У Мінску пакажуць спектакль пра сустрэчу з іншапланетнікамі


14 верасня ў 19:00 у музеі імя Максіма Багдановіча аматарскі «Тэатр Адкрытых» пакажа спектакль «Рэальнасць» паводле п’есы Івана Вырыпаева «UFO». Гэта тэатральны эксперымент, містыфікацыя. Гісторыі, якія распавядуць пра сустрэчы чалавека з чымсьці іншапланетным, непазнаным і нават трансцэндэнтным.

 Распавядае пастаноўшчык спектакля Дзіма Новікаў:

— Калі я адчуў неабходнасць паставіць «Рэальнасць», мне стала вельмі страшна. Я баяўся прымаць на сябе такую адказнасць, баяўся, што не здолею. Паставіць спектакль без адмысловай адукацыі і вопыту пастановак, узяцца адразу за постдраматычны тэатр — гэта авантурызм і вар’яцкая самаўпэўненасць. Але я таксама разумеў і тое, што калі ідэю адкласці на будучыню, то яна памрэ і спектакля не будзе.

І вось якая цікавая рэч пачала адбывацца. У Макса Фрая гэта называецца «не добра, не дрэнна, а правільна». Прышоў час, каб гэтыя гісторыя захацеліа сябе распавесці. І ўсё навокал пачало адгукацца. Людзі, якія дапамагалі спектаклю, узнікалі зніадкуль. Не было ніякіх перашкодаў ад свету. Наадварот! Усё складвалася само! Мне заставалася толькі трошкі накіроўваць артыстаў. Я не быў рэжысёрам, я проста дазволіў гэтым гісторыям прагучаць. І ўсё атрымалася.

Я не хачу «спайлерыць», але насамрэч гэты спектакль не пра сустрэчу чалавека і іншапланетнікаў. Гэта спектакль пра самыя важныя моманты ў жыцці чалавека. Тады, калі чалавек усім сваім нутром адчувае, што галоўнае гэта быць сабой, а не журналістам, кіроўцам аўтобуса, мэнеджэрам, ці кім-небудзь яшчэ. Тады, калі да сусвету адчуваеш толькі падзяку, калі разумееш, што галоўнае — гэта вярнуцца дадому.

Спектакль пастаўлены ў жанры вербацім ці дакументальнага тэатру. Гэты від тэатральнага прадстаўлення атрымаў папулярнасць на мяжы 20-21 стагоддзяў. Тыпалагічна ён суадносіцца з літаратурай нон-фікш. Падобныя спектаклі складаюцца з маналогаў рэальных людзей, якія акторы проста перадаюць глядачам.

Іван Вырыпаеў, паводле п’есы якога пастаўлены спектакль, — вядомы рускі драматург. Кіраваў маскоўскім тэатрам «Практыка». Пастаноўкі Вырыпаева і спектаклі паводле ягоных п’ес ідуць у Польшчы, Германіі, Чэхіі, Балгарыі, Англіі, Францыі і Канадзе. П’еса «Сны» перакладзеная на англійскую, французскую, нямецкую, балгарскую, польскую мовы; п’еса «Валянцінаў дзень» перакладзеная на нямецкую; «Кісларод» на шэраг замежных моваў. Вырыпаеў выступіў сцэнарыстам і рэжысёрам такіх вядомых фільмаў, як «Кісларод», «Танец Дэлі», «Эйфарыя» і інш.

Спектакль «Рэальнасць» пройдзе ў музеі імя Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7А) 14 верасня ў 19:00. Кошт увахода – 10 BYN.

Будзьма беларусамі!

Крыніца: Будзьма беларусамі!