З’явіўся віртуальны тур па выставе «1919. Беларуская Рэспубліка»


У сеціве з’явілася віртуальная экскурсія па выставе «1919. Беларуская Рэспубліка», якая летась экспанавалася ў Нацыянальным гістарычным музеі і была прысвечана 100–годдзю абвяшчэння БССР і 95–годдзя беларусізацыі.

Вось што пішуць арганізатары пра яе:

Беларуская дзяржава. Калісьці гэта была толькі ідэя. Потым гэта стала словамі на паперы і межамі на карце. Яшчэ праз некаторы час — рэальнасцю ў якой жылі яны і жывем зараз мы. Дзеля рэалізацыі гэтай ідэі цэлае пакаленне беларускіх нацыянальных дзеячаў ахвяравалі свае сілы, працу і жыццё. Іх шмат што падзяляла: асабістыя спрэчкі, палітычныя перакананні, выбар саюзнікаў, фронт, па розныя бакі якога яны змагаліся. Аб’ядноўвала гэтых людзей адно- беларускае сэрца, якое білася ў іх грудзях. І гэта сэрца было ахопленае ідэяй пабудовы беларускай дзяржавы. За яе ахвяравалі жыццём Слуцкія паўстанцы, якія змагаліся з бальшавікамі, але гэтай жа ідэяй кіраваліся і тыя, хто будаваў Беларускую рэспубліку на савецкай аснове. І насуперак усім знешнім і ўнутраным фактарам, і дзякуючы ўсім намаганням таго пакалення, Беларуская дзяржава паўстала.

Выстава «1919: Беларуская! Рэспубліка» — гэты лагічнае і канцэптуальнае прадаўжэнне выставы «1918:БНР — Ідэя. Край. Дзяржава», якая прайшла на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь у 2018 г. Гэта выстава пра ідэю і пра людзей. Пра тых, хто зрабіў першы крок 25 сакавіка 1918 года і тых, хто падхапіў штандар дзяржаўнасці 1 студзеня 1919 года. Пра тыя часы, калі адкрываліся беларускія школы і ўніверсітэты, будаваліся заводы, вярталіся тэрыторыі, а «Уся ЦК КП(б)Б гаварыла на беларускай мове!». Калі беларусізацыя, не ўціскаючы ні адну нацыянальную меншасць ахапіла краіну... і пра тое, як і хто яе спыніў.

На дадзенай экспазіцыі прадстаўлены прадметы са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва–музея літаратуры і мастацтва, Цэнтральнага архіва КДБ Рэспублікі Беларусь і іншых.

Будзьма беларусамі!

Крыніца: Будзьма беларусамі!