“САНАТОРЫЙ ПАД КЛЕПСІДРАЙ”: анлайн-чытанні польскай літаратуры


“Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі,
а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.

Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай”

Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы.

Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх ёсць і нобелеўскія лаўрэаты і лаўрэаткі. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.

Першая сустрэча ў прамым эфіры адбудзецца ў аўторак 21 красавіка а 17:00 на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку (спасылка на эфір будзе размешачана ў падзеі).

Падчас сустрэчы паэт-перакладчык Андрэй Хадановіч прадставіць творчасць славутага набеліста, паэта і празаіка ЧЭСЛАВА МІЛАША (1911-2004). Міфатворцу з краіны дзяцінства, сведку і летапісца катастрофы, вечнага эмігранта на апошняй тэрыторыі роднай мовы. Правінцыяла ў Вільні, віленчука ў Польшчы, паляка ў Францыі, “дзіця Еўропы” ў Амерыцы, “апошняга грамадзяніна ВКЛ” у Еўрасаюзе ХХІ ст.

Запрашаем да прагляду і заахвочваем да актыўнага ўдзелу – задавайце пытанні і дзяліцеся меркаваннямі.

#Заставайсядома – культура прыйдзе да Цябе!

Саюз беларускіх пісьменнікаў

Крыніца: Саюз беларускіх пісьменнікаў