“Навобмацак”: Ілля Фаляжынскі запісаў новы альбом

“Навобмацак”: Ілля Фаляжынскі запісаў новы альбом


“Навобмацак” – альбом з такой назвай запісаў малады выканаўца з Менску, а цяпер студэнт Варшаўскае палітэхнікі Ілля Фаляжынскі. Гэта ўжо другі зборнік спеваў.

Першы меў назву “Схавацца ў туман”. Новы альбом маладога выканаўцы можна адшукаць на платформе Soundcloud у вольным доступе.

Дыск да новага альбому “Навобмацак” – цалкам беларускай лацінкай.

Назва прыйшла выпадкова, падчас выпісвання арыгінальных беларускіх словаў, распавядае Ілля Фаляжынскі:

– Я люблю чытаць беларускую літаратуру, і сучасную, і класіку. Падчас чытання я заўсёды маю пры сабе мабільны тэлефон. І калі сустракаю розныя цікавыя для мяне словы ў тэксце, то я сабе іх выпісваю ў нататнічак. А потым гэтыя словы пераглядаю, каб яны лепш запаміналіся. І так стараюся ўзбагачаць свой слоўнікавы запас.

РР: Песня, якая адкрывае альбом, мае назву “Гусь і Багданка”. Ты кажаш, што выпісваеш нейкія цікавыя словы з беларускай літаратуры. Можа быць, ты таксама чэрпаеш натхненне, нейкія вобразы з класічнай літаратуры?

Ілля Фаляжынскі: Часам так. Часам чытаеш нешта, вершы ці прозу, і ў нейкі момант за штосьці можна зноў жа зачапіцца і ад гэтага потым адштурхнуцца і стварыць нейкую новую песню. Калі казаць канкрэтна пра першую песню “Гусь і Багданка” – тут ужо больш рамантычная гісторыя. Я гэтую песню прысвяціў у пэўны час сваёй каханай, Багданцы. А з гусём усё зразумела, не буду тлумачыць…

РР: Ілля, я так разумею, што мелодыі да ўсіх гэтых песняў ты напісаў асабіста, а тэксты не толькі твае?

Ілля Фаляжынскі: Асноўныя мелодыі мае. Але за аранжыроўку ўсіх гэтых песняў адказны мой настаўнік Дзімтрый Матуйза, з якім я ўжо шмат гадоў займаюся – ён мяне навучае граць на гітары. Большасць усіх песняў напісаная мною. Два з гэтых тэкстаў належаць аўтарству менскай паэткі Кацярыны Массэ. Яе словы ў песнях “Калінаў мост” і “Ні верху, ні долу”.

РР: А песня “Пахаванне шклянкі”? Гэта нейкая антыалкагольная кампанія, ці што ты меў на ўвазе?

Ілля Фаляжынскі: Я разлічваў, што ўсе так будуць лічыць, калі я прэзентую гэтую песню. Насамрэч, гісторыя вельмі смешная і зусім не звязаная з алкаголем. Калісьці даўно, калі я жыў з бацькамі, у мяне была ўлюбёная шклянка, у якой я любіў папіваць розныя напоі, няважна якія. І вось аднойчы я гэтую шклянку знайшоў разбітай у сметніцы. І гэта было вельмі глыбокае для мяне няшчасце. І самае галоўнае, я так і не знайшоў злачынцы. І гэта мяне так раззлавала, што я на пустым месцы стварыў гэтую песню.

РР: Але нічога быццам бы на пустым месцы, кажуць, не бывае. Ілля, альбом з’явіўся ў сеціве, ёсць таксама на фізічным носьбіце, а ці чакаць яго ў выглядзе LIVE – у выглядзе канцэртаў? Ці плануеш ці то ў Польшчы, ці ў Беларусі нейкія выступы?

Ілля Фаляжынскі: Так, увесь час у мяне такія думкі з’яўляюцца. Але, на жаль, на сённяшні момант нічога канкрэтнага сказаць не магу, бо пакуль шукаю пляцоўку. Ці тут у Варшаве, ці ў Менску, але ні на чым канкрэтным пакуль не спыніўся.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя