Баршчэўская Ніна

Уплыў суседніх народаў на зьмену дзяржаўнага назову Беларусі 5-8

5.

Найменьне Русь – не славянскага паходжаньня. Прынесена яно норманамі ў ІХ ст. Ягонае пашырэньне між славянскіх плямёнаў адбывалася шляхам пашырэньня хрысьціянства. Пачаткова Русьсю былі толькі норманы, а крыху пазьней стаў гэтак называцца Кіеў з ваколіцамі. З часам у шырокім палітычным значэньні Русьсю сталі называцца землі рускіх князёў, значыць Рурыкавічаў, у тым ліку фінскія. У гэтым значэньні й крывіцкія землі XІ-XІІ стагодзьдзяў нярэдка зваліся рускімі (Я. Станкевіч, Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, № 1, люты – сакавік 1951, с. 49).

Хрысьціянства было прынятае крывічамі ў канцы X ст. пры пасярэдніцтве Кіева, Русі. З гэтае прычыны хрысьціянства ўсходняга абраду – праваслаўная й грэка-каталіцкая цэрквы – былі вядомыя ў крывічоў пад назовам рускай веры, а вернікі зваліся русінамі. Разам з рускай вераю прыйшло рускае пісьмо й рускія кнігі, дзеля таго й мову гэтых кніг крывічы сталі называць рускай, нягледзячы на тое, што пачаткова яна была царкоўна-славянскай, а пазьней крывіцкай. З кніжнае мовы гэты назоў быў перанесены на крывіцкую народную мову (Тамсама, с. 50).

Калі гаварыць пра суседзяў, то палякі спачатку называлі крывіцкую мову літоўскай, а пазьней, сутыкаючыся з крывічамі, пачалі называць так, як гэтыя, значыць – рускай. Украінцы старакрывіцкую літаратурную мову ўважалі за сваю й называлі яе рускай, а крывіцкую народную мову акрэсьлівалі літоўскай. Што да маскоўцаў, дык яны называлі літоўскай як літаратурную, гэтак і народную крывіцкую мову.

Таксама Вітаўт Тумаш (Рыгор Максімовіч - псэўданім Вітаўта Тумаша, Гістарычная канцэпцыя Вацлава Ластоўскага, у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 47-56) адзначае, што, паводле аўтарытэтнага сьведчаньня першага ведамага й найвыдатнейшага ўсходнеславянскага летапісца Нэстара (другая палова XІ – пачатак XІІ стагодзьдзяў), Русяй калісьці называліся не славяне, але тыя скандынаўскія варагі, што запанавалі спачатку ў недалёкім ад Скандынавіі Ноўгарадзе, а пазьней у Кіеве (Тамсама, с. 47-48).

У летапісах ёсьць шмат прыкладаў на тое, што яшчэ аж пад канец стагодзьдзя XІІ, як правіла, Галіч, Валынь, Смаленск, Полацак, Пскоў, Ноўгарад, Суздаль, Уладзімер, Клязьма РУСЯЙ не называліся. Не называліся РУСЯЙ плямёны Крывічоў, Дрыгвічоў, Радзімічаў, Вяцічаў, ноўгарадзкіх Славенаў.” (Тамсама, с. 49)

Толькі ад XІІІ ст. назоў Русь пашырыўся й на далейшыя ад Кіева ўсходнеславянскія прасторы.

Меркаваньнем польскага гісторыка Гэнрыка Пашкевіча (Henryk Paszkiewicz, The Origin of Russia, London 1954), да пашырэньня назову Русь з Кіеўшчыны на іншыя ўсходнеславянскія землі прычынілася прыняцьцё ў 988 годзе кіеўскім князем Валадзімерам хрысьціянства. З Кіева – сядзібы праваслаўнай мітраполіі – рэлігія пашыралася на іншыя ўходнеславянскія землі разам з назовам руская вера. Зь веравызнаньня назоў гэты быў перанесены й на землі, на якіх жылі вернікі рускай веры.

У выніку паўстала гэткае палажэньне, што хоць Ноўгарад, Суздаль, Смаленск, Валынь, Галіч да Кіеўскае Русі ў палітычна-геаграфічным сэньсе й не залічаліся, але дзеля свае РУСКАЕ ВЕРЫ яны былі зьвязаныя з Кіевам назовам Русь у галіне рэлігійнай ды падпарадкаваныя навет кіеўскім мітрапалітам.” (Рыгор Максімовіч, Гістарычная канцэпцыя Вацлава Ластоўскага, у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 51)

Зь неславянскіх плямёнаў назоў гэты перайшоў на тыя фінскія плямёны на поўначы, што прынялі праваслаўе. Гэнрык Пашкевіч у сваёй працы The Origin of Russian Nation (Henryk Paszkiewicz, The Origin of Russian Nation, London 1963) прызнаў, што гэта беларускія навукоўцы перад ім сфармулявалі погляд пра спосаб пашырэньня назову Русь.

6.

Русь падзялялася на Белую й Чорную. Гэты падзел паспрабаваў высьвятліць на старонках „Бацькаўшчыны” Павел Урбан (П. У. – кыптонім Паўла Урбана, Да назоваў Белай і Чорнай Русі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, № 50 (332), 9 сьнежня 1956, с. 3; №№ 1-2 (335-336), 7 студзеня 1957, с. 5-6)

Аўтар пазнаёміў чытачоў газэты з арыгінальнай, на ягоную думку, публікацыяй на старонках газэты „Беларусь”, якая пацьвярджае, што да ўзьнікненьня назоваў Белай і Чорнай Русі прычынілася пашырэньне хрысьціянства: праваслаўнае, ці – як яе называлі – рускае рэлігіі.

Раней найбольш пашыранымі канцэпцыямі аб пагоджаньні назоваў Белай і Чорнай Русі былі дзьве наступныя: адна сьцьвярджала, што назоў Белая Русь паўстаў ад колеру вопраткі, якую насілі жыхары краю, ды ад колеру сьветлых валасоў; другая канцэпцыя адклікалася да слова белы, які ў мове ўсходніх народаў азначаў ‘вольны, свабодны’, а паколькі ўсходнія землі Беларусі не былі захопленыя татарамі, дык і край гэты быў названы Белай Русьсю. Пасьля гэты назоў пашырыўся таксама на заходнія беларускія землі, якія раней называліся Чорнай Русьсю, нібыта ў сувязі з тым, што, маўляў, былі яны паняволеныя Літвою.

Гэтыя канцэпцыі малаверагодныя, таму што: па-першае, белае адзеньне апраналі і ў іншых краінах і, па-другое, няма падставаў, каб у XІІІ-XIV стагодзьдзях разглядаць адну частку краіны як вольную, а другую – паняволеную. У XIV ст., калі ў замежных хроніках паявіўся тэрмін Беларусь на акрэсьленьне Віцебска-Полацкай зямлі, дык гэтая ж зямля ўжо тады ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

Наагул-жа назоў Белая Русь паявіўся раней (Тацішчаў у сваёй Истории Российской падае, што гэты назоў сустракаўся ўжо ў 1135 годзе і адносіўся да Растова-Суздальскіх земляў) і ў розныя часы ім акрэсьліваліся розныя землі: Полацка-Віцебская, а часам і Пскоўска-Ноўгарадзкая, Смаленская, Ноўгарад-Северская, Кіеўская, а часам Галіцка-Валынскія землі ў помніках XVI ст. Іван ІІІ ужываў назоў Белая Русь для акрэсьленьня Маскоўшчыны. Гэты назоў стаў замацоўвацца за ўсходнімі беларускімі землямі толькі ў канцы XVІ ст. Назоў-жа Чорная Русь заўсёды адносіўся да заходніх беларускіх земляў: Гарадзеншчыны, Слонімшчыны, Наваградчыны і часткі Меншчыны.” (Тамсама, № 50 (332), с. 3)

Беручы гэта пад увагу, І. Юго выйшаў з новай канцэпцыяй, зьвязанай з пашырэньнем хрысьціянства. Заходнія беларускія землі былі лясістыя, і таму хрысьціянства пашыралася вельмі павольна. На той час не было ніводнае епархіі. І таму можна меркаваць, што гэтая частка краю, як нехрышчоная, атрымала назоў Чорнай Русі. У сваю чаргу тыя землі, дзе руская вера была пануючай, сталі называцца Белай Русьсю. Пасьля гэты назоў страціў сваё першапачатковае значэньне й замацаваўся толькі за беларускімі землямі.

Папаўняючы гэтую канцэпцыю І. Юго, Павел Урбан адзначае й той факт, што пашырэньне хрысьціянства на заходніх беларускіх землях, аддаленых ад цэнтру, калі й праводзілася, то праводзіляся сілай. А калі не было ніякага ціску з цэнтру, дык насельніцтва спакойна працягвала паганскія традыцыі, тым больш, што й суседнія балцкія народы таксама былі паганскія. Гэтым выясьняецца той факт, што частка жыхарства згаданых земляў, якая заставалася паганскай аж да канца XІV ст., у час афіцыйнага хрышчэньня Літвы прыняла каталіцкую веру. Варта заўважыць, – піша аўтар артыкулу – што тэрмін чорны трапна характарызуе паганаў, якіх хрысьціяне лічылі непрасьветнымі, цёмнымі ў пазнаньні праўды Хрыста (Тамсама).

Не без уплыву, відаць, заставалася й тое, што татарскія заваёвы паралізавалі палітычна-царкоўнае жыцьцё ў Маскоўшчыне, ды тым больш у гістарычнай Русі – Кіеўшчыне, паклаўшы, такім чынам, пятно на разьвіцьцё праваслаўя. Вольнымі засталіся толькі беларускія землі. Менш залежнымі былі таксама землі Пскоўска-Ноўгарадзкія. Таму тэрмінам Белая Русь акрэсьліваліся землі Полацка-Віцебскія, Смаленскія, а часам Пскоўска-Ноўгарадзкія. У канцы XV стагодзьдзя Маскоўшчына вызвалілася з-пад татарскага паняволеньня. Гэта прычынілася да таго, што менавіта яна стала называцца Белай Русьсю.

Пра тое, што тэрмін Белая Русь рэлігійнага паходжаньня, сьведчаць таксама падзеі XVI ст., калі амаль цэлая тэрыторыя ВКЛ была закранутая рэфармацыяй, з выключэньнем усходніх земляў. Менавіта ў палове XVI ст. назоў Белая Русь пачаў выкарыстоўвацца дзеля азначэньня ўсходніх беларускіх земляў і часткі Кіеўшчыны, аднак калі Кіеўшчына ў 1569 годзе адышла да Польшчы, дык і атрымала іншы назоў – ускраіннай зямлі і стала называцца Ўкраінай (Тамсама, №№ 1-2 (335-336), с. 5). Тэрмін Беларусь канчаткова згубіў сваё рэлігійнае замацаваньне ў нацыянальным сэнсе толькі ў XVІІ ст. – падкрэсьліваецца на старонках „Бацькаўшчыны”.

7.

Вітаўт Тумаш адзначае выхад у Амэрыцы працы Нікаляса Вакара The Name „White Russia” (Р. М. - крыптонім Вітаўта Тумаша , Nicholas P.Vakar: The Name „White Russia”. The American Slavic and East European Review. October, 1949, Volume VIII, у: „Запісы”, № 2 (6), Нью-Ёрк 1954, с. 117-120.

Беларускі эміграцыйны дасьледнік зьвяртае ўвагу на тое, што этымалёгія слова Беларусь здаўна выклікала цікавасьць сярод гісторыкаў і філёлягаў. Паходжаньне назову выясьнялася ад белай зрэбнай вопраткі жыхароў Беларусі; ад сьветлага колеру іх валасоў і вачэй; ад белага сьнегу, які доўгія месяцы пакрывае беларукія землі; ад „белых местаў”: Бельск, Белая, Беласток, Белавежа; ад Балтыйскага мора (baltas па летувіску значыць ‘белы’); ад белых сярэбраных грошай, ужываных некалі на землях Беларусі; ад багацьця, дабрабыту; ад слова белы ў значэньні ‘добры, чысты’, і ў канцы ад значэньня ‘вольны, свабодны, незалежны’ ад татарскага ярма. (Тамсама, с. 117-118)

Нікаляс Вакар прыймае за свой погляд тлумачэньне ўкраінскага вучонага Драгаманава, што назоў Беларусь паўстаў як адлюстраваньне палітычна-гістарычнага факту – незалежнасьці гэтых земляў ад татараў.

Вітаўт Тумаш, спасылаючыся на працу Паўла Урбана Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага, піша пра пашырэньне на беларускіх землях назову Русь з Кіеўшчыны разам з прынятым пры пасярэдніцтве Кіева хрысьціянствам (С. Брага – псэўданім Вітаўта Тумаша), Да справы паходжаньня назову „Белая Русь”, у: ,,Запісы”, кн. 4, Мюнхэн 1966, с. 251-252).

Гэты назоў пачаткова азначаў праваслаўную „рускую” рэлігійную прыналежнасьць. Потым „назоў «Белая Русь» ад стагодзьдзяў XVІ-XVІІІ да беларускіх земляў тарнавала, і на іх пашырала, найперш Масква”. (Тамсама, с. 251)

В. Тумаш не пагаджаецца аднак з П. Урбанам, што назоў Белая Русь прымяняўся вылучна да Маскоўшчыны й прылеглых да яе земляў і што з гэтай прычыны маскоўскі вялікі князь Іван ІІІ апошняй чвэрці XV ст. часта тытулаваў сябе й князем Белай Русі. Значна раней гэты тэрмін паявіўся ў заходнеэўрапейскай пісьмовасьці. Баварскі паэт XІV ст. Пётра Зухэнвірт ужываў яго ў сваіх вопісах ваенных наездаў паловы XІV ст. нямецкіх крыжаносаў і мечаносаў на тэрыторыю Беларусі.

Праяваю агульнага тады на Захадзе ўяўленьня, што «Белая Русь» знаходзілася нейдзе на ўсход і поўнач ад тэрыторыі лівонскіх Мечаносаў, быў факт, што выдатныя эўрапэйскія картографы першае паловы XVІ стагодзьдзя край Russia alba звычайна зьмяшчалі на прасторы між Полацкам і Вялікім Ноўгарадам, як гэта ёсьць на карце Orbis universalis descriptio 1527 году слаўнага Гергарда Мэркатара, альбо італьянскай карце 1548 году Якуба Гастальды (Russia bianca). Усе гэтыя факты сьветчаць аб тым, што найранейшая ведамая сяньня лякалізацыя назову «Белая Русь» зьвязвалася на захадзе Эўропы з крывіцкімі землямі паўночнае Беларусі.” (Тамсама, с. 252)

Гэты назоў у асноўным выкарыстоўваўся ў дачыненьні да крывіцкіх земляў Полаччыны ды Пскоўшчыны.

У 1952 г. В. Тумаш прывёў малавядомы дакумэнт царскай канцылярыі з 1840 году (С. Б. – Вітаўт Тумаш, Цар і назовы ЛІТВА, БЕЛАРУСЬ, у: ,,Запісы”, № 2, Нью-Ёрк 1952, с. 108-109).

Пасьля заняцьця беларускіх земляў Расеяй у выніку падзелаў Рэчыпаспалітае ў канцы XVІІІ ст., частка беларускіх усходніх прастораў – губэрні Віцебская ды Магілеўскя былі названыя маскоўскай адміністрацыяй Беларусяй, беларускімі губэрнямі. Такім назовам гэтыя землі ў межах Вялікага Княства Літоўскага ніколі не называліся. Заходнім землям – Віленскай ды Гарадзенскай губэрням, якія былі занятыя Расеяй пазьней, быў пакінуты пачаткова іхны ранейшы назоў – Літва. Зьмены ў назовах пачаліся пазьней.

Каля 1840 г. асабліва насільваецца цэнтралізацыйна-асыміляцыйны націск расейскай царскай улады на нашыя землі ды праводзіцца паскораная ўніфікацыя іх з Расеяй у галіне рэлігійнай, культурнай ды палітычна-адміністрацыйнай. Праявамі гэтага былі прымусовае скасаваньне рэлігійнай вуніі 25 сакавіка 1838 г. й спыненьне праўнага дзеяньня законаў Літоўскага Статуту на нашых землях 25 чэрвеня 1840 г.

Вось-жа гэтым часам, толькі няпоўныя 4 тыдні пасьля скасаваньня моцы Статуту, асабістым загадам цара Міколы І забараняецца й стары наш назоў «Літва» – асабліва нялюбы Расеі, – і другі – яшчэ не так даўно самой-жа царскаю ўладаю ў нас афіцыйна заведзены назоў «Беларусь».” (Тамсама)

Як адзначае Ян Станкевіч, назоў Літва быў перанесены расейцамі на чыста балцкую частку былога ВКЛ – на Аўкштоту й Жамойць. У ягонай ацэнцы, рабілася гэта з мэтаю лягчэйшай асыміляцыі крывічоў (Я. Станкевіч, Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, № 1, люты – сакавік 1951, с. 51).

18 ліпеня 1840 г. паявіўся царскі загад губэрні Віцебскую, Магілеўскую, Віленскую й Гарадзенскую называць «Западной Россией».

Такім спосабам праяўлялася імкненьне й адпаведнаю тэрміналёгіяй завяршыць націск расейскага вялікадзяржаўя ў кірунку зьліваньня нашых земляў у вадзінае «русское море» паводле рэцэпту Пушкіна.” (С. Б., Цар і назовы..., тамсама, с. 109)

У пэрыядзе Дзяржаўных Думаў Расеі, г. зн. у гадох 1906-1917, тэрмін Северо-Западный Край (Паўночна-Заходні Край) у дачыненьні да беларускіх земляў ужываўся да 1917 г. і ахопліваў 6 губэрняў: Віцебскую, Магілеўскую, Менскую, Горадзенскую, Віленскую й Ковенскую – адзначае Янка Запруднік (Беларусь у пару Дзяржаўных Думаў Расеі, у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 30-46). Гэтыя губэрні часта зваліся губэрнямі беларускімі й літоўскімі. Тэрмін Заходнія губэрні ў той час азначаў 9 губэрняў: Ковенскую, Віленскую, Гарадзенскую, Віцебскую, Менскую, Магілеўскую, Валынскую, Падольскую й Кіеўскую, значыць землі, захопленыя («вернутыя») Кацярынай ІІ. Тры ўкраінскія губэрні – Валынская, Падольская й Кіеўская часам азначаліся тэрмінам Паўдзённа-Заходнія, у адрозьненьне ад Паўночна-Ўсходніх. У паняцьце Паўночна-Заходняга Краю часам улучалася таксама Смаленская губэрня (Тамсама, с. 30). Для некаторых тэрмін Паўночна-Заходні Край меў яшчэ шырэйшы абсяг. Дэпутат ІV Дзяржаўнай Думы, сябра Сельскагаспадарчае камісіі А.П. Фацінскі тлумачыў:

Паўночна-Заходні Край, да якога могуць быць залічаныя губэрні Беларускія: Магілеўская, Віцебская, Менская, Смаленская; Літоўскія: Віленская, Ковенская й Горадзенская ды частка прывазёрных Ноўгарадзкае й Пскоўскае, становіць у эканамічным і гаспадарчым дачыненьні асобны раён, што мае свае асаблівасьці.” (Тамсама, с. 30-31. На падставе: Государственная Дума. Стенографические отчеты. Созыв IV, сессия 2, часть 2, С.-Петербург, Госуд. Издат., 1914, с. 1874)

Зьмены назоваў беларускіх земляў, а асабліва тарнаваньне тых самых назоваў да іншых народаў прычынілася да таго, што складана стала адрозьніць гістарычную Літву ад сёньняшняй Літвы (Летувы) слаба адукаванаму ў гісторыі сваёй краіны народу.

8.

Прадстаўнікі беларускага навуковага асяродзьдзя на чужыне заўсёды шмат увагі прысьвячалі (і надалей прысьвячаюць) пытаньню зьменаў дзяржаўнага назову Беларусі.

Па-рознаму беларускія землі называліся таксама на Захадзе.

25 красавіка 1953 г. у Беларускім інстытуце навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку рэфэрат пад назовам Whiteruthenia ці Byelorussia прачытаў Вітаўт Тумаш (Хроніка, у: ,,Запісы”, № 2, Нью-Ёрк 1953, с. 125-126). Адзначыў ён, што ў ангельскай мове для перадачы назову Беларусь выкарыстоўваліся 4 тэрміны: White Russia, Byelorussia, Whiteruthenia, Byeloruthenia. У 50-х гадох XX ст. тэрмін White Russia пачаў выціскацца тэрмінам Byelorussia, які пашыраўся галоўным чынам савецкай прапагандай (Тамсама, с. 125). На думку В. Тумаша, толькі тэрмін Whiteruthenia перадае дакладна назоў Беларусь, а Byelorussia дэфармуе яго, падстаўляючы на месца часткі Русь неадназначнае слова Расея. Byelorussia дакладна значыць не Беларусь, а Беларасея – заўважае аўтар публікацыі. Таму Вітаўт Тумаш раіў карыстацца тэрмінам Whiteruthenia, якім карысталіся раней і Інстытут беларускай культуры, і Беларуская акадэмія навук у Менску, і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў сваёй міжнароднай дыпляматычнай акцыі пасьля Першай Сусьветнай вайны, і якім карыстаецца 75% беларускіх арганізацыяў у эміграцыі (Тамсама, с. 126).

Др А. Дунін, які ў публікацыі Да пытаньня WHITERUTHENIA ці BYELORUSSIA (у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 44-48) прааналізаваў працы дзьвюх беларускіх навуковых установаў у Горках: Навуковага таварыства па вывучэньні Беларусі Інстытуту беларускае культуры ды Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі ў Горках, якія рэзюмэ друкавалі ў асноўным у нямецкай мове, адзначае, што толькі ў двух першых тамах „Запіскаў” ужываўся тэрмін Weissrusland, пазьней толькі Weissruthenia (Тамсама, с. 46).

Зьмена ў перадачы беларускага нацыянальнага назову на нямецкай мове заўважылася ў 1928 г. У V томе часопіса „Працы” паявілася азначэньне Belarussische Kultur замест Weissruthenische. У 1930 годзе назіраецца падпарадкаваньне расейскім правілам і зьнікае назоў з Ruthenia. Іхнае месца заступае тэрмін Weissrussischen (Тамсама, с. 47).

Даць адказ на пытаньне, якім ангельскім тэрмінам найлепш перадаваць тэрмін Беларусь, стараецца таксама Нікаляс Вакар. Прыходзіць ён да высновы, што найбольш адпаведным зьяўляецца Belorussia. На яго думку, гэты тэрмін пазволіць пазьбенуць блытаніны беларусаў зь белымі расейцамі, белагвардзейцамі (Р. М., Nicholas P.Vakar: The Name „White Russia”. The American Slavic and East European Review. October, 1949, Volume VIII, у: ,,Запісы”, № 2 (6), Нью-Ёрк 1954, с. 119).

В. Тумаш дакарае амэрыканскага дасьледніка ў тым, што не заўважыў дзьвюх блытанінаў беларусаў: адной – з расейскімі белымі эмігрантамі, а другой – з расейцамі наогул. Па словах аўтара публікацыі, толькі назоў Whiteruthenia дае магчымасьць пазьбегнуць абедзьвюх блытанінаў.

Сёньня ўсё больш пашыраецца на Захадзе выкарыстаньне тэрміну Belarus, што не выклікае супадзеньня Беларусі з Расеяй. Гэты назоў пачаў пашырацца пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Гэта пацьвярджае Вітаўт Кіпель:

Безь ніякага ваганьня можна сьцьвярджаць, што 25 жніўня 1991 году ўся Амэрыканская Беларусь – імігранты ўсіх хваляў ды іхныя нашчадкі – адчувалі гонар за сваю бацькаўшчыну: яна была абвешчаная незалежнаю дзяржаваю. Не ганарыцца ў той дзень было немагчыма: сотні тэлевізійных станцыяў і газэтаў паведамлялі пра гэтую падзею, старанна вымаўляючы «Belarus»” (Вітаўт Кіпель, Беларусы ў ЗША, Менск 1993, с. 322).

Як заўважае Янка Запруднік, найменьне нацыі – гэта вобраз яе гісторыі, у якой праяўляюцца трыюмфы й трагедыі людзей, а таксама пачуцьцё прыналежнасьці да пэўнай супольнасьці. Назоў адлюстроўвае супольны шлях у часе, стаіць на варце гістарычнае пераемнасьці. Зьмены назову народу й дзяржавы гэтую пераемнасьць разбураюць (Янка Запруднік, Беларусь на гістарычных скрыжаваннях, Мінск 1996, с. 13-16).

Варта падкрэсьліць, што прадстаўнікі беларускага навуковага асяродзьдзя на чужыне заўсёды шмат увагі прысьвячалі (і надалей прысьвячаюць) пытаньню зьменаў дзяржаўнага назову Беларусі, таму што ў выніку як самі беларусы, гэтак і іншыя народы часта ўспрымаюць беларусаў як нацыю, якая паявілася на гістарычнай арэне цалкам нядаўна, што супярэчыць сапраўднай гісторыі Беларусі й прыносіць шкоду беларускаму народу.

Ніна Баршчэўская