Выбарчая кампанія пад знакам судоў

Выбарчая кампанія пад знакам судоў


Беларуская апазіцыя аспрэчвала неўключэнне сваіх сябраў у выбарчыя камісіі розных узроўняў. Але прадказальна суды станавіліся на бок уладаў і сцвярджалі, што мясцовыя выканаўчыя органы падчас фарміравання выбарчых камісій закон не парушалі.

Да чарговай серыі судоў рыхтуецца Рух «За Свабоду». Там плануюць правесці з’езд па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Справа ў тым, што Канстытуцыя гарантуе вылучэнне кандыдатаў і ад грамадскіх рухаў, але выбарчае заканадаўства гэтага не прадугледжвае.

Тлумачыць лідар Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч:

– Тут мы базуемся на аснове 69-га артыкула беларускай Канстытуцыі, які гарантуе грамадскім аб’яднанням права на вылучэнне сваіх кандыдатаў. Аднак беларускае заканадаўства абмяжоўвае такое права, выбарчы кодэкс дае магчымасць станавіцца кандыдатамі выключна прадстаўнікам працоўных калектываў, палітычных партый і груп грамадзян. Паглядзім, калі нам адмовяць, што цалкам верагодна, то зноў будзем звяртацца ў суды.

Неадпаведнасць Канстытуцыі і выбарчага заканадаўства таксама будуць аспрэчваць у судах сябры Руху «За Свабоду». Больш таго, кажа Юрась Губарэвіч, гэта дасць магчымасць актывізаваць пытанне, «чаму за апошнія 25 гадоў у Беларусі не зарэгістравалі ніводнай новай палітычнай партыі».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя