Парыжскі Ўнівэрсытэт, асабліва цэнтральная частка яго, Сарбона, прыцягваў студэнтаў са ўсяго сьвету ад часу свайго заснаваньня ў сярэдзіне ХІІІ стагодзьдзя, і таму беларускія студэнты, якія апынуліся ў Парыжы пасьля Другой Сусьветнай вайны ня былі першымі зь Беларусі, што вучыліся ў Сарбоне. Як прыклад можна прыгадаць нябожчыка Яўхіма Скурата, які, дзякуючы стыпэндыі, здабыў тут у трыццатых гадох навуковую ступень доктара ў галіне літаратуры. Колькі беларускіх студэнтаў вучылася ў Сарбоне раней, у папярэднія стагодзьдзі, дасюль ніхто ня цікавіўся, і тэма гэтая чакае свайго дасьледніка. Пасьля Другой Сусьветнай вайны нямала маладых беларусаў эмігравала ў Францыю з надзеяй, што і яны змогуць атрымаць адукацыю ў ведамых французскіх унівэрсытэтах.
У кастрычніку 1949 году студэнты і кандыдаты на студэнтаў заснавалі ў Парыжы Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне ў Францыі. Вучыўся тады ў Вышэйшай Мастацкай Школе (École nationale supérieure des beaux-arts), на адзьдзяленьні скульптуры, Міхась Наўмовіч. Хадзілі на заняткі яшчэ пару асобаў. Тыя, што яшчэ не студыявалі, рыхтаваліся тым ці іншым спосабам да паступленьня ва ўнівэрсытэт: вывучалі французскую мову ў Alliance française, рыхтаваліся да экзаменаў, працавалі, каб падзарабіць на навуку.
Нажаль, высілкі гэтыя не давалі вынікаў. Бо хаця за навуку ў французскіх дзяржаўных унівэрсытэтах плаціць ня трэба было, але кошты пражыцьця былі вельмі высокія. Стыпэндыяў-жа для студэнтаў-уцекачоў ня было ніякіх. Таму некалькі маладых беларусаў выехалі студыяваць у іншыя ўнівэрсытэты (Мадрыд, Лювэн), а з тых, што засталіся, скончылі студыі толькі тыя, што мелі падтрымку бацькоў. Але і яны вучыліся ў вельмі цяжкіх умовах.
У французскіх унівэрсытэтах вучыліся таксама і студэнты беларускага паходжаньня, якія сябе беларусамі ня лічылі. На курсах у Сарбоне ня раз даводзілася спатыкаць сясьцёр Сьвятаполк-Мірскіх. Не магла на іх нагледзецца: выглядалі абедзьве, як партрэты ХVІІ стагодзьдзя, зьнятыя са сьцяны музэю. Да беларускасьці не прызнаваліся і мною ня цікавіліся. Іншы студэнт мне раз прызнаўся, што ён беларус, але што ён гэтага нікому ня кажа, бо яго ў польскай школе навучылі, што беларусы ня вельмі здольныя да навукі. На гэтым і скончылася нашае знаёмства...
У беларускім асяродзьдзі ў Парыжы моладзь не дзялілася на студэнтаў і ня-студэнтаў. Усе былі ў Арганізацыі беларускае моладзі, прымалі ўдзел ува ўсіх урачыстасьцях і нацыянальных мерапрыемствах; выдавалі разам часапіс „Моладзь”, рабілі ўсё магчымае, каб нейкім спосабам спрычыніцца да пашырэньня між чужынцамі ведаў пра Беларусь.
Я належала да маладзейшага пакаленьня моладзі. Прыехала ў Францыю з бацькамі Ўладзімерам і Эвелінай Шыманец і братам Лявонам у 1948 годзе, калі мела дванаццаць гадоў. Скончыла ў Францыі сярэднюю школу, паступіла ў Вышэйшую Мастацкую Школу, дзе правяла найлепшы год майго студэнцкага жыцьця. Прафэсар „ан Сувэрб’е (Jean Souverbie), сябра Французскай Акадэміі Мастацтваў, прадказваў мне прыгожую будучыню. Мастацтва прыносіла кожны дзень бязьмежную радасьць, задавальненьне.
Але агульнае пачуцьцё няпэўнасьці, што наглядалася сярод новых эмігрантаў, страх перад будучыняй, заснаваны на долі бацькоў ды старэйшых суродзічаў, якія, нягледзячы на дыплёмы, апынуліся ў Францыі на фэрмах ды фабрыках, давялі мяне з братам да перакананьня, што трэба перш-наперш здабыць прафэсію, якая-б дазволіла зарабіць на кавалак хлеба. Так меркаваў, напэўна, і Міхась Наўмовіч, бо пасьля заканчэньня Вышэйшай Мастацкай Школы пайшоў вывучаць фізыятэрапію, што забясьпечыла яго матэрыяльна. Калегі-мастакі, якія ня мелі іншых ведаў, працавалі тады, каб пражыць, начнымі вартаўнікамі. Я ўжо валодала некалькімі мовамі, дык вырашыла спэцыялізавацца ў гэтай галіне ў Сарбоне. У 1959 годзе атрымала ступень Licence ès Lettres (Langues vivantes) Парыжскага Ўнівэрсытэту. Брат Лявон пасьля заканчэньня тэхнічнай школы атрымаў ступень інжынэра, ужо працуючы ў вялікім французскім прадпрыемстве Tompson.
Падчас студыяў, летам ды суботамі і нядзелямі працавала ў краме сувэніраў пры саборы Notre-Dame, каб падзарабіць на штодзённыя выдаткі. Паколькі ня мела сродкаў выязджаць за мяжу, гутаркі з турыстамі ў краме былі для мяне плённай практыкай чужых моваў. Залічаю гэты час да добрых успамінаў студэнцкіх гадоў. Пакуль вучылася, таксама заўсёды давала прыватныя ўрокі вучням сярэдніх клясаў.
Бязумоўна, заўсёды цікавілася беларускім жыцьцём і прымала актыўны ўдзел у грамадскіх справах беларусаў. (З успамінаў Івонкі Іоанны Сурвіллы)