Бежанства 1915 года


Уступ

Тэма эвакуацыі амаль паўтарамільённай заходнебеларускай грамадскасці ў глыб Расіі ў жніўні 1915 г. пакуль што не мае свайго даследчыка. Нават спецыялісты па дэмаграфічных пытаннях Беларусі ХХ стагоддзя не заўважаюць гэтага факта, хаця ён рашуча паўплываў на гісторыю беларуска-польскага памежжа[1]. Падзея гэтая мела вялікі ўплыў на лёсы беларускага насельніцтва, на грамадскія, палітычныя і эканамічныя працэсы, якія праходзілі ў дваццатыя і трыццатыя гады на землях, ахопленых перасяленчай акцыяй царскіх улад у 1915 г. Шматгадовая пабыўка ў Расіі сфарміравала асаблівы вобраз рускіх у свядомасці беларускіх сялян. Да сённяшняга дня бежанства ўздзейнічае на ўяўленні праваслаўных жыхароў Беласточчыны.

Змешчаныя ў кнізе ўспаміны паказваюць лёс наймалодшага пакалення бежанцаў. Толькі тыя людзі, якія ў 1915 г. былі яшчэ дзяцьмі, маглі дажыць да нашых дзён і расказаць пра выпрабыванні свае, сваёй сям’і, вясковай супольнасці. Прапанаваная чытачу кніга - асаблівая крыніца ведаў пра гісторыю вялікай часткі нацыі, бачанай вачамі сведкаў эпохі. Лёсы паасобных людзей складаюць лёс народа. Ва ўспамінах жыхароў Беласточчыны сустракаюцца падобныя здарэнні, якія спадарожнічалі ім у час вымушанай шматгадовай вандроўкі па тэрыторыі Расіі. Хаця паасобныя людзі падвяргаліся ўсялякім выпрабаванням, аднак, чытаючы ўспаміны, заўважаецца супольнасць іх трагічнага лёсу. Нічога дзіўнага, што для шматлікіх людзей бежанства засела ў памяці як найважнейшая падзея ў іх жыцці. Нават кашмарная нямецкая акупацыя падчас апошняй вайны не пакінула такога следу. У 1915 г. большасць беларусаў Беласточчыны, Гродзеншчыны, Віленшчыны, Брэстчыны ўпершыню пакінула свае вёскі і падалася ў невядомыя для іх стораны, перажыла голад, холад і пекла расійскай рэвалюцыі, часта патраціла найбліжэйшых сабе людзей. У час апошняй вайны прабывалі яны на сваёй зямлі, у сваіх хатах, у акружэнні, якое добра ведалі. І хаця час быў таксама жахлівы, больш вядома было як пазбягаць усялякіх няшчасцяў.

У выніку наступлення нямецкай арміі ў ліпені 1915 г. расіяне вымушаны былі пакінуць Польшчу і заходнія губерні Імперыі Раманавых. Каб ускладніць немцам магчымасць забеспячэння харчовымі прадуктамі, генеральны штаб рускай арміі вырашыў прымяніць на беларускай тэрыторыі тактыку „выпаленай зямлі”. Прадугледжвала яна перасяленне насельніцтва на ўсход ад былога Каралеўства Польскага (Прывіслінскага краю) і знішчэнне маёмасці, якой магла б пакарыстацца нямецкая армія. Пераселеныя беларусы ў планах царскіх генералаў мелі таксама папаўняць мабілізацыйныя запасы рускай арміі. Расіяне адклікаліся такім чынам да вопыту вайны з французамі з пачатку ХІХ стагоддзя, калі тактыка „выпаленай зямлі” прывяла да знішчэння арміі Напалеона Банапарта. У 1915 г. чыгуначны транспарт дазваляў свабодна вырашаць усе праблемы забеспячэння арміі. Высяленне паўтарамільённай масы людзей і знішчэнне іх маёмасці было тады цалкам бессэнсоўным дзеяннем таксама з вайсковага пункту гледжання. Аперацыя высялення была праведзена надзвычай спраўна, пры выкарыстанні даступнага тады прапагандысцкага апарату. Раней з гэтай тэрыторыі ў царскую армію прызваных было пару дзесяткаў тысяч маладых мужчын.

Каб заахвоціць людзей да эвакуацыі, улады на пачатку жніўня 1915 г. пачалі распаўсюджваць інфармацыі пра зверствы, якія быццам бы ўчыняюць немцы на мірным насельніцтве. На шырокай тэрыторыі прапагандаваўся такі сам, прыдуманы, сцэнарый падзей, якія мелі наступаць разам з уваходам нямецкай арміі. Паводле прапаганды, нямецкія садлаты мелі страшэнна здзекавацца над праваслаўным насельніцтвам: жанчынам абрэзваць грудзі, дзецям - вушы і насы, мужчын - асляпляць, а ўсіх без розніцы масава забіваць[2]. Адзіным спосабам, каб пазбегнуць такіх няшчасцяў - інфармавалі царскія ўлады - былі ўцёкі ў глыб Расіі. Прапаганда вялася вайсковымі коламі і Праваслаўнай царквой. Весткі пра надыход катаклізму распаўсюджваліся ва ўсіх праваслаўных храмах. Святары падчас багаслужбаў заклікалі вернікаў браць рухомую маёмасць і ўцякаць на ўсход. У выніку сотні тысяч людзей апынуліся на дарогах, накіроўваючыся ў прапанаваным расійскімі ўладамі напрамку. Святары далі прыклад, выязджаючы разам з царкоўнай маёмасцю. Аставаліся пазбаўленыя званоў, ікон і іншых каштоўнасцей цэрквы. Большасць вывезенай царкоўнай маёмасці ўжо ніколі не вярнулася на сваё месца[3].

Каталіцкія святары таксама атрымалі ад улад прапанову заклікаць вернікаў да выезду ў Расію, аднак у касцёлах вялася прапаганда, якая стрымлівала насельніцтва ад эвакуацыі. Бежанцы сярод католікаў былі рэдкасцю. Выехалі толькі тыя, што жылі сярод праваслаўных і на якіх паўплываў пануючы ў гэтым асяроддзі псіхоз. Улады не заклікалі да выезду яўрэйскае насельніцтва. Па гэтай прычыне на прасторы ад Беластока да Дзвінска, Баранавіч і Пінска, дзе стабілізаваўся нямецка-расійскі фронт, асталіся амаль выключна католікі і яўрэі.

У некаторых мясцовасцях перад выездам праводзілася інвентарызацыя маёмасці, якая аставалася ў вёсках і мела быць спаленай. На вопісах пячаткі ставілі прадстаўнікі ўлад і вайсковых фарміраванняў. Гэтыя інвентары пасля вайны мелі быць падставай для выплаты урадам Расіі кампенсацый за патрачаную маёмасць. Найчасцей неадкладна пасля выхаду жыхароў з вёсак казакі падпальвалі будынкі.

Праваслаўнае насельніцтва ўцякаючы ад немцаў імкнулася забраць з сабой усё, што ўдавалася пагрузіць на вазы. Некаторым сялянам частку маёмасці ўдалося прадаць яўрэям ці католікам. У шматкіламетровых рухомых саставах бежанцы везлі з сабой харчовыя прадукты, вопратку, палатно, збожжа, неабходныя ў гаспадарцы прылады. Часта за вазамі ішлі адна-дзве каровы. На вазах не было месца для людзей, таму нават дзеці і старэчы вымушаны былі ісці пешшу. У гарачыя жнівеньскія дні асноўнай праблемай бежанцаў стаў недахоп вады. У калодзежах па вёсках, размешчаных ля дарог, па якіх рухаліся калоны бежанцаў, вада найчасцей павысыхала. Людзі вымушаны былі спажываць воду з ручайкоў, сажалак і балот, што было прычынай хвароб стрававальна-кішачнага тракту, і ўрэшце, пры поўнай адсутнасці медыцынскай дапамогі, вялікай смяротнасці. Побач дарог пачалі з’яўляцца магілы бежанцаў, перш за ўсё найслабейшых - дзяцей і старэчаў.

Бежанцы накіроўваліся да ўказаных ім чыгуначных станцый. Некаторыя вымушаны былі ехаць некалькі тыдняў у Баранавічы, Ваўкавыск, Слонім, Бабруйск. Падчас доўгага падарожжа часта здаралася, што рассыпаліся сем’і. Дзеці з бацькамі часам сустракаліся пасля некалькіх гадоў, некаторыя ніколі ўжо больш не спаткалі сваіх блізкіх.

Маёмасць, якую везлі з сабой бежанцы, трэба было пакінуць на чыгуначнай станцыі. Коней, кароў, вазоў немагчыма было ўзяць з сабой. Натоўпы бежанцаў на чыгуначных вакзалах дэзарганізавалі вайсковы транспарт. Расійскае камандаванне вырашыла тады хутка пазбыцца клопату, паставіўшы 12 тысяч вагонаў, на якіх ад 5 да 15 кастрычніка ад’ехала большасць бежанцаў.

З заходняй Беларусі выехала тады 1 мільён 400 тысяч людзей. Апусцела перш за ўсё Гродзенская губерня, а асабліва Беластоцкі, Бельскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Сакольскі, Пружанскі, Кобрынскі, Ашмянскі, Слонімскі, Лідскі і Навагрудскі паветы. Большасць бежанцаў трапіла ў Тамбоўскую, Самарскую, Разанскую, Харкаўскую, Екацерынаслаўскую, Арэнбургскую, Курскую, Казанскую, Калужскую губерні. Больш за 130 тысяч беларусаў пасялілася ў Маскве, 100 тысяч - у Петраградзе[4].

У канцы 1915 г. ва ўмовах нямецкай акупацыі на пакінутых беларусамі землях узніклі магчымасці развіцця асветы і нацыянальнага жыцця. Зменай палітычнай сітуацыі пакарысталіся палякі і літоўцы. Нешматлікія беларускія школы пачалі ўзнікаць пры канцы 1916 г. у каталіцкіх асяроддзях дзякуючы дзеячам і святарам беларускай нацыянальнай арыентацыі. Слабасць беларускага нацыянальнага жыцця, на што часта звяртаюць увагу польскія гісторыкі, вынікала перш за ўсё з адсутнасці беларусаў на гэтай тэрыторыі да 1918 г., калі людзі пачалі вяртацца з бежанства.

Змешчаныя ў кнізе ўспаміны паказваюць, што Расія зрабіла вялікае ўражанне на беларускіх сялянах. Здзіўляла іх перш за ўсё ветлівасць і шчырасць расіян. Бежанцаў абдароўвалі яны вопраткай, харчамі, прымалі на кватэры. Беларускіх сялян здзіўляла таксама ўраджайнасць тамашніх палёў. Шмат хто рашаўся тады шукаць там пастаяннага месцажыхарства. Большасць бежанцаў знайшла сабе працу, а іх дзеці пачалі вучыцца ў мясцовых школах. Дзесьці далёка ішла вайна, якая прыпамінала аб сабе частымі прызывамі рэкрутаў. Абавязак служыць у царскай арміі мелі таксама бежанцы.

Беларусаў у Расіі інтрыгавалі мясцовыя традыцыі, рэлігійная абраднасць. Сярод расіян, асабліва падчас рэвалюцыі, дзейнічала шмат усялякіх сектаў, якіх правадыры тлумачылі свет у спосаб дазваляючы пратрываць ва ўмовах страху, голаду, шалеючай вакол жахлівасці. Бежанцы апынуліся ў свеце ўсялякіх рэлігійных плыняў, якія ўздзейнічалі таксама на іх свядомасць. На працягу некалькіх гадоў рассыпаўся іх палітычны, эканамічны і рэлігійны парадак свету вядомы ім ад некалькіх пакаленняў, якога асновай была царская ўлада і аўтарытэт Праваслаўнай царквы.

Вобраз Расіі пасля рэвалюцыі бачыўся бежанцамі як процілегласць тае краіны, якую пабачылі ў 1915 годзе. Багатая дзяржава, бацькаўшчына заможных і ветлівых людзей - такі менавіта вобраз дарэвалюцыйнай Расіі запамятаўся большасці бежанцаў - раптам стала месцам шалёнага самазнішчэння. Шмат хто з беларусаў стаў сведкам, а таксама ўдзельнікам падзей, якія адбываліся ў Імперыі. Голад, эпідэміі і шалеючая вайна, фронт якой праходзіў амаль праз кожную вёску і мястэчка, учынялі спусташэнне таксама сярод бежанцаў. Большасць уцекачоў вырашыла тады вяртацца ў свае мясцовасці. Вандроўка на захад, цераз ахопленую пажарам вайны Расію, трывала часам некалькі месяцаў.

Бежанцы вярталіся ў іншую, чым выехалі, краіну. Тут была Польшча. Перад ад’ездам была ў іх гаспадарка, хата, гаспадарчыя будынкі, жывёла, сельскагаспадарчыя прылады. Пасля вяртання з Расіі адзінай маёмасццю была здзірванелая зямля. Выязджаючы ўмелі пісаць і чытаць, у Польшчы нанава сталі непісьменнымі. Дзяржаўныя ўлады не мелі магчымасцей дапамагчы вяртаючымся з Расіі беларусам, дарэчы, ніхто тады нават не думаў пра патрэбу такой дапамогі. Ніхто не бачыў праблем бежанцаў. Пакінутыя на волю лёсу людзі шукалі спосабаў выжывання.

Змешчаныя ў кнізе расказы паказваюць як цяжка было пачынаць бежанцам новае жыццё на сваёй зямлі. Штодзённае змаганне за тое, каб накарміць дзяцей і самому пражыць поўнасцю займала іх увагу ў першых месяцах пасля вяртання. Жыццё бежанцаў напамінала тады бытаванне людзей каменнага веку. Не было коней, каб узараць поле. Пазычалі іх ад яўрэяў, так як і зерне для сяўбы. Большасць вярнуўшыхся пачынала жыць у зямлянках або буданах. Такія хаты служылі бежанцам часам некалькі гадоў, пакуль не пабудавалі сапраўднае жыллё з драўляных брусоў.

Аднаўленне маёмасці, якую бежанцы патрацілі ў 1915 г., трывала амаль цэлае міжваеннае дваццацігоддзе. Бежанства забрала ўсё, што выпрацавала некалькі пакаленняў беларусаў. Адбудове не спрыяла бяздушная фіскальная палітыка польскай дзяржавы. Таму сацыяльныя і эканамічныя праблемы беларусаў ІІ Рэчы Паспалітай рашуча паўплывалі на іх палітычную, а нават рэлігійную арыентацыю. Большасць запамятала прыніжаючую галечу, недахоп харчоў і пастаянныя праблемы з платай падаткаў. Каб зарабіць грошы, людзі шукалі працы ў фальварках, часам адлеглых на некалькі дзесяткаў кіламетраў ад роднай вёскі, пасылалі дзяцей на цэлае лета пасвіць кароў за два цэнтнеры жыта. Католікі, якія жылі побач, не патрабавалі кожную залатоўку прызначаць на аднаўленне гаспадаркі і таму запамяталі яны зусім іншы, чым праваслаўныя, вобраз даваеннай Польшчы. Палякі жылі ў сваёй краіне. У школах, касцёлах, дзяржаўных установах паўтараліся лозунгі, якія польскім грамадствам успрымаліся з адабрэннем. Дзяржаўная прапаганда звяртала ўвагу на перамогу ў вайне з Расіяй. Усход паказваўся як прастора прымітывізму, на якую цывілізацыю заўсёды прыносілі палякі. Сярод беларусаў такая прапаганда замацоўвала толькі апазіцыйнасць да польскай дзяржавы. Бачылі яны багатую царскую Расію, а ў Польшчы жылі на ўзроўні жабрацкага стану. Антыбеларускасць і несумленнасць польскіх чыноўнікаў і паліцыянтаў замацоўвала разыходжанні паміж беларусамі і дзяржавай. Тысячы былых бежанцаў паверылі камуністычным арганізацыям, што ў Савецкім Саюзе пасля заканчэння вайны настаў час вялікага дабрабыту, а ўлада сапраўды апынулася ў руках рабочых і сялян. Ва ўмовах міжваеннай Польшчы людзі хацелі верыць у нейкі цуд, шукалі надзеі на лепшую будучыню. Таму для адных такую надзею давалі камуністы, для другіх - лідэры шматлікіх сектаў.

Кожны дзеяч, які аспрэчваў тагачасную польскую рэчаіснасць, мог разлічваць на прыхільнасць беларусаў. У дваццатыя гады беларускаму эміграцыйнаму ўраду ў Коўне вельмі лёгка ўдалося арганізаваць антыпольскае падполле на тэрыторыі Беласточчыны і Гродзеншчыны. Са шматлікіх дакументаў вынікае, што людзі нават не надта цікавіліся тым, пад якімі лозунгамі прапануюць ім змагацца з польскай дзяржавай, а найважнейшым ім было само змаганне. У палове дваццатых гадоў амаль увесь апазіцыйны рух апынуўся пад кантролем камуністаў, якіх дзейнасць набывала часам характар актыўнасці рэлігійнай секты. Прарасійскасць былых бежанцаў стала пастаянным элементам іх палітычнага мыслення. Хаця разумелі яны розніцу паміж царскай Расіяй і Савецкім Саюзам, аднак адну і другую форму дзяржаўнасці ўспрымалі як альтэрнатыву для неакцэптаванай Польшчы. Ідэя незалежнай Беларусі жыла толькі ў свядомасці дзеячаў некамуністычных арганізацый. Не мелі яны, аднак, вялікага ўплыву на беларускае грамадства.

Апорай для бежанцаў у той час не стала таксама Царква. Былі яны сведкамі праследавання бальшавікамі святароў у Расіі. У Польшчы праваслаўе атаясамлівалася з царскай ўладай. Па гэтай прычыне як дзяржава, так і Каталіцкі касцёл вялі палітыку абмяжоўвання грамадскага значэння Царквы. У канцы дваццатых гадоў улады выкарыстоўвалі праваслаўных епіскапаў і святароў для паланізацыі вернікаў, што вяло да іх кампраметацыі. Яўнае супрацоўніцтва праваслаўнага кліру з уладамі пазбаўляла яго магчымасцей уплываць на вернікаў. У выніку шмат праваслаўных вельмі хутка апынулася ў сектах, якія развіваліся паводле прывезеных з Расіі ўзораў. Лідэры сектаў найчасцей прапанавалі ўцёкі ад рэальнасці і супольнае чаканне канца свету. Некаторыя вызначалі нават дакладную дату апакаліптычнага канца. Сэнс жыцця сектантаў абмяжоўваўся да падрыхтоўкі да „страшнага суда”. Спадарожнічала гэтаму багатая рэлігійная абраднасць і цалкавітая адданасць правадыру руху. Найбольшая рэлігійная супольнасць пад кіраўніцтвам „прарока” Ільі Клімовіча ўзнікла на Сакольшчыне. Налічвала яна некалькі тысяч вернікаў з усяе Беласточчыны.

Усё адмянілася з прыходам у 1939 г. Чырвонай Арміі. Ідэалізаваная савецкая Расія аказалася не той, якой чакалі. Пасля ІІ сусветнай вайны, у 1944-1946 гадах, беларусам Беласточчыны прапанавалася новае бежанства „ў Расію”. Гэтым разам выехалі толькі тыя, якія не мелі іншага выхаду.

1 П. Эбэрхардт, Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989, Менск 1997.

2 I. Matus, Wieś Strzelce-Dawidowicze w tradycji historycznej, Białystok 1994, s. 68.

3 Д. Фіёнік, Эвакуацыя царкоўнай маёмасці ў 1915 г. і спробы яе вяртання пасля 1921 года на прыкладзе Беласточчыны, „Białoruskie Zeszyty Historyczne", 1996, nr 2 (6), s. 93-98.

4 O. Łatyszonek, Białoruskie formacje wojskowe 1917-1923, Białystok 1995, s. 35.