Інтэрнэт-апытанне: 47% не збіраюцца ісці на выбары

Інтэрнэт-апытанне: 47% не збіраюцца ісці на выбары


Інтэрнэт-апытанне “За каго б вы прагаласавалі на парламенцкіх выбарах” праходзіць на рэгіянальным партале orsha.eu.

На сённяшні дзень у ім узялі ўдзел 360 чалавек, і 46,7 % падтрымалі варыянт адказу “Не пайду на выбары ўвогуле”, а 31,4% пацвердзілі, што гатовы падтрымаць кандыдата ад апазіцыі.

Нежаданне ісці на выбары рэдактар парталу orsha.eu Ігар Казмярчак тлумачыць пасіўнасцю парламенту і недаверам да яго дзейнасці:

– За колькі разоў склікання Парламенту, здаецца, па статыстыцы, дэпутаты праявілі толькі 4 заканадаўчыя ініцыятывы. Канешне, за такім Парламентам і назіраць не цікава. У яго мала паўнамоцтваў, а дэпутаты, якіх туды дапускаюць, яны звычайна безыніцыятыўныя.

Гарантыі, што на выбарах перамогуць кандыдаты аб апазіцыі, за якіх прагаласавала б істотная колькасць удзельнікаў апытання, таксама няма.

Хаця прадстаўнікі апазіцыйных партый збіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, і самая актыўная ў гэтым сэнсе – аршанская арганізацыя АГП, кажа Ігар Казмярчак:

– АГП аб’ектыўна самая масавая партыя ў Воршы, там каля 100 сябраў, і ў суседніх рэгіёнах ёсць партыйцы. Прыкладам, у Дуброўна АГП – адзіная апазіцыйная палітычная структура. І АГП вылучае сваіх кандыдатаў: сябры АГП вылучаюцца па ўсіх аршанскіх акругах, а таксама па Сенненскай, суседняй акрузе.

Усяго 6,4% удзельнікаў апытання хочуць падтрымаць кандыдата ад улады. 1,9% ускосна прызналі практыку выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу, забароненую выбарчым заканадаўствам: выбралі адказ “За каго загадаюць на працы або вучобе”. Яшчэ 5,6% – не вызначыліся.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя