Валер БУЛГАКАЎ, Галоўны рэдактар “ARCHE”, БАЖ, “Беларускі Калегіюм”
БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАЯ ІНТЭГРАЦЫЯ. АСЬВЯТЛЕНЬНЕ ТЭМЫ Ў БЕЛАРУСКІХ СМІ
Важным момантам для раскрыцьця тэмы ёсьць адказ на пытаньне, што такое “беларуска-расейская інтэграцыя” й зь якога моманту яна вядзе адлік. Першаму беларускаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку несправядліва будзе прыпісваць годнасьць “першага беларуска-расейскага інтэгратара”, бо інтэграцыйныя ініцытыявы зь беларускага боку агучваліся ў СМІ задоўга да лета 1994 г. Пры гэтым паказальна, што сама інтэграцыйная рыторыка за 10 зь лішнім гадоў не перажыла вялікіх зьменаў.
У беларускіх дзяржаўных СМІ фактычна з моманту здабыцьця Беларусяй незалежнасьці тэма інтэграцыі “раскручваецца” як пытаньне першачарговай важнасьці для выжываньня беларускай эканомікі й наагул беларускай дзяржавы. Гэта на ўсякі лад падкрэсьліваецца ў інтэрвію, дадзеным тагачасным прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусі. Ужо ў ліпені 1992 г. падчас візыту ў Маскву тагачасны беларускі прэм’ер ня выключыў магчымасьці стварэньня канфэдэрацыі Беларусі й Расеі, калі гэткай формы збліжэньня запатрабуюць гаспадарчыя ўзаемадачыненьні паміж абедзьвюма краінамі. Далейшая інтэграцыйная гульня Кебіча й характар ягонай палітычнай рыторыкі былі досыць прадказальнымі: у сакавіку 1993 г., выступаючы перад кіраўнікамі выканкамаў гарадзкіх і раённых Саветаў народных дэпутатаў, ён заклікаў да стварэньня эканамічнага саюзу ў рамках СНД.
Адначасна ўрад Кебіча выказваўся за прылучэньне Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД, створанай у 1992 г., на той падставе, што гэта дазволіць беларускаму ВПК працаваць на расейскі вайсковы рынак. А ўвосень 1993 г. ужо агучваецца ініцыятыва стварэньня адзінай рублёвай зоны з Расеяй.
Чым якасна адрозьнівалася сытуацыя да лета 1994 г. ад насталай пазьней у зьвязку з прыходам Лукашэнкі да ўлады, дык гэта адсутнасьцю кансэнсусу ў пытаньні беларуска-расейскай інтэграцыі. Найбольш пасьлядоўным апанэнтам Кебіча быў тагачасны старшыня Прэзыдыюму ВС Станіслаў Шушкевіч. Дарэчы, у адным з інтэрвію (“Звязда”, 1993, 19 лістапада) патрэбу збліжэньня з Расеяй ён матываваў тым, што гэта, магчыма, падштурхне беларускі ўрад да правядзеньня рэформаў.
Як вынікае з паведамленьня тагачасных беларускіх СМІ, С.Шушкевіч ставіў пад сумнеў патрэбу ў супрацы з Расеяй у вайсковай сфэры, асуджаў Кебічаву ініцыятыву далучэньня краіны да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД. Вялікі скепсыс выклікала ў Шушкевіча й ідэя эканамічнага саюзу з Расеяй, асаблівае ж непрыняцьцё — ідэя стварэньня адзінай рублёвай зоны.
Правядзеньне ўласнай палітычнай лініі скончылася для С.Шушкевіча непамысна — адстаўкай з пасады кіраўніка парляманту. Гэтага нельга сказаць пра характар ягонай палітычнай рыторыкі наконт беларуска-расейскай інтэграцыі. Лінію Шушкевіча падхопяць палітыкі дэмакратычнай арыентацыі, і тыпалягічна падобныя выказваньні будуць тыражавацца ўжо недзяржаўнымі СМІ. Адразу ж пасьля адстаўкі Шушкевіча В.Кебіч распачне сваю прэзыдэнцкую кампанію, у якой тэме беларуска-расейскай інтэграцыі будзе адведзена першачарговая роля.
Кебічавы выказваньні той пары амаль нічым ня розьняцца ад пазьнейшых Лукашэнкавых. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. Кебіч дае прарасейска афарбаваныя інтэрвію газэце “Правда”. Крах выбарчай кампаніі Кебіча й прыход да ўлады Лукашэнкі прыводзяць да сытуацыі, калі прадстаўнікі афіцыйных уладаў надоўга, фактычна да 2002 г., накладаюць табу на любую крытыку беларуска-расейскай інтэграцыі ў дзяржаўных СМІ. Адначасна ў дычыненьні да гэтай тэмы крытычную пазыцыю займаюць недзяржаўныя СМІ дэмакратычнай арыентацыі.
Адразу пасьля сваёй перамогі А.Лукашэнка ў інтэрвію “Народнай газеце” заявіў: “Я за суверэнітэт роднай Беларусі, але без граніц і мытняў, з добрымі суседзямі, і перш за ўсё з Украінай і Расіяй” (“Народная газета”, 1994, 18—20 чэрвеня). І сапраўды, у некаторых пытаньнях Лукашэнка быў значна больш прагматычным за Кебіча. Напрыклад, пасьля свайго абраньня на пасаду прэзыдэнта ён адмовіўся ад ідэі адзінай рублёвай зоны з Расеяй. Разам з тым, ужо ў кастрычніку 1994 г. дзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі Лукашэнкаву заяву аб тым, што Беларусь не павінна мець з Расеяй “адносінаў такога ж узроўню, як у яе будуць з краінамі далёкага замежжа”. У сакавіцкім інтэрвію “Народнай газеце” ён адзначае: “Умацаванне нашых сувязяў з Расіяй... ёсьць асноватворным фактарам выхаду з крызісу і стабілізацыі шмат якіх аспектаў унутранага жыцця рэспублікі. Я маю на ўвазе палітычна-эканамічны, сацыяльны, гістарычна-маральны аспект, непасрэдна звязаны з святкаваннем 50-годзьдзя Вялікай Перамогі і аднаўленнем гістарычнай супольнасці славянскіх народаў. Адмаўляць глыбокае сэнсавае значэнне гэтай дамовы азначае непавагу да той гістарычнай мінуўшчыны і цяпершчыны, чым жылі, жывуць і будуць жыць братнія беларускі і расійскі народы” (“Народная газета”, 1995, 23 сакавіка).
Прынцыпова новы акцэнт у асьвятленьні беларускімі дзяржаўнымі СМІ тэмы беларуска-расейскай інтэграцыі зьяўляецца ўвесну 1996 г.: падкрэсьліваецца, што будучы саюз мусіць грунтавацца на раўнапраўных асновах. Пра гэта гаворыць Лукашэнкаў выступ, апублікаваны ў “Народнай газеце” (“Народная газета”, 1996, 29 сакавіка).
Увесь гэты час, як і за Кебічам, рэпэртуар інтэграцыйнай рыторыкі застаецца традыцыйным: сьцьвярджаецца, што “Дружба з Расіяй — гэта гарантыя суверэннага існавання нашай дзяржавы”. Некаторай навізной адзначалася датаванае другой паловай 1996 г. выказваньне Лукашэнкі наконт таго, што ў Беларусі “рускамоўнае насельніцтва адчувае сябе, як у былым Савецкім Саюзе” (“Народная газета”, 1996, 15 лістапада).
Тэза аб раўнапраўнасьці Расеі й Беларусі ў новым саюзным утварэньні служыла тагачаснай беларускай прапагандзе дзеля таго, каб дэзавуяваць нават саму магчымасьць уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі ў якасьці ейнае асобнае губэрні. Як пісала на пачатку 1997 г. газэта “Звязда”, Лукашэнка на сустрэчы з дэлегатамі III Кангрэсу народаў СССР заявіў пра гэта на ўвесь голас.
Нейкі час у дзяржаўных СМІ назіраецца балянс паміж прагапандай “поўнай інтэграцыі” й прапагандай “поўнай незалежнасьці”. Гэтая крохкая раўнавага была парушана ў ліпені 1999 г., калі А.Лукашэнка ў рэзкіх тэрмінах зьвінаваціў расейцаў за сабатаж інтэграцыйных пастановаў: “Мы... зрабілі капітальную памылку, прадэкляраваўшы шматвектарнасць вонкавай палітыкі, але на самой справе зрабіўшы дзікі крэн на Ўсход. І ў выніку надта і надта шмат можам страціць у перспектыве”(“Белорусский рынок”, 1999, № 26, С. 4.). У інтэграцыйнай тэме зьяўляецца новая падтэма: беларускі рэжым хоча інтэгравацца ня толькі з Расеяй, але й з Украінай. Тагачасны міністар замежных справаў Рэспублікі Беларусі Ў.Латыпаў увесну 1999 г. у інтэрвію “Беларускай думцы” заявіў, што Беларусі лепей яднацца з Расеяй разам з Украінай.
Якасна новая сытуацыя ў беларуска-расейскай інтэграцыі паўстала пасьля абраньня расейскім прэзыдэнтам Уладзіміра Пуціна. Новая крамлёўская Адміністрацыя зрабіла стаўку на эканамічнае дамінаваньне Расеі ў краінах СНД і экспансію ў гэтыя краіны расейскага прыватнага капіталу. Разгараецца патроху канфлікт паміж беларускімі й расейскімі эканамічнымі элітамі, выкліканы імкненьнем расейскага капіталу дасягчы кантролю над стратэгічнымі сэктарамі беларускай прамысловасьці. У маі 2000 г. на чарговай сэсіі Парляманцкага сходу Саюзу Беларусі й Расеі Лукашэнка заявіў, што рэальная карысьць ад беларуска-расейскай інтэграцыі “амаль што нябачная”. Туман ахутвае таксама пытаньне аб увядзеньні расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі ў якасьці адзінага плацёжнага сродку. Ужо ў сьнежні 2000 г. Лукашэнка на старонках газэты “Рэспубліка” намякае, што пытаньне гэтае далёка ня вырашана.
Са значна большым запалам інтэграцыйная карта пачала разыгрывацца ў дзяржаўных СМІ падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Лукашэнка актыўна зьвярнуўся да яе ўжо ў маі 2001 г. у сваім выступе на ІІ Усебеларускім сходзе.
Але адразу пасьля выбараў характар інтэграцыйнай рыторыкі ў дзяржаўных СМІ рэзка мяняецца. У сьнежні праз цэнтральныя СМІ Лукашэнка заяўляе, што Беларусь гатовая інтэгравацца з Расеяй настолькі, наколькі на гэта гатовая Расея. У 2002 г. раней вынайдзеная формула “поўная інтэграцыя пры поўнай незалежнасьці” ў асяродзьдзі беларускіх элітаў перажывае яўны крызыс і фактычна сыходзіць на нішто. У асяродзьдзі ўрадоўцаў становіцца модна прызнавацца ў сваёй адданасьці незалежнасьці Беларусі й неабходнасьці перагляду ранейшай палітыкі што да Саюзу Беларусі й Расеі.
Міхась ТЫЧЫНА, Беларускі ПЭН-цэнтар
СТЫЛЬ ЖУРНАЛІСЦКАЙ ПУБЛІЦЫСТЫКІ ЯК ПАДСТАВА ДЛЯ СУДОВЫХ ПЕРАСЬЛЕДАЎ
Мабыць, дзіўна рэфлексаваць з нагоды такіх маргінальных зьяваў, як стыль журналісцкай публіцыстыкі, тады, калі палітычная сытуацыя дыктуе свае правілы гульні й не прымае ў разьлік прыватнасьцяў. Незацікаўлены, “чысты” погляд у такіх абставінах — заўсёды ілюзія, забыцьцё, альбо выцясьненьне ўмоваў яго ўзьнікненьня.
Аднак сучасная журналісцкая практыка штораз нагадвае пра тое, што ціск “вялікага” палітычнага поля ўрэшце натыкаецца на мяжу, за якой усё залежыць ад законаў натуральнага, аўтаномнага існаваньня сучаснага інтэлектуала. Асоба зь ейным зацікаўленьнем падзеямі, прагай незалежнасьці, імкненьнем да рызыкі, адчуваньнем пэрспэктыўнасьці “агульнай справы” была й застаецца апошнім бастыёнам свабоды. Аўтаномнае існаваньне інтэлектуала (журналіста, літаратара, навукоўца), якое прадугледжвае арыентацыю на ўнутраныя крытэры, на адчуваньне самадастатковасьці, набывае статус эфэктыўнай зброі змаганьня з сацыяльным ліхам. Асоба журналіста выяўляе сябе ў індывідуальным стылі. Вось чаму ўлада, якая імкнецца ўсё кантраляваць, урэшце наважваецца й на вайну з мовай.
Але гаворка пакуль што не пра мову наагул, а пра стыль журналісцкай публіцыстыкі й тыя выпадкі, калі менавіта стыль паўстае падставай для судовага перасьледу, і ўзьнікае патрэба літаратурна-лінгвістычнай экспэртызы. Зьяўляецца новая прафэсія — літаратурны экспэрт, які мае справу не з традыцыйнай мастацкай літаратурай, адсунутай пераважна на задворкі грамадзкага зацікаўленьня, а з такім фэномэнам сучаснага культурнага жыцьця, як новая журналістыка. Новая журналістыка нарадзіла новую мову апісаньня падзей, якая, у сваю чаргу, прыкметна зьмяніла нашу рэчаіснасьць. Працэс гэты не завершаны, ідзе цяжка, але мадэль віртуальнай Беларусі пакрысе набывае свой відарыс. Улада, якая бачыць у незалежных журналістах сваіх галоўных ворагаў, ахвотна карыстаецца праблемамі росту й узросту новага маўленьня дзеля самасьцьвярджэньня.
Мая асабістая практыка спэца-экспэрта сьведчыць, што ў станаўленьні журналізму мы прайшлі тры этапы, якія можна назваць “залатым”, “срэбраным” і “бронзавым”. Калі, зразумела, не забывацца пры гэтым на пачуцьцё гумару. Да “жалезнага веку” беларускай журналістыкі, калі ўсе СМІ будуць браць за ўзор БТ і СБ, як у савецкія часы праграму “Время” й газэту “Правда”, мы досыць шпарка набліжаемся.
Першы (“залаты”) век (1989—1996) пазначаны бурным (і сумбурным) росквітам СМІ, зьяўленьнем дзясяткаў таленавітых людзей, супярэчлівымі працэсамі адштурхоўваньня ад ранейшага навамоўя й нараджэньня сучаснай мовы. Улада, генэтычна зьвязаная з савецкімі часамі, натуральна ўгледзела патэнцыйных ворагаў у пісьменьніках. Менавіта тады быў справакаваны судовы працэс супраць С.Алексіевіч — аўтаркі дакумэнтальнай кнігі “Цынкавыя хлопчыкі”. Спатрэбілася дапамога літаратурных экспэртаў, якім (не аднаму мне) давялося займацца, па сутнасьці, “лікбэзам” у галіне мастацкай літаратуры, дзе амаль кожны нядаўні савецкі грамадзянін звыкла лічыў сябе спэцыялістам і не зважаў на тое, што мова вобразаў разьлічана на дасьведчанага чытача.
У прыватнасьці, трэба было даводзіць элемэнтарныя ісьціны: 1) што “дакумэнтальная проза” — “мастацкая проза”; 2) што аўтар-дакумэнталіст мае права на мастацкую выдумку (сьвядомы адбор фактаў, канцэптуальную збудову тэксту й інш.); 3) што літаральнае ўзнаўленьне вусных аповедаў герояў немагчымае на паперы; 4) і што наагул судовы перасьлед пісьменьніка за ягоныя творы — з рэпэртуару “тэатра абсурду”.
Справа С.Адамовіча паказала, што ўлада ўрэшце намацала слабое зьвяно ў літаратурных шэрагах і знайшла спосаб паставіць пісьменьнікаў на месца. Праўда, яна пры гэтым не ўлічыла рэакцыі міжнароднай літаратурнай грамадзкасьці й ролі такога выразьніка ейных настрояў, як Міжнародны ПЭН-клюб. Аднак вырашальны судовы працэс, пасьля якога паэт-вязень, адседзеўшы 10 месяцаў, быў вызвалены, праводзіўся паказальна. Літаратуразнаўцаў-экспэртаў, якіх тэрмінова панізілі да рангу сьведак, дапытвалі падчас суду, як кажуць, “прыстрасна”. Усяго толькі пра верш гаварылі 2 зь нечым гадзіны. Пракурор так зацікавіўся праблемамі літаратурнай навукі, што, акрамя ўжо звыклых пытаньняў, ці мае падсудны тэкст дачыненьне да мастацтва, пытаў пра тое, якімі паэтычнымі тропамі карыстаўся аўтар сумназнакамітага верша.
Зразумела было, што гэты спосаб ціску на свабодную прэсу прывёў да тупіку. Спроба нейкага Школьнікава адсудзіць у сп.Пітэра Бэрна, дырэктара Беларускага Фонду Сораса, ажно мільён даляраў за нібыта абразу зыскоўца скончылася амаль весела. Экспэрты з аднаго й другога бакоў спаборнічалі ў разгадцы стылістычнага нюанса тройчы паўторанага адказчыкам падчас тэлеперадачы слова “вот” (“вот... вот... вот...”), што азначала толькі адно: прамоўца ня дужа добра валодаў рускай мовай і шукаў дакладнае вызначэньне. Насамрэч было сказана наступнае: “...мне ўсё роўна, альбо Фонду ўсё роўна, хто зьвернецца ў Фонд па гранты. Магла б зьвярнуцца Камуністычная партыя... мог бы зьвярнуцца п.Школьнікаў альбо нехта іншы. Палітычныя погляды тут ня маюць значэньня”. Такія вось стылявыя канатацыі, якія вырашалі, будзе п.Ш. мільянэрам, ці не.
Другі (“срэбраны”) век (1996—2001) пазначаны тым, што “новая журналістыка” перажывала ня лепшы свой час. Гэта выявілася ў спробе сутыкнуць на прававым полі прадстаўнікоў урадавых і незалежных СМІ. Адны зь іх, адчуўшы, што робяцца пасьмешышчам у вачох грамадзкасьці, своечасова адмовіліся ад судовага вышуку, іншыя мусілі бараніць свой гонар і годнасьць да канца. Гэтыя, больш гучныя й менш гучныя, справы досыць падрабязна асьвятляліся ў пэрыёдыцы й былі на слыху ў журналістаў. Таму я не называю іх. Заўважу толькі, што й у такім разе не абышлося безь літаратурна-лінгвістычных экспэртызаў. Даводзілася, скажам, тлумачыць зыскоўцу, што выраз “На меня два дня давили” не зьмяшчае ў сабе намеру абразіць, і што ён схільны да перабольшаньня ўласнай ролі ў публічным абмеркаваньні вынікаў рэфэрэндуму 1996 году.
У атмасфэры ажыятажу, калі грамадзтва раскалолася на дзьве часткі, звычайныя ў гутарковай мове выразы ўспрымаліся бакамі неадэкватна, размова з асобы суразмоўцы-дыспутанта пераводзілася ў сфэру палітычных зьвінавачаньняў, рознага роду інсынуацый, асабістых абраз, імкненьня дэманізаваць супэрніка (супэрніцу) як галоўнага віноўніка ўсіх бедаў краіны, выносілася прапанова “кампэтэнтным органам” “охладить очернительные страсти имярек и ей подобных”. Карацей, актыўна выкарыстоўваўся стэрэатыпны набор знаёмых з часоў эсэсэсэрыі сродкаў дыскрэдытацыі незалежных журналістаў як асобаў і прафэсіяналаў.
У гэты час апрабоўваліся навобмацак і іншыя сродкі палітычнага, эканамічнага й маральнага ціску, а менавіта — тыя ці іншыя артыкулы КК. Хоць рэфэрэндум адбыўся, але пачалася паласа перасьледу ўсіх, хто актыўна заяўляў сваю пазыцыю ў пэрыяд агітацыі “за” й “супраць”. Так, напрыклад, зьмест публіцыстычнага артыкулу А.Старыкевіча “Эвангельле ад лукавага” (“Свабода”, 17.09.96) праз паўгоду пасьля абнародаваньня быў расцэнены як “заклік да распальваньня сацыяльнай нецярпімасьці альбо варожасьці”. Адсутнасьць прыймальных дзеля юрыдычнай практыкі крытэраў гэтакіх паняткаў, як “сацыяльная нецярпімасьць” і “варожасьць”, запатрабавала літаратурна-лінгвістычнага аналізу артыкулу. Выявілася, што ў тэксьце адсутнічае які-небудзь напамін пра сацыяльныя супольнасьці альбо групы ў дакладным разуменьні гэтых тэрмінаў і што да названых супольнасьцяў і групаў нельга аднесьці выказваньні накшталт “социальный пласт — потомственные рабы”, “политическая шпана, дорвавшаяся до власти”, “наиболее выслужившиеся”, “пособники”, “левые и правые” — а значыцца няма падставаў для зьвінавачаньня журналіста. Гаворка вялася пра супольнасьці, аб’яднаныя паводле этычных, маральных, “нравственных” прыкметаў, паміж якімі магчымая напружанасьць, але не канфрантацыя. Журналіст зьвяртаўся да сумленьня кожнага выбаршчыка й ягонага пачуцьця адказнасьці: “В сложившейся ситуации каждому придется делать личный выбор... Это как раз тот редкий случай, когда чаши весов могут склонить в ту или иную сторону действия буквально одного—двух—трех человек”. Мэтад “запаволенага чытаньня” (Р.Барт) даў свой плён.
Абражанымі асабіста ў незалежнай прэсе (чамусьці гэта пачуцьцё абразы нагадала пра сябе праз паўгоду) адчуліся цэлыя грамадзкія структуры. Маю на ўвазе зьвінавачаньне, якое выставіў ГУУС Мінгарвыканкаму да газэты “БДГ” (артыкулы “Кто накажет бандитов в милицейской форме?”, “Молчание белорусских ягнят”). Гэтак за савецкімі часамі лічылі сябе абражанымі й закідалі рэдакцыі калектыўнымі лістамі “вэтэраны”, “генэралы”, “пажарнікі”, “спартсмэны”, сустракаючы ў друку імя героя-калегі, які праштрафіўся. Нарэшце “прарвала” — і абараняць міліцыянтаў толькі таму, што яны міліцыянты, а значыць — недатыкальныя, бо пэрсаніфікуюць самую дзяржаву, стала немагчыма. У экспэртным заключэньні давялося разважаць і пра адсутнасьць канкрэтнага адрасата, і пра неадназначнасьць ужываньня ў кантэксьце артыкулу слова “бандыт”, якое выказвала маральнае асуджэньне канкрэтных дзеяў людзей “у міліцэйскай форме” й улучала ацэнку падзеі, накіраваную на паляпшэньне духоўнага стану грамады. Абражанымі адчувалі сябе ў такой сытуацыі мы ўсе.
У азначаны пэрыяд магчымасьцямі экспэртызы зацікавіліся й шараговыя грамадзяне, якія спрабавалі такім спосабам вырашыць свае матэрыяльныя ці маральныя праблемы. Нейкаму сп.Судзілоўскаму мроілася абраза, і ён міжволі перабольшваў ступень вінаватасьці аўтара артыкулу “Пракурор быў п’яны...” Адказчык, выказваючы сваё асуджэньне ўладатрымцаў, ужыў дзеясловы цяперашняга часу (“возмущает”, “ведут себя власти”, “пытаются успеть “наложить лапу”), у той час як зыскоўца займаў пасаду ў “прэзыдэнцкай вертыкалі” ў мінулым часе. Так дзеяслоў, нэўтральная часьціна мовы, уратаваў журналіста.
Ужо тады ўсё часьцей пачалі згадваць артыкулы КК, якія абараняюць гонар і годнасьць першай асобы ў краіне, і ўжываць іх у судовай практыцы. Пачалася эпоха, якую я называю “бронзавай”.
Абразаю па першым часе лічылася нават простае цытаваньне асобных парадаксальных выказваньняў А.Лукашэнкі, узятых па-за кантэкстам, якія гаварылі самі за сябе, без усякіх камэнтароў. Некаторыя ж малюнкі-калажы (у газэце “Имя”, у кніжцы А.Сурава “У Пагоню”) выклікалі ў чытачоў з фантазіяй сьмех. Цяпер судовыя працэсы гэтай катэгорыі занялі першае месца па сваёй частаце й выніковасьці. Урэшце ўладаю быў адшуканы “балявы пункт” у грамадзкай сьвядомасьці, які з парогу адпрэчваў розначытаньні, уласьцівыя стылю журналісцкай публіцыстыкі, і не дапускаў іншых ухілаў, апроч зьвінаваўчага. Прайграныя суды над “Пагоняй” і “Рабочым”. Літаратурная экспэртыза як апошняя інстанцыя ісьціны ў спрэчцы бакоў папросту ўжо не прымалася да ўвагі, хоць і фігуравала ў адзначаных судовых працэсах. Таму падам урывак з экспэртнага заключэньня, які датычыцца верша “Абяшчал! Абяшчаю! Буду абяшчаць!” (зноўку мы маем справу з мастацкай творчасьцю).
“Верш “Абяшчал! Абяшчаю! Буду абяшчаць!” (“Пагоня”, № 37) па сваім зьмесьце й форме — тыповая вершаваная пародыя, і ўспрымаецца як літаратурны твор (мастацкі ўзровень патрабуе асобнай гаворкі). Пародыя звычайна будуецца на знарочыстым несупадзеньні тэматычнага й стылявога плянаў: у дадзеным выпадку гэта высокі прадмет (выбары), выкладзены нізкім стылем (“трасянка”). Асьмяяньне можа канцэнтравацца як на тэматыцы, калі парадыруюцца штампы вуснай і пісьмовай мовы (“харошая зарплата”, “пралетарыят”, “мафія”, “вярнуць уклады”, “раждаямасьць”, “дзяржаць цэны”), так і на стылі (каснаязыкасьць, няскладнасьць, аднастайнасьць).
Па характары камізму дадзеная пародыя можа быць аднесена да сатырычнага, з асобнымі пераходамі да гумарыстычнага, жанру. Асноўны літаратурны прыём — іранічнае перайманьне асьмяянага ўзору, шаржаваньне асобных ягоных уласцівасьцяў, давядзеньне да абсурду, у выніку чаго дасягаецца камічны эфэкт. Пародыя ў гэтым разе ўспрымаецца як сродак перадвыбарнай барацьбы. Асьмяяньне адбываецца з гледзішча палітычнай апазыцыі, якая, зразумела, супрацьстаіць афіцыйнай пазыцыі й імкнецца ўлавіць слабыя бакі апошняй. Талент прамоўцы, які ўмее пераконваць слухача (якімі сродкамі — гэта іншая гаворка), тут супрацьстаіць таленту безыменнага парадыста (зноў жа асобная праблема — мастацкі ўзровень). Зварот менавіта да пародыі — асаблівасьць пэрыяду вострай палітычнай барацьбы, калі асабліва цэніцца актуальнасьць, дасьціпнасьць, вынаходлівасьць і інш. Аўтар не называе ў самім тэксьце верша імя прадмета парадыраваньня, аднак указвае яго ў зарыфмаваным эпіграфе. Твор успрымаецца як сродак стварэньня вобраза “любімага кандыдата” ад народу, які, да ўсяго, прамаўляе вершам: А.Лукашэнка, як вядома, не гаворыць вершамі. (Хоць і чытае, як стала вядома, вершы (“стихи”) В.Быкава.)
У вершы-пародыі “Абяшчал! Абяшчаю! Буду абяшчаць!” ствараецца мастацкі вобраз, у якім чытач можа пазнаваць, а можа й не пазнаваць, у адпаведнасьці з сваімі палітычнымі сымпатыямі або мастацкім густам, канкрэтных “кандыдатаў”, што ў час перадвыбарнай барацьбы выкарыстоўваюць апрабаваны прыём абяцаньняў і выказваюцца на спэцыфічнай мове, зьвернутай адразу да самых розных адрасатаў (народ, пралетарыят, дырэктарат, мафія, жанчыны, палатнікі-дэпутаты, “нищыя”, журналісты).
