўнiкi. Вось прапанаваныя крытэрыi, прастора, мэнтальнасьць, у якiх iснуе сёньня беларуская iдэя. Абветраная, выцьвiлая, усiхная. Яна на шляху. Дом яе Мёртвы. Замест новых Луцкевiчаў, Уласавых, Канчэўскiх сюды найшлi казённыя людзi са сваiмi камiсарамi. Квазiбальшавiкi, амаральныя маралiзатары, людзi-рэчы, бывшие в употреблении учарашнiя камунiсты, службiсты, кар'ерысты-аўтсайдэры. Мроеную й жаданую, сьветлую iдэю яны гвалтуюць як прадажную самадайку i, як у тым анэкдоце, лепяць ёй на заднiцу свае бухгальтарскiя штампы. Ня дзеля таго, каб прысвоiць цi адзначыцца, а толькi каб прыпадобнiць да сябе.

Жывыя людзi абмiнаюць гэты Мёртвы Дом. Бог даў Беларусi ня толькi самае горшае ў сьвеце начальства, але й самых нiкчэмных патрыётаў, самых баязьлiвых палiтыкаў, самых бязвольных змагароў...

Яшчэ ўчора руцiннасьць гэтага руху ратаваў арэол падпольля. Але ўжо колькi гадоў як гэты арэол разьвеяўся. I што ж змагары? Дагэтуль па ўсёй Беларусi стаяць стоды ранейшае iдэалёгii (цi гэта камунiсты вiнаватыя, што не прыбралi?), так i ня ўзгоднены памiж адраджэнцамi правапiс роднай мовы, ня створана дзяржаўная iдэалёгiя беларускага парадку. Нiчога ня створана. Уся дзейнасьць змагароў -- гэта апэляцыi да наяўнае ўлады, якую яны называюць незаконнай. Гэта тыя ж крыкi пра долю. I нiводнага свайго валявога рашэньня.

У гэтай фiлязофii ёсьць i свае спадзевы (вось, вырастуць дзецi, тады...), i свае апраўданьнi (жывем дзеля Бацькаўшчыны). Але гэта фiлязофiя адмаўленьня творчасьцi. Яна -- тыя няўздымныя кайданы, у якiх даклыпала да нашых дзён беларуская Iдэя Мёртвага Дому.

А я ўсё думаў -- як зьвязаць творчасьць паэтаў майго пакаленьня з творчасьцю ўсiх гэтых панчанкаў, камейшаў, макалёў? Памiж iмi -- прорва. Як знайсьцi агульную мову з апазыцыяй, што абрала сабе такi непрывабны iмiдж i чыя iдэйная прадуктыўнасьць уся -- ад адваротнага, ад агiднага, ад сваркi на гэтых ленiнаў, камунiстаў i г.д., але бяз калiва чыну ў адказ.

Мне шкада маiх сяброў, якiя колiсь зазналi тую першую радасьць усьведамленьня. Многiя зь iх адыйшлi ад беларушчыны. Але найболей шкада тых, што засталiся, што заглушылi свае творчыя поклiчы й прынялi правiлы Мёртвага Дому. Яны папалiся на множаньнi, на рэпрынтах.

Яшчэ гадоў 10 таму фатакопii твораў Луцкевiча, Станкевiча, Варонкi... прыносiлi асалоду здабыткаў. Але сёньня самая iдэя вяртаньня -- гэта прафанацыя. Ну, надрукавалi вершы Булака-Балаховiча й Езавiтава -- што далей? Магутная iнэрцыя выцягвае энэргiю на ўсё новыя брашуркi... I няма iм канца. Рэпрынты, перадрукi, публiкаткi... Складнiкi фiлязофii руцiны. Рэпрынтная палiтыка, рэпрынтныя адраджэнцы... Быццам сабралiся паўтарыць усё, што так доўга ляжала ў спэцсховах. Паўтарыць адраджэньне тых -- з тайным цi яўным помыслам апраўдаць уласную нятворчасьць. Нiбы за выратавальнае кола, хапаюцца яны за тыя прозьвiшчы, назвы, рэчы... I ўсё адно тонуць. Добраахвотныя паўпрэды Купалы й Крэчэўскага. Iмiтацыя паэзii, палiтыкi, дзейнасьцi, выкананьня абавязку перад бацькаўшчынай, перад iдэаламi ўласнае маладосьцi.

Копiя з копii -- правiла Мёртвага Дому. Ужо даўно множыцца тое, чаго нiхто нiколi не чытаў i не прачытае -- нават самi капiявальнiкi.

I ўсё ж маё адкрыцьцё гэтага ўсяго нагадвае мне маё першае адкрыцьцё Дзiва беларушчыны. Я адкрыў ня Мёртвы Дом. Наўзбоч ад яго зьявiлiся новыя жывыя парасткi выяўленьня волi. Паэты, музыкi, настаўнiкi... Яны ёсьць. I на гэты раз яны ўжо ведаюць сабе цану ды нiзавошта ня выйдуць на бiты шлях.

Раней, раз-пораз зазiраючы ў гэты тупiк, я казаў сабе -- ня блытай жанры. У iх дыдактычна-асьветнiцкая задача, у цябе -- чыста творчая. Цяпер я бачу, што гэта ня жанры, а два розныя сьветапогляды: руцiна i творчасьць. У кожным свая дыдактыка, асьвета й свае фiкцыi. Калi Беларусь перастае быць сынонiмам творчасьцi, яна становiцца сынонiмам Мёртвага Дому. I мне няма чаго там рабiць. Я йду даглядаць парасткi волi. Традыцыю, якую мы мусiм запачаткоўваць у палiтыцы, навуцы, паэзii. На разьвiтаньне ў мяне няма слоў. Ёсьць апошнi зборнiк паэзii Глёбуса, "Скрыжаваньне", -- як апэльсын, кiнуты ў шыбiну Мёртвага Дому...