Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


Гурт НЭЙРА ДЗЮБЕЛЬ

1995. ПЕРШЫЯ АЙЧЫННЫЯ ПАНКІ

Год 1995 для „Нэйра дзюбеля” — этапны. Тады на сьвет зьявіўся альбом „Разумныя рэчы” — экстракт усяго створанага Кулінковічам і Ко за мінулыя шэсьць гадоў існаваньня першых панкаў Беларусі. Цікава, што „Рэчы” сталіся й першым двайніком — двайным альбомам у беларускай музыцы, бо на адну касэту не атрымалася ўціснуць нават самыя лепшыя песьні (гэта ж быў „The Best”).

Гэтая праграма — рэч у вышэйшай ступені непапсовая, зробленая безкампрамісна й для сябе. Музыкі працавалі над альбомам увесну й ўлетку 1995 г. на студыі Skat-records. Што цікава, запісывалі жыўцом, г.зн. папросту падключалі інструмэнты ды гралі кожную песьню некалькі разоў. Лепшы варыянт пакідалі для нашчадкаў. Агулам на запіс 27 песень пайшло 48 гадзінаў. За адведзены час было выкарыстана „зашмат піва, крыху гарэлкі і каньяку” (пра гэта музыкі не забыліся напісаць на вокладцы альбому).

„Дзюбель” працаваў на якой-ніякой прафэсійнай студыі ўпершыню — дагэтуль усе альбомы запісваліся ў кватэры Кулінковіча. Мінулыя працы НД („Бойка на матацыклах”, „У дупе” ды інш.) мелі неверагодны попыт — у сярэдзіне 90-х па продажах касэт „дзюбеля” саступалі хіба толькі „Ляпісам” ды „N.R.M.-Мроі”. Толькі вельмі розныя працэсы адбываліся ў душах Сяргея Міхалка, Лявона Вольскага й Аляксандра Кулінковіча. Пра сябе часоў „Разумных рэчаў” Кулінковіч кажа коратка: „Мая постаць на сцэне — постаць добрага вар'ята”.

„Разумныя рэчы” — гэта пагружэньне ў непрыемнае. Навошта? Каб нашае сумленьне, нарэшце, абудзілася ды ўскрыкнула, зразумеўшы, што ад гэтых брудных песень, як ад люстэрка, адбіваецца брудная душа. Як паглядзіш — усе мы чыстыя, але ўнутры... Ці вось яшчэ, пра безабаронных людзей, такіх дзіўных у цемры:

„А люди спят, похожие на
Машины по производству говна!”
(„Машыны”)

Варта зазначыць, што менавіта на „Разумных рэчах” сфармаваўся склад НД 375-й пробы. Акрамя Кулінковіча, які напісаў і прасьпяваў усе песьні, у „залаты” склад увайшлі Юры Наумаў (гітара, падпеўкі), Максім Паравой (гітара), Стас Паплаўскі (бас), Макс Івашын (лавіші — так пазначана на вокладцы, трэба разумець ад слова love), Андрэй Сьцепанюк (бубны). Да таго ж у запісу браў ўдзел Юры Пыхцін — ён прачытаў верш Гейнэ ў песні „Чыгунныя кветкі”, а таксама прывабная дзяўчына, якая нешта рабіла, але што дакладна — ніхто не памятае. На песьнях „Зорачкі” і „Божа, пакарай Англію” можна пачуць яшчэ хор дзетак — музыкі іх назвалі „дзеці з прывакзальля”. Колькі хлапчукоў і дзяўчынак цікаваліся працай музыкаў праз вакенца, Кулінковіч жа працягнуў ім мікрафон і прапанаваў пасьпяваць. Так эспромтам на альбоме зьявіліся дзіцячыя галасы.

Па выхаду альбом амаль адразу стаўся рарытэтам, намінаваўся на „Альбом году” на Рок-Каранацыі'95. Шмат якія песьні з „Рэчаў” („Вакацыі з Чычалінай”, „Пятрова”, „Гумавы дом” і інш.) сталіся падмуркам для існаваньня сёньняшняга НД — ужо не панк-банды, а рок-гурта.

ДЫСКАГРАФІЯ

1. „Тотальная дефлорация” (1991)

2. „В жопе” (1991)

3. „Ромашка (из жопы с любовью)” (1992)

4. „Битва на мотоциклах” (2МС, 1994)

5. „Министерство” (1994)

6. „Умные вещи” (2МС, 1995)

7. „Жестокое самоубийсто универсальной нарезкой Бернера” (1996)

8. „Охотник и сайгак” (1998)

9. „Ворсинки и катышки” (1999) (1-9 на МС)

10. „Народное достояние” (CD, 2000)

11. „Пиар во время чумы” (CD, 2002)

12. „Правдивые истории о том, как у Карлсона украли комбинезон” (CD, 2003)