1998. КРЫВІЦКАЯ АЎТЭНТЫКА
Альбом, зь якім праект студыі „Палац” зрабіўся цалкам самадастатковай музычнай зьявай. Пасьля сыходу клявішніка Юр'я Выдронка гурт пазбавіўся „фолькмадэрновай” стылістыкі, фактычна адмовіўся ад кампутарных эфэктаў і „мінусовак”. Пераход да эклектыкі найперш зьвязаны з прыходам у гурт гітарыста „N.R.M.” Піта Паўлава.
Круглова й Вайцюшкевіч папрасілі яго падыграць ім на фэсьце „Басовішча'98”. Там уласна й прайшоў першы канцэрт „залатога складу” „Крыві”. Альбом „За туманам” быў запісаны літаральна празь некалькі тыдняў пасьля знаёмства з Паўлавым. Гэты запіс цудоўным чынам спалучае тры музычныя „пачаткі” „Крыві”: акапэльны („На турэцкіх палях”, „Каліна”), электронны (напрыклад, другі трэк) і выкананьне рок-гуртом („Добры дзень”, „Агу, вясна”). Дзеля спробы апошняга да „Крыві” часова далучыліся вядомыя музыкі — бубнач Кірыл Шэвандо і басіст Валер Башкоў. Яны ўзялі ўдзел у запісу альбома й некалькіх канцэртах. Акром традыцыйных рок-н-рольных інструмэнтаў у альбоме выкарыстана шмат духавых — тут разгарнуў свой талент Зьміцер Вайцюшкевіч. Усю гэтую музычную рознакаляровую карціну дапаўняў гарлавы вакал Веранікі Кругловай.
За два тыдні з дапамогай гукаапэратара Аляксандра Марозава альбом быў „даведзены да розуму” на студыі Белдзяржрадыё. Амаль усе песьні — народныя („Сьветлая Зоя” напісана Пітам і падпраўленая Зьміцерам Лукашуком). І без таго вядомая ў народзе „За туманам” пасьля гэтага альбома набыла проста шалёную папулярнасьць. У альбоме яна прысутнічае ажно ў двух варыянтах — акустычным і мэталічным(!). На другі пэўны гіт — „Агу, вясна” — быў зьняты кліп, які не сыходзіў з экрана тэлевізіі некалькі месяцаў.
„Крыві” знайшлі свой падыход да беларускай аўтэнтыкі. Цягам часу электронныя аранжыроўкі канчаткова сышлі ў нябыт, рокавае выкананьне таксама не прыжылося. Музыкі прыхіліліся да жывога выкананьня ў стыле world music, у аснове якога ляжаць фолькавыя імправізацыі. З гэтым альбомам „Крыві” журналісты ды крытыкі залічылі ў вышэйшую музычную лігу, а Круглова замяніла Касю Камоцкую на троне рок-каралеўны. Колішняе „адгалінаваньне” „Палацу” пры канцы 90-х станецца інтэрнацыянальным музычным праектам — у ім будуць граць музыкі зь Нямеччыны, Польшчы, Ізраілю, Ірану, Бангладэшу ды іншых краін сьвету.
ДЫСКАГРАФІЯ
1. „Хэй-лолі” (МС, 1995)
2. „За туманам” (МС, 1997)
3. „Людзям...” (CD, 1999)
4. „Мінск-Бэрлін” (CD, 2003)