Карэктура межаў і перасяленні
Ад пачатку вайны з Нямеччынай савецкі ўрад прытрымоўваўся погляду аб неабходнасці вяртання да межаў СССР з чэрвеня 1941 г. Нічога, аднак, не згадвалася пра межы савецкіх рэспублік. Непасрэдна пасля вызвалення Беларусі Сталін прад’явіў прапанову змяніць межы рэспублікі з Расіяй. У жніўні гатовы быў праект перадачы Расійскай Федэрацыі Полацкай вобласці. Дзякуючы настойлівым старанням І сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі, падмацаваным аргументамі аб ахвярнасці насельніцтва Беларусі ў барацьбе з нямецкім акупантам, беларускім камуністам удалося абараніць усходнія граніцы рэспублікі.
Хаця Беларусь апынулася ў ліку дзяржаўзаснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, аднак не мела яна ніякіх прыкмет дзяржаўнага суверэнітэту. Не мог многа сказаць Панамарэнка ў справе мяжы з Польшчай. Фарміравалася яна без удзелу беларускага боку. Няма доказаў на тое, што Сталін, ствараючы польскую Краёву Раду Нарадову ў канцы 1943 г. даручыў ёй пад апеку таксама Беласточчыну. Толькі ў сакавіку 1944 г. у ходзе пасяджэння Вярхоўнага Савета БССР яе старшыня Нічыпар Наталевіч прыгадаў аб магчымасці перадачы Беластоцкай вобласці Польшчы. Аднак ніякія канкрэтныя рашэнні ў гэтай справе не прымаліся. Панамарэнка патрабаваў пакінуць у межах Беларусі Бельскі павет. Прыналежнасць гэтых зямель не была яшчэ вырашана ў ліпені 1944 г., бо на працягу больш чым двух тыдняў пасля вызвалення Беласточчыны на тэрыторыі Бельскага павета стваралася савецкая адміністрацыя. Толькі 10 жніўня 1944 г. Брэсцкі абласны камітэт КП(б)Б выдаў інструкцыю аб вывадзе работнікаў савецкай адміністрацыі і партыйнага апарату з Кляшчэлеўскага і Сямятыцкага раёнаў. Іх месца занялі людзі, дэлегаваныя ўпаўнаважаным Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) на Беластоцкае ваяводства Леанардам Барковічам. Аднак Вярхоўны Савет БССР пастанову аб перадачы Польшчы большасці зямель Беластоцкай вобласці фармальна прыняў толькі 20 жніўня. З астаткаў Беластоцкай вобласці, да якіх былі далучаны тры раёны Баранавіцкай і адзін Брэсцкай абласцей, была створана Гродзенская вобласць.
У 1946—1955 гадах мяжа паміж БССР і Польшчай карэкціравалася неаднойчы. Па загаду цэнтральных савецкіх улад дзяржаўная мяжа перасоўвалася на ўсход чатыры разы, перадаючы Польшчы некалькі дзесяткаў вёсак Сапоцкінскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў, якіх жыхары ў пераважнай большасці былі католікамі. Савецкія ўлады прытрымоўваліся погляду, што самым карысным вырашэннем для СССР, якое забяспечыць стабільнасць заходніх граніц, будзе перасяленне палякаў з Літвы, Беларусі і Украіны. 14 верасня 1944 г. паміж урадам БССР і ПКНВ было заключана пагадненне аб рэпатрыяцыі беларускага насельніцтва з Польшчы і польскага з Беларусі. У выніку ў 1945—1947 гадах з Беларусі выехала 274 163 чалавек. Большасць выехаўшых з Беларусі складалі палякі, хаця выязджалі таксама і беларусы, і яўрэі. Рух у другі бок быў намнога меншы. З Польшчы ў гэты час выехала 36 388 чалавек беларускай нацыянальнасці, аднак не ўсе пасяліліся ў Беларусі. Некалькі тысяч рэпатрыянтаў, насуперак іхняй волі, было вывезеных у глыб Расіі. У Польшчы засталося каля 135 тыс. беларусаў праваслаўнага веравызнання і каля 200 тыс. католікаў, якія карысталіся беларускімі гаворкамі і якіх нацыянальная свядомасць паступова развівалася ў напрамку польскасці.
Нельга, аднак, вызначыць колькасць беларусаў, якія ў адпаведнасці з пагадненнем аб рэпатрыяцыі ад 14 верасня 1944 г. перасяліліся ў Польшчу, запісваючыся палякамі. Так як і большасць рэпатрыянтаў пасялілі іх у паўночных і заходніх ваяводствах. Некаторыя з іх аб сваёй прыналежнасці да беларускага народа маглі заявіць толькі ў 1956 г.
Адбудова гаспадаркі
Зруйнаваная ў выніку ваенных дзеянняў Беларусь была пазбаўлена аб’ектаў стратэгічнага значэння, якія маглі б быць скарыстаны для падмацавання тылоў савецкага фронту. Нямнога было, паза сельскай гаспадаркай, сектараў, якія маглі б наладзіць вытворчасць без дапамогі звонку. У 1945 г. выпрацавана было 82 млн. кілаватаў электрычнай энергіі, што складала ўсяго 16,1% вытворчасці 1940 г. Найбольшае падзенне вытворчасці наглядалася ў металаапрацоўчай прамысловасці, якая на практыцы ў 1945 г. не існавала, а таксама ў металургічнай, якая выпускала толькі 3,4% гадавой даваеннай вытворчасці. Адносна хутка ўдалося прывесці ў спраўнасць цэментныя заводы, што мела істотнае значэнне для адбудовы краіны. У 1945 г. вытворчасць цэменту дасягнула 50 тыс. тон. І хаця было гэта ўсяго 25% прадукцыі ў параўнанні з 1940 г., аднак стварала нейкія новыя магчымасці для рэканструкцыі гаспадаркі. Паколькі складана было забяспечыць пастаянны прыток энегргетычных рэсурсаў з Расіі, улады БССР рашыліся шырэй скарыстаць залежы торфу ў цэнтральных і паўднёвых раёнах рэспублікі.
Памеры знішчэнняў не дазвалялі, аднак, Беларусі самастойна адбудаваць гаспадарку. Яшчэ ў ходзе вайны паасобныя вобласці Расійскай Федэрацыі заяўлялі аб гатоўнасці дапамагчы вызваленым Чырвонай Арміяй абласцям Беларусі. Хаця фармальна велічыню дапамогі і яе адрасата вызначалі абласныя камітэты ВКП(б), аднак уся акцыя каардынавалася Цэнтральным Камітэтам партыі і Саветам Народных Камісараў. Дапамога гэтая рэалізавалася ў адпаведнасці з пастановай ЦК ВКП(б) ад 21 жніўня 1943 г. “Аб неадкладных мерах па аднаўленню гаспадаркі ў раёнах вызваленых з—пад нямецкай акупацыі”. 27 сакавіка 1944 г. першым аб высылцы ў Беларусь 41 вагона тавараў заявіў Абласны камітэт ВКП(б) у Яраслаўлі. У гэтым транспарце мела быць 25 штук металаапрацоўчых станкоў, 24 электрарухавікоў і трансфарматараў, 7 740 прылад, 41 тона фарб і лакаў, 1 цыстэрна паліва, 13 тыс. штук ботаў, бялізны і вопраткі, 2 748 кг мыла, 53 тыс. экземпляраў літаратуры, 37 тон ільнянога і канаплянага семя, 3,2 тыс. штук барон і конных плугоў. Такую ж дапамогу, з дэталёвым пералікам відаў і колькасці планаваных да высылкі тавараў, заяўлялі іншыя абласныя і гарадскія камітэты тых рэгіёнаў Расіі, якія не пацярпелі ад ваенных дзеянняў. Планаваны прыток тавараў быў аднак значна меншы чым іх вываз летам 1941 г. Тычылася гэта перш за ўсё пагалоўя жывёлы, якой дэфіцыт адчуваўся таксама ў самой Расіі. У Беларусь вярнулася толькі частка чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту, металаапрацоўчых станкоў, рухавікоў і трансфарматараў, якія былі вывезены падчас вялікай эвакуацыі летам 1941 г.
Былі выпадкі вяртання ў Беларусь з глыбі Расіі паасобных прамысловых заводаў разам з працоўнымі калектывамі, інжынерскімі кадрамі і дакументацыяй. У сакавіку 1945 г. з Башкірыі ў Віцебск перавезена было абсталяванне станкабудаўнічага завода разам з работнікамі гэтага прадпрыемства. За месяц у адным ацалелым будынку была наладжана вытворчасць. Былі гэта, аднак, спарадычныя выпадкі. Большасць заводаў і працоўных калектываў, якія былі вывезены летам 1941 г., засталіся на тэрыторыі Расіі. У Беларусь пераехалі галоўным чынам тыя прадпрыемствы, якія выпускалі прадукцыю неабходную для забеспячэння патрэб арміі. З—за вялікага знішчэння чыгуначнага рухомага саставу транспарт узбраення з Зауралля быў надта складанай справай. Па гэтай прычыне рамонт пашкоджаных самалётаў, танкаў, машын і гармат трэба было арганізаваць бліжэй лініі фронту і таму ў Беларусі былі адкрыты некаторыя прадпрыемствы па рамонце ваеннай тэхнікі.
Тэмпы адбудовы гаспадаркі замаруджваліся па прычыне дэфіцыту электраэнергіі, нястачы рабочых і накіравання большай часткі вытворчасці на патрэбы арміі. Прадукцыя для войска, хаця і не спрыяла бягучым патрэбам гаспадаркі, аднак стварала прамысловую інфраструктуру, якая з цягам часу стала базай для цывільнага сектара. У пачатку 1946 г., выкарыстоўваючы мясцовыя залежы торфу, прыведзена была ў рух большасць электрастанцый Мінскай, Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей.
У верасні 1946 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пяцігадовы план развіцця гаспадаркі, які складаў частку пяцігодкі СССР, якая мела ажыццяўляцца ў 1946—1950 гадах. План прадугледжваў рост вытворчасці беларускай гаспадаркі, якая ў 1950 г. мела на 16% перасягнуць даваенныя паказчыкі. У 1946 г. больш за 6 тыс. прадпрыемстваў гатовых было выпускаць інвестыцыйную і спажывецкую прадукцыю, а іх вытворчыя магутнасці дазвалялі выканаць і перавыканаць усе планы першай пасляваеннай пяцігодкі. Аднак перашкодай аказаўся дэфіцыт сыравіны і электарэнергіі. Гэтай апошняй бракавала асабліва ў заходніх абласцях, у якіх інфраструктура была горшай і да 1941 г. Таксама тэхналогія, якая прымянялася да вытворчасці ваеннага абсталявання, у многіх выпадках не падыходзіла да цывільнай прадукцыі. Сур’ёзнай перашкодай быў таксама дэфіцыт кваліфікаваных кадраў і рабочай сілы. Урон насельніцтва падчас вайны яшчэ доўгі час адмоўна адбіваўся на гаспадарчым жыцці рэспублікі.
Развіццю гаспадаркі перашкаджаў таксама буйны рост партыйнай і дзяржаўнай адміністрацыі. У 1936 г. урад БССР складаўся з 18 камісараў, а ў 1946 г. было іх ужо 44. Разбудова адміністрацыі ў многіх выпадках была формай узнагароды для заслужаных арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі, якіх камандзірскія здольнасці не заўсёды сумяшчаліся з гаспадарчымі і адміністрацыйнымі ведамі. Кампетэнцыі паасобных камісараў і падначаленых ім структур часта супадалі, што ў сваю чаргу выклікала хаос у кіраванні гаспадаркай. Выцясненне ўсіх элементаў рыначнай гаспадаркі і бюракратычны спосаб кіравання эканамічнымі працэсамі, паспяховы ў ваенны перыяд, у мірны час быў прычынай гіганцкага марнатраўства людской працы, сыравіны і энергіі.
На хвалі новага энтузіязму сацыялістычнага будаўніцтва кожны чыноўнік, які кіраваў гаспадаркай на прадпрыемстве, у раёне або вобласці, хацеў паказаць вынікі сваёй дзейнасці. Былі яны меркай ягонага сацыялістычнага патрыятызму. Праводзіліся розныя формы “сацыялістычнага спаборніцтва працы”. Рабочыя, працоўныя брыгады, заводы “змагаліся” за выкананне і перавыкананне нормаў. Найлепшыя выконвалі — так прынамсі заяўляла савецкая прапаганда — нават 400% прадугледжанай планам нормы. Работнікі завода “Чырвоны змагар” з Оршы быццам бы ў 1954 г. выканалі план вытворчасці прадугледжаны на 1958 г. Савецкая гістарыяграфія паведамляе, што пяцігадовы план 1946—1950 гадоў быў выкананы датэрмінова.
Несумненна, Беларусь, як і іншыя савецкія рэспублікі, дасягнула вялікіх поспехаў у аднаўленні знішчанай падчас вайны гаспадаркі. Здзяйснялася гэта дзякуючы вялікім намаганням грамадзян і пры іх шчырым удзеле ў гэтым працэсе. Аднак паказчыкі колькасці выпушчанай у гэты час прадукцыі нямнога гавораць аб яе якасці, значыць, аб сапраўдных выніках працы рабочых і інжынераў, якія выконвалі па 400% нормы.
Большасць сродкаў, выпушчаных падчас першай пасляваеннай пяцігодкі, накіроўвалася на чарговыя інвестыцыі, абмяжоўваючы такім чынам спажыванне і ўзровень матэрыяльнага жыцця грамадства. У чарговай пяцігодцы 1951—1955 гадоў у Беларусі паўсталі прадпрыемствы ўсесаюзнага значэння. Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод ці Гомельскі станкабудаўнічы завод выпускалі прадукцыю на патрэбы ўсяго Савецкага Саюза і іншых краін народнай дэмакратыі.
Савецкая гістарыяграфія паведамляе, што ў 1951—1955 гадах прамысловая вытворчасць Беларусі павялічылася на 210%. Найбольшым прамысловым цэнтрам стала сталіца рэспублікі — Мінск. У другой пасляваеннай пяцігодцы больш інвестыцый было накіраваных у заходнія вобласці. Да вялікіх будоў гэтага перыяду належаць электрастанцыя ў Гродне і галоўная аўтамабільная магістраль Мінск— Брэст. Стрыманасць савецкіх улад ад інвеставання ў заходнюю частку рэспублікі была выклікана, здаецца, бояззю, што ў выпадку новага канфлікту гэтыя землі, так як у 1941 г., на нейкі час могуць быць заваяваны патэнцыяльным праціўнікам. Большасць інвестыцый 1951—1955 гадоў, напрыклад магістраль Мінск—Брэст, праводзілася з улікам ваенных інтарэсаў СССР.
Калектывізацыя заходняй Беларусі
Самай вялікай праблемай беларускай сельскай гаспадаркі пасляваеннага перыяду быў дэфіцыт цяглавай сілы. І хаця ў 1945 г. з Расіі ў Беларусь было дастаўлена 1 542 трактары і 70 тыс. коней, аднак гэтая дапамога толькі ў невялікай ступені змякчыла патрэбы ў гэтай галіне. Кожны з ліку 4 тыс. калгасаў распараджаўся 2—10 коньмі. У некаторых калгасах коні адсутнічалі. У Віцебскай вобласці ў якасці цягла выкарыстоўвалі кароў. Здаралася, што плуг прыводзіўся ў рух пры дапамозе людской сілы. Сітуацыю ўскладняла яшчэ і тое, што большасць сельскіх мужчын папоўніла рады Чырвонай Арміі або была накіравана на работы пры адбудове дарог, мастоў, чыгункі. Менавіта таму, нягледзячы на незвычайныя намаганні застаўшыхся на вёсцы жанчын, значная частка зямлі вясною 1945 г. засталася неабсеянай. Паправілася сітуацыя толькі ў 1947 г., калі частка сялян была дэмабілізавана і калі павялічылася колькасць прывезеных з Расіі трактароў. Паводле савецкіх крыніц, даваенны ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці быў дасягнуты ўжо ў 1950 г.
У заходняй частцы Беларусі пераважалі аднаасобніцкія гаспадаркі. У 1946 г. былі там толькі 133 калгасы, якія ўзніклі на базе ліквідаваных фальваркаў. Першапачаткова метады калектывізацыі ў заходніх абласцях, у параўнанні з тымі, якія прымяняліся ва ўсходняй Беларусі ў дваццатых і трыццатых гадах, былі надзвычай лагоднымі. Заснаванню калгасаў звычайна спадарожнічала прапагандысцкая акцыя. Новаствораныя калектыўныя гаспадаркі атрымоўвалі трактары і сельскагаспадарчыя машыны, калгаснікам у першую чаргу электрыфікавалі дамы. Ствараліся таксама калгасныя партыйныя і камсамольскія камітэты, якія дбалі пра адпаведную атмасферу сярод сялян, прымушаных аддаць вотчыну.
Да 1949 г. калектывізацыя заходняй Беларусі вялася галоўным чынам пры выкарыстанні прапаганды, угаворвання і палітычных метадаў і таму ў пачатку гэтага года было там усяго 909 калгасаў. Вясной 1949 г. савецкія ўлады вырашылі пакарыстацца багатым арсеналам сродкаў, якія прымяняліся ў ходзе калектывізацыі ўсходняй часткі рэспублікі. Рэпрэсіі і дэпартацыі г.зв. кулакоў у глыб СССР зноў аказаліся неабходнымі для паспяховага правядзення “сацыялістычных пераўтварэнняў на вёсцы”. У канцы 1950 г. у заходніх абласцях працавалі ўжо 6 054 калгасы, якія гуртавалі амаль 84% усіх сялянскіх гаспадарак. Калектывізацыя ў Беларусі была завершана толькі ў 1952 г.
У верасні 1951 г. Савет Міністраў СССР прынянў пастанову “Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР”. У прынцыпе, ужо пасля заканчэння калектывізацыі пачалі высылаць былых багатых сялян у Сібір, Казахстан і Якуцію. У 1952 г. вывезеных было амаль 30 тыс. чалавек, у тым ліку дзяцей, жанчын, старэч, якіх віной было тое, што ў мінулым была ў іх большая чым у іншых гаспадарка.
Савецкія ўлады трактавалі калгасы так як і дзяржаўныя прадпрыемствы. Зверху слалі ім указанні аб відах вытворчасці без уліку якасці зямлі і кліматычных умоў на дадзенай тэрыторыі. Строгія пакаранні за невыкананне ўказанняў прымушалі калгаснікаў выконваць работу, якая не давала ніякіх гаспадарчых рэзультатаў. Дзяржаўная адміністрацыя вызначала таксама цэны збыту і велічыню заробкаў калгаснікаў, якія былі значна меншыя за зарплаты рабочых на заводах. Незавіднае становішча калгаснікаў выратоўвалі прысядзібныя ўчасткі, якія на фоне ўраджайнасці ў калектыўных гаспадарках былі цудам агратэхнічных дасягненняў.
У аснове сельскагаспадарчай палітыкі пасляваеннага сталінізму ляжала логіка трыццатых гадоў. Характарызавалася яна цэнтралізаваным кіраваннем і паўнявольніцкай працай сялян, пазбаўленых сваёй зямлі. Калгаснікі мусілі плаціць спецыяльны падатак ад усяго, што знаходзілася ў ягоных дварах і мела рысы прыватнай уласнасці — ад пладовых дрэў, вуллёў, хатняй птушкі, вырошчванай морквы або цыбулі. Такая палітыка, мэтай якой было засяроджанне высілкаў людзей на калгасным полі, забівала ўсялякую актыўнасць і ставіла калгаснікаў у поўную залежнасць ад улады.
Адзінай прыкметай змен у пасляваенны перыяд было змякчэнне пакаранняў за крадзеж “дзяржаўнай і грамадскай уласнасці”. Рашэннем Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР усім, што ўкралі калгасную ўласнасць, хаця і далей называлі іх ворагамі народа, пагражала пакаранне ў памеры ад 5 да 20 гадоў турэмнага зняволення. Было гэта істотнае, у параўнанні з 30 гадамі турмы, змякчэнне рэпрэсіўнасці савецкага правасуддзя, паколькі раней за такія злачынствы віноўнікі прыцягваліся нават да вышэйшай меры пакарання.
Пры цэнтралізаваным адміністрацыйным кіраванні ўраджайнасць калгаснай гаспадаркі была трывожна нізкая і таму ў 1952 г. былі ўчынены спробы стварыць такую сістэму працы, якая змяшчала б элементы эканамічнага заахвочвання і спрыяла б зацікаўленасці работнікаў гаспадарчымі вынікамі калгасаў. Велічыня заработнай платы пастаўлена была ў залежнасць ад колькасці выпрацаваных за месяц чалавекадзён. І хаця некаторыя калгаснікі выконвалі па два чалавекадні (16 гадзін) у суткі, мела гэта невялікі ўплыў на агульную прадукцыйнасць калгасаў.
У 1955 г. Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС) рашыўся на частковае адмаўленне ад цэнтральнага вызначання задач паасобным калгасам. З вясны 1955 г. кіраўніцтвы калгасаў маглі самастойна вырашаць аб плошчах пасеваў збожжавых культур і відах жывёлагадоўлі. Гэтая невялікая доля свабоды вельмі хутка давяла да росту ўраджайнасці збожжавых і пагалоўя жывёлы. У палове пяцідзесятых гадоў Беларусь стала адной з важнейшых крыніц забеспячэння Расіі ў харчовыя прадукты.
Рэпрэсіі не спыняюцца
У лютым 1945 г. ЦК КП(б)Б прыняў пастанову “Аб перавыхаванні грамадства ў духу савецкага патрыятызму і нянавісці да нямецкіх акупантаў”. Зважыўшы на тое, што нямецкія акупанты адступілі з Беларусі некалькі месяцаў раней, пастанова ЦК была прынята з мэтай расправы над людзьмі, якія падчас вайны не выказаліся дастатковай адданасцю савецкай радзіме. Савецкая прапаганда намагалася спалучаць нямецкія злачынствы з праявамі беларускага нацыяналізму і паказваць іх як адно цэлае. Калабарацыяністамі называліся не толькі былыя паліцыянты, чыноўнікі, настаўнікі, члены Саюза беларускай моладзі ці салдаты Беларускай самааховы, але таксама прыбіральшчыцы і сторажы, якія падчас акупацыі працавалі ў беларускіх установах. У ліку падазроных апынуліся вучні, якія наведвалі школы ў 1941—1944 гадах, вывезеныя ў Нямеччыну прымусовыя рабочыя і салдаты Чырвонай Арміі, якія вярнуліся з нямецкага палону.
Клеймаванне нямецкіх злачынстваў вялося паралельна са змаганнем з беларускай нацыянальнай элітай, некамуністычнай культурнай спадчынай, знішчаннем беларускай нацыянальнай свядомасці. Пасляваенная інтэграцыя Беларусі з Расіяй патрабавала выключэння з грамадскага жыцця гэтай нацыянальна свядомай праслойкі беларускага грамадства і замянення яе расійскай элітай. Пад шырмай барацьбы з калабарацыяністамі і нацыяналістамі і ў рамках “перавыхавання” ў 1945—1955 гадах з Беларусі было вывезеных каля мільёна чалавек. Было гэта галоўным чынам гарадское і маламестачковае насельніцтва, якое складала беларускую грамадскапрафесійную эліту. Іх месца занялі прышэльцы з Расіі, якія апанавалі партыйныя камітэты, дзяржаўную адміністрацыю і культурнаасветныя ўстановы. Русіфікацыя ахапіла большасць вышэйшх навучальных устаноў ды школ сярэдняга і пачатковага ўзроўню. Мігрыруючая ў гарады вясковая моладзь сустракалася з расійскай культурай і мовай, якіх засваенне станавілася неабходнай умовай грамадскага павышэння.
Пасляваенны кадравы абмен датычыў таксама тых, якія падчас нямецкай акупацыі перайшлі на савецкі бок. У 1946 г. падменена было больш за 90% кіраўнікоў раённай і гарадской адміністрацыі ды 83% дырэктараў калгасаў. Частка з іх атрымала павышэнне па службе разам з пераводам іх у Расію або іншыя рэспублікі, частка была напраўлена на іншую працу. Іх месца занялі прышэльцы з—паза Беларусі. Таксама пераважная большасць партыйнаадміністрацыйнага кіраўніцтва рэспублікі была заменена расіянамі. У 1951 г. ва ўрадзе БССР было 22 расіян, 9 беларусаў, 1 грузін і 1 яўрэй. У 1953 г. з ліку 1 408 работнікаў адміністрацыі акруговага ўзроўню ў заходняй частцы краіны толькі 114 чалавек былі беларусамі мясцовага паходжання. Такое становішча наглядалася таксама і ў гарадской адміністрацыі, дзе на 321 супрацоўніка гарадскіх выканаўчых камітэтаў на гэтай тэрыторыі беларусаў было толькі 7,7 працэнта.
Нямнога вядома аб беларускай пасляваеннай узброенай апазіцыі. Савецкія гісторыкі пісалі, што “ўзброеныя банды ў 1945—1947 гадах здзейснілі шэраг распраў над партыйнымі, савецкімі і камсамольскімі актывістамі. Пры актыўнай дапамозе мясцовага насельніцтва органы бяспекі ліквідавалі 814 антысавецкіх груп і ўзброеных банд”. Безумоўна, большасць беларускіх нацыянальных дзеячаў, паліцэйскіх, чыноўнікаў не сумнявалася наконт свайго лёсу ў выпадку арыштавання іх НКУСам. Нямногім яны рызыкавалі адчайна змагаючыся перш за ўсё за выжыванне чым за якую—небудзь ідэю.
З вайны ў арэоле пераможцаў вярнуліся ў Беларусь сотні тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Многія з іх былі таксама ветэранамі партызанскага руху. Сярод гэтай шматтысячнай грамады даволі паўсюдным было чаканне змен, а ў першую чаргу спынення рэпрэсій і роспуску калгасаў. Выйгралі яны вайну з імем Сталіна на вуснах і былі перакананы, што сваёй ахвярнасцю даказалі сваю адданасць “вялікаму правадыру”, камунізму і сацыялістычнай айчыне. Гэтыя настроі савецкія ўлады палічылі надта небяспечнымі і зрабілі шэраг захадаў па іх ліквідацыі. Частка салдат засталася ў гарнізонах на тэрыторыі Расіі, частка была выслана на вайну супраць Японіі. Тэрмін дэмабалізацыі быў расцягнуты на некалькі гадоў, а звольненыя з вайсковай службы асобы падвяргаліся пільнаму нагляду.
У 1946—1949 гадах органы НКУС выявілі больш за дзесяць нелегальных груп у асяроддзі гімназічнай і студэнцкай моладзі. Не вядома, аднак, ці служба бяспекі не была ініцыятарам паўстання некаторых маладзёжных антысавецкіх арганізацый, якія мелі прыцягнуць усіх патэнцыяльных праціўнікаў сталінізму і аблягчыць НКУС іх ліквідацыю. Вясной 1946 г. у Слоніме заснавалася падпольная арганізацыя з назвай “Чайка”. Падпольшчыкі наладзілі супрацоўніцтва з групай слухачоў Баранавіцкага педагагічнага інстытута. Да нелегальнай дзейнасці ўключылася многа асоб з розных асяроддзяў і мястэчак заходняй Беларусі. Мэтай арганізацыі было змаганне за захаванне нацыянальных свабод, абарона беларускай культуры і мовы, а таксама папулярызацыя гісторыі Беларусі ў якасці канкурэнцыі для савецкай міфалогіі. Нефармальныя групы ўзніклі таксама ў Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Ганцавіцкім педагагічным вучылішчы. У жніўні 1947 г. арыштаваны былі некалькі дзесяткаў асоб з гэтых цэнтраў і абвінавачаны ў прыналежнасці да арганізацыі з назвай Цэнтр беларускага вызвольнага руху, які меў весці беларускую нацыяналістычную прапаганду і рыхтаваць кадры для тэрарыстычных фарміраванняў. Не вядома ці ў сапраўднасці такая арганізацыя існавала, але за прыналежнасць да яе Мінскі ваенны суд прыгаварыў на шматгадовае зняволенне ў канцэнтрацыйных лагерах 29 чалавек. На пачатку лютага савецкая дзяржбяспека арыштавала 33 слухачоў Глыбоцкага педагагічнага вучылішча, абвінаваціўшы іх у прыналежнасці да Саюза беларускіх патрыётаў. Арганізацыя гэтая існавала са студзеня 1946 г. і займалася прапагандаваннем патрыятычных ідэй сярод моладзі. 20 чэрвеня Мінскі ваенны суд прыгаварыў арыштаваных да шматгадовага турэмнага зняволення. Большасць асуджаных атрымала па 25 гадоў турмы.
Падобныя арганізацыі ў маладзёжным асяроддзі функцыянеры НКУС выявілі восенню 1947 г. у Полацку, Маладзечне, Пінску і Мінску. Ваенныя суды ў прынцыпе не выносілі меншых прыгавораў чым 5 гадоў у г.зв. працоўных калоніях.
У 1949 г. Сталін даў пачатак новай хвалі чыстак у партыйным апараце і сярод кіраўнічых адміністрацыйных кадраў. У Беларусі змаганне са “здраднікамі і рэвізіяністамі” ўзначаліў шэф рэспубліканскага НКУС Лаўрэнцій Цанава. У 1951 г. Цанава ў нацыяналізме абвінаваціў нават героя беларускага камуністычнага руху Сяргея Прытыцкага, тадышняга І сакратара Абласнога камітэта КП(б)Б у Гродне. Іншы заслужаны бальшавік, міністр асветы БССР Пётр Саевіч за нацыяналістычны “ўхіл” быў сасланы на 25 гадоў у канцэнтрацыйны лагер.
Пасляваенным рэпрэсіям у першую чаргу падвяргалася інтэлігенцыя. Сталінізм апускаўся ў акасцянеласць і дагматызм, што стала прычынай ганенняў на тых, якія праяўлялі хаця б цень сумненняў у адносінах да праўд, прапаведаваных тадышняй бальшавіцкай прапагандай. Ацэнкай літаратурнай і мастацкай творчасці займаўся Цэнтральны Камітэт КП(б)Б. У канцэнтрацыйныя лагеры зноў ссылаліся пісьменнікі і паэты, якія не прытрымоўваліся сталінскай этыкі пры апісванні вайны і з’яў грамадскага і палітычнага жыцця ў Беларусі — Андрэй Александровіч, Рыгор Бярозкін, Сяргей Грахоўскі, Барыс Мікуліч, Станіслаў Шушкевіч.
У коле найбольш падазроных апынуліся тыя інтэлектуалы, у якіх былі якія—небудзь кантакты з Захадам. Гучнай стала справа прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Антона Жэбрака, якога артыкул Савецкая біялогія ў 1945 г. быў апублікаваны ў амерыканскім часопісе “Science” (“Навука”). Жэбрак пераконваў у ім амерыканскіх вучоных аб няслушнасці ацэнкі дасягненняў савецкіх біёлагаў цераз прызму тэорый Трафіма Лысенкі. Публікацыя Жэбрака была прызнана праявай здрады савецкай навуцы і кампраметавання яе выдатнейшых аўтарытэтаў. 14 верасня 1948 г. яго навуковыя погляды былі ацэнены на пасяджэнні Палітбюро ЦК КП(б)Б. Рашэннем гэтага партыйнага органа ліквідаваны быў Інстытут біялогіі АН Беларусі, а ўсе кіраўнікі паасобных яго аддзяленняў, у якіх вяліся доследы ў галіне медыцыны, біялогіі і генетыкі, былі звольнены з працы. Занятак страцілі таксама навукоўцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта, у навуковых дасягненнях якіх ставіліліся тэзісы падобныя на палажэнні біёлагаў з Акадэіі навук.
У пасляваенны перыяд культ Сталіна стаў набываць рысы рэлігійнага рытуалу. Савецкая прапаганда прадстаўляла Сталіна як пераможнага правадыра, які ўбярог чалавецтва ад фашысцкіх крэматорыяў і вяртання ў эпоху нявольніцтва. Вярхоўнай уладай у абласцях, раёнах, калгасах, заводах сталіся партыйныя камітэты, якіх функцыянеры выконвалі ролю жрацоў культу правадыра. І хаця праводзіліся выбары ў Вярхоўны Савет і мясцовыя Саветы народных дэпутатаў, іх улада ў большай ступені была сімвалічнай чым сапраўднай. Пры стопрацэнтнай прысутнасці выбаршчыкаў на ўчастках для галасавання прапанаваныя партыйнымі камітэтамі кандыдаты атрымоўвалі стопрацэнтную падтрымку. Выбарчыя кампаніі ў Вярхоўны Савет у 1948 г. і ў мясцовыя Саветы ў 1950 г. сталі своеасаблівымі спектаклямі, падчас якіх на працягу некалькіх месяцаў услаўляліся Сталін і камунізм. Партыйныя камітэты прызначалі і адклікалі старшынь Саветаў народных дэпутатаў, вядома, пры захаванні працэдур, якія абавязвалі ў савецкім заканадаўстве.
Прапагандаванне культу Сталіна з асаблівай інтэнсіўнасцю праводзілася ў маладзёжным асяроддзі. 450-тысячны камсамол у Беларусі быў цесна звязаны з партыяй і верна ўкараняў яе ідэі сярод наймалодшых пакаленняў. Дзеці сталінскіх ахвяр шчыра верылі ў тое, што іхнія бацькі заслужылі долю, якую падрыхтавала ім савецкая ўлада.
Беларуская культура пасляваеннага сталінізму
Нягледзячы на жудасныя рэпрэсіі, у выніку якіх мільёны людзей апынуліся ў канцэнтрацыйных лагерах, Сталін быў натхненнем для тварцоў усіх галін культуры. Кожны твор інтэлектуальнай дзейнасці лічыўся нявартым увагі, калі не абогатвараў “правадыра сусветнага пралетарыяту”. У 1947—1951 гадах на беларускай мове выйшлі ўсе творы Сталіна. Мільённым тыражом выпушчана была Кароткая біяграфія І. В. Сталіна. У Беларусі ўзнікла больш за 7 тыс. гурткоў вывучэння жыцця і мыслей “вялікага правадыра”. У снежні 1949 г. па інспірацыі ЦК КП(б)Б напісаны быў “Ліст Вялікаму Сталіну ў 70 гадавіну з дня нараджэння ад беларускага народа”, пад якім падпісаліся тысячы інтэлектуалаў і звычайных жыхароў рэспублікі. Яго змест у большай ступені нагадваў малітву чым юбілейныя віншаванні чалавеку. З нагоды дня нараджэння Сталіна ў Беларусі адбылося 32 тыс. мітынгаў і сходаў, у якіх прыняло ўдзел больш за 3 млн. чалавек. Паэты чыталі вершы, спевакі, акцёры, танцоры дасягалі самага высокага ўзроўню прафесійнасці, рыхтуючыся да выступленняў у гонар правадыра партыі — “рэпрэзентанта інтарэсаў працоўнага народа”.
Культура і ўстановы яе распаўсюджвання служылі перш за ўсё пашырэнню культу Сталіна. Выдаткі на культуру былі адносна высокія. Клубы культуры, бібліятэкі, чытальні працавалі амаль у кожным калгасе. З раённых і калгасных бюджэтаў выдзяляліся сродкі для вядзення розных форм мастацкай самадзейнасці, прычым мелі яны быць цесна звязаны з афіцыйнай ідэалогіяй. Кніжкі, прызнаныя слушнымі, друкаваліся шматмільённымі тыражамі. Дзякуючы шчыльнай сетцы бібліятэк і чытальняў былі яны агульнадаступнымі. Арганізаваліся шматлікія чытальніцкія конкурсы. З чытальняў і бібліятэк сістэматычна выводзіліся творы тых пісьменнікаў, якіх расстралялі або саслалі ў канцэнтрацыйныя лагеры. У бібліятэкі рэгулярна паступалі спісы забароненых кніг, а бібліятэкары кантраляваліся ці сапраўды выводзяць з абарачэння крамольную літаратуру. У 1952 г. такі кантроль праведзены быў у 18 тыс. бібліятэчных пунктах і чытальнях, з якіх выведзена 24 тыс. кніг. Год пазней скантралявана было ўжо 21 тыс. пунктаў, з кнігазбораў якіх выключана было 41 тыс. кніжак.
Да 1949 г. 96% газет і кніжак друкаваліся на беларускай мове. Савецкія ўлады не маглі ж ставіцца да беларускай мовы горш чым нямецкія акупанты. У 1950 г. пачаўся паступовы спад колькасці найменняў друкаваных выданняў на гэтай мове. Пяць гадоў пазней ужо больш за 30% кніжак і 20% газет друкаваліся на рускай мове. Гэты працэс значна паскорыўся ў наступных гадах.
У жніўні 1946 г. Цэнтральны Камітэт ВКП(б)Б акрэсліў дырэктыву для савецкай літаратурнай творчасці. У ліпені 1947 г. крытэрыі, якімі павінны кіравацца беларускія літаратары, вызначыў Цэнтральны Камітэт КП(б)Б. У адпаведнасці з указаннямі ЦК вядучымі тэмамі беларускай літаратуры павінны былі стаць барацьба беларускага народа з фашысцкім акупантам і прапагандаванне дасягненняў партыі і яе правадыроў у будове дабрабыту працоўнага народа і справядлівага грамадскага ладу. За адпаведнае, згоднае з жаданнем улад, апісанне савецкага руху супраціўлення і сацыялістычных пераўтаврэнняў аўтарам прысвойвалася самая высокая літаратурная ўзнагарода — Сталінская прэмія. Атрымалі яе ў 1949 г. Якуб Колася за паэму “Рыбакова хата”, Пятрусь Броўка за паэму “Хлеб” і Аркадзь Куляшоў за паэму “Новае рэчышча”.
Таксама адміністрацыйнымі метадамі стваралася літаратурная крытыка. Савецкія літаратуразнаўцы ў прынцыпе прадстаўлялі пазіцыю нейкага партыйнага калектыву. Іх ацэнка на старонках газеты або часопіса прадвяшчала адабрэнне або адхіленне твора партыйнымі ідэолагамі. Была яна таксама ўказальнікам для журналістаў і работнікаў культуры як трэба ацэньваць творчасць паасобных аўтараў. Адмоўная ацэнка твора партыйным актывам адкрывала шлях да паклёпаў на аўтара, таварыскага астракізму і пазбаўляла выдавецкіх перспектыў на доўгія гады. У такі спосаб зацкавана была Эдзі Агняцвет (сапр. Эдзі Каган), у вершах якой прыкмечаны былі мяшчанскія элементы, і Канстанцыя Буйло, абвінавачаная ў прапагандаванні беларускага нацыяналізму, таму што ў адным з вершаў напісала пра Беларусь як пра самае прыгожае месца на Зямлі.
З 1951 г. аб друку літаратурных твораў вырашала Галоўнае ўпраўленне па справах літаратуры і выдавецкай дзейнасці пры Савеце Міністраў БССР. Вобраз свету, які прадстаўляла савецкая літаратура сталінскага перыяду, толькі ў невялікай ступені адлюстроўваў існуючыя рэаліі, людскія пачуцці і думкі і ствараўся пад густы партыйных ідэолагаў, паводле дакладна вызначаных імі крытэрыяў. Чым вобраз гэты быў больш скажоны, тым большы гонар і ўзнагароды чакалі аўтараў. Хлусня, якая стваралася пры ўдзеле самых выдатных тварцоў эпохі і шматкратна паўтаралася прапагандысцкім апаратам, для новых пакаленняў станавілася неаспрэчнай праўдай. Творчасць Ільі Гурскага, Усевалада Краўчанкі, Кастуся Губарэвіча ці Тараса Хадкевіча стала сімвалам канфармізму пасляваеннага пакалення беларускіх літаратараў. Тыя, што прабавалі захаваць нейкую долю незалежнага мыслення, апынуліся ў Сібіры.
Так як і літаратарам падобныя патрабаванні бальшавікі ставілі рэжысёрам і акцёрам. Рэпертуар паасобных тэатраў зацвярджаўся спецыяльнай установай, якая дзейнічала пры ЦК КП(б)Б. У 1949 г. з рэпертуару беларускіх тэатраў зніклі амаль усе творы заходнееўрапейскіх драматургаў. Развязаная ў той час Сталіным антысеміцкая кампанія давяла да змены кіраўнічых кадраў у большасці тэатраў. Змаганне з касмапалітызмам вялося паралельна з пашырэннем рэпертуару, які адклікаўся да славянафільскай міфалогіі. Палітбюро ЦК дазваляла тэатрам ставіць у асноўным тыя творы беларускіх драматургаў, якія адклікаліся да народных элементаў, класавай барацьбы на вёсцы або барацьбы беларускага народа з нямецкімі захопнікамі, пазбягаючы п’ес, якія спасыліся на традыцыю Вялікага княства Літоўскага.
Школьніцтва
Вялікую ролю ў выхаванні маладых пакаленняў беларусаў савецкія ўлады назначылі школе. Пасля вайны спраўна і адносна хутка была адбудавана сістэма ўсіх узроўняў навучання. У 1945/1946 навучальным годзе ў Беларусі працавала 10,9 тыс. навучальных устаноў, у якіх вучылася 1 337 тыс. школьнікаў. Найбольш складанай праблемай беларускай асветы быў недахоп кадраў. Настаўнікі, якія працавалі ў школах падчас акупацыі, у большасці былі вывезены з Беларусі, а пераказаныя імі веды, асабліва ў галіне гуманітарных навук, выклікалі неабходнасць перавыхавання маладога пакалення. Менавіта таму значную частку кадраў складалі актывісты камсамола, якія прыехалі сюды з Расіі. У сувязі з гэтым з’явілася праблема мовы выкладання ў школах, паколькі вучні, асабліва ў заходняй Беларусі, не заўсёды разумелі мову настаўнікаў. У Мінску ў 1946 г. на 28 падставовых школ у палове ўрокі вяліся на рускай мове. У 1953 г. лік школ павялічыўся да 46, але беларуская мова захавалася толькі ў дзевяці. У Брэсце на 14 школ толькі ў адной прадметы выкладаліся пабеларуску. Падобнае становішча было і ў іншых гарадах, дзе настаўніцкія кадры складалі прышэльцы з Расіі. Беларускае школьніцтва сістэматычна скарачалася і ў асноўным абмежавалася да вясковага асяроддзя.
Цэнтрам, які падтрымоўваў русіфікатарскія тэндэнцыі ў Беларусі быў Цэнтральны Камітэт КП(б)Б. У чэрвені 1952 г. прыняў ён адмысловую пастанову “Аб ходзе выкладання расійскай і беларускай моў у школах БССР у святле вучэнняў таварыша Сталіна аб мовазнаўстве”. Хаця пастанова ЦК не аспрэчвала мэтазгоднасці навучання беларускай мове, аднак указвала, што ў інтарэсе савецкай дзяржавы веданне грамадзянамі рускай мовы з’яўляецца неабходнасцю. На пачатку 50-х гадоў амаль 70% сярэдніх школ працавала на базе рускай мовы.
Больш дынамічным аказаўся працэс русіфікацыі вышэйшага школьніцтва. У 1944/1945 акадэмічным годзе працу пачалі 22 установы, якія лічыліся вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Амаль палова ўсіх беларускіх студэнтаў — 5 тыс. — у той час вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў Мінску. З прычыны нястачы настаўніцкіх кадраў найбольш увагі адводзілася тварэнню педагагічных інстытутаў. У чэрвені 1951 г. у рэспубліцы было 10 такіх ВНУ.
У вышэйшым школьніцтве таксама асноўнай праблемай былі настаўніцкія кадры. У 1951 г. з ліку 1,4 тыс. акадэмічных выкладчыкаў педагагічных, медыцынскіх, мастацкіх, політэхнічных і універсітэцкіх устаноў толькі 5,3% мела званне доктара навук. Большасць навуковай эліты, якая прабывала ў Беларусі падчас акупацыі, была пераселена ў Расію і іншыя савецкія рэспублікі. Хутка, аднак, навучальныя ўстановы выхавалі свае кадры, а беларускія навуковыя цэнтры сталі важнымі элементамі тылоў савецкай гаспадаркі. Тычылася гэта такіх галін навукі як матэматыка, фізіка, хімія. Гуманітарныя навукі ў далейшым былі часткай апарату распаўсюджвання камуністычнай ідэалогіі. Па прапанове ЦК КП(б) у 1952 г. у мінскім БДУ абмежавана было выкладанне беларускай гісторыі і культуры. У палове пяцідзесятых гадоў беларуская мова амаль поўнасцю была выцеснена з муроў гэтай найбольшай ВНУ ў Беларусі. Засталася яна мовай выкладання толькі ў некаторых педагагічных інстытутах.