Навейшая гісторыя Беларусі

Мірановіч Яўген


Уступ

У польскай гістарыяграфіі гісторыя Беларусі на фоне іншых суседзяў Польшчы займае выключна мала месца. У школьных падручніках Полацкае княства, якое паспяхова супраціўлялася інтэграцыі з сярэдневяковай дзяржавай Кіеўскай Русі, нават не згадваецца. На працягу некалькіх стагоддзяў Беларусь уваходзіла ў састаў Рэчы Паспалітай. У свядомасці палякаў Вялікае княства Літоўскае часта атаясамліваецца выключна з дзяржавай літоўцаў, хаця літоўцамі ў XVI стагоддзі называлі беларускіх князёў і баяраў, а старабеларуская мова лічылася нацыянальнай і на ёй вялося ўсё справаводства. У ХІХ стагоддзі тэрмін “Рэч Паспалітая” абазначаў тое ж што і “Польшча”, таму ўзнікненне на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў беларускага нацыянальнага руху пераважнай большасцю польскіх элітаў успрымалася як ненатуральная з’ява і расійская інтрыга. Падобным чынам да гэтага пытання ставіліся расійскія ўлады, бачачы ў ім польскую выдумку.

Падзеі 1918—1920 гадоў надта выразна паказалі, што беларускія і польскія нацыянальныя інтарэсы ўзаемна выключаюцца. Беларускія нацыянальныя і палітычныя памкненні таксама нельга было пагадзіць з расійскімі імперскімі інтарэсамі, якія прадстаўлялі бальшавікі.

Узніклая ў 1918 г. беларуская дзяржаўнасць у большай ступені заіснавала як ідэя, чым рэальная палітычная з’ява. Аднак у свядомасці беларускіх элітаў набыла яна трывалы характар. На падзеленай у выніку Рыжскага дагавора тэрыторыі стварыліся розныя ўмовы нацыянальнага развіцця. Большасць беларускіх палітычных арганізацый, якія дзейнічалі ў ІІ Рэчы Паспалітай, не адмовіліся ад думкі пра незалежную і аб’яднаную Беларусь. Некалькі гадоў ліберальнага бальшавіцкага праўлення ў дваццатых гадах прычыніліся да таго, што на тэрыторыі Савецкай Беларусі ўзнікла амаль беларуская нацыянальная дзяржава. Беларускія дзеячы, са згоды цэнтральных савецкіх улад, маглі ажыццяўляць найбольш смелыя планы, аб якіх марылі падчас І Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г. Іх дасягненняў у галіне беларусізацыі не ўдалося поўнасцю зніштожыць у трыццатых гадах, калі знішчаліся ўсе, хто меў якоенебудзь дачыненне да беларускай нацыянальнай ідэі.

У Беларусі ад некалькіх дзесяткаў гадоў змагаюцца між сабою два погляды на форму нацыянальнага існавання. Кожная канцэпцыя дзяржаўнай і нацыянальнай самастойнасці ідзе ўразрэз з мацнейшай прарасійскай арыентацыяй, якая працягвае існаваць у нязмененай форме ад часоў стваральніка ідэі “заходнерусізму” Міхаіла Каяловіча. Рускаправаслаўную супольнасць ставіў ён вышэй за беларускую нацыянальную. Па вядомых прычынах прарасійская арыентацыя падтрымоўвалася маскоўскімі ўладнымі цэнтрамі. Праяўлялася гэта ў кадравай палітыцы, прапагандзе і асабліва ў выхаванні маладых пакаленняў беларусаў. У дванаццацітомнай Беларускай савецкай энцыклапедыі дарма шукаць прозвішчаў людзей, якія ў любы спосаб выказаліся за незалежную Беларусь. Гэтыя людзі не згадваюцца таксама ў школьных падручніках, іх імёнамі не называліся ні вуліцы, ні гарадскія плошчы.

У свядомасці грамадзян рэспублікі замацаваўся такі вобраз свету, у якім усё добрае прыходзіць з усходу, а дрэннае — з захаду. Феадалізм, войны, голад, расстрэлы прыносілі палякі, французы, немцы і толькі супольнае змаганне з расійскім народам дазваляла беларусам скінуць чужое панаванне. Такую ідэю прапагандаваў самы папулярны аўтар падручнікаў па гісторыі Лаўрэнцій Абэцэдарскі. Пасля некалькіх дзесяцігоддзяў унушэнняў нават калгас станавіўся апорай грамадскага і цывілізацыйнага парадку — даваў працу, неабходныя для жыцця сродкі і бяспеку.

Ідэалізаваная прапагандай і школай карціна савецкай улады давяла да таго, што напрыканцы васьмідзесятых гадоў большасць беларусаў з недаверам успрыняла паведамленні прэсы аб сталінскім генацыдзе, свядомым нішчэнні беларускай мовы і культуры камуністычнымі героямі, імёны якіх упрыгожвалі назвы вуліц, заводаў, калгасаў. Крытыка камунізму пасля 1990 г. для мільёнаў савецкіх грамадзян паказалася аспрэчваннем дасягненняў іхнага жыцця.

Узнікаючая дэмакратыя была творам Захаду. Разам з яе надыходам апусцелі паліцы магазінаў, з’явіліся няпэўнасць заўтрашняга дня, палітычны хаос, разбурэнне ўсёй іерархіі неаспрэчных каштоўнасцей.

У склаўшайся сітуацыі беларускім нацыянальным элітам удалося дасягнуць значна больш, чым іх папярэднікам у 1918 г. Беларусь дэюрэ стала незалежнай дзяржавай, якой суверэнітэт быў паўсюдна прызнаны ў свеце. Аднак ужо некалькі гадоў працягваюцца ўцёкі беларускага грамадства ад нежаданай свабоды, некалькі гадоў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка намагаецца абмежаваць суверэнітэт дзяржавы. Ліквідаваць становішча, якое склалася ў 1991 г., да гэтай пары не ўдалося. Беларусь фармальна далей з’яўляецца незалежнай дзяржавай, хаця гэта не заслуга яе грамадзян, але галоўным чынам сітуацыі ў Расіі і міжнароднай кан’юнктуры.