Да сказанага я мог бы дадаць, што адзінае, за што варта было папракнуць журналістаў (у экспэртызе я гэтага, зь вядомых прычынаў, не рабіў), дык гэта за недавер да чытача, да ягонае здагадлівасьці. Адсюль ператрымкі, зразумелыя ў варунках перадвыбарнай вайны, нагнятаньне жарсьцяў, эпіграф, у якім названы адрасат, і г.д. Гэта ўрэшце папрок нам усім, хто авалодвае новай мовай журналістыкі й, ствараючы яе, стварае будучае грамадзтва, у якім, трэба спадзявацца, зьявіцца першая папраўка да білю аб праве на свабоду слова — і ўжо не спатрэбяцца літаратурныя экспэрты й літаратуразнаўчыя экспэртызы.
Семён БУКЧИН, Белорусский ПЕН-центр
Проблемы культурного уровня белорусской прессы
Ясное дело: при нашей нынешней общественно-политической ситуации проще и, вероятно, важнее обсуждать не столько вопросы газетно-журналистской культуры, сколько возможности самого выживания негосударственной прессы. Я же намерен остановиться, прежде всего, на проблемах культурного уровня, и именно негосударственной прессы, поскольку суть нашей государственной печати — это, говоря словами Щедрина, нечто, освещающее “своим распространяющим чад факелом путь распри, умственной смуты и лжи”.
Но не будем обольщаться и на счет негосударственной печати. Возьмите негосударственные газеты первой половины 90-х годов. Они намного интереснее, и, что особенно важно, их культурный уровень выше сегодняшнего. Конечно, время было другое, ситуация была другой и авторы были другие. Нынешний авторитарный застой погубил не только общественные надежды — он привел к деградации и выражавшую их негосударственную прессу. Кто делает сегодня независимую газету? Десяток нанятых издателем журналистов, лучше или хуже усвоивших западную медиа-традицию, отделяющую факт от комментария. Блюдется ли при этом читательский интерес? Вроде так: есть факт — есть и комментарий.
Но штука в том, что наш читатель — это не представитель среднего класса на Западе, утром за стаканом молока пробегающий газетные столбцы с таблицами биржевых сводок. Это еще по всему своему строю советский читатель, ищущий в печатном слове некоего “направления мысли”, сопереживания, понимания, контакта. Но где взять издателю авторов, способных удовлетворить этот читательский спрос на неравнодушное слово? Сам принцип выживания нашей независимой газеты построен на четкой эксплуатации десятка наемных сотрудников. Это в условиях западной демократии и рынка издатель, помимо насыщенных фактами и комментариями страниц, предлагает читателю целые полосы, на которых резвится вольное перо публициста, притягивающего того не только ходом рассуждений, но и блеском стиля.
А у нас, конечно, не до жиру... Вроде бы разгорелась на страницах “Нашай Нівы” существеннейшая полемика о взаимоотношениях оппозиции и власти, о судьбах национальной культуры в условиях обнажившегося конфликта между Лукашенко и Путиным. И что в итоге? Вместо того чтобы вывести эту полемику на действительно широкий общественный простор, редакция свела дело к перебранке. А ведь ситуация и впрямь переломная. Очевидный кризис идеологии у националистов: разочарованность в возможности демократического реформирования страны заставляет их стыдливо искать способов сотрудничества с властью во имя неких высших целей, обозначенных Алесем Аркушем как сохранение “беларушчыны”, которая по своему значению выше “разборок режима с Лебедько либо проблем белорусской социал-демократии”.
Политика и культура, политика и мораль... Проблемы неновые в истории. А уж в белорусской — тем более. Стоит вспомнить последнюю войну, когда во имя той же “беларушчыны” активисты из белорусских национальных организаций принимали активное участие в осуществлении нацистской расовой политики. Если не забывать, что спадар Аркуш призывает сотрудничать с режимом, глава которого открыто признался в своих симпатиях к Гитлеру, то волей-неволей видишь определенную историческую преемственность у некоторых болеющих за судьбу национальной культуры. Разумеется, деятели культуры, частью которой являются литература и журналистика, не обязаны идти на баррикады. Но есть мера брезгливости и отстраненности от вершащей “злые дела” власти, которой, видимо, и следует руководствоваться.
Между тем, в обществе очевидно разнообразие ориентаций — от примитивно-националистических до просвещенно-национальных и космополитических, либеральных. Показать этот спектр, выявить то, что может хотя бы частично сблизить его составляющие,— важнейшее дело независимой прессы. Ибо другой площадки для обмена мнениями у нас нет. Но как это сделать, если даже как будто вполне терпимый и демократический редактор Андрей Дынько, помещая отклик Анатоля Сидаревича на статью Сергея Дубавца, призвавшего к поиску путей взаимодействия с властью, спешит оговориться, что первому вообще не стоило бы давать слова, если бы его взгляды не разделяла достаточно многочисленная часть мыслящих граждан страны. Более того, он тут же, вполне в духе советских идеологических проработок, наклеивает ярлык — “марксист Сидаревич”. Редактор по пунктам, со слабо скрываемой яростью опровергает “марксиста”, считающего невозможным сотрудничество с нынешним режимом, не понимая, что негоже руководителю газеты брать слово в самом начале обмена мнениями, нарушая тем самым необходимую в данном случае объективность. Газета, безусловно, вправе высказаться, показать свою позицию, но сделайте это в конце разговора, в итоговом комментарии, не навязывайте читателю свою солидарность с одной из спорящих сторон сразу. Тем более в столь бестактной и даже грубой форме.
И это безусловный показатель нашего газетного бескультурья. Хотя будем благодарны “Нашай Ніве” и за то, что она все-таки дает высказаться разным сторонам.
Значение свободной прессы сегодня неизмеримо возрастает, если иметь в виду, что в обществе утратила свою ведущую, хотя и в немалой степени искусственно раздувавшуюся, духовную роль литература. Уход литературы с общественной авансцены произошел по ряду причин, основной из которых видится натуральное ее возвращение на одну из площадок в системе культурных ценностей, и пока не на самую значительную. Немало бывших “творцов”, однако, все еще почитает себя “властителями дум” и “наставниками нации”, и потому упрямо требует от государства возврата былых привилегий. Между тем, учительная роль литературы в Российской империи была очевидна только во второй половине ХIХ—начале ХХ веков. С середины 20-х годов минувшего столетия власть использовала эту роль в своих целях и надела на литературу идеологический хомут, придав не свойственный ей общественный статус, сделавший писателей каким-то особым привилегированным сословием, с утратой чего многим и поныне тяжко смириться.
Распад Союза выявил фальшивость этого статуса. Естественным в этом процессе был выход на первые роли масс-медиа — как электронных, так и печатных. Следовательно, можно говорить об определенной замене литературы прессой. Замена состоялась, но в ее ходе читателю подсунули немало гнилого, второсортного товара. И не потому, что писатели массово не пошли в журналисты, а потому, что журналисты утратили ту связь с литературой, которая позволяла даже в советские времена держать определенный уровень.
