Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


Логас - Да дэканструкцыі перадразвагаў разуменьня

— І ты ўважаеш сабе за апантанага велічнымі ідэямі-фікс, але ж адным гожым днём зьдзяйсьняеш першае асабістае адкрыцьцё — ідэі тыя ня вельмі каб ужывальныя ў жыцьці; а паколькі ты ж не ідыёт і табе міласна жыць, высьвятляеш, што прагнеш ты — быць вольным у дзеях. Гоп!— і ты спатыкаеш тыя ж самыя ідэі, што атрымаў быў праз хрост. Ды не ў абліччы вонкавых запаветаў і пастановаў —

зацемь, бо гэта ёсьць важным. Не ў разнастайных абліччах практычнага прымусу, што гэтак бянтэжаць звадкую шпану,—

усё таму, што звыклыя абліччы прымусу, якія сустракаеш у жыцьці штодня, ты, так ці інакш, у стане абмінуць,—

але ты спатыкаеш самога сябе: тое, што атрымаў быў у хрост, дружа, уласнае веравызнаньне…

Х. Картасар, Іспыт (пераклад адвольны)

Калі задацца пытаньнем, якія хады здумленьня адбіліся на нашых філязофскіх поглядах найбольш, дык міжволі ўзгадаеш знакаміты зьвяз К.Маркса, Ф.Ніцшэ і З.Фройда, якіх яшчэ К.Ясперс ахрысьціў трапным вызначэньнем: “філёзаф падазронасьці”. Адылі, чаму падазронасьць прыпісваецца менавіта гэтаму зьвязу з трываласьцю, што выклікае зьдзіўленьне, нібыта насуперак плойме ўсіх іншых, хто ставіў пад сумнеў шмат што для нас асэнсаванае. Прынамсі, значыць, існуе пэўнае істотнае адрозьненьне паміж падазронасьцю й сумневам.

Падазронасьць ёсьць заўжды скіраванай і, няўпрыклад грузкаму ды размаітаму сумневу, вялікшую частку часу ведае, супраць каго яна вядзе сьледзтва, і нават паводле якіх пунктаў зьвінавачаньня. Просты сумнеў, як і няпэўнасьць, не валодае прэзумпцыяй правамернасьці ўласных запатрабаваньняў, і таму мае захоўваць гіпатэтычны характар пастуляванай “сумнеўнасьці” ў дужках: нешта ня так, але, мажліва, я памыляюся — нібыта кажа ён. Падазронасьць жа тыя дужкі зьнішчае й патрабуе ўжо адказу, з тае прычыны, што ёю пэўна сьцьвярджаецца — нешта ня так: таму, калі ласка, дайце тлумачэньне гэтым абставінам, і — як мага хутчэй.

Інакш кажучы, падазронасьць ёсьць прыхаванай формай высьпелай крытыкі, якая мае ўласныя пастуляты ды адказы на тыя пытаньні, што атрымаліся цягам ажыццёўленай ёй жа самой дэдукцыі, дзеля чаго прадпрыманьне падобнае крытыкі абвяртаецца сьвядомай інквізыцыяй якой-кольвек праблемы, якая па вызначэньні закінутая перад табой (pro-blhma), якую ты маеш сустракаць у лоб. “Адсюль,— прамаўляе Дэрыда ў сваім “Ускосным ахвяраваньні” (An oblіque offerіng) — неабходнасьць разглядаць наўпрост, непасрэдна у лоб, франтальна ды грунтоўна тое, што зьмяшчаецца перад вашымі вачыма, ротам, рукамі (а зусім не за сьпінаю) як прысунуты ды прапанованы аб’ект, як падлеглае разгляду пытаньне, а значыць у той жа ступені — як прапанаваны, інакш кажучы, як запраданы, падараваны сюжэт/суб’ект: бо прапануюць зазвычай заўжды нешта наперадзе”. Гэтаксама ж там, дзе ёсьць праблема, гаворка заходзіць пра прад-сюжэт (прадмэт-сюжэт/аб’ект-суб’ект), пра праект, што высунуты, як дасьпех альбо ахоўная апратка — калі эксплюатаваць ужо этымалёгію словаў дашчэнту.

Зрэшты рэшт выпадае паглядзець на праблему й праз шкельца метаніміі — тым самым прыйсьці да таго, хто выкарыстоўваецца ў якасьці прыкрыцьця, прымае на сябе адказнасьць ці выдае сябе за іншага, прамаўляе ад імя таго, каго высоўвае перад сабою альбо за якім хаваецца — усё для таго, каб абмінуць гэты танны падман масак і падстаўных асоб. І вось тут узьнікае пытаньне, што лепей — шлях ускосны альбо наўпроставы? І ці мажлівы тут наагул выбар без прыцягненьня нулявой ступені структуры?

Адылі падазронасьць вылучае ня толькі згаданы наўпроставы падыход да праблем, якімі яна робіць свае запытаньні, але таксама й іншую, вартую зацемы рысу — а менавіта адсутнасьць сама-рэфлексіўнасьці, альбо аўтарэфэрэнцыі, зьвернутасьці на сябе. Ня варта думаць, што абедзьве гэтыя якасьці існуюць сэпаратна. Ды наагул лёгка пабачыць, на чым грунтуецца іхны ўдалы сымбіёз. Хаця кожная разьвітая крытыка мае на ўвазе, між іншым, гэтаксама й сябе, тым ня менш, практычна відавочна, што амаль для ўсіх сталых тэорыяў комплекс скарпіёна спрадвеку чужы: і марксізм гістарызуе ўсё, ды змаўкае там, дзе гаворка мае быць пра ўласную ягоную рэлятыўнасьць ды гістарычнасьць прапанаваных ім тэзаў; і псыхааналіз, нягледзячы на пастуляваную ўсеабдымнасьць ягонага клопату (бо ўсё падлягае пад дзеяньне псыхааналізу, нават тое, што яго навідавок адмаўляе), раптоўна губляе голас, калі спатыкае той факт, што сама ягоная канцэпцыя злёгку можа быць патлумачана праз фобіі ды прыёмы сублімацыі ягонага творцы; і Ніцшэ згодзен быў хутчэй забіць свайго Заратуштру, чымся дазволіць яму вымавіць ганебнае слова на новы звышчалавечы парадак і сьвет; і… — сьпіс можна доўжыць.

Гэта не яшчэ адна адзнака слабіны сталых тэорыяў, але пэўны й трывалы парадак рэчаў, міжвольна абраны. Няма нічога містычнага, благога ці зламыснага й ergo сафістычнага ў тым, што абраная пазыцыя змушае ейных абаронцаў да аховы ўласнае званіцы ад нахабных набегаў варожых словаў і рэчаў, але невідавочным ёсьць тое, што мы самі сьвядома абралі колісь тую званіцу ці збольшага ўласнаручна выклалі яе па цаглінцы. Адсутнасьць пэўнасьці ва ўласным падмурку не карціць правядзеньню працяглых манэўраў, пазыцыйнай вайны ды перамоваў, і адзіным мэтазгодным выйсьцем тады бачыцца вайна на чужой тэрыторыі, дзе праблему трэба ня браць “у палон”, а ў крывавым сутыкненьні фронт у фронт — зваяваць і зьліквідаваць. Праўда што, залішняя пэўнасьць, асабліва беспадстаўная, таксама прыводзіць да таго самога фіналу, паколькі той, хто верыць, што за ім ёсьць праўда, першым шукае вырашальнае бітвы. Праўда, але, й іншае: што зьвернутасьць на сябе анічога не гарантуе й ні ў чым не дае рады, апроч беспадстаўнае веры ў тое, што няма дзе здабыць падставы.

Так, пакрысе, праз выпады наперад і імклівыя адскокі, мітусьлівыя зрухі у розныя бакі, што прыпадабняюцца фігурам зусім блізкім да танцавальных, мы набліжаемся да таго, каб прадэманстраваць першую маску й высунуць першае пазытыўнае вызначэньне дэканструкцыі — і яно будзе перадусім архітэктанічным, ці, калі заўгодна, эстэтычным, альбо нават эканамічным. Бо дэканструкцыю варта вызначыць як пэўны густ да эканоміі стылю, што, безумоўна, мае быць патлумачаным.

Найперш паспрабуем задацца пытаньнем, як насамрэч працуе машына канструяваньня філязафічных тэорыяў. Мы спатыкаем, да прыкладу, хрэстаматыйныя выпадкі картэзіянскіх ці кёніхзбэрскіх высілкаў да пабудовы сыстэмы мысьленьня адмыслова “з нуля”, якія надоўга адвабілі прагных прамовіць падобна да Штырнэра: “Нішто — вось на чым я ўзьвёў сваю справу”. І вось чаму: як толькі пасьля тытанічнае працы на выбамбленай пустэчы пачынае ўжо трохі праглядацца падмурак “новага дому ведаў”, ягоны дойлід нібыта забываецца на ўсё, і надалей працуе як нячысты пакажа, без асаблівага клопату наконт таго, адкуль ён браў матар’ял для наступных паверхаў і ці ня ёсьць тая альтанка, што забясьпечвае цэльнасьць кампазыцыі, падабранай на сьметніку рэшткай былога тэарытычнага хараства. Гэта збольшага спрацоўвае ўласьцівая чалавечай псыхіцы ідыясынкразія да дакладнага кантролю ўсіх дробных дэталяў і ўласных дзеяньняў.

Ня трэба, адылі, думаць, што той, хто сьвядома пераймае чыесьці тэарытычныя канструкцыі, адбудуе сабе шыкоўныя ды непахісныя (блёкавыя) даміны альбо палацы для абранай групоўкі вучняў. Не, адбудаваць ён, можа, і адбудуе, ды справа ў тым, які лёс чакае падобныя збудовы. Што нас асабліва вабіць, дык гэта чыясьці надзвычай удалая думка альбо канцэптуальная канструкцыя, і дзеля яе мы радыя прыняць ва ўлоньне ўсю лягічна зь ёю зьвязаную сыстэму дачыненьняў, ці й за тое горш — інкруставаць тую думку ва ўласны склад мысьленьня, тоячы ў падсьвядомым надзею (ну як прынадзіцца — запрацуе яна), ды пры гэтым не прасачыўшы мажлівыя з таго наступствы. Далей усё адбываецца надзвычай прадказальна: альбо той стаіць за мілосны матыў да апошняга, прамінаючы гучныя аспрэчаньні й ціхія парады адступіцца, альбо лёгка забывае той матыў на карысьць новай модзе, альбо пачынае пільна падладжваць строй свайго мысьленьня пад прыўнесены артэфакт, калі не наадварот, каб не было відочных несупадзеньняў. У кожным з выпадкаў нам пачынае не ставаць нечага накшталт тэарытычнага густу, які не дазваляў бы нам ладзіць гэткія агідныя нагрувашчаньні з ідэяў. І гэта ёсьць слушным ня толькі ў разе з чужымі ідэямі.

Пад сумнеў падпадае не самая мажлівасьць спараджаць нейкія новыя думкі ці іх удала прыўлашчваць, а ажыцьцёўлены выбар, кошт якога зачаста большы за той, што мы маглі сабе дазволіць: і, каб хаця трохі стрымаць эрозію паўсталай канструкцыі, пачынаеш ліхаманкава замацоўваць хісткі будынак цэмэнтам кволых меркаваньняў, успадкаемненых забабонаў ды перадразвагаў, што дадае будовіне вычварнае неахайнасьці й недарэчнае грувасткасьці. І тут упершыню паўстае прывід таго пачварнага ўтварэньня, якому дасталося імя — перадразвагі. Хаця гэта, ня больш, як калька з больш натуральных германскіх “сваякоў” — prejudіce, vorurteіl — тым словам усё ж трапна акрэсьліваецца прасьцяг значэньняў, які далёка адыходзіць ад панятку “забабонаў”. Перадразвагі маюць на ўвазе гэткае прадмеркаваньне ды прадвырашэньне, што сілкуецца з крыніцаў ня толькі падсьвядомага, але й даразважнага, і абапіраецца, да прыкладу, на “здаровы сэнс”, “векапомную праўду” ці сьляпую веру. І, у адрозьненьне ад забабонаў, перадразвагам ня трэба прыпісваць благой аксыялёгіі, бо меў рацыю Г.Гадамер, калі сьцьвярджаў, што сытуацыя наяўнасьці перадразвагаў натуральная для разумнай часткі чалавецтва й, больш за тое, бязь іх аніякае разуменьне чаго-кольвек не змагло б адбыцца.

Адылі ёсьць значная розьніца ў модусе іхнага выкарыстаньня: калі нехта выкарыстоўвае перадразвагі як самавідавочныя й апрыёрныя ісьціны — гэта адно, калі ж прысутнасьць перадразвагаў палягаецца ў якасьці зыходнага пункту, ад якога трэба будзе бяз жалю адчаліць і болей ніколі ня марыць пра фата-маргану псэўда-відавочнага,— гэта трохі іншае. Ды апошні праект быў добра асьветлены яшчэ з часоў “гастынскай бойкі” Франсыса Бэкана із схалястычнымі бачнасьцямі, іdola trіbus, specus, theatrі et forі, якім пакланяюцца масы, і велічнай выяўленчай працы Асьветнікаў, хаця ўсім ім была ўласьціва тая перадразвага, што аяышчаная ад шкарлупіньня аблудаў сьвядомасьць зробіцца для самой сябе крыштальна празрыстай і яснай. Але ці не залішне далёка мы адышлі ад цікавай нам дэканструкцыі? Насамрэч, не.

Бо другая маска й іншае вызначэньне дэканструкцыі мае менавіта такое катарсыснае ды ілюмінатыўнае значэньне/аблічча. Дэканструкцыя як высьвятленьне ды пурыфікацыя (прачышчэньне) тых перадразвагаў, што фундуюць мысьленьне. Вядомая скандальнай славай барацьба супраць лёга-, фона-, фаля-, этна-, тэа-, тэлеацэнтрызму й усяго іншага, вакол чаго можна было б абвясьціць цэнтар, тым самым заснаваўшы структуру, паколькі да цэнтру заўжды прыкладаецца пэрыфэрыя, акруга, то бок ствараецца нешта бінарнае. Як сьцьвярджае Ж.Дэрыда: “рух дэканструкцыі не разбурае структуры звонкі. (...) Праз тое, што яно (прадпрыемства дэканструкцыі —П.Б.) дзейнічае зь неабходнасцю знутры, пазычае ўсе стратэгічныя й эканамічныя рэсурсы для справяржэньня ў старой структуры, пазычае іх структурна, то бок без таго, каб быць здатным ізаляваць іхныя элемэнты й атамы, прадпрыманьне дэканструкцыі заўсёды пэўным чынам стаецца здабычай уласнай працы”. Адно што барацьба тая не павінна мець характару ганебнае зацятасьці й ператварацца ў рытуальную формулу крыжовых паходаў.

Гэтае ж вызначэньне наўпрост дэманструе экстрамэтадычную адметнасьць дэканструктыўнага здумленьня. І тут не існуе аніякага мэтаду, ува ўсялякім разе на ўзроўні глябальнай стратэгіі вайсковых дзеяньняў, бо здабыць пэўнасьць у падобнай справе было б раўнаважным стаць на адзін з бакоў, а абраць дыскрэтаваны элемэнт пары — значыла б мець справу з будучым узурпатарам, здрадзіць нулявой ступені. Менавіта ад падобнага выбару засьцерагаў колісь Дэрыда. Парушэньне структуры не прыводзіць аўтаматычна да зьмены ейных парадкаў парадкамі сымулякраў, як тое думаў Бадрыяр, які разважаў быў у межах мэтаструктур, але здабыць нулявую ступень ня значыць адшукаць панацэю ці філязофскі камень. Тут непрыймальным ёсьць рух як напрасьцень, так і наскось: — чаму так супраціўляўся Дэрыда, дык гэта навязаньню ўскоснага шляху для яго здумленьня, заганнай гэамэтрыі зь ейнымі пэўнасьцямі пляну, лініі, куту, дыяганаляў. “Ускоснасьць — належыць пакуль што недапрацаванай стратэгіі, якая змушана рабіць самае неадкладнае, ладзіць гэамэтрычны разьлік, каб як мага хутчэй адхіліцца й ад франтальнага падыходу, і ад наўпростай лініі — верагодна найкароткай адлегласьці паміж двума пунктамі”.

Апошняя ж маска ды найболей цьмянае вызначэньне/вымярэньне дэканструкцыі палягае ў ейным этычным вымярэньні. Бо дэканструкцыя ёсьць, перадусім, адвольным прадпрыемствам, да якога не схіляюць ані максымы тэарытычнага розуму, ані патрэбы практычнае развагі. Па-першае, зьнікла й расчынілася ва ўласнай несаматоеснасьці ўсялякая абавязковасьць ісьціны, як, зрэшты, і яна самая, бо тым рэдкім парадкам словаў ды рэчаў, якія яшчэ спрабуюць захаваць паасобныя выспы некранутай трываласьці (а што ёсьць больш трывалым за вечнасьць? І што ёсьць больш вечным за ісьціну?) супрацьстаіць магутная плыня той рэлятыўнасьці, што пагражае праглынуць нават сябе (і зацемь, бяз ядравай зброі скептыцызму). Няма перад кім сьцьвярджаць прывілеяваны стан таго прадпрыемства, якое ты наладжваеш, няма аргумэнтаў для перакананьня, няма словаў для прамаўленьня. Па-другое, згубілася таксама прагма, мажлівасьць утылітарна скарыстаць абраную працэдуру для дасягненьня якіх-кольвек практычных дзеяў нават у наўмэнальным сьвеце. Дэканструкцыя мала прыдатная ў якасьці крытычнага ляза альбо тарчы, наступальнай ці абарончае зброі, для крытыкі чужых тэорыяў на карысьць уласнай ці для абароны сваіх добра зьнітаваных сылягізмаў. І тады паўстае астатняе ды найскладанае пытаньне: навошта патрэбен той праект, як не для чарговага здабыцьця граалеў ісьціны ці выкананьня прамежкавых мэт ды задач часу.

Усе прамоўленыя пытаньні падвісаюць і ня маюць адпаведнага адказу раз і назаўжды, апроч паказальных выпадкаў, якія, насамрэч, анічога не паказваюць і адказаў не даюць. Вось, напрыклад, чым абвяртаецца дэканструкцыя перадразвагаў разуменьня як татальны гермэнэўтычны клопат, маўляў, погляд вонкі на ўласныя перадразвагі ды непахісныя ісьціны з глыбіняў неасьветленых цікаўным угляданьнем? Што можа адказаць на гэта той, хто спрычыніўся да рытуалаў аднае з самых крытычных тэорыяў, якая асьвятляе працу разуменьня, з паступовым паранойным перакананьнем, што яна патрапіла ў пастку звыклага этнацэнтрызму, замаскаванага ў апранахі ўнівэрсальнасьці? Што рабіць, калі рытуал заняў месца веры, а тысячакроць прамоўленыя сакралізаваныя выразы пагражаюць патлумачыць усё прыстойна ды кананічна, калі толькі не ставіць пад сумнеў іхную магічную моц? Гэта й ёсьць менавіта крытычны час для дэканструкцыі, калі прысьпявае тэрмін разабраць (у сэнсе дэмантаваць) дыскурс згаданага прадпрыемства, каб сузіраць апасьля жменьку лішкавых дэталяў і любаваць іхную непатрэбную ўтылітарнасьць.

Гермэнэўтыка, калі быць зусім дакладнымі, займела сваё імя не праз самога бога-алімпійца, але, хутчэй, празь дзеяслоў, які адначасна выкрывае ейны сэнс ды хавае вытокі. Сьлед губляецца самым неверагодным чынам: зьнікае той, хто можа сьляды пакідаць. Напраўду, ужо немагчыма здабыць пэўнасьці праз этымалёгію наконт таго, ці ж бог падараваў сваё імя спэцыфічнаму віду дзейнасьці, авалодаць якім імкнуцца людзьдзі, ці ж, наадварот, менавіта гэтай функцыі, што ім старанна выконваецца, абавязаны бог сваім імём. Але, нягледзячы на гермэтызм першакрыніцы (а гэты хіжы бог умее ня толькі тлумачыць сьмяротным волю вышэйшых сілаў, але гэтаксама ж і добра ўтойваць, замятаць сьляды), гермэнэўтыка застаецца ў прывілеяваным стане — яна ж жанчына! — і можа задаваць свае пытаньні тым, каму пажадае й якія толькі пажадае, але зрэдку каму дазваляе зьвярнуцца з запытаннямі да самое сябе. Вялікае гэта мастацтва задаваць пытаньні й ведаць, што ды калі можна й варта спытаць; здабыць празь іх адказ альбо нештака прыхаваць.

Нельга пры тым сказаць, што за некалькі тысячагодзьдзяў не былі наконт яе (першакрыніцы) здабыты інтуіцыі нагэтуль ясныя й відавочныя, што іх ня можна было б некрытычна зьмясьціць у падмурак тэорыі, але іх і ня так шмат, каб разгарнуць a prіorі дэдуктыўную сыстэму. Што ж у гэтых межах у стане здзейсьніць аналіз, хаця б і крытычны, калі ён распасьціраецца на тую вобласьць, якая сама традыцыйна зьяўляецца крытыкай? А самае галоўнае: зыходзячы зь якой пэрспэктывы?

Задача-мінімум, яна ж і максымум, будзе ў такім разе наступная: паспрабаваць ажыцьцявіць дэканструкцыю менавіта перадумоваў гермэнэўтычнай рэфлексіі, як яны адлюстраваны ў творах “гермэнэўтычных” мысьляроў, да таго ж, зыходзячы менавіта з уласнай ейнае пэрспэктывы. Ды ня варта кідацца адразу ва ўсе бакі й распачынаць адначасова тузын справаў. Кожнае сталае прадпрыемства, і гермэнэўтыка ня будзе з таго выключэньнем, мае свае адметныя вяршыні, не пераадолеўшы якіх ты ня ў стане ўважаць сябе за спрактыкаванага ў гэтай справе чалавека. Для гермэнэўтыкі падобны цяжар палягае на двух словах, паяднаных злучнікам — бадай, адзіным, што іх яднае,— ісьціне ды мэтодзе, што спрычыняе кожнага да спробы адужаць “цмока-Гадамера”, каб здабыць сябе.

Надалей тэкст меў бы набыць характар пакарочанай энтымемы, калі можна ўявіць сабе падобны аксюмарон. Мы ж тут проста трохі падсумуем.

Усе прыгаданыя маскі-вызначэньні дэканструкцыі не даюць наўпростага адказу на паўсталыя пытаньні пра сэнс ды функцыі акрэсьленага прадпрыемства, але ж тое й ня іхная задача. Пастуляваная адвольнасьць не дае пэўнага ды адмысловага абгрунтаваньня праекту, бо, перадусім, з рацыянальнага ён перарастае ў маральны ды эстэтычны выбар, што не паддаецца генэралізацыям якога-кольвек кшталту й можа разглядацца адно як адвечнае патрабаваньне бараніць уласную свабоду, калі нават і ад сябе. Рух дэканструкцыі можа быць несупынным, а можа застыгнуць падобна да зэнонавай стралы ў залежнасьці ад часу, лёсу ды міжвольнасьці абраньня.

2001 г.