Вязучы я. Зведаўшы смак волі, не толькі выбраўся з мёртвай пасткі, але спяваючы прайшоў і фільтрацыю. А мог загрымець на Калыму. Лёля за акрабатычны шпагат адведала этапны катух. Трапіўся ёй шчырун з чэкісцкім кантаслупам у мазгах: данёс фільтрашам, што бачыў яе на нашай сцэне. „Нямецкая артыстка!” Ледзь выкараскалася з бяды. А я, пры дапамозе паслужлівых сведкаў, мог стаць не толькі нямецкім „артыстам”, але і „лагерфюрэрам”. Часам добра не мець сведкаў.
Дык без фізічных страт выйшаў я з усходнепрускай аперацыі, палегчы на сопках Маньчжурыі не даверыла камандаванне, без лішняй валтузні дабраўся дахаты. Паколькі расавы мутант беззваротна вывеў мяне з мройнага зачаравання тэатрам, не меў клопатаў з выбарам мірнай прафесіі. Горш атрымалася з другой, набытай у Кенігсбергу, слабасцю — дыверсіяй. Пасля вучобы намерыўся ўзарваць сацрэалізмам польскую літаратуру. Не здолеў — кінулі на беларускі палетак. А тут адны дыверсанты. Вайна „нашых” з „нашымі”. І кожны ў трыумфатары пхнецца. Усе гіганты, гавораць як з пастамента:
— Мая справа святая, я непераможны!
Скеміўшы, што ў імкліва зменлівым свеце час працуе не на мяне, што „наша-нашанскай” вайне не будзе канца, змірыўся я, пахіліўся ніц перад пераможцамі, зашыўся ў Пушчу і, як гэта і да мяне рабілі прыстойныя дыверсанты, узяўся за мемуары.
Кенігсбергская казка — апошняя ўспышка маёй дарожнай лампады. Цешуся, што не пагасла заўчасна. Мо на іншых вітках сустрэнемся.
Белавеж, 1999