Рассказывая в приложении к БДГ “Для служебного пользования” о прессинге со стороны властей, которому Алесь Адамович и Василь Быков подвергались в застойные и даже в перестроечные годы, Сергей Шапран почему-то использует лишь черно-белые цвета. Однако ситуация была более многоцветной на самом деле. И если образы гонителей не подлежат особому усложнению, то и фигуры борцов и самого времени в действительности более многослойны. Можно, конечно, сказать, что газетный материал — это не диссертация, что газета как раз и требует остроты и понятности, сенсационности и одновременно некоего упрощения. Все так... Если бы за этим упрощением не возникал образ упрощенного, а, стало быть, и искаженного времени. А нужно ли это читателю?
И что ему вообще нужно, нынешнему читателю? Считается, что он стихийно тяготеет к свободе. Но вот один российский литератор заявил не так давно в “Литературной газете”: “как это ни неожиданно прозвучит, в культуре, в литературе, как и вообще в жизни человека, есть вещи поважнее свободы. Когда разрушена страна, когда поколеблена почва под ногами, когда отброшены цели (пусть и призрачные, мифические), когда каждому и всем приходится думать о выживании в собственном смысле этого слова, когда, наконец, нет ни времени, ни средств позволить себе “немного лишнего”, а духовные ценности человека, его духовная жизнь, культура, литература... легко попадают в категорию “лишнего”, свобода лишается своего абсолютного значения, животворящей силы, она в какой-то мере также становится “лишней” для большинства, игрушкой для меньшинства...”
Если согласиться с этим небезосновательным тезисом, а к понятию “культура” подключить и журналистику, то получается, что и она в какой-то степени “лишняя” для большинства, “игрушка” для меньшинства, подтверждением чего являются мизерные тиражи большинства изданий, а также стремление заманить читателя “клубничкой” и разного оттенка желтизной, очевидное на страницах распространяемой и у нас “Комсомольской правды”. Целые полосы, отводимые в этом популярном издании пространным рассуждениям о размерах мужских достоинств, свидетельствуют не столько о победе над общественным ханжеством и отсутствии запретных тем, сколько, говоря словами Василия Розанова, о “торжестве низа в человеке”. В свою очередь, это “торжество низа” способствует снижению культурной планки. Разумеется, с молодым читателем можно и следует говорить обо всем. Но когда интервью с покойным Виктором Астафьевым соседствует с “сексуальной полоской”, я не могу не думать о сознательной или бессознательной инфляции астафьевского слова.
На страницах той же “Комсомолки” и, естественно, ее белорусского вкладыша мы наблюдаем неуклюжее стремление потрафить разным читательским предпочтениям. Еще сохраняемые в штате редакции благородные окаменелости вроде Инны Руденко и Ольги Кучкиной пытаются беседовать с Юрием Любимовым и Марком Захаровым, но их успешно теснят молодые, сексуально просвещенные коллеги. Происходит своего рода совпадение личностей журналиста и читателя, знаковым выражением которого является молодежный сленг, обязательная ирония на грани цинизма, взаимное подмигивание и утрата того, что называется элементарным тактом. Последнее со всей очевидностью выявилось в описании трагедии киногруппы Сергея Бодрова.
Что бы в мире ни случилось — самолеты врезаются в башни на Манхеттене, гибнет подводная лодка,— все это только повод для бойкого пера утвердить свою способность из всего “сделать конфетку”. А уж инфаркты и инсульты у известных актеров — это просто специализация “Комсомолки”, с трудом прячущей болезненную страсть к чужому несчастью в сочетании с фальшиво-сюсюкающей интонацией “уполномоченного” выразителя всенародной любви к попавшим в беду знаменитостям.
Мне самому не чужда в моих писаниях ирония. Но не могу не согласиться с “одним из последних печальников по уходящей Европе” (выражение Сьюзен Зонтаг) Эмилем Чораном, утверждающим, что “ирония — привилегия уязвленных. Любой вызывающий ее повод говорит о тайном надломе”.
Впрочем, только ли общественный надлом вызвал к жизни именно такую журналистику — кривляющуюся, шутовскую, безграмотную, антикультурную? Очевидны мощные тектонические сдвиги в новейшей истории, под влиянием которых классические культурные ценности сдвигаются в некое гетто, существующее под видом сада эстетических прогулок. Постмодернистским вырождением на наших глазах заканчивается трехсотлетняя история литературы. И мировая журналистика как ее несомненная, хотя и своеобразная, часть, проходит свою школу деградации. В Беларуси ее проявления особенно уродливы. Уже приобрело, так сказать, права гражданства, безграмотное выражение “две большие разницы”, употребляемое авторами, испытывающими нужду в изображении какого-то серьезного контраста. Уже газетные “профи” не видят отличий между отрицательной частицей “не” и утвердительной частицей “ни”. Один из них так и пишет: у человека украли “ни больше, ни меньше...”
И это не проблемы орфографии, грамотности и культуры. В нашу журналистику “попер” малокультурный, малограмотный мещанин со своими непритязательными вкусами и мелкими, дешевыми интересами. Его явление — это симптом времени.
Сяргей ЗАКОННІКАЎ, Беларускі ПЭН-цэнтар
ДЗЕЛЯ ЧАГО БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ СТВАРАЛІ ЧАСОПІСНА-ГАЗЕТНЫ ХОЛДЫНГ?
У кароткім выступленні немагчыма даць поўны аналіз дзейнасці СМІ ў беларускай інфармацыйнай прасторы і ўсебакова вызначыць іхны уплыў на тутэйшае грамадства. Я спынюся толькі на некаторых паказальных момантах.
Для пачатку мушу канстатаваць: беларускае грамадства, калі ацэньваць яго па мерках цывілізаванага свету, вельмі хворае. Найпершы паказчык хваробы — гэта тое, што яно аказалася негатовым прыняць і абараніць незалежнасць сваёй дзяржавы, адназначна сцвердзіць сваю палітычную волю. Яно ўсё яшчэ вагаецца. Прычына такога вагання відавочная. На працягу больш чым трохсот гадоў у нашым краі праводзіліся то татальная русіфікацыя, то паланізацыя, то зноў русіфікацыя, то саветызацыя, то суперінтэрнацыяналізацыя. У выніку гэтага для вялікай часткі жыхароў нашай зямлі (і ўжо не ў адным пакаленні) Беларусь застаецца толькі геаграфічным паняццем, месцам прапіскі, дзе яны жывуць, працуюць, зарабляюць грошы, гадуюць дзяцей, унукаў і праўнукаў — і не больш за тое. Яны не адчуваюць сябе сынамі і дочкамі, крэўнымі часцінкамі беларускага народа ў канкрэтным і ў высокім сэнсах гэтага паняцця. Ім і ў галаву не прыходзіць, што прыналежнасць да народа, які быў прыгнечаным цягам стагоддзяў, які пастаянна ўціскалі з двух бакоў Расія і Польшча, але які пакуль што, дзякуй Богу, існы, якраз і вымагае сёння — у час лёгка набытай незалежнасці — ад кожнага беларуса найактыўнейшага выяўлення патрыятызму, адказнасці за свой лёс, за сваю будучыню.
І справа тут не толькі ў роднай мове, якая сапраўды з’яўляецца душою і грунтам нацыясцвярджэння. Да драматычнай моўнай сітуацыі, што адмоўна паўплывала на сённяшні стан грамадства, дадаецца і яшчэ шмат чаго негатыўнага. Змяніліся сам характар, паводзіны людзей: паболела агрэсіўнасці, хамства, хлуслівасці, разумовай і фізічнай ляноты, абыякавасці, утрыманскага настрою, п’янства і алкагалізму.
Мая мама, якая надзвычай балюча ўспрымала ўсе выродлівыя працэсы, негатыўныя змены ў народзе, часта, горка ўздыхаючы, казала: “Жывём, як на варварскай вуліцы!”. У маленстве я не мог яшчэ зразумець: што, які сэнс яна ўкладае ў гэтае азначэнне? А потым мне стала ясна, што мама мела на ўвазе самую галоўную нашу бяду — дачасніцтва, нестабільнасць, няпэўнасць у лёсе.
Беларусы жывуць і паводзяць сябе так, нібыта знаходзяцца не на сваёй зямлі, дзе яны — гаспадары, а на нейкім вакзале. Яны ўвесь час тузаюцца ў чаканні ратавальнага цягніка, які калісьці прыбудзе і павязе іх нарэшце некуды ў стабільнае і заможнае жыццё. А на вакзале — у мітусні, пад шумок — можна беспакарана ўкрасці, падмануць, аблаяць, збіць некага на горкі яблык і г.д. Цягнік прыйдзе, ты сеў у яго — і канцы ў ваду, шукай ветру ў полі! Вакзальны настрой, адчуванне няпэўнасці паглыбляе ў нашым народзе і цяперашняя палітычная мітусня, валтузня і балбатня вакол планаванага аб’яднання Беларусі з Расіяй.
Узняцца на поўны рост, паверыць у свае сілы беларусам не дазваляе нязбытны, не пераможаны да гэтага часу таталітарызм, аснова якога — страх. Сталін выкарыстаў гэтую чалавечую слабасць на ўсе сто працэнтаў. І дамогся свайго: на дзесяцігоддзі “апусціў”, “згвалціў” мільёны канкрэтных людзей і цэлыя народы. Сталін яшчэ і сёння кіруе нашым жыццём адтуль — з магільнае цемры, бо ягоны вопыт бяруць на ўзбраенне цяперашнія “местачковыя дыктатары” на ўсёй постсавецкай прасторы, бо страх, як і фізічныя хваробы, перадаецца з пакалення ў пакаленне. І разумны, сумленны, вольналюбівы чалавек у цісках таталітарызму губляецца. Ён баіцца не толькі і не столькі за сябе, колькі за сваіх родных, блізкіх, за тую справу, якую распачаў і якая стала сэнсам ягонага жыцця. Я ўжо не кажу пра славуты электарат. Палітычна, сацыяльна і культурна неадукаваная, замбаваная большасць у таталітарным грамадстве можа быць намнога небяспечней і дэспатычней, чым сам дыктатар, тыран. Вось на такое, сапраўды вельмі хворае, беларускае грамадства і разлічана трайное ўздзеянне сродкаў масавай інфармацыі. Чаму трайное? А таму што ў беларускай інфармацыйнай прасторы сёння дзейнічаюць тры плыні: афіцыйны прапагандысцкі рупар рэжыму А.Лукашэнкі, незалежны друк і расійскія сродкі масавай інфармацыі.
Рэаліі беларускага жыцця яскрава сведчаць, што, пры ўсёй сваёй прымітыўнасці ў метадах і спосабах —беспардонная хлусня, папулізм,— прапагандысцкая машына, якая абслугоўвае рэжым, уплывае на даволі вялікую частку нашага грамадства і ўтрымлівае яе ў замбаваным стане. Рэжым бярэ сваё колькасцю, масіраванасцю, бо ў ягоных руках знаходзяцца ўсе каналы тэлебачання, радыё, цэнтральныя шматтыражныя газеты і мясцовыя СМІ. Але за апошні час стала ясна, што і гэтага яму мала. Таталітарызм не церпіць ніякага іншадумства. Разабраўшыся з найбольш значнымі апазіцыйнымі палітыкамі, з непаслухмяным дырэктарскім корпусам, рэжым узяў курс на татальную зачыстку ўсёй ідэалагічнай і інфармацыйнай прасторы, на безагаворачнае падпарадкаванне свайму дыктату грамадскіх інстытутаў і арганізацый, прафсаюзаў і г.д. Гэтая зачыстка закранула практычна ўсё: Акадэмію навук, ВНУ, тэхнікумы, каледжы, ліцэі, гімназіі, школы. Звольнены з пасадаў “ненадзейныя” кадры. Асабліва жорсткая атака скіроўваецца на незалежны друк.
Не засталіся без пільнага нагляду і літаратурныя выданні. З парушэннем заканадаўства, юрыдычных і маральна-этычных нормаў на месцы самастойных творчых рэдакцый быў утвораны “холдынг-калгас” — “Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Літаратура і мастацтва”. Многіх людзей гэта здзівіла: “Якая ўжо можа зыходзіць пагроза рэжыму са старонак літаратурных выданняў?”. Ды дарма яны так думаюць. Таталітарная бюракратыя распачала змаганне з беларускай літаратурай не сёння, але адразу пасля свайго прыходу да ўлады. Варта толькі ўспомніць масіраваныя нападкі на лепшых, вядомых і ў Беларусі, і далёка за ейнымі межамі пісьменнікаў, якія не спыняюцца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі шмат гадоў. І гэта не выпадкова. Традыцыйна беларуская літаратура, якая ва ўсе часы змагалася за нацыянальную годнасць, за стварэнне беларускай дзяржавы, адстойвала ідэі гуманізму, праўды і справядлівасці, карыстаецца ўвагай і павагай у нашым грамадстве. Нават цяпер, калі рэжым залічыў зноў, як і ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя, пісьменнікаў у “ворагі народа”, да слова літаратараў прыслухоўваюцца. А таму ўладзе трэба забраць у іх магчымасць выказваць свае думкі.
Са стварэннем холдынга літаратура зноў трапіла ў ціскі цэнзуры. Сумленныя, прынцыповыя рэдакцыйныя супрацоўнікі ў знак пратэсту супраць гвалту пакінулі літаратурныя выданні, многія літаратары забралі свае рукапісы і спынілі супрацоўніцтва з падцэнзурнымі рэдакцыямі. Але рэжым разлічвае на “прыручэнне” пісьменнікаў, яму важна паказаць грамадству, што нават гэтыя вальнадумцы скарыліся. Канечне, як і ў любым асяроддзі, сярод літаратараў знайшліся калабаранты і прадажнікі. Аднак вельмі паказальна, што яны не вызначаюць асновы беларускай пісьменніцкай арганізацыі. Нечарговы XIV з’езд Саюза беларускіх пісьменнікаў яскрава прадэманстраваў згуртаванасць і прынцыповасць літаратараў, іхную непахісную грамадзянскую, патрыятычную пазіцыю ў абароне незалежнасці і суверэнітэту нашай дзяржавы, роднай мовы, культуры, прыняў важную рэзалюцыю, стаў адной з самых значных падзей у грамадскім жыцці дзяржавы за апошнія гады. Пісьменнікі белага сцягу не вывесілі, і так будзе і надалей.
