Гэта першы альбом самага ўдалага айчыннага музычнага праекту. Зь яго і варта весьці наш рок-адлік. Да гэтага часу музычнае жыцьцё на Беларусі ня надта віравала: існавалі колькі калектываў, што выконвалі моладзевую музыку. У красавіку 1968 г. у Менску нават прайшоў першы біг-біт фэстываль, у якім бралі ўдзел такія легендарныя асобы, як Генадзь Старыкаў, Андрэй Плясанаў, Уладзімер Угольнік. Будучы ансамбль “Песьняры” на чале з Уладзімерам Мулявіным на той час ужо два гады працаваў пры менскай філярмоніі ў рэвю “Лявоніха”. Тады ў групы была дзіўная назва — “Арбіта-66”, праз некаторы час “шыльду” было вырашына зьмяніць на больш прывабную — “Лявоны”. Музыкі акампанавалі розным танцорам ды куплетыстам, часам гралі свае песьні (у 1968 г. яны нават запісалі кружэлку-міньён).
З 1969 г. калектыў стаўся самастойны, і адзін з удзельнікаў ансамбля Леанід Тышко прапанаваў звацца “Песьнярамі”. Калектыў даваў шмат канцэртаў, але праграму запісаць тады было амаль немагчыма. Для тагачаснага манапаліста гуказапісу — студыі “Мэлёдыя” — патрэбны быў вельмі важкі аргумэнт, каб запісаць кагосьці на студыі. “Песьняры” дамагліся такога права — у кастрычніку 1970 г. яны падзялілі першае й другое месца зь Львом Лешчанка ў IV Усесаюзным конкурсу артыстаў эстрады. У якасьці прызу музыкі атрымалі некалькі гадзін запісу на галоўнай студыі “Мэлёдыі”, што месьцілася тады на завулку Станкевіча каля будынку Маскоўскай філярмоніі.
Увесну 1971 г. “Песьняры” запісалі першы айчынны альбом. Працавалі два дні ў дзьве зьмены (адна зьмена — 8 гадзін). Тагачасныя музычныя магчымасьці дазвалялі запісваць песьні толькі наўпрост, без аніякіх налажэньняў. Апаратура дазваляла хіба што прапісаць асобна вакал і голас. Такі запіс вымагаў найперш музычнага майстэрства й вялікай сканцэнтраванасьці. Але музыкі здолелі запісаць песьні найлепшым чынам. У гэтым ім дапамог адзін зь лепшых гукарэжысэраў СССР Аляксандр Шцільман. “Усё атрымалася досыць проста і лёгка, бо гэты рэпертуар быў адпрацаваны на канцэртах”,— згадвае ўдзельнік запісу Ўладзіслаў Місевіч (саксафон, флейта). Акрамя яго й Уладзімера Мулявіна (вакал, гітара) у запісу ўзялі ўдзел Леанід Тышко (бас), Валер Яшкін (арган, ліра), Валянцін Бадз'яраў (скрыпка), Валер Мулявін (рытм-гітара, труба), Аляксандр Дзямешка (бубны). Падчас запісу да калектыву далучыўся былы ўдзельнік ансамблю “Залатыя яблыкі” Леанід Барткевіч — ён выканаў адну з самых пасьпяховых песень альбому “Александрына” на словы Пятруся Броўкі. У аснове альбому — беларускія народныя песьні (“Скрыпяць мае лапці”, “Пайдзём удоль вуліцы”, “Ой, рана на Івана” і інш.) у музычнай апрацоўцы Ўладзімера Мулявіна, які выдатна спалучыў біг-бітаўскія ды блюзавыя мэлёдыі з фальклёрам.
Выданьне кружэлкі-гіганту на “Мэлёдыі” чатырохмільённым накладам было сапраўднай падзеяй ня толькі ў айчынным музычным жыцьці. “Песьняры” сталіся найпапулярнейшым ансамблем усяго Саюзу: шматлікія канцэрты па ўсёй краіне (часам гралі па чатыры канцэрты на дзень), гастролі за мяжой. У той час чаргу за квіткамі на канцэрт “Песьняроў” можна было параўнаць адно што з чаргой па іх кружэлкі. Першы альбом “Песьняроў” ня меў назвы, але для зручнасьці яго называлі па запісаных там песьнях: “Ты мне вясною прысьнілася”, “Александрына”, “Касіў Ясь канюшыну”.
Цікавая гісторыя атрымалася з афармленьнем кружэлкі. На вокладку музыкі фатаграфаваліся ў Астанкінскім палацы ў Маскве, і Місевіч, які сядзеў пасярэдзіне, дзеля жарту ўзяў флейту ў вусны наадварот. Калі фота друкавалася, афарміцель падумаў, што адбылася памылка і перавярнуў фота. Гэткім чынам выява “Песьняроў” на вокладцы атрымалася люстэркавая. Зрэшты, гэта мала хто заўважыў.
“Песьняры” трымаліся на піку папулярнасьці яшчэ год дзесяць. У 1974 г. была запісаная другая кружэлка, вытрыманая ў рэчышчы першага альбому. Потым было вельмі пасьпяховае турнэ па ЗША, падчас якога музыкам прапаноўвалі выгодныя кантракты й выступ у Лас-Вэгасе разам з Полам Макартні. Паводле чутак, наконт “Песьняроў” выказаўся і Джон Ленан. Легендарны музыка нібыта сказаў, што самая цудоўная музыка, якую ён чуў, гэта менавіта “Песьняры”. Некалькі год таму падчас інтэрвію расейскаму часопісу “Fuzz” Уладзімер Мулявін пацьвердзіў гэты факт.
Уплыў “Песьняроў” на далейшае развіцьцё беларускай музыкі цяжка сабе ўявіць, яны здолелі зрабіць сапраўдную музычную рэвалюцыю. Журналіст Зьміцер Падбярэзскі заўважае : “Песьняры” зламалі традыцыю, увялі народную песню, гэтую ці не чумазую просталюдзінку ў новым для яе ўбраньні ў тыя залі, куды яе раней калі і пускалі, дык зьнявечаную грымам да непазнавальнасьці й з чорнага хода”.
Песьні з дэбютнага альбому ўвайшлі ў залаты фонд беларускай музыкі. “Песьняры” (а затым “Песьняры п/к У.Мулявіна” і “Беларускія Песьняры”) выконвалі іх на працягу ўсяе свае творчасьці амаль у тыхсама аранжыроўках. Толькі кампазыцыя “Касіў Ясь канюшыну”, што сталася музычнай візітоўкай Беларусі, шматкроць зьмянялася. Яна існавала як мінімум у трох варыянтах. Першы, з гэтага дыску, падаецца найбольш альтэрнатыўным. Варыянт для фільму “Ясь і Яніна” больш танцавальны (паставіў танец, дарэчы, Барыс Маісееў). Самая папулярная вэрсія — у апрацоўцы Ігара Паліводы (менавіта яе можна пачуць у мультфільме “Ну, погоди!”).
Далейшы лёс першага складу “Песьняроў” склаўся ня вельмі шчасьліва. Трох чалавек ужо няма: памёр Уладзімер Мулявін, яго брат Валер загінуў яшчэ ў 1974 г. пры нявысьветленых абставінах падчас гастроляў, пры канцы 90-х памёр Валер Яшкін... Аляксандр Дзямешка спачывае на пэнсіі ў Маскве, Леанід Тышко займаецца фармацэўтычнай справай ў Ізраілі. У музыцы засталіся толькі Уладзіслаў Місевіч (“Беларускія песьняры”) і Валянцін Бадз'яраў (займаецца камернай музыкай у Нямеччыне). Думаецца, што песьні, створаныя гэтымі людзьмі ў “Песьнярах”, застануцца на стагоддзі.
ДЫСКАГРАФІЯ (ТОЛЬКІ LP)
1. “Лявоны” (сынгл, 1967)
2. “Ты мне вясною прысьнілася” (1971)
3. “Алеся” (1974)
4. Рок-опэра “Гусьляр” (1977)
5. “Перапёлачка” (1978)
6. “Волагда” (1979)
7. “Явар і каліна” (1979)
8. “Зачараваная мая” (1982, 2 LP)
9. “Песьні вайны” (1984)