Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Нядзеля пасьля Ўзьвіжаньня

(Марк. 8, 34 — 9,1)

„Калі хто хоча ісьці за Мною, адрачыся самога сябе, вазьмі крыж свой ды ідзі за Мною. Бо хто хоча душу сваю выратаваць — загубіць яе, а хто душу сваю страціць дзеля Мяне і Евангельля — той збавіць яе. Бо якая-ж карысьць чалавеку, калі здабудзе ўвесь сьвет, але душы сваёй шкоду ўчыніць?.. Хто пасаромеецца Мяне і слоў Маіх у родзе гэтым распусным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе у славе Айца Свайго”, — чытаем у 8-м разьдзеле Евангельля паводле Марка.

Гэтыя суровыя словы напэўна не былі мілыя слухачам, якія пачулі іх упершыню і тым болей „адрачэньне ад самога сябе” гучыць для сучаснага верніка непрыемна. Напэўна лягчэй успрымаліся-б сацыяльныя аспэкты Хрыстовай навукі, калі-б гаварыць пра Ісуса, які заклікае да барацьбы са злом і несправядлівасьцяй у сьвеце заміж да змаганьня і пераадольваньня самога сябе.

Большасьць з нас ахрышчана ў маленстве і прынамсі фармальна належала да нейкай Царквы. З другога боку вада хрышчэньня вельмі хутка высахла і гэтая прыналежнасьць мала выяўлялася ў штодзённым жыцьці. Праз стагодзьдзі паўтараецца выпадак зь евангельскім, багатым юнаком. Яму неабыякавае было збаўленьне, але дзеля Хрыста ён ня ўмеў ахвяраваць свайго выгоднага, раскошнага жыцьця. Мы ўсе ахвотней бярэм, чымсьці даем, дамагаемся прывілеяў і адмаўляемся ад абавязкаў. Цяжкасьць з „адчужэньнем ад сябе” заключаецца ў тым, што наша цывілізацыя адкідае ўсякія путы: яна прапагандуе посьпех і самарэалізацыю як найвышэйшую каштоўнасьць. Праца, адпачынак, культура і кожная выява грамадзкага жыцьця маюць служыць самарэалізацыі чалавека. Чалавек хоча перамагаць, а не прайграваць і ўжо ў ніякім выпадку ня хоча траціць свайго жыцьця. Што думаць пра гэта? Няўжо мусім выбіраць паміж тым, каб быць чалавекам або быць хрысьціянінам? Не, таму што прапанаванае ў Евангельлі адрачэньне ад самога сябе на самай справе зьяўляецца найвышэйшай ступеньню самарэалізацыі. Хрыстос не патрабуе адрачэньня ад добрых якасьцяў і магчымасьцяў, толькі ад хворай, горшай часткі нашай сутнасьці. Чаго можам спадзявацца ад ажыцьцяўленьня сваіх амбіцыяў, ад поўнага зьдзяйсьненьня сваіх мараў? Можам сапраўды стацца людзьмі паважанымі, адукаванымі, заможнымі, якія ў добрым здароўі і дабрабыце дажываюць глыбокай старасьці, але на самай справе што гэта нам дае, калі і так мусім памерці. У жыцьці можна шмат чаго дасягнуць, аднак усё роўна ніхто ніколі ня еў дзьвюма лыжкамі і ўсе аднолькава супачылі на двух квадратных мэтрах зямлі. Што на гэтым жыцьцёвым шляху можа ўсьцерагчы нас перад канчатковым матам, перад сьмерцю, якая паложыць канец усяму? У Евангельлі як лейтматыў гучыць праўда, што ўсё наша зямное пілігрымства пачынаецца калыскай і канчаецца магілай і што паміж першым і апошнім этапам непазьбежная сустрэча з хваробамі, пакутамі, цяжкой працай і няўдачамі. Аднак усё гэта разам з самым жыцьцём тымчасовае і нядоўгатрывалае і таму мы павінны ставіцца да іх і пераносіць як нешта цалкам натуральнае і непазьбежнае. Яны маюць сэнс толькі ў пэрспэктыве вечнасьці, з улікам таго, што сапраўды ёсьць несьмяротная душа. „У сьвеце будзеце журботныя, але памятайце — Я перамог сьвет”, — сказаў Хрыстос і абяцаў узнагароду ў вечнасьці. „Думаю, што нашы цяперашнія пакуты нічога нявартыя ў параўнаньні з той славай, якая адкрыецца ў нас”, — пісаў апостал Павал. Вось таму блажэнны Аўгусьцін гаварыў: „Што гэта значыць добра жыць, калі ня можна жыць вечна? Якая карысьць чалавеку, калі здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй шкоду ўчыніць?” На магілах некалі слаўных людзей, усенародна абраных прэзыдэнтаў не кладуць ужо кветак і рассыпаліся іхныя помнікі. Нездарма народная пагаворка кажа: „Няпраўдай сьвет пройдзеш, але дадому ня вернешся”.

„Увесь сьвет, — пісаў выдатны тэоляг Ньюмэн, — салодкі для вуснаў, але горкі для паднябеньня. Ён падабаецца на пачатку жыцьця, але не заўсёды напрыканцы яго. Вось таму сапраўды радавацца ім можа толькі той, хто пачаў ад звышнатуральнага сьвету, хто сьпярша адмовіўся ад ілюзорнай яго прывабнасьці. Толькі той можа сапраўды банкетаваць, хто раней пасьціў і той можа разумна карыстацца дабрадзействамі жыцьця, хто ніколі ня злоўжываў імі”. Інакш кажучы, хто не спазнаў болю, той не зразумее пакутаў іншага, хто ніколі не галадаў, той не накорміць галоднага. Хто аднак галадаў, праліваў сьлёзы, хварэў і пакутаваў, змагаючыся са зьменлівасьцямі лёсу, той зразумее навошта ў чалавека сэрца... Ён зразумее сэнс жыцьця і яго сапраўднае пакліканьне...