А цяпер звернемся да незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У вельмі цяжкіх палітычных і эканамічных умовах, у пастаянным змаганні з рэжымам за выжыванне яны робяць многае не толькі ў плане забеспячэння людзей праўдзівай інфармацыяй, фармавання грамадскай думкі, але і ў сферах палітычнай, сацыяльнай, прававой, юрыдычнай адукацыі насельніцтва. Ролю незалежных СМІ ў дэмакратызацыі беларускага грамадства цяжка пераацаніць.
Але мне думаецца, што якраз на гэтай канферэнцыі варта ўзняць адну вельмі важную для незалежнай беларускай журналістыкі праблему — стану ейнай нацыянальнай самабытнасці і нацыянальнай свядомасці. Разумею, што такая тэма, якую раней толкам не закраналі, вельмі складаная і далікатная, і ў мяне знойдзецца шмат апанентаў. І ўсё ж рызыкну.
Тэзіс пра тое, што журналістыка заўсёды мае інтэрнацыянальны характар, выконвае агульнапрынятую місію — даносіць да людзей праўдзівую інфармацыю — уяўляецца недасканалым і няпоўным, таму што не ўлічвае важнай ролі журналістыкі ў фармаванні нацыі, у сцвярджэнні нацыянальнай самастойнасці, у будаўніцтве дзяржаўнасці. Ад гэтага нікуды не падзенешся. Вось і наша журналістыка пастаянна натыкаецца на спецыфічныя нацыянальныя, гістарычныя, палітычныя, сацыяльныя, культурныя і духоўныя рэаліі, якія патрэбна ведаць і асэнсоўваць, а яна часта стараецца іх абыходзіць і не заўважаць.
Возьмем для прыкладу моўны фактар. Наша дзяржава носіць назву — Рэспубліка Беларусь. Карэннае і самае шматлікае насельніцтва яе — беларусы (78 працэнтаў). Па выніках апошняга перапісу насельніцтва больш за 80 працэнтаў людзей назвалі роднай моваю беларускую. Вядома, назваць — гэта яшчэ не азначае добра валодаць ёю. Але гэты нацыянальны зрух у грамадстве, які выяўляецца нават на падсвядомым узроўні, на добры розум, трэба было б замацоўваць і развіваць. Аднак амаль уся незалежная прэса — рускамоўная. Можна спаслацца на тое, што многія публікацыі ўсё ж вызначаюцца нацыянальнымі рысамі, якія выяўляюцца і ў матывах, і ў падыходзе да тэмаў, і ў лексічнай спецыфіцы. Усё гэта так, ды хто можа аспрэчыць неаспрэчнае — рускамоўная стыхія непазбежна накладае свой адбітак на самую сутнасць журналістыкі. Некаторыя беларускія журналісты паводзяць сябе так, нібыта яны расійскія місіянеры або ўласныя карэспандэнты Расіі ў Беларусі. Усё ў іх расійскае: і мова, і мысленне, і ацэнкі.
Шмат увагі незалежная журналістыка надае пустым падзеям, нікчэмным асобам, грашыць бульваршчынай, пошласцю. Няўжо так важна, напрыклад, як пачувае сябе, з якой нагі ўстаў кот Казанова Элеаноры Язерскай, каб пастаянна засьмечваць старонкі газет ягоным жыццяпісам?
Журналістыка не можа кіравацца аднымі толькі катэгорыямі куплі-продажу. Газетна-часопісна-кніжны рынак — гэта не журналістыка і не літаратура. Рынак, безумоўна, падтрымлівае матэрыяльнае існаванне творцаў, забяспечвае рух пэўных інфармацыйных і духоўных каштоўнасцей. Рынак ператварае гэтыя каштоўнасці ў абменны тавар, але ён не стварае іх. Сапраўдная журналістыка ствараецца пошукам людзей, якія надзелены здольнасцямі, талентам, якія могуць пранікаць у гісторыю, традыцыі, характар свайго народа, у сённяшні будзень, у глыбінную сутнасць і важныя праблемы грамадскага жыцця. Чытаючы некаторыя выданні, задумваешся: “А чыя гэта журналістыка? Кім яна створана, для каго і для чаго?” Многія публікацыі пакідаюць уражанне, што напісаны яны не жывымі людзьмі, якія нарадзіліся і выраслі на гэтай зямлі, а робатамі, якім нічога не баліць, якія не бачаць цяперашняга трагічнага стану нацыі.
Хацеў бы закрануць і этычны бок журналісцкага рамяства. Апошнім часам заўважная маральная дэградацыя ў творчасці асобных журналістаў, літаратараў. Прычым, тут сыходзяцца і тыя, хто друкуецца ў афіцыйнай прэсе, і аўтары незалежных выданняў. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова звярнуцца да публікацый Эдуарда Скобелева або Сямёна Букчына.
Што тычыцца расійскіх сродкаў масавай інфармацыі, то апрацоўка беларускага грамадства ў сувязі з пытаннем пра аб’яднанне Беларусі з Расіяй узнялася на новы віток непрыкрытай уседазволенасці, нахабства, хамства і цынізму. Часта на тэлеэкране, у радыёэфіры, на старонках газет расійскія палітыкі, дэпутаты, аналітыкі і журналісты паводзяць сябе так, як вальяжныя купцы на рынку рабоў, дзе выстаўлены жывы тавар — беларускі народ.
І вельмі шкада, што наша незалежная прэса сваёй глухатою да нацыянальных праблем часта змыкаецца з беларускім афіцыёзам, які праводзіць антынацыянальную палітыку, і з расійскімі выданнямі, якія прапагандуюць імперскія міфы пра “единую нацию и единый язык”.
Усёй нашай журналістыцы варта задумацца над тым, якое месца яна павінна займаць у нацыясцвярджэнні, у будаўніцтве незалежнай Беларусі. Нельга ні наўпрост, ні ўскосна выступаць супраць сваёй гісторыі, мовы, культуры, размываць нацыянальны падмурак і нашу дзяржаўнасць, нельга займацца самаедствам.
Калі і надалей мы будзем жыць, як на вакзале, то нічога добрага не атрымаецца. Не ўратуе нас і далучэнне да Расіі. Пройдзе час, але поўнай асіміляцыі беларусаў не адбудзецца, нацыянальная ідэя будаўніцтва сваёй незалежнай дзяржавы застанецца жывой і актуальнай. І, як гэта было ўжо неаднаразова ў гісторыі іншых народаў, якіх паглыналі імперыі, нашым нашчадкам давядзецца выпраўляць вялікую, трагічную памылку сваіх зацыкленых на палітычных гульнях, замбаваных, знявераных, неразумных прадзедаў, дзядоў і бацькоў. На гэта спатрэбіцца шмат часу і намаганняў. Ці не лепш зрабіць усё неабходнае для ўмацавання дзяржаўнасці, для самасцвярджэння нацыі, для нашага далейшага стабільнага і прыстойнага жыцця цяпер, своечасова, без ахвяраў і крыві?
Украіна, Літва і нават маленькая Эстонія могуць жыць самастойна, незалежна, а мы — не? Як жа трэба не разумець свайго народу, не спачуваць яму, не верыць у ягоныя духоўныя, творчыя сілы і магчымасці, каб весці яго ў небыццё?!