Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


Гурт ТРОІЦА

1996. ПЕРАЕМНІК МУЛЯВІНА

Час „Троіцы” прысьпеў у 1995 г., хоць да таго часу ідэоляг праекту Іван Кірчук ужо год зь дзесяць займаўся фальклорам. Па спэцыяльнасьці Кірчук — кіраўнік народнага хору. З 1982 г. ён часьцяком бываў у фальклорных экспедыцыях, займаўся рэканструкцыяй старадаўніх абрадаў, зьбіраў народныя сьпевы, адрадзіў лялечны тэатр „Батлейка”. У 1995 г. Кірчук займаў пасаду намесьніка дырэктара цэнтра творчасьці дзяцей і моладзі й узначальваў тэатр фальклору. У гэты час і зьявілася „Троіца”, у якую акром Кірчука ўвайшлі ягоны вучань — гітарыст Віталь Шкілёнак і бубнач Зьміцер Лук'янчык. Амаль адразу група распачала сваю канцэртную дзейнасьць — у асноўным у Заходняй Эўропе. Патрапіць на гастролі дапамог Аляксей Кутузаў, што арганізоўваў за мяжой выставы беларускіх мастакоў. У Галяндыі на адным з фэстаў адбылося знаёмства з Марцінам Пастам — пісьменьнікам, мастаком, прадзюсарам. Дзякуючы яму зьявіўся першы запіс „Троіцы” (зрэшты, як і другі, і трэці...). Сам матэрыял быў запісаны ўлетку 1996 г. у мазырскім тэатры-студыі „Арт”. Кірчук, калі распавядаў пра гэты запіс, папрасіў акцэнтаваць увагу на тым, што ўдзельнікі групы падчас студыйнай працы ўжывалі толькі вегетарыянскую ежу й ня выпілі ні граму алькаголю. „Каб голавы нашыя былі сьветлыя”,— заўважае Кірчук. Выдадзены дыск быў у Галяндыі.

Цікава, што беларускія слухачы даведаліся пра „Троіцу” толькі калі тыя мелі сталы посьпех за мяжой. Можна сказаць, што прэзэнтаваў групу менчукам ні хто іншы, як Юры Шаўчук — лідэр культавай піцерскай каманды „ДДТ”. Пачуўшы чарнавы запіс некалькіх песень у выкананьні Кірчука, Шаўчук прапанаваў выступіць разам з „ДДТ” у Менску, а потым запрасіў у Піцер на вялікі фэст „РОК-97”, што ладзіў сам.

Гучаньне „Троіцы”, як і голас Кірчука, не паблытаеш ні з кім і ні з чым. Авангардны музычны падыход да старадаўніх народных песень даў свой плён — „Троіцу” палюбілі ўсе. Моладзі спадабалася чыстая акустычная музыка, што несла вялікі зарад энэргіі, старэйшаму пакаленьню — новае інтэрпрэтаваньне фальклору: загучалі па-новаму „Рэчанька” (яе акапэльна выконвалі „Песьняры” у 70-х), „Яблынь мая”, „Ішла Купала” ды іншыя. Адна з адметнасьцяў альбому — выкарыстаньне старадаўніх інструмэнтаў (цымбалы, акарына, смык, гуслі, жалейка, домра). Праз некалькі год Кірчук у Галяндыі нават адкрые ўласны музэй беларускіх інструмэнтаў.

Праз тры гады — у 1999 г. — даўшы блізу 120 канцэртаў, гурт распаўся. Кірчук кажа, што чорная котка прабегла паміж удзельнікамі „Тройцы”. Апошнім выступам у гэтым складзе можна лічыць сумесны сэт з „Drum XTC” на „Рок-каранацыі'99”. Потым Кірчук набярэ новых музыкаў, крыху зьменіць назву („Этна-трыо Троіца”) і працягне выступаць зь ня меньшым посьпехам.

Пасьля сьмерці Мулявіна журналісты кінуліся шукаць пераемніка Песьняра. Тады ськіравалі погляд на Кірчука. Іван Іванавіч на такія закіды адказвае з гумарам: „Хіба што толькі вусы пераняў ад Мулявіна”. Але, сапраўды, беларускую песьню на такую вышыню ўзнёс пасьля Мулявіна толькі Кірчук. Альбом „Троіца” ёсьць гэтаму пацьверджаньнем.

ДЫСКАГРАФІЯ

1. „Троіца” (CD, 1998, МС 2000)

2. „Live at „Oerol” (CD, 1999)

3. „Спадчына загінуўшых вёсак” (МС 2000, CD 2003)

4. „Журавы” (2001)