Курапаты

Пазьняк Зянон, Шмыгалёў Яўген, Крывальцэвіч Мікола, Іоў Алег


Вершы

Устань і ідзі, -
Мне голас прагучэў у сьне глыбокім.
І ноч вакол за вокнамі.

24.ІV.1988

Развагі ў ціхую ноч

Асеньні сьнег хавае лес заслонай.
А думаю не аб зіме.
Хутчэй хай лета настае.
Ды толькі цяжка будзе мне
Пад шэлест цвыркуноў
У цішы начной Варфаламея
Глядзець, як сохнуць хвоі на касьцях
Людзей, пад лесам расстраляных,
Дзе атлусьцелы, як пітон,
Крыві напіўшыся навек,
Чырвоны зьвер гуляе.

1987-88

Вёска Зялёны Луг

1

Дзе вёска некалі стаяла — цяпер мікрараён.
На Курапаты — від.
З вакон дзявятага паверху
Так вока суцяшае лясісты краявід.

2

Там чвэрць мільёна душ нявінных,
Людзей — цьвет нацыі,
Пад шыльнікам ляжыць,
Замучаных, забітых, скатаваных.
І вымірае памяць навакол
У вёсках здратаваных.

3

Пяць год перад вайной бальшавікі
Штодня, штоноч машынамі вазілі,
Вязалі, ламалі рукі, білі,
Сьмярдзючым коркам затыкалі рот,
Каб слоў ня чуць на мове людзкай,
І па-майстэрску ў галаву
Стралялі куляй з матам рускім.

4

Калі ж магілу напаўнялі,
Насьпех прысыпаўшы пяском,
Сасонку кволую страмлялі,
Ды толькі дрэўца не расло.

5

О памяць нашая зямная!
Схаваў цябе лясны прасьцяг.
Як праваліліся пад вамі
Пяскі і нетры на касьцях!

6

Стаміўся сталінскі бандыт,
Хавае хвост забойца:
“Расьці, расьці, яловы лес,
Гуляй, гуляй, прапойца!”

7

Калі ж апошні сьведка дзён
У дол пяшчаны сыйдзе,
Тады ізноў крывёй бакал
Налье сатрап і злыдзень
І баль пачне сярод чумы чырвонай,
Каб выпілі да дна
І вымерлі пад корань.

8

Зьвер зьвера пакрываў,
Зьвяр’ё зьвяроў хваліла.
Бяздоньне зьверскае хлусьні
Народ, душы затапіла,
Дзе самы подлы рэнэгат
Стаў самым годным.
О, Краю, Краю дарагі,
Ці выплыве калі
Наш карабель народны?

1987-88

Жыцьцё паэта

Майі Тодараўне Кляшторнай

Прыйшлі забіваць паэта
Ноччу,
Калі людзі сумленныя сьпяць,
Прыйшлі забіваць паэта.
I забралі ў яго блякнот,
І забралі пяро,
Абылгалі яго летуценьні.
Засланілі вакно.
Па дарозе імчаць
Крумкачовыя чорныя цені.

Ой, вы, сосны, не шуміце
На радзіме мілай.
Закурлыкай, журавелька,
Над маёй магілай.

Бальшавіцкая п’яная раць
Топча белыя кветкі ля хаты,
Ах ты, падла, тваю перамаць,
Мы пакажам табе Курапаты.

Ой, вы, сосны, не шуміце
На радзіме мілай.
Закурлыкай, журавелька,
Над маёй магілай.

Каля ямы глыбокай, сырой
Пахне кроў на траве і на лісьцях.
Зь берагамі напоўнены роў -
Не нап’юцца ніяк камуністы.

Ой, вы, сосны, не шуміце
На радзіме мілай.
Закурлыкай, журавелька,
Над маёй магілай.

Стаміўся Красны Іваноў,
Наган ад стрэлаў раскаліўся.
Шынэльку выцер ад крыві
І папяроскай задыміўся.

Ой, вы, сосны, не шуміце
На радзіме мілай.
Закурлыкай, журавелька,
Над маёй магілай.

Вырываюць з блякнота яго лісты
І кідаюць яму ў аблічча.
Вершы, вершы на жоўтым пяску.
Журавелька ў небе курлыча.

1988