Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


Гурт БОНДА

1986. БАНДА НОНКАНФАРМІСТАЎ

„Месца пад сонцам” — адзін зь першых беларускамоўных рок-альбомаў — ствараўся цягам цэлага года (запіс быў завершаны ўвосень 1986 г.) у „самаробнай” студыі на чацвертым паверсе Інстытута культуры. Якраз з пачаткам запісу музыкі займелі новы назоў „Бонда” замест грувасткай „Студыі 7”. Гэтае слова выбралі са сьпісу, што адмыслова склаў паэт Анатоль Сыс паводле „Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка” Вацлава Ластоўскага. Сярод прапаноў былі „Крама”, „Брама”, „Ронд”, але ж усім спадабалася менавіта „Бонда”. Камсамольскія актывісты ўбачылі ў назве „аматарскага ВІА” крамолу — „бонда” ў іх асацыявалася з „бандай”. Упэўнівалі камсамольцаў з дапамогай прафэсара Адама Мальдзіса, які даў шырокае тлумачэньне слову (гэта й луста хлеба, і кавалак зямлі, агульнае ж значэньне — частка ад цэлага).

Пры дапамозе партатыўнай студыі запісалі 12 песень наступным складам: І.Варашкевіч (вакал, губны гармонік), І.Маркаў (гітара), В.Корань (гітара), С. Краўчанка (бас). „Намінальны” бубнач „Бонды” Сяржук Кныш пасьпеў „пастукаць” у адной песьні, потым яго забралі ў войска. На некаторы час яго замяніў Сяргей Брыкса ( сёньня вядомы як хрысціянскі спявак). Песьні для альбома адмыслова не адбіраліся, але музыкі сьвядома вырашылі больш не граць расейскамоўных твораў, напісаных у пэрыяд з 1980 па 1984 гг., калі гурт называўся яшчэ „Студыя 7”. Пазбавіліся таксама ад некаторых песень, створаных не на свае вершы (існавала, прыкладам, колькі песень на вершы Кандрата Крапівы). Музыка й тэксты „Месца пад сонцам” былі створаныя „тройцай” Варашкевіч—Маркаў—Кныш (за выключэньнем некаторых, якія Маркаў і Кныш напісалі ўдвох падчас працы ў Ніжневартаўску).

Музыкі прызнаюць, што ў „Месцы...” адчувальны ўплыў польскай музыкі, у прыватнасьці гурта „ Lady Punk „. Але ж трэба прызнаць, што з апорай на традыцыі польскай музыкі, „Бонда” стварыла свой непаўторны стыль — прыпанкованны гук з блюзавай гармонікай. Песьні з гэтага альбома — „Стэфка” й „Слуцкая брама” былі пазьней уключаныя ў рэпертуар ужо легенды 90-х — гурта „Крама”. Яны й па сёньня выконваюцца на канцэртах. Не страцілі сваёй актуальнасьці й такія песьні, як „Падарожжа” й „Блюз” („Шляхі ў начы”). Але ёсьць творы, што цяпер падаюцца крыху наіўнымі („Вынаходнікі”, „Соль жыцьця”, „Раз-пораз”) і выклікаюць хіба толькі гістарычную цікавасьць.

У якасьці вокладкі была выкарыстана неафіцыйная эмблема гурта — мыш, што ўгрызаецца ў гітару. Гэты малюнак быў створаны ў 1985 г. мастаком-плякатыстам Міхалам Анемпадыставым, рэпрадукцыя ж вісела колькі часу ў „бондаўскай” студыі.

З гэтым альбомам, як зазначае „летапісец” „Бонды” Сяржук Сахараў у хроніцы гурта, „Бонда” „запачаткавала беларускія музычныя традыцыі нонканфармізму і... здолела акумуляваць творчыя магчымасьці таленавітых музыкаў”. „Бондаўцам” было й найдалей наканавана ствараць беларускую музычную гісторыю. Менавіта на іхныя песьні („Ура”, „Койданава”) былі зьнятыя першыя беларускія кліпы. Пасьля распаду гурта ў 1989 г., зь яго паўсталі такія праекты, як „Уліс”, „Рокіс”, „Крама” й „Little Blues Band”.

Музычную спадчыну „Бонды” выдавалі двойчы: альбом „Месца пад сонцам” афіцыйна пабачыў сьвет у 1996 г. (дагэтуль ён нелегальна хадзіў „па руках”), а ў 1999 г. выйшаў своеасаблівы збор твораў — амаль усе „бондаўскія” песьні на двух кампакт-дысках.

ДЫСКАГРАФІЯ

1. „Месца пад сонцам” (1986, выдадзены ў 1996г. на МС)

2. „Бонда” (2CD, 1999)