Гэтая кніжка — мой сьціплы ўклад у небагатую скарбніцу беларускага рэлігійнага слова. Яна адрасуецца праваслаўным беларусам незалежна ад узросту. Асноўнай прычынай ейнага выданьня было перакананьне, што ня толькі ў адпаведнасьці з заклікам апостала Паўла трэба „прапаведаваць, настойваць, у пару і не ў пару” (2 Цім. 4, 2), але рабіць гэта якраз па-беларуску. Прыблізна на адну тысячу праваслаўных сьвятароў у Беларусі толькі адзінкі карыстаюцца беларускай мовай і ў Царкве яе хутчэй можна пачуць у Амэрыцы чымсьці ў Беларусі.
У сваім сьціплым выданьні прапаную чытачам некалькі дзесяткаў рэлігійных гутарак. Асноўная частка зьмешчаных у іх думак прагучэла ў часе некалькіх гадоў маёй сьвятарскай службы, а таксама ў эфіры беларускай службы радыё СВАБОДА. Яны адыходзяць ад клясычнага канону царкоўнай казані і маюць форму свабоднага разважаньня. Такая форма ня прынята ў царкоўнай практыцы, але таксама ў якасьці альтэрнатывы гэтыя гутаркі могуць быць карысныя і для вернікаў, і для сьвятароў пры падрыхтоўцы казаньняў. Я заўсёды быў перакананы, што Сьвятое Пісаньне — гэта ўнівэрсальнае Слова Божае, якое накіроўваецца да ўсіх людзей усіх часоў, гэта значыць і да нас напрыканцы 20-га стагодзьдзя. Вось таму і асноўная адметнасьць гэтых гутарак заключаецца ў тым, што ў іх у духу Евангельля гаворыцца пра сучаснага чалавека і яго праблемы, заміж — як гэта вельмі часта бывае — паясьняць толькі сучаснымі паняцьцямі старажытны тэкст Евангельля.
За імпульс да выданьня гэтай кніжкі — спадзяюся не апошняй — а таксама за практычную, уключна зь фінансавай, дапамогу шчыра дзякую сябрам.
а. Канстанцін Бандарук