Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


НАРОДНЫ АЛЬБОМ

1997. ПАЧАТАК „СУПОЛЬНАСЬЦІ”

1 верасьня 1996 г. спыніла сваю дзейнасьць легенда айчыннага FM-вяшчаньня „Радыё 101,2”, але гукі музыкі ў яе студыі на вул.Рэвалюцыйнай не сьціхалі. У вольнай студыі ў лістападзе 1996 г. беларускія музыкі пачалі працаваць над альбомам, які паклаў пачатак супольных праектаў на Беларусі.

Суцэльны альбом-п'есу, у якім узялі б удзел усе тагачасныя зоркі беларускага рок-н-ролу задумаў мастак Міхал Анемпадыстаў, у навейшай музычнай гісторыі Беларусі вядомы як дызайнэр вокладак для альбомаў „Кожны з нас” „Бонды” й „Чужаніца” „Улісу”, а таксама аўтар песень для гурта „Новае неба”. За некалькі год у яго назьбіралася пад 30 тэкстаў, зь якіх вынікала цэлая гісторыя са сваімі героямі. Анемпадыстаў паклікаў на дапамогу Лявона Вольскага, Касю Камоцкую, Анатоля Додзя (гукаапэратар), і ў выніку ў 1996 г. склалася канцэпцыя „Народнага”. „Нашай задачай максымум было стварэньне культуралягiчнага мiту „Заходняя Беларусь. Мiжваенны перыяд” як праявы iснаваньня Беларусi ў несавецкай традыцыi”, — так скажа потым Анемпадыстаў. Жанр музычнага твору ён акрэсьліў як „альтэрнатыўны фольк”.

Да ідэолягаў НА паступова далучаліся астатнія музыкі, а таксама былыя супрацоўнікі зачыненай радыёстанцыі. Так ці іначай, у НА узялі ўдзел больш за 20 чалавек. У абсалютнай большасьці песень удзельнічалі Вольскі з рытм-секцыяй N.R.M. (Ляўкоў і Дземідовіч), Камоцкая і баяніст Сяргей Ахрамовіч.

Уся праца была скончаная ў сьнежні 1997 г. На альбом патрапілі 27 песень, стылізаваныя пад народныя — „каб ніхто не здагадаўся”, хоць сярод іх былі і сапраўды народныя — „Надзенька”, якую сьпеў Інкогніта, не вядомы масам выкладчык з катэдры славістыкі філфаку БДУ сп.Трус, і „Lomir Zech Iberbetn” цудоўна выкананая на ідыш Аляксандрам Памідоравым (плянавалася, што яе сьпяе Віктар Шалкевіч). Яшчэ дзьве песьні (сярод іх народны гіт „Коленька”, выкананы Інкогніта) выпалі з альбому падчас запісу. Пяростая блытанка розных моў (польская, руская, габрэйская і беларуская), мяшанка полькі і танга, балядаў і гарадзкога рамансу, гіп-гопу і псіхадэліі, разнаплянавасьць характараў герояў стваралі сапраўдную фэерыю, яскравае відовішча расьцілалася перад слухачом.

Менскім аматарам музыкі быў зроблены навагодні падарунак — 28 сьнежня альбом прэзэнтавалі ў ТЮГе. „Народны” меў ашаламляльны посьпех і ў Беларусі, і ў Польшчы. Унутранае жыцьцё НА, што доўжылася больш чым год, таксама дала свае вынікі: менавіта падчас працы над НА канчаткова распаўся плённы дуэт Вольскага й Камоцкай, які праіснаваў сем год; Корань на ўсіх пакрыўдзіўся і ў падобных праектах больш не ўдзельнічаў („Скрыпка дрыгвы” ня ўлічваецца); Круглова і Вайцюшкевіч знайшлі Паўлава — наступілі залатыя часы „Крыві”; Памідораў паверыў у свой талент і стаў сьпяваць часьцей, чым дыджэіць на радыё, а дзесьці ў нэтрах зьвілася ідэя працягу. Што праўда не „Народнага”, а супольных праектаў наагул. Потым былі яшчэ „Сьвяты вечар”, „Я нарадзіўся тут” і „Скрыпка дрыгвы”, але такога посьпеху яны не мелі.

Сяргей БУДКІН.