Рух «За Свабоду» патрабуе дыстанцыйнага навучання для школьнікаў

Рух «За Свабоду» патрабуе дыстанцыйнага навучання для школьнікаў


Рух «За Свабоду» збірае подпісы пад петыцыяй з патрабаваннем увесці каранцін для школьнікаў і студэнтаў і перавесці іх на дыстанцыйнае навучанне.

«Хоць распаўсюджванне інфекцыі COVID-19 набірае абароты, Аляксандр Лукашэнка і Міністэрства адукацыі прынялі рашэнне, што дзеці з 20 красавіка павінны пайсці ў школы. Мы лічым такое рашэнне ўладаў Беларусі безадказным і непрадуманым», – чытаем у петыцыі.

Рух «За Свабоду» згодны з тым, што дзеці павінны вучыцца, але не ў тых умовах, якія прапануе Аляксандр Лукашэнка.

Кажа прадстаўніца Руху «За Свабоду» Вольга Быкоўская, якая нагадвае, што Беларусь – IT-краіна.

– ХХІ стагоддзе, вучні могуць вучыцца не толькі седзячы ў класах, але і седзячы каля камп’ютараў, калі наладжаная дыстанцыйная адукацыя. Дзеці не так часта хварэюць на COVID-19, але трэба памятаць, што яны з’яўляюцца пераносчыкамі гэтага віруса, і таму значна бяспечней будзе, калі не будзе гэтай навалы людзей. У нармальных умовах у ХХІ стагоддзі Беларусь – ІT-краіна, пра гэта заяўляе і ўлада Беларусі, і яны могуць вучыцца седзячы дома.

Яшчэ раней – кіраўнік Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч перадаў у Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта петыцыю з патрабаваннем адмены ваеннага парада 9 траўня і перанакіравання сродкаў, што вызваляцца, на закупку апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя