Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


Гурт ПАЛАЦ

1994. МАДЭРНОВАЯ СПАДЧЫНА

У 1992 г. музыкі-навучэнцы Інстытута культуры, што займаліся беларускай фальклорнай музыкай, стварылі гурт пад назвай „Палац”. Канцэртная праграма ўжо мелася — яна складалася зь песень, „дабытых” падчас фальклёрных экспедыцыяў ды знойдзеных у архівах унівэрсытэцкай бібліятэкі. З гэтымі творамі музыкі й распачалі пасьпяхова гастраляваць па краінах Эўропы, бо менавіта ў гэты час кантынэнт пачала захлёстваць хваля этнічнай музыкі. Можа таму калярытныя аўтэнтычна-славянскія сьпевы „Палаца” карысталася посьпехам — у 1993 г. гурт патрапіў у дзесятку лепшых калектываў Усходняй Эўропы па выніках фэсту „Radio France International”.

Пра запіс паўнавартаснага альбому спачатку гаворка не ішла, бо асаблівай патрэбы ў ім не было. Зь цягам часу яна зьявілася — гледачы, што прыходзілі на канцэрты „Палаца” жадалі набыць запіс гэтага цікаўнага гурта. Таму музыкі стваралі бясконцыя бутлегі. Нарэшце „стаміўшыся запісваць самі” (па словах лідара калектыва Алега Хаменкі), „Палац” у 1994 г. з дапамогай буйнейшай на той момант беларускай рэкард-кампаніі Vigma выдае свой першы альбом з той самай назвай — „Палац”.

Цяжка назваць дадзены запіс канцэптуальным — на касэту трапілі песьні, што прайшлі выпрабаваньне падчас гастрольных тураў. У гэтым пляне пазьнейшыя альбомы гурта больш суцэльныя. „Палац.Фольк-мадэрн” хутчэй кампіляцыя першых песень калектыва, што ўключае як студыйныя, так і жывыя запісы. Тым не менш, для стварэньня альбома выкарыстоўвалася лепшае студыйнае абсталяваньне на той момант — частка песень пісалася на беларускім радыё.

„Палац” быў, бадай, першым гуртом на абсягах былога СССР, які здагадаўся пабудаваць свой стыль на спалучэньні паганска-хрысціянскіх сьпеваў і сучасных рытмаў. І гэты альбом паказвае імкненьне гурта па-новаму паглядзець на здабыткі нашай культурнай спадчыны, прадставіць увесь спэктар беларускай аўтэнтычнай музыкі.

Пазначэньне на вокладцы „folk-modern” часта прымаюць за назву альбома, але насамрэч гэта самаазначэньне стылёвага накірунку. Музыкі не адыходзілі ў аранжыроўках ад поп-стылістыкі пачатку 90-х — таго патрабаваў незвычайны музычны й тэкставы матэрыял. Аднак, такая модная на той час „разынка”, як электронная апрацоўка вакала, адмыслова не была выкарыстана. Той факт, што альбом і па сёньня карыстаецца попытам, сьведчыць пра сапраўды пасьпяховае гукавое вырашэньне альбома (мяккія папсовыя сэмплавыя аранжыроўкі, ненадакучлівы сьпеў, з жывых інструментаў толькі цымбалы!).

Адзінае, што раздражняе сёньня пры праслухоўваньні альбома — англамоўныя рэпавыя чытанкі Вайцюшкевіча. Іх зьяўленьне абумоўлівалі шматлікія замежныя гастролі гурта, неабходнасьць арыентавацца на заходняга слухача. Як можна прасьпяваць для немца ці француза калядную песьню без адвечнага „Merry Christmas to you!”?

Першы альбом „Палаца” цікавы ў першую чаргу як помнік тэхнічным і стылёвым адметнасьцям свайго часу, цікавы сваім настроем, цікавы як этапны запіс, які значна паўплываў на развіцьцё беларускай этнічнай музыкі. На той момант у „Палацы” бралі ўдзел Алег Хаменка, Юрась Белякоў, Зьміцер Вайцюшкевіч, Юры Выдронак, Зьміцер Карабач.

Надалей попыт на беларускі фальклор будзе толькі ўзрастаць, а з фольк-студыі „Палац” паўстануць „Крыві” ды „Юр'я”.

ДЫСКАГРАФІЯ

1. „Палац. Фолк-мадэрн.” (МС 1994, 1999)

2. „Дарожка” (МС 1997)

3. „Лепшае” (2CD, 1999)

4. „Палац і ды-джэй Рэй” (CD, 2001)

5. „Чужыя дзеўкі” (CD, 2001)

6. „Сьвяточны” (CD, 